Нафтахімічная прамысловасць

Буйнейшыя нафтахімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць вытворчасць коксу, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, хімічных прадуктаў, гумавых і пластмасавых вырабаў, аб'ядноўвае канцэрн "Белнафтахім".

Арганізацыі, якія ўваходзяць у склад канцэрна, фарміруюць каля 20% прамысловай прадукцыі Беларусі і вырабляюць больш як 500 відаў нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі, якая экспартуецца амаль у 95 краін свету.

Увесь выпускаемы аб'ём маторнага паліва адпавядае экалагічнаму класу К5. Значна пашырана лінейка выпускаемай прадукцыі. Арганізаваны выпуск 98-га і 100-га бензінаў, новых відаў дызельнага паліва для халоднага і арктычнага клімату, змазачных масел, нафтавых бітумаў, рэактыўнага паліва.

Прадукцыя арганізацый канцэрна ліквідна і запатрабавана на рынках.

Канцэрн каардынуе вытворчую дзейнасць па разведцы і здабычы нафты, яе транспарціроўцы і перапрацоўцы, выпуску нафтапрадуктаў і прадуктаў асноўнага арганічнага і нафтахімічнага сінтэзу.

Асноўнымі таварнымі групамі, якія вызначаюць экспартны патэнцыял арганізацый канцэрна, з'яўляюцца нафтапрадукты, шыны, мінеральныя ўгнаенні, хімічныя валокны і ніці, палімеры, угнаенні азотныя, шкловалакно і вырабы з яго.

Большасць прадпрыемстваў канцэрна з'яўляюцца горадаўтваральнымі.

НПЗ Беларусі рэалізуюць праграмы мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчых магутнасцей, заснаваных на сусветных тэндэнцыях развіцця нафтаперапрацоўкі.

У рамках запланаваных да рэалізацыі праектаў па выпуску высокатэхналагічных пластыкаў ствараюцца самастойныя хімічныя вытворчасці асобных сыравінных кампанентаў (этылбензол, ацэтон, фенол, бісфенол, стырол, бутадыен і інш.), што дасць магчымасць для іх выкарыстання ў вытворчасці шырокага спектра хімічных прадуктаў, у тым ліку прадуктаў тонкай і малатанажнай хіміі.