Перагаворы з кіраўніком Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустамам Мініханавым
- 16
- 4:09
Сваё шчасце Беларусь і Расія павінны ствараць самі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага ў Казані ў час перагавораў з кіраўніком Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустамам Мініханавым.
Адразу пасля прылёту Кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Казанскі Крэмль. Тут Аляксандр Лукашэнка і Рустам Мініханаў правялі двухбаковую сустрэчу.
"Можа, нават і добра, што знешнія абставіны нас падштурхнулі бліжэй адзін да аднаго. Мы перасталі спрачацца на роўным месцы. Мы зразумелі, што сяброў у нас увогуле няшмат (а можа, сапраўдных і наогул няма) і што нам трэба сваё шчасце ствараць самім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на практыцы бакі цяпер і рэалізуюць гэтыя падыходы - атрымліваецца, але не без цяжкасцей. "Патрэбны час. Мы гэта зробім", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Татарстан - самы развіты, высокатэхналагічны рэгіён Расіі з сур'ёзным узроўнем прамысловасці. У той жа час канкурэнцыя на рынку з-за пэўных абставін узрастае - заходнія кампаніі сышлі, а на іх месца прыходзяць кітайскія і іншыя вытворцы. Але, нягледзячы на гэта, Татарстан дэманструе ўпэўнены эканамічны рост.
"Мы ведаем, як даецца гэты рост. Але мы вельмі рады. Мы хочам з вамі супрацоўнічаць, таму што гэта высокі ўзровень развіцця, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Ёсць з кім размаўляць, людзі разумеюць, кіруемасць вельмі высокая, гаспадарскі падыход - ад зямлі".
Прэзідэнт упэўнены, што разам Беларусь і Татарстан здольны дасягнуць шмат чаго. "Калі мы дамовімся, праблем з нашага боку не будзе", - запэўніў ён.
Кіраўнік Рэспублікі Татарстан у сваю чаргу адзначыў, што беларускі лідар шмат робіць для расійскай дзяржавы.
"Сардэчна запрашаем у брацкі Татарстан. Вы вялікі сябар нашай рэспублікі, - адзначыў Рустам Мініханаў. - Вы вельмі шмат робіце для нашай расійскай дзяржавы. Санкцыі - і мы ўбачылі, хто сябар, а хто - спадарожнік. Вы сапраўдны, самы блізкі чалавек для нашай краіны, для нас".
Кіраўнік Рэспублікі Татарстан уручыў беларускаму лідару ордэн "Дуслык" (ордэн Дружбы). Аляксандр Лукашэнка ўдастоены ордэна за значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Татарстанам і Беларуссю, умацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі.
У час наведвання Казанскага Крамля Кіраўнік беларускай дзяржавы пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што шматпланавае супрацоўніцтва Мінска і Казані з кожным днём набывае новы змест. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што бакі змогуць пачаць рэалізацыю прарыўных сумесных праектаў. "Можаце разлічваць на нашу падтрымку!" - падкрэсліў беларускі лідар.