Сустрэча з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы
- 17
- 10:58
У дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных інтарэсаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 сакавіка на сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы.
Пасля прыбыцця ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне Аляксандр Лукашэнка разам з Мітрапалітам Веніямінам наведаў храм Сабора Усіх Беларускіх святых, дзе запаліў свечку.
Мітрапаліт Веніямін запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў бібліятэку, дзе яму паказалі розныя рарытэтныя кнігі. Затым Прэзідэнт пабываў у кабінеце, дзе працаваў Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Гэта памяшканне ў епархіяльным упраўленні захоўваюць у першапачатковым выглядзе.
"Вы малайчына, што ўсё захавалі! Дзякуй Вам вялікі за гэта!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама ўспомніў пра свае сустрэчы з Мітрапалітам Філарэтам.
Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі за запрашэнне прыняць удзел у Сінодзе.
"У нашай краіне закладзены трывалыя асновы ўзаемадзеяння Беларускай праваслаўнай царквы і нашых улад, дзяржавы ў цэлым. Інакш і быць не магло. Гісторыя праваслаўя на беларускіх землях непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення нашай дзяржаўнасці", - сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што тут, на стыку цывілізацый, неаднаразова разгортвалася арэна ваенных дзеянняў. У такіх умовах было вельмі складана сфарміравацца і заявіць пра сябе асобнаму народу, не гаворачы аб стварэнні дзяржавы.
"У беларусаў гэта атрымалася. Шмат у чым дзякуючы духоўнаму стрыжню нашых продкаў. Таму ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных інтарэсаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што сусветнае праваслаўе цяпер перажывае няпростыя часы: "Мы гэта вымушаны прызнаць. Немагчыма без болю глядзець на рэлігійнае процістаянне ў нашай брацкай Украіне: захоп храмаў, крымінальнае праследаванне свяшчэннікаў, барацьба за галоўную святыню нашага праваслаўя - Кіева-Пячэрскую лаўру".
"Трагедыя разгараецца і на Святой Зямлі, якая мае сакральнае значэнне для ўсіх сусветных рэлігій. На жаль, мы бачым спробы ўцягнуць у гэты канфлікт як мага больш іншых краін і народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: асаблівасцю Беларусі з'яўляецца тое, што цэнтры кіравання традыцыйных канфесій размешчаны за межамі краіны. "Як мы бачым, сёння шэраг з іх апынуліся ў эпіцэнтры ўзброеных канфліктаў", - заўважыў ён.
"Усе самыя кровапралітныя войны на зямлі пачыналіся на глебе рэлігійных рознагалоссяў. Гэту карту і сёння разыгрываюць ідэолагі каляровых рэвалюцый і мяцяжоў. У такіх умовах важна захаваць роўнасць правоў і дыялог паміж прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў. Бо яшчэ Уладыка Філарэт адзначаў, што міжканфесійны мір - самае галоўнае дасягненне Беларусі", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што складаны знешнепалітычны кантэкст, на шчасце, не паўплываў на традыцыі добрасуседства і верацярпімасці беларусаў. Этнаканфесійныя адносіны ў краіне характарызуюцца ўстойлівасцю і стабільнасцю.У той жа час беларускае грамадства зведвае беспрэцэдэнтны націск на ўзроўні ідэй і каштоўнасцей, заявіў Прэзідэнт.
"З аднаго боку, гэта звязана з небывалымі тэмпамі развіцця тэхналогій (я маю на ўвазе перш за ўсё ўкараненне штучнага інтэлекту, сучасныя сродкі камунікацый і іншае), - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - З другога - нам навязваюць заведама дэструктыўныя, разбуральныя для грамадства і дзяржавы ідэі ўсёдазволенасці, спажывальніцтва, бяздзетнасці, ЛГБТ і іншыя".
Грамадства не паспявае выпрацоўваць агульнапрынятыя нормы паводзін, чалавеку складаней зрабіць правільны маральны выбар, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Многія шукаюць і не знаходзяць адказы на вечныя пытанні: хто я, навошта я, якое наогул маё прызначэнне. На жаль, усё радзей за гэтымі адказамі людзі ідуць у царкву", - сказаў Прэзідэнт."Царква чакае, што людзі самі прыйдуць да Бога. Але, мне здаецца, гэта працэс сустрэчны, і царква павінна зрабіць крок насустрач простаму чалавеку. Трэба вучыцца несці слова Божае так, каб яно было зразумела кожнаму. У грамадстве назіраецца запыт на жывое дзейснае слова пастыра, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяржава высока цэніць агульнапрызнаны аўтарытэт нашых праваслаўных іерархаў. Да вас прыслухоўваюцца мільёны нашых суайчыннікаў".Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што цяперашняя сустрэча мае вялікае значэнне ў сучасных геапалітычных умовах і напярэдадні важных палітычных падзей унутры краіны.
