Азнаямленне з мадэрнізацыяй на сельгаспрадпрыемстве "ААБ-Агра Гарадзец" у Шклоўскім раёне

  • 28
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся з рэалізацыяй сучасных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі на прыкладзе мадэрнізацыі, праведзенай у сельгаспрадпрыемстве "ААБ-Агра Гарадзец" Шклоўскага раёна.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце і перспектывах развіцця гаспадаркі. Папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка быў тут з рабочай паездкай у верасні 2025 года. Тады ён крытычна ацаніў стан спраў і запатрабаваў навесці ідэальны парадак на ўсіх аб'ектах прадпрыемства, у тым ліку машынны двор, малочнатаварны комплекс і сельскагаспадарчыя ўчасткі.

У маі 2026 года акцыі ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец" былі перададзены ў гаспадарчае распараджэнне РУП "Магілёўаблгаз". Была распрацавана комплексная праграма мадэрнізацыі сельгаспрадпрыемства на 2026-2027 гады з аб'ёмам фінансавання каля 86,5 млн рублёў.

Праграмай прадугледжана ўзвядзенне мехмайстэрняў з дапаможнымі памяшканнямі, мадэрнізацыя склада для захоўвання мінеральных угнаенняў, узвядзенне прафілакторыя для цялят, сіласных траншэй, рэканструкцыя фермы па адкорме маладняку БРЖ.

Акрамя таго, узводзіцца ферма па развядзенні племянной жывёлы мясных парод на 800 галоў. Большая частка работ ужо выканана. Цяпер на ферму паступіла 235 галоў маладняку герафордскай пароды для фарміравання племяннога мяснога статка. Мяса кароў гэтай пароды мае выразную "мармуровасць" і насычаныя смакавыя якасці.

"Чаму мы глядзім гэты фактычна комплекс па адкорме - таму што так трэба будзе рабіць у многіх абласцях", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на будаўніцтва па краіне невялікіх ферм па адкорме БРЖ мясных парод. Размова перш за ўсё аб аддаленых тэрыторыях у раёнах, дзе нерэнтабельна займацца малочным напрамкам з пункту гледжання лагістыкі, эканомікі. Але з улікам наяўнасці кармавой базы там ёсць магчымасць развіваць мясны напрамак, які асабліва цяпер мае добры экспартны патэнцыял і дае прыбытак. Для гэтага, што немалаважна, таксама патрэбна менш працоўных рэсурсаў.

"Нам давядзецца гэта рабіць. У Віцебскай вобласці абавязкова, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І будаваць у такіх "цёмных" месцах. Трэба варушыцца. Трэба рабіць хутка гэта ўсё".

"Там 200 га зямельныя ўгоддзі. 200 га могуць пракарміць 100 галоў. Вось узялі і паставілі гаспадарку з усім шлейфам", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што шмат такіх тэрыторый ёсць і ў Магілёўскай, Мінскай абласцях, а часткова і ў іншых рэгіёнах. Адпаведна, для напаўнення такіх ферм трэба развіваць у краіне племянную жывёлагадоўлю.

"Нам трэба разумна падыходзіць да таго, дзе што рабіць. І рабіць капітальна і тэхналагічна", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Акрамя будаўніцтва названай вышэй фермы, праграма мадэрнізацыі "ААБ-Агра Гарадзец" уключала і іншыя работы: узвядзенне мехмайстэрняў з дапаможнымі памяшканнямі, мадэрнізацыя склада для захоўвання мінеральных угнаенняў, узвядзенне прафілакторыя для цялят, сіласных траншэй, рэканструкцыя фермы па адкорме маладняку БРЖ.

Кіраўнік дзяржавы крытычна заўважыў у адрас кіраўнікоў, што гэта пачалі рабіць толькі пасля яго даручэння: "У гэтым і ўся наша бяда, і нашы праблемы - без даручэння мы нічога не робім".

Цяпер важна максімальна эфектыўна задзейнічаць новыя аб'екты, зніжаць выдаткі ў сельгасвытворчасці, забяспечваць прыбытковую работу і разлічвацца па даўгах. І шмат у чым ключ да гэтага - дысцыпліна і выкананне тэхналогій. "Задачу абазначыў, акрэсліў. Не зроблена - да Хрэніна, Міністра абароны. Будуць зімой капаць зямлю і спаць у палатках, - даў параду Прэзідэнт. - Жалезна павінна быць дысцыпліна - гэта не мая выдумка. Іншага шляху няма".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць падтрымання не толькі працоўнай дысцыпліны, але і дысцыпліны разлікаў з добрасумленнымі работнікамі. Людзі павінны разумець, што іх даход прама залежыць ад укладзенай працы. "Усе разгільдзяі і п'яніцы павінны бачыць - хто працуе, той і зарабляе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца непасрэдна работ па мадэрнізацыі ў гаспадарцы, Прэзідэнт даў высокую ацэнку ўбачанаму. Як вядома, ён і сам раней працаваў тут кіраўніком.

"Тут курорт. Дзякуй богу, што ў мяне гэтага не было - я Прэзідэнтам не стаў бы. Я ніколі не паехаў бы з гэтай гаспадаркі, калі б у мяне было гэта ўсё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даў цяперашняму кіраўніку гаспадаркі Сяргею Сысу наказ. "У цябе наперадзе ўсё жыццё. Прыкладна такім я прыйшоў. Але стартавыя ўмовы розныя. У цябе сёння ёсць усё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе праведзеную мадэрнізацыю і значныя ўкладзеныя сродкі.

"Людзям зарплату не шкадуй. Але гэта павінна быць зарплата, а не дармаплата", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не дай бог я ўбачу, што будзе горш, чым цяпер. Таму я раю: патрабуй гэта з людзей. Ты ж малады чалавек. Вы - будучыня гэтай краіны. Адсюль вось такія, як ты, павінны вырасці, і мы іх узнімем наверх", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама даў практычную параду - не эканоміць на начальніках участкаў. За кожнай тэрыторыяй гаспадаркі павінен быць замацаваны адказны чалавек. Важнасць менавіта такога падыходу стала відавочна нядаўна пасля сур'ёзнага аналізу недахопаў работы ў яшчэ адной гаспадарцы Шклоўскага раёна - "Гавяды-агра".

Мадэрнізацыя ў ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец" - адна з частак агульнага плана па развіцці Шклоўскага раёна. "Ён павінен быць калі не ўзорам, то прыкладам, у якім напрамку раёны павінны развівацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Адпаведныя падыходы будуць у бліжэйшы час абмеркаваны на семінары з удзелам Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы не павінна быць утрыманскага падыходу. Трэба глядзець, каго падтрымліваць, а каго не. "Гэта не значыць, што мы не будзем падтрымліваць сельскую гаспадарку. Нам нічога тут ламаць не трэба. Але недзе данастройваць будзем. Грошы трэба ўкладваць, каб была аддача", - патрабуе Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым хоча даць сур'ёзны штуршок развіццю сельгасвытворчасці на ўсходзе краіны - у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. "Мы ўжо ўсё вам паказалі, як трэба. Будзем патрабаваць. Грошы ўклалі немалыя - патрэбны вынік", - сказаў ён.

Яшчэ адной кропкай наведвання ў "ААБ-Агра Гарадзец" сталі рэканструяваныя мехмайстэрні і машынны двор. Тут таксама праз год пасля прыезду і сур'ёзнай крытыкі з боку Кіраўніка дзяржавы быў наведзены належны парадак.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зроблена ўсё добра. Задаволены ўмовамі і мясцовыя рабочыя, меркаваннем якіх пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што трэба сачыць за станам тэхнікі, беражліва яе эксплуатаваць і своечасова абслугоўваць.

Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з жыхарамі аграгарадка Гарадзец падкрэсліў важную місію цяперашняга пакалення для вызначэння варыянтаў будучага развіцця краіны.

"Беражыце тое, што ёсць. Гэта - наша. Глядзіце, каб вашым дзецям было дзе жыць і працаваць", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшы час у шэрагу раёнаў краіны трэба правесці пераўтварэнні, падобныя да тых, што ажыццявілі ў Гарадцы. Прычым рабіць гэта трэба хуткімі тэмпамі, бо гэта стане арыенцірам для маладога пакалення.

"Чаму я спяшаюся (ажыццявіць планы па пераўтварэнні. - Заўвага) недзе - у прамысловасці, у лесе, у вёсцы? Каб яны (моладзь. - Заўвага) убачылі, як трэба, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Каб наша пакаленне за астатні час прапанавала моладзі, новаму пакаленню варыянт развіцця нашай краіны, і нават не развіцця, а руху наперад. Вось увесь сэнс".

У Гарадцы і на аднайменным прадпрыемстве за год, які мінуў з папярэдняга візіту Прэзідэнта і агучанай тады крытыкі, адбыліся значныя пазітыўныя змяненні - пры актыўным удзеле дзяржавы і падтрымцы, у тым ліку фінансавай, заўважыў беларускі лідар. Цяпер справа за самімі жыхарамі - трэба працаваць і паказваць рэзультат, ставіць задачу Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння ў Гарадцы ёсць усё. Уваходзьце ў каляіну і пачынайце працаваць так, каб вы ні ад кога не былі залежныя. На сённяшні дзень я бачу, што вы можаце працаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Усё, што ў вас уклалі, павінна быць з лішкам атрымана, з запасам. І з даўгамі трэба разлічыцца. Усё, што зроблена, так павінна і быць.

"Мая задача - каб у вас быў мір, спакой. Каб вашы дзеткі раслі, працавалі. Работы ўсім хопіць, дастаткова", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка вельмі душэўна паразмаўляў з жыхарамі аграгарадка, многіх з якіх ён ведае асабіста яшчэ па мінулай рабоце ў сельскай гаспадарцы. Кіраўніку дзяржавы падарылі вышываны абраз і зборнік з успамінамі двух дзясяткаў мясцовых жыхароў, з якімі Прэзідэнт працаваў, узначальваючы сельгаспрадпрыемства "Гарадзец". Аляксандр Лукашэнка паабяцаў сёння ж прачытаць гэту працу.