Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве
- 13
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 мая прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве.
Лідары краін спачатку абмеркавалі пытанні парадку дня ў вузкім складзе ў фармаце пяцёркі краін - удзельніц ЕАЭС, а затым - у пашыраным з удзелам лідараў дзяржаў-наглядальнікаў пры інтэграцыйным аб'яднанні і запрошаных высокіх гасцей. У іх ліку Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, які ўпершыню прысутнічаў на пасяджэнні ВЕЭС. Па відэасувязі да лідараў краін далучыліся прэзідэнты Узбекістана і Таджыкістана Шаўкат Мірзіёеў і Эмамалі Рахмон. У фармаце відэазвароту выступіў з прывітальным словам Прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель Бермудэс.
Запрошаны былі таксама Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, Генеральны сакратар ШАС Чжан Мін, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.
На пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне. што Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць адным з цэнтраў прыняцця рашэнняў у свеце.
"Сучасны свет знаходзіцца на стадыі глабальных перамен, уступае ў эпоху маштабных пераўтварэнняў і стратэгічнага развіцця. Прыходзіць усведамленне неабходнасці фарміравання на змену аднапалярнай сістэме кіравання новых цэнтраў прыняцця рашэнняў, якія забяспечваюць улік інтарэсаў усіх удзельнікаў міжнародных адносін. Увага, праяўленая да мерапрыемстваў, якія праходзяць сёння ў Маскве, адназначна сведчыць аб тым, што адным з такіх цэнтраў павінен стаць Еўразійскі эканамічны саюз", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бакі, нарэшце, рушылі наперад у пытаннях падтрымкі праектаў у галіне прамысловай кааперацыі. Падрыхтавана рашэнне аб аказанні фінансавага садзейнічання такім праектам за кошт сродкаў бюджэту ЕАЭС. "Гэта знакавы дакумент. Мы чакаем ад яго значнай практычнай аддачы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аднак ёсць і тыя напрамкі, дзе бакі маглі б дзейнічаць хутчэй. "Па шэрагу важнейшых пытанняў унутранага парадку дня еўразійскай інтэграцыі мы рухаемся складана і марудна. Перш за ўсё размова ідзе аб фарміраванні агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, рэалізацыі мерапрыемстваў лічбавага парадку дня, лібералізацыі транспартнага рынку", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"А гэта ж асноватворныя для нашых эканомік сферы дзейнасці. І іх актуальнасць на фоне санкцый толькі ўзрасла", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Прыярытэтнай задачай для ўсіх нас застаецца стварэнне паўнацэннага эканамічнага саюза. Усе адзначаюць наяўнасць прагрэсу ў гэтым пытанні, але я застаюся на ранейшай пазіцыі: ні бар'ераў, ні абмежаванняў быць не павінна наогул! Гэта базавы прынцып пабудовы нашага саюза, і мы павінны дасягнуць мэты ў самы бліжэйшы час", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую праведзеную работу па фарміраванні агульнага рынку дзяржаўных і муніцыпальных закупак. "Не без праблем, але рынак дзяржзакупак функцыянуе. Аднак для яго далейшага паўнацэннага развіцця неабходны падпісанне і больш хуткае ўступленне ў сілу пагаднення аб узаемным прызнанні банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак і правіл узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Больш таго, ёсць рэзерв для пашырэння адпаведнага сектара эканамічных адносін. Акрамя дзяржзакупак існуе і сфера дзяржкарпарацый. "Лічу, што зняцце абмежаванняў па доступе да закупак дзяржаўных карпарацый дабратворна паўплывае на эканоміку саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Наш адказ на санкцыйны націск - актывізацыя ўзаемадзеяння з ШАС, БРІКС і АСЕАН, заключэнне новых гандлёвых пагадненняў і канструктыўнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі, хто гатовы з намі дружыць і працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звярнуў увагу, што ў выніку павінен быць забяспечаны баланс інтарэсаў усіх удзельнікаў: "Задача няпростая, але, упэўнены, камісія валодае неабходнымі навыкамі і кампетэнцыямі".
Адным з прыярытэтных вектараў развіцця ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка назваў удасканаленне транспартнай інфраструктуры і развіццё эфектыўнай лагістыкі. "Прэзідэнт Казахстана ў вузкім складзе ўзнімаў гэта пытанне і на прыкладах паказваў, наколькі гэта важна для развіцця нашага саюза", - адзначыў ён.
"У сувязі з разваротам нашых экспартных патокаў на паўднёвы ўсход вельмі важна сумеснымі намаганнямі "прасячы акно" ў краіны названага рэгіёна. Гэта бяздонны рынак для айчынных тавараў", - падкрэсліў беларускі лідар.
У той жа час неабходна забяспечыць роўны доступ да існуючай і ствараемай інфраструктуры, каб у далейшым не ўзнікла непрыемных сітуацый, як у выпадку з экспартам на рынкі трэціх краін лесаматэрыялаў праз тэрыторыю дзяржаў - членаў ЕАЭС. "І як Казахстан гаворыць аб каменным вугле", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць мэтазгодным вярнуцца да разгляду пытання аб лібералізацыі аўтамабільных перавозак у трэція краіны без неабходнасці атрымання спецыяльных дазволаў.
"Хацелася б таксама закрануць адносна новы, але вельмі актуальны аспект нашай інтэграцыі - кліматычны парадак дня Саюза", - сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўжо на працягу шэрага гадоў у Еўрасаюзе актыўна рыхтуюцца да гандлю ў сфарміраваных умовах. Механізм трансгранічнага вугляроднага рэгулявання, які распрацоўваецца краінамі Еўрапейскага саюза, стане сур'ёзным інструментам уздзеяння на міжнародны гандаль. "Еўрасаюз атрымае дадатковую магчымасць для манеўру. Тавары, прызнаныя "чыстымі", будуць дапускацца на рынак, а тое, што ім не трэба, будзе проста блакіравацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы бачыць неабходнасць аб'яднаць намаганні ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і выпрацаваць уласныя падыходы і меры рэагавання на кліматычныя выклікі. "Трэба планамерна рухацца да структуры эканомікі, у якой пераважаюць вытворчасці і тэхналогіі з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што вопыт Саюзнай дзяржавы можа быць запатрабаваны ў развіцці ЕАЭС. "Беларусь падтрымлівае ініцыяваную ў рамках расійскага старшынства неабходнасць вызначэння падыходаў да фарміравання новай Стратэгіі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2030, а дзесьці і да 2045 года, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У той жа час хачу падкрэсліць, што пры падрыхтоўцы актуальных стратэгічных дакументаў нашаму саюзу можа ўяўляць цікавасць вопыт рэалізацыі некаторых ініцыятыў на ўзроўні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, аб якім так шмат учора гаварыў на форуме Прэзідэнт Казахстана".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выступіў з перасцярогай ад залішняга захаплення стратэгічным планаваннем. "Прынамсі, гэта карысная работа не павінна адмяняць або падмяняць практычную дзейнасць па рэалізацыі мэт і задач Дагавора аб ЕАЭС, якая вядзецца дзяржавамі-членамі і Камісіяй ужо цяпер. Наогул, назбіраўся шэраг канкрэтных пытанняў, якія трэба знімаць. Яны на паверхні", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што сумеснымі намаганнямі бакі змогуць у поўнай меры рэалізаваць патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза як унутры аб'яднання, так і на знешнім контуры. Тым самым удасца стварыць адзін з важкіх і адказных цэнтраў новага, шматпалярнага свету.
На завяршэнне пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС у частцы аказання фінансавага садзейнічання пры рэалізацыі дзяржавамі ЕАЭС сумесных кааперацыйных праектаў у галінах прамысловасці, а таксама пакет паправак у Дагавор аб ЕАЭС - так званы III Вялікі пратакол. Усяго лідары краін падпісалі паўтара дзясятка розных дакументаў.
Традыцыйна да Прэзідэнта Беларусі была прыкавана вялікая ўвага з боку журналістаў. Да пачатку саміту і пасля яго завяршэння прадстаўнікі СМІ прасілі Аляксандра Лукашэнку адказаць на шэраг актуальных пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў заявы ў Польшчы аб рыхтуемым паўстанні ў Беларусі. "Мы сочым за гэтымі людзьмі, пра якіх гэты генерал гаварыў. Што там ствараюцца харугвы, цэлыя палкі там ці батальёны. Яны так гэта называюць. А на самай справе... Мы ведаем, дзе яны знаходзяцца. І пайменна ведаем усіх. Мы гатовы. Няхай прыходзяць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"На жаль, яны мае заявы не чуюць. А вы, напэўна, ведаеце, што я некалькі месяцаў таму гаварыў аб тым, што яны рыхтуюцца да паўстання, рэвалюцыі… Я не ведаю, да чаго яны ў Беларусі рыхтуюцца. А тое, што яны рыхтуюцца ў нас да нейкага, магчыма, мяцяжу чарговага, мы гэта ведаем даўно", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў журналістам, аб чым якраз гаварыў напярэдадні з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным на Еўразійскім эканамічным форуме ў час фразы казахстанскага лідара Касым-Жамарта Такаева аб тым, што ў Беларусі і Расіі "ядзерная зброя адна на дваіх".
У гэты момант лідары Беларусі і Расіі заўсміхаліся, абмяняліся рэплікамі і паціснулі адзін аднаму рукі. Кіраўніка дзяржавы папрасілі расказаць, аб чым ішла размова. "Ды лёгка. Калі размова зайшла аб ядзернай зброі, шчыра кажучы, я нават з-за акустыкі гэтай не вельмі пачуў. А Уладзімір Уладзіміравіч мне гаворыць, што вось, прынята рашэнне па размяшчэнні ядзернай тактычнай зброі ў Беларусі. Ён мне аб гэтым сказаў. Я гавару: "Дзякуй!" Вось аб чым ішла размова. Не больш", - падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Лукашэнка.
На гэта ж пытанне Прэзідэнт адказаў пазней яшчэ адной групе журналістаў. "Размова ішла аб тым, што ён мяне праінфармаваў, што ён падпісаў указ аб нашых дзеяннях па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Гэта значыць, размова ішла аб дакуменце канкрэтным. