Сустрэча з удзельнікамі асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі на МКС Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай
- 8
- 10:53
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка правёў сустрэчу па відэа-канферэнц-сувязі з удзельнікамі асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай.
"Мне хацелася б, каб вы там дружнымі былі людзьмі. Усё ж такі край у вас адзіны, карані тут (Алег Навіцкі з'яўляецца ўраджэнцам Беларусі. - Заўвага). Мы будзем вельмі перажываць за вас і спадзявацца, што пасля вяртання я ўбачу вас тут. Прыгатуем, Алег, традыцыйную нашу салату (гаворка пра салату "Маладосць. Антыкавідная", якую Кіраўнік дзяржавы раней ужо рыхтаваў разам з Алегам Навіцкім на адной з папярэдніх асабістых сустрэч. - Заўвага). Марыну пачастуем. Тым больш у яе ж хобі. Першы раз бачу дзяўчыну, якая можа прыгатаваць і любіць гатаваць. Мы яе навучым гатаваць нашу салату", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пачаў сустрэчу з пытання камандзіру экіпажа: "Алег, да цябе пытанне як да камандзіра. Як самаадчуванне ваша і нашай галоўнай гераіні?"
Алег Навіцкі далажыў, што стан Марыны Васілеўскай вельмі баявы, яна спакойная і нацэлена на работу, выкананне праекта ў цэлым. "Вялікі дзякуй, што выбар прыпаў менавіта на Марыну", - сказаў ён.
Размова была хоць і на сур'ёзныя тэмы, але праходзіла ў вельмі дружалюбнай атмасферы. Настрой ва ўсіх быў добры, шмат жартавалі. "Алег, я толькі адзінае папрашу цябе (там жа амерыканскі ёсць сегмент станцыі): ты глядзі, каб амерыканцы яе там не выкралі ў свой сегмент", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яна будзе заходзіць толькі з камандзірам і выходзіць са мной жа", - паабяцаў Алег Навіцкі.
"Так-так, я цябе вельмі прашу! Персанальна паглядзі! Нам жа яна патрэбна на Зямлі потым", - адказаў Прэзідэнт.
"Вядома. Вернем у цэласці і захаванасці", - запэўніў камандзір экіпажа.
Сваімі перажываннямі і пачуццямі з Кіраўніком дзяржавы падзялілася і сама Марына Васілеўская. "Вядома, перажыванне, невялікае хваляванне прысутнічаюць. Паколькі я і дзяўчына, і ўсё гэта для мяне ўпершыню. Але ў мяне вельмі вопытны, надзейны камандзір і ён мне дае вялікую ўпэўненасць, - падзялілася Марына Васілеўская. - Мяне падтрымліваюць інструктары, выкладчыкі, кіраўнік мой Буча Іван Мікалаевіч (намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Іван Буча. - Заўвага) са мной заўсёды тут на падтрымцы".
Беларуска расказала, што яе падтрымлівае і экіпаж, у тым ліку астранаўт NASA Трэйсі Дайсан, якая таксама адправіцца да МКС: "Таксама Трэйсі мяне вельмі падтрымлівае. У нас вельмі добрыя адносіны ў экіпажы. Зладжаныя, сяброўскія. Вось гэта мяне падтрымлівае. Адказнасць, што я павінна выканаць дадзеную праграму, задачы, эксперыменты, палёт. Гэта надае мне ўпэўненасці і сіл".
"У цябе добры прыклад. Трымайся бліжэй да Алега. Ён чалавек вопытны, не першы раз ужо лятае ў космас", - параіў Аляксандр Лукашэнка.
Алег Навіцкі расказаў аб маючай адбыцца працягласці палёту. Вярнуцца на Зямлю ён плануе разам з Марынай Васілеўскай. "Значыць, ёсць надзея, што мы ў хуткім часе сустрэнемся ў поўным складзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"У беларускім поўным складзе", - пацвердзіў Алег Навіцкі.
Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў не забываць і не выпусціць з-пад увагі яшчэ адну беларуску - дублёра Настассю Лянкову: "Сустрэнемся, пагаворым аб яе перспектывах. Яе ж рыхтавалі гэтак жа, як Марыну. Таму таксама страціць нам нельга чалавека".
"Не страцім", - запэўніў касманаўт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім намеры звярнуцца да расійскага боку з тым, каб у будучым арганізаваць касмічны палёт усіх трох чалавек, якія рыхтаваліся да цяперашняга старту, - камандзіра Алега Навіцкага, Марыны Васілеўскай і Настассі Лянковай, якая выступае ў якасці дублёра. "Хацелася б, каб вы ўтраіх зляталі", - адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Алега Навіцкага, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Калі будзеш сябе добра адчуваць (пасля вяртання з МКС - з палёту, запланаванага на 21 сакавіка. - Заўвага), то буду прасіць расіян, каб утраіх паляцелі ўжо - Насця, Марына і ты".
"Добра, з задавальненнем, - адказаў на гэта касманаўт. - Выканаем задачу любую".
"Добра. Я тады з Прэзідэнтам Расіі пры сустрэчы якраз пакрыху ўжо буду закідваць гэтыя пытанні", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Алег Навіцкі таксама звярнуўся да Кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай: "Можа, яшчэ закінуць пытанне, каб была магчымасць беларусам не як іншаземцам, а як братам мець магчымасць удзельнічаць у падрыхтоўцы як прафесіяналам".