"Мы помнім, як у 2020 годзе некаторыя свяшчэннікі (на жаль, і некаторыя праваслаўныя) заняліся, мякка кажучы, палітыкай. Скажу, што для гэтага ў дзяржаве ёсць спецыяльныя інстытуты і падрыхтаваныя людзі. Справа царквы - задаваць маральныя хрысціянскія арыенціры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў Сінода, прапанаваў сканцэнтравацца на наступных пытаннях: ці ўсё робіцца для таго, каб чужыя людзі з нядобрымі думкамі не ступілі ў беларускія храмы, не сталі мяняць асновы, дыктаваць, як жыць.
"Як Прэзідэнт і кіраўнік шматканфесійнай дзяржавы, у якой Беларускай праваслаўнай царкве адведзена не галоўная, а асаблівая роля, хацеў бы пачуць, чаго не хапае царкве і што яшчэ трэба зрабіць дзяржаве, дзе мы, магчыма, выпусцілі сітуацыю. Па-гаспадарску падысці да тых пытанняў, якія сёння трэба вырашаць, - сказаў беларускі лідар. - Якую практычную частку работы па лячэнні хвароб нашага грамадства вы гатовы ўзяць на сябе? Ці гатова сама царква мяняцца, не здраджваючы пры гэтым духоўным ідэалам і каштоўнасцям?"
Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх прысутных да шчырай, грунтоўнай размовы: "Галоўнае, каб наша размова, як заўсёды, была сумленнай, шчырай і адкрытай".
На сустрэчы Была агучана просьба пасадзейнічаць перадачы Віцебскай епархіі будынка, які прымыкае да сабора і раней належаў царкве.
"Каб частку будынка можна было выкарыстоўваць віцебскай семінарыі, а другую частку - як духоўна-асветніцкі цэнтр. Каб туды прыходзілі людзі, праводзіліся там адпаведныя мерапрыемствы. Менавіта ў гэтым пытанне і просьба", - растлумачыў Мітрапаліт Веніямін.
"Гэта пытанне не новае. Там размова ідзе аб школе або гімназіі. Я памятаю. Я наогул прыхільнік адукацыі, асабліва царкоўнай адукацыі. Яна вельмі моцная, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я заўсёды падтрымліваў і буду гэта падтрымліваць. Таму што гэта вельмі добрая адукацыя. Там акрамя адукацыі яшчэ і выхаванне добрае. Тое, чаго часам не хапае ў нашых свецкіх школах".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае - каб будынак быў задзейнічаны. Ён адзначыў, што ў краіне ёсць нямала нядзеючых храмаў: "Там няма гэтага паломніцтва, як было раней. Я думаю аб тым, як зрабіць так, каб і людзі, і мы да іх, і вы ішлі да гэтых людзей, і яны ішлі ў храм. Вось гэта пытанне. Ёсць праблема, давайце яе ўтойваць не будзем. І тут трэба актывізавацца".
Неабходна размаўляць з людзьмі і растлумачваць ім сітуацыю, якая складваецца вакол краіны. У гэтым ёсць роля ў тым ліку і служыцеляў царквы, лічыць Прэзідэнт.
"Сітуацыя няпростая. Нам з людзьмі трэба размаўляць і даводзіць ім усё гэта. І мала таго, і ў душу зазірнуць. А акрамя Царквы тут складана камусьці будзе зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынік сустрэчы, ён падзякаваў членам Сінода за праведзеную размову і адзначыў, што ў ліку ўзнятых пытанняў не бачыць нейкіх непераадольных праблем. "Я думаю, уладыка, мы з імі справімся. Паглядзім, як гэта лепш зрабіць, - адзначыў Прэзідэнт. - Я проста хачу вам сказаць, што перад намі стаяць вельмі сур'ёзныя праблемныя пытанні. Мы павінны іх аб'ектыўна бачыць. І бачыць свае недахопы".
Што датычыцца абстаноўкі ў свеце, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "ўсюды хочуць падпаліць, стварыць хаос": "Таму што не хочацца шматпалярнага свету. Хочацца кіраваць светам, як раней. Амерыканцам. Нам трэба прайсці гэты шлях. Але мы прарвёмся".
"З Божай дапамогай!" - дадаў адзін з удзельнікаў сустрэчы.
"Так, з Божай дапамогай. Калі мы сябе дастойна будзем паводзіць, дык, можа, убачыць (Гасподзь. - Заўвага) і дапаможа дзесьці. Без таго, каб мы варушыліся, Бог дапамагаць не будзе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.