Наведванне сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра"
- 36
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 лістапада прадоўжыў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. У Шклоўскім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, чаму цяпер удзяляе такую пільную ўвагу развіццю Шклоўскага раёна і стварэнню на яго базе ўзору для іншых рэгіёнаў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прычына не ў тым, што гэты раён - яго малая радзіма. Але ён тут усё дэталёва ведае, а таму можа асабіста ацаніць і пракантраляваць тыя ці іншыя пераўтварэнні.
Больш таго, Шклоўскі раён далёка не першы, развіццю якога Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў увагу на прэзідэнцкай пасадзе.
"Калі глыбока капнуць, я не з малой радзімы пачынаў. Я пачынаў з Палесся. І ў Астравецкім раёне, калі будавалі атамную станцыю, мы туды мільярды долараў увалілі. Паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці, Гомельская вобласць", - адзначыў ён.
"Прымушайце людзей варушыцца. Каб яны часовымі не былі. Вы будзеце працаваць - моладзь, і я хачу вам паказаць, у якім напрамку рухацца", - сказаў Прэзідэнт.
У роўнай ступені гэта патрабаванне Кіраўніка дзяржавы адносіцца і да сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра", куды прыехаў Прэзідэнт.
На гэты раз падрабязна абмяркоўвалася тэма кіруемасці гаспадаркі, на якую Аляксандр Лукашэнка таксама звяртаў увагу ў час свайго папярэдняга візіту ў верасні бягучага года. Справа ў тым, што да гэтага прадпрыемства былі далучаны яшчэ чатыры сельгасарганізацыі, якія раней працавалі асобна адна ад адной. Пры гэтым на тэрыторыях далучаных некалі адасобленых гаспадарак не было начальнікаў участкаў, што вяло да страты кіруемасці.
Высветлілася, што на гэтыя пасады так ніхто і не назначаны, што выклікала справядлівую крытыку з боку Прэзідэнта. "Вельмі доўга падбіраеш. Гэта недапушчальна доўга. Заўтра трэба сеяць, а да пасяўной падрыхтаваць і насенне, і іншае. І чалавек каб у курсе быў. Таму трэба больш актыўна працаваць", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы перад кіраўніком "Гавяды-агра" Аляксеем Ладнавым.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў будучым трэба будзе перагледзець структуру раздзялення на вытворчыя ўчасткі і кіраванне імі. Паколькі плошчы велізарныя, і аднаму чалавеку справіцца з усім аб'ёмам задач на ўчастку, забяспечыць належны кантроль за работай людзей цяжка. "Справа ў людзях. Гэта велізарная гаспадарка. Ты кожны дзень усюды не пабываеш. Пачнецца пасяўная, ты забудзеш пра малочнатаварныя комплексы. А трэба прыехаць, паглядзець на людзей. Гэта я табе гавару як учарашні кіраўнік. Людзі цябе павінны бачыць, - арыентаваў Прэзідэнт дырэктара прадпрыемства. - Калі будзеш апускацца на зямлю, тады людзі цябе будуць цаніць і будуць разумець".
Прымаючы рашэнне аб аб'яднанні гаспадарак ці наадварот, трэба ісці ад жыцця, запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы: дзе ёсць неабходнасць і магчымасці - няхай будуць буйнатаварныя комплексы. Але і ад больш дробных нельга адмаўляцца.
Дэталёва абмяркоўвалася ў час даклада Прэзідэнту фінансава-гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства "Гавяды-агра", дзе расходы пакуль перавышаюць даходы. Намечаны план канкрэтных дзеянняў на перспектыву для фінансавага аздараўлення гаспадаркі і выхаду на эфектыўную работу. Каб яго рэалізаваць, патрэбна перш за ўсё вытворчая, тэхналагічная дысцыпліна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў ад дырэктара сельгаспрадпрыемства патрабаваць з работнікаў яе няўхільнага захавання. А калі нехта не разумее, кіраўнік дзяржавы нагадаў пра вопыт накіравання нядбайных работнікаў у армію. "Каб была жалезная дысцыпліна. Гэта маё вельмі строгае патрабаванне, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усіх сабраў - і наперад. Жалезабетонна. Там, дзе калектыў, патрэбна дысцыпліна. І нават не ў калектыве справа, а ў тэхналогіях".
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў гаспадарцы, што цяпер з цэнамі на мяса, ці не стратны менавіта мясны напрамак у вытворчасці. Прэзідэнту далажылі, што рэнтабельнасць на малаку, безумоўна, вышэйшая - даходзіць да 80%. А вось на мясе толькі да 5%.
У гэтых лічбах, безумоўна, ёсць яшчэ і нюансы бухгалтарскага ўліку, паколькі можна па-рознаму адносіць тыя ці іншыя затраты ў гаспадарцы, але Аляксандр Лукашэнка арыентуе на галоўнае - каб не звялі на нішто развядзенне і адкорм мясных парод буйной рагатай жывёлы.
"Мяне цікавіць, ці выгадна займацца ў цэлым мясам. Мяне хвалююць цэны: быка завёз на мясакамбінат - грошы атрымаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту далажылі, што мясны напрамак, безумоўна, выгадны, калі ўсё арганізаваць па тэхналогіі і штодзённа атрымліваць высокія прыбаўленні ў вазе. Ёсць попыт на гэту прадукцыю і за мяжой.
"Выгадна, нявыгадна - мясам мы будзем займацца, таму што людзі хочуць не толькі малака, але і мясных прадуктаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Закупачныя цэны на мяса ў Беларусі растуць, але гэты працэс знаходзіцца пад кантролем, каб не дапусціць скачкападобнага росту.
"Гэта недапушчальна і немагчыма, гэта не наша палітыка - у адзін момант падняць цэны на ялавічыну. Гэтага не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Спачатку трэба выціснуць тэхналогію, што паўплывае на прыбаўленні ў вазе.Таму давайце будзем зніжаць сабекошт і больш атрымліваць прыбытку. Тады ў працэнтах будзе нармальная рэнтабельнасць. Мы не можам увесь час паднімаць цэны. Гэта ўсё кантралюемае. Так, недзе будзе прырост. Але трэба забяспечыць рост зарплаты, каб людзі не крыўдзіліся", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Дарэчы, у частцы забеспячэння заработнай платы сітуацыя ў краіне вельмі спрыяльная, у адрозненне ад многіх іншых дзяржаў свету. Рэальная зарплата ў Беларусі за мінулы год вырасла на 9%, у гэтым годзе - на 7%. "Ні адна краіна гэтага не мае. Бунты ў Еўропе - з-за гэтага", - дадаў Прэзідэнт.
Цяпер перад айчынным аграпрамысловым комплексам Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу выйсці на новую ступень развіцця. "Галоўнае - гэта вынік. Вынік ёсць, таму канцэптуальна, па-філасофску мы павінны ўскочыць на новую ступень. Не $10 млрд экспарт, а трэба $20 млрд", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што ў свеце попыт на прадукты харчавання толькі расце. "Для нас - магчымасць. Вось і ўся філасофія, чаму я ўдзяляю столькі ўвагі сельскай гаспадарцы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аграпрамысловы комплекс - гэта велізарная, вельмі маштабная сфера, у якой трэба праводзіць своечасовыя пераўтварэнні, улічваць тэндэнцыі развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама ўсё большыя запыты насельніцтва. Таму, напрыклад, у краіне ідуць па шляху развіцця аграгарадкоў, дзе ёсць дастойная інфраструктура, створаны нармальныя ўмовы для жыцця. У той жа час на гэты момант сацыяльная сфера абганяе па тэмпах прыросту вытворчую, звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Таму трэба, каб спецыялісты патрабавалі са сваіх падначаленых эфектыўную работу. Тэхналогія прымушае працаваць. Калі нармальная тэхналогія (выконваецца на вытворчасці. - Заўвага), тады будзе і рэнтабельнасць. Вось уся філасофія ў сельскай гаспадарцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час наведвання "Гавяды-агра" аб рабоце гаспадаркі Прэзідэнту дакладваў не толькі дырэктар. Аляксандр Лукашэнка шмат размаўляў і з Аленай Марыуцэ, у якой пасля прыезду Кіраўніка дзяржавы ў верасні гэтага года адбыліся істотныя змяненні ў кар'еры. Тады яна кіравала малочнатаварным комплексам (МТК) "Гавяды", а цяпер ужо трымала перад Прэзідэнтам адказ за ўсю гаспадарку на пасадзе намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай МТК "Чорнае". Тут нядаўна пабудавалі новы прафілакторый для цялят. "Вельмі добры хлеўчык. Тым больш гаспадарчым спосабам пабудаваны. Малайцы", - ацаніў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту далажылі, што цяпер з падзяжом у гаспадарцы ў цэлым праблем няма. Бачны парадак, жывёлы ўтрымліваюцца ў добрых умовах.
"Вось як цяпер - павінна быць заўсёды. І патрабуй, не гледзячы ні на каго, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб тут у цябе быў адказны чалавек. Усё залежыць ад чалавека, ад догляду. Парадак ёсць, дысцыпліна ёсць, чалавек робіць тое, што належыць па тэхналогіі - будзе вынік".
Прэзідэнт таксама наведаў МТК "Гавяды", куды прыязджаў у верасні. З пункту гледжання тэхналогіі ўтрымання жывёл і тады тут усё ў цэлым было нядрэнна, але на тэрыторыі не было парадку, а жывёлагадоўчыя памяшканні выглядалі вельмі "стомленымі". Як далажыла Алена Марыуцэ, за мінулыя два месяцы выкананы вялікі аб'ём работ. У тым ліку адрамантавалі стойлавае абсталяванне, дах, замянілі вокны, абнавілі бетанаванне праходаў, не гаворачы ўжо пра касметычны рамонт. Цяпер на тэрыторыі МТК будуюць новы прафілакторый для цялят. З'явіўся і новы кормараздатчык, які абяцаў падарыць Аляксандр Лукашэнка. Такое абсталяванне для раздачы корму павінна з'яўляцца на ўсіх буйных комплексах, паставіў задачу Прэзідэнт.
У дапамогу для навядзення парадку прыцягвалі работнікаў гарадскіх прадпрыемстваў. "Вось прыклад таго, як горад сёння павінен дапамагаць вёсцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў абавязкова падзякаваць ад яго імя калектывам і кіраўніцтву прадпрыемстваў за аказаную дапамогу.
"Я што абяцаў табе - зрабіў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Алены Марыуцэ. Яна ў сваю чаргу шчыра, ад усяго сэрца падзякавала Прэзідэнту, расказала, што для яе цяпер 18 верасня двайное свята - дзень нараджэння дачкі і першы прыезд Кіраўніка дзяржавы на МТК "Гавяды".
"За што мне дзякуй? Гэта мая работа, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Часам сам з сябе пачынаю смяяцца, думаю, ні адзін Прэзідэнт у свеце... Трамп жа гэтым не займаецца".
Цяпер, калі ўсё, што даручаў і абяцаў Прэзідэнт, выканана, на гэтым МТК і ў гаспадарцы ў цэлым трэба падтрымліваць цяперашні ўзровень і працаваць на больш высокі вынік. "Не запускайце. Убачылі, што трэба ў гэтым годзе зрабіць, - памрыце, але зрабіце", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама нагадаў аб галоўным падыходзе да падтрымкі сельскай гаспадаркі ў цэлым: дапамагаць толькі тым, хто дае аддачу.
Сярод першачарговых задач ад Прэзідэнта для гэтай гаспадаркі і іншых сельгасарганізацый Магілёўскай вобласці - максімальнае ўключэнне зямель у сельгасабарот. "Пачынаючы з Мсціслава - Горкі, Шклоў, Бялынічы, Круглае... Гэта заўсёды былі добрыя землі, і тут, на Магілёўшчыне, трэба ўзяць усё ад гэтых зямель", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што з бюджэту выдзяляюцца вялікія фінансавыя сродкі на правядзенне меліярацыі, у той час як у гэтым рэгіёне застаюцца не ўзаранымі некаторыя зямельныя надзелы. Няхай невялікія, але яны ўсё ж такі ёсць, і да іх выкарыстання трэба падыходзіць па-гаспадарску.
Прэзідэнт заехаў і на мехдвор гаспадаркі, агледзеў майстэрні, дзе рамантуюць і абслугоўваюць тэхніку. "Ніякіх больш вам камбайнаў і трактароў (у выглядзе дзяржпадтрымкі. - Заўвага) не будзе. Усё, што трэба, у вас ёсць. Думайце далей самі", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы на самастойнае развіццё.
У час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб свяце 7 лістапада і аб тым, чаму яго захавалі ў Беларусі. "Я не прыхільнік рэвалюцый, і як гісторык я не хачу, каб гэта паўтарылася ў нас", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш Прэзідэнт захаваў гэта свята хаця б таму, што яшчэ жывыя многія прадстаўнікі старэйшага пакалення, для якіх гэта была і ёсць вельмі значная дата.
"Але рэвалюцый нам ужо не трэба. Пасля рэвалюцый загінулі мільёны людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што калі ў Вялікую Айчынную ваявалі супраць захопнікаў - фашыстаў, то ў грамадзянскую вайну пасля рэвалюцыі забівалі адзін аднаго. "Нам гэта не трэба", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка разам з тым адзначыў і пазітыўныя бакі. Так, у выніку рэвалюцыі беларускія землі атрымалі шанц на незалежнасць: "Наступствы Вялікага Кастрычніка былі для Беларусі нядрэннымі. Там пачала зараджацца наша краіна, наш суверэнітэт, наша незалежнасць. Паступова. У 1921 годзе нас падзялілі - Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна адышлі Польшчы. Гэта мы ўсе ведаем, гэта ўсё было. Але паціху, крок за крокам зараджалася незалежнасць нашай краіны".
"Але галоўнае - гэта тое, што я не хачу старым людзям наступаць на балючыя месцы. Пакуль людзі гатовы яго святкаваць. І не ўсё дрэнна было пасля Кастрычніка. Вайну спынілі тады. Калектывізацыя, індустрыялізацыя і іншае - паднялі сельскую гаспадарку, прамысловасць. Нямала зрабілі. Тысячы і тысячы заводаў пабудавалі. Але былі і дрэнныя старонкі, - канстатаваў беларускі лідар. - Урокі я для сябе атрымаў як Прэзідэнт. Вы іх памятаеце. Таму мы не дапусцім усяго дрэннага, каб гэта негатыўна паўплывала на нашых людзей".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі была зроблена спроба перавярнуць краіну, учыніць своеасаблівую рэвалюцыю. "Але мы гэтага не дапусцілі. І гэта наша выратаванне. Інакш сядзелі б у акопах і ваявалі. Мы сваё адваявалі. А ліміт на рэвалюцыі ў нас скончыўся даўно", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт паразмаўляў з жыхарамі аграгарадка Гавяды і расказаў ім аб падыходах дзяржавы ў падтрымцы і развіцці сельгасвытворчасці.
Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі за апошнія два месяцы ў сельгаспрадпрыемстве "Гавяды-агра" быў наведзены парадак, аказана неабходная дапамога.
"Тут добрыя землі. Але аддачы недастаткова было. Таму яшчэ зрабілі буйны крок. Падключылі магіляўчан. Яны прыехалі, дапамаглі навесці парадак, зрабіць нешта. Я ім вельмі ўдзячны - пяць прадпрыемстваў працавалі. Зрабілі добрую справу. Мы ў даўгу перад імі не застанёмся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Цяпер справа за самімі вяскоўцамі. Неабходна аддача ад укладзеных сродкаў: "Лепш працаваць, чым ваяваць. Таму ўпірайцеся, пачынайце працаваць. Вашаму кіраўніку - карт-бланш на ўсё. Трэба рухацца наперад. Гэта ваша работа, зарплата".
"Як гаварылі ў нас у вёсцы, "дурніца скончылася". Мы не пацерпім больш расхлябанасці, таму што гэта выліваецца ў вялікія грошы, у страты. А потым вы прыходзіце: "Дайце грошы!" А дзе іх узяць? Гэта мы ў кагосьці бяром, а вам аддаём", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаўся вобразна: "Мы даём вам вудачку. Ідзіце лавіце рыбу. Рыбу ніхто не дасць. І гэта шкодна. Вось мы надавалі "рыбы" сельскай гаспадарцы, а сёння думаем: раздаваць грошы - гэта няправільна. Мы пераходзім да таго, каб дапамагаць вам нешта будаваць".
Але выдзеленыя ў выглядзе дапамогі грошы - на зваротнай аснове, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Даўгі ў будучыні трэба вяртаць за кошт эфектыўнай работы прадпрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў ранейшыя гады абяцаў выйсці на ўзровень $500 сярэдняй зарплаты па краіне. Сёння яна ўжо складае ў эквіваленце каля $1 тыс. "Усё, да мяне з зарплатай не хадзіце. Мы ствараем умовы, - падкрэсліў беларускі лідар. - З неба нічога не падае. Нават у часы пандэміі я сказаў: верталётных грошай не будзе. Трэба па-сялянску, па-вясковаму, па-гаспадарску акуратненька ісці працаваць. Трэба варушыцца, упірацца, трэба працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
У сваю чаргу дзяржава дапамагае стварыць на месцах нармальныя ўмовы для жыцця ў рэгіёнах. "Яны на сённяшні дзень створаны для таго, каб вы маглі тут жыць, працаваць, зарабляць. Спецыялісты палічылі. Вы стратныя (размова пра гаспадарку "Гавяды-агра". - Заўвага) на сённяшні дзень. Гэта нікуды не варта. Да вас я сюды не паеду больш парадак наводзіць або грошы выдзяляць. Губернатар вам грошы не будзе з бюджэту выдзяляць. Мы зрабілі ўсё для таго, каб вы ўпіраліся і працавалі", - заявіў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што Беларусь не такая ўжо і маленькая краіна, як некаторыя лічаць: "Яна вялізная. І ўсюды чакаюць падтрымкі Прэзідэнта. Таму вы павінны разумець, што краіна вялікая".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу вяскоўцаў, што ў парадку трэба трымаць не толькі вытворчасці, але пачынаць са сваіх дамоў і прысядзібных участкаў. Ён арыентуе мясцовых кіраўнікоў падштурхоўваць людзей да гэтага, дапамагаць у чым неабходна.
"Трэба пакрыху аднаўляць усё. У асноўным людзі павінны аднавіць свае вуліцы, дамы. Абкасіць усё. Старыя гэтыя канторы, клубы - іх таксама трэба прывесці ў парадак. Усё, што можаце зрабіць, рабіце, не закідвайце свае прысядзібныя ўчасткі. Наводзьце парадак у сваіх вёсках, - даў параду Прэзідэнт. - Прывучайце сваіх дзяцей да работы, глядзіце, каб яны больш хадзілі басанож па траве. Каб быць здаровымі, яны павінны на зямлі працаваць. Калі будуць басанож хадзіць, ды яшчэ рукамі зямельку гэту перабіраць два разы ў год - пасадзіць, а потым убраць - гэта будзе нядрэнна. Паверце, гэта вашым дзецям патрэбна будзе".
Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў людзей не імкнуцца паехаць кудысьці ў вялікі горад, а сваімі рукамі разам ствараць добрыя ўмовы для жыцця ў вёсцы. Гэта важна і з пункту гледжання раўнамернага размеркавання працоўных рэсурсаў па краіне.
Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з мясцовымі жыхарамі расказаў, ці ёсць у яго сябры.
"У Прэзідэнта наўрад ці ёсць сябры. Ёсць знаёмыя людзі, якія нямала для мяне зрабілі. Я гэта памятаю. Можа, у якога-небудзь Прэзідэнта і сябры. Я пра сябе гавару. Ведаеце, сябры з часам пачынаюць ад цябе шмат патрабаваць. Нібыта сябры і іншае... Вось ты павінен яму там нешта зрабіць за кошт іншых. І гэта даходзіць да карупцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ведаеце - для мяне гэта непрымальна. Таму сяброў у мяне, напэўна, няма. Ёсць добрыя людзі, з якімі я магу паразмаўляць і гэтак далей. Але заўсёды памятаю, што я - Прэзідэнт. І для ўсіх я павінен быць не тое што аднолькавы - аднолькавы я не бываю... Я вельмі люблю людзей, якія працуюць, рабацяг".
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што справядлівасць - яго галоўны лозунг. Ён успомніў, як нядаўна ў аграгарадку Гарадзец у Шклоўскім раёне размаўляў з людзьмі, з многімі з якіх раней працаваў у сельскай гаспадарцы: "Жорсткія былі дысцыпліна і патрабаванні. Але заўсёды было справядліва. Гэта - мой лозунг".
"Трэба зрабіць так, каб чалавек, нават у турму трапіўшы, разумеў, што справядліва, сам вінаваты. Таму ў аснове павінна быць справядлівасць. І ў нас, усходніх славян, цяпер вельмі жорсткі попыт на справядлівасць. Людзі хочуць справядлівасці. У Заходняй Еўропе, я ведаю гэтых людзей, - у іх па-іншаму трохі. А нашы людзі ніколі не пацерпяць несправядлівасці", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя ў асяроддзі чалавека, які становіцца Прэзідэнтам і атрымлівае ўладу, сапраўды могуць думаць, што цяпер ён ім нечым абавязаны, павінен праўдай і няпраўдай дапамагчы. "Гэта не праблема - дапамагчы. Але трэба разумець, што цябе бачыць маса людзей. І ўсе хочуць дапамогі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да пытання пра сваіх сяброў, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Цяжка нават сказаць, што гэта за людзі павінны быць. Ну, можа, сыны, якія ніколі цябе не здрадзяць, і якія зробяць так, як ты патрабуеш і як скажаш. Прынамсі, пра маіх сыноў не бачылі і не чулі, што яны ў кагосьці нешта адабралі і кудысьці не туды паклалі. Або вас абабралі. Усюды так: прыйшоў да ўлады, значыць, і сябры, і сваякі, родныя - усе павінны быць багатымі. Гэта не ка мне. Я вырас, як і ўсе вы, у беднасці гэтай. Зусім недалёка. І я ведаю, што такое жыццё простага чалавека. Таму я стараюся дапамагчы".
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся і да тэмы рэлігіі, адзначыўшы, што людзям з вялікай уладай нялішне памятаць пра гэта. "Усе ж у асноўным вернікі. Калі так, то Ён (Гасподзь. - Заўвага) бачыць, хто чым займаецца. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Нам, людзям з вялікай уладай, патрэбны Ён, каб запатрабаваў. Але каб з мяне не запатрабаваў так, як з іншых, я стараюся быць справядлівым", - сказаў Прэзідэнт.