Прэзідэнт гэту ініцыятыву падтрымаў і выказаў упэўненасць, што расійскі бок павінен згадзіцца на такую прапанову: "Як касманаўтаў расіяне рыхтуюць - каб і беларусаў так рыхтавалі, так? Гэта не пытанне, яны пагодзяцца. А што дрэннага? Нічога дрэннага. Я ўпэўнены, што нашы дзяўчаты (я па водгуках ведаю, цікаўлюся гэтым пытаннем) ім вельмі спадабаліся ў плане падрыхтоўкі - вельмі адказныя і праграму падрыхтоўкі асвоілі лёгка". Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што абмяркуе гэту прапанову з расійскім бокам: "Я абяцаю, я перагавару".
Разам з тым для арганізацыі касмічных палётаў з удзелам беларусаў у будучым спатрэбіцца вырашаць пытанні фінансавання, але тут, як падкрэсліў Прэзідэнт, ёсць паразуменне з расійскім бокам і супрацоўніцтва выбудоўваецца на ўзаемавыгаднай аснове: "Пуцін наконт гэтага малайчына. Яны не шкадуюць грошай дзеля таго, каб нас падтрымаць як касмічную дзяржаву. Мы з імі разлічымся па іншых напрамках. У нас прадпрыемства магутнае ёсць, якое вырабляе спадарожнікі, у тым ліку ў інтарэсах Расіі".
Цяпер беларускімі спецыялістамі вядзецца работа над стварэннем спадарожніка з высокім распазнаваннем. "Рушылі наперад у гэтым плане", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Калі санкцыі ўвялі, думалі, што мы рухнем. А аказалася, што мы запатрабаваны, асабліва ў касмічнай галіне Расійскай Федэрацыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер запатрабаванасць вельмі высокая з боку касмічнага сегмента эканомікі Расійскай Федэрацыі".
Асаблівую ўдзячнасць за гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю Прэзідэнт выказаў дырэктару дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Юрыю Барысаву: "Ён проста малайчына. Ён адазваўся на ўсе мае просьбы. Вельмі прыстойны чалавек".
На завяршэнне размовы з Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай аб перспектывах супрацоўніцтва з расійскім бокам па касмічных палётах Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мы з расіянамі дамовімся. Галоўнае, каб у вас жаданне было працаваць разам".
"Жаданне ёсць, Аляксандр Рыгоравіч, і вялікае", - адказаў Алег Навіцкі.
"Я заўсёды падтрымаю і з задавальненнем прыеду на старт, калі Алег Віктаравіч паляціць", - дадала Марына Васілеўская.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, на якой мове Алег Навіцкі і Марына Васілеўская размаўляюць з яшчэ адным членам экіпажа Трэйсі Дайсан. "У асноўным на сумесі моў рускай і англійскай", - расказаў камандзір экіпажа.
Адказваючы на ўдакладняючае пытанне Прэзідэнта, ці ведае астранаўт NASA рускую мову, Алег Навіцкі сказаў: "Нядрэнна. Як мы - англійскую".
Такім чынам, праблем у разуменні адзін аднаго ў членаў экіпажа няма, асабліва на так званай тэхнічнай мове. "Спадзяюся, за 12 дзён сумеснага палёту мы яе якім-небудзь беларускім фразам навучым усё ж такі", - дадаў камандзір экіпажа.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за касманаўтаў у цэлым і Марыну Васілеўскую ў прыватнасці ў Беларусі вельмі перажываюць. "Дзякуй. Я буду старацца са свайго боку выканаць усю праграму. Не буду спаць, але зраблю ўсё", - адрэагавала на гэта Марына Васілеўская.
"Спаць трэба якраз такі", - строга заўважыў камандзір экіпажа.
"Не, ты не напружвайся. І спі, і адпачывай, - даў наказ Аляксандр Лукашэнка. - Ты павінна ўсё адчуць. Ты павінна ведаць усё. Таму што людзі ў цябе будуць пытацца".
У цэлым Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што праблем няма, падрыхтоўка да палёту ідзе штатна, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі.
"Мы будзем рады, калі ўсё будзе штатна, нармальна. Будзем вельмі-вельмі вас чакаць. Яшчэ раз гавару: Алег, паглядай там у космасе за ёй. Яна навічок. Нашы дзяўчаты прыгожыя. Каб там амерыканцы не глядзелі на іх", - паўжартам заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Няхай нават не думаюць", - згадзіўся Алег Навіцкі.
Марына Васілеўская яшчэ раз падзякавала за высокі гонар для яе - прадстаўляць краіну на МКС у ходзе маючай адбыцца адказнай і вельмі цікавай місіі: "Я буду рабіць усё магчымае, каб выканаць усю работу, усе пастаўленыя задачы, якія на мяне ўскладзены".
"Дзякуй вялікі вам. Выбачайце, што вас адарваў у гэтыя адказныя моманты. Але хоць крышачку адцягнуў вашу ўвагу ад гэтай махіны (ракеты. - Заўвага), якую мы назіралі - вывозілі на старт. Таксама патрэбна нейкая разгрузка. Вы павінны ведаць, што вы - нашы людзі. Мы вас будзем чакаць тут, у Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гэта ведаем, Аляксандр Рыгоравіч. І таму ўпэўненасць у паспяховым выкананні ўсяго праекта пастаянна высокая. Вялікі дзякуй за падтрымку ўсяго экіпажа ў цэлым", - сказаў Алег Навіцкі.
На развітанне Прэзідэнт дадаў: "Дзякуй вам. Да сустрэчы! Марына, ты не хвалюйся. Глядзі на Алега".
"Так, мяне камандзір вельмі падтрымлівае, праўда. Таму я стойкая духам, гатова да палёту. Усё будзе добра. З Божай дапамогай", - адказала Марына Васілеўская.
"Дзякуй. Вы там будзеце блізка. Калі што, перадавайце прывітанне. Я Яго таксама прасіў, каб Ён вас там сустрэў добра. Таму поспехаў, усяго добрага", - такімі словамі завяршыў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка.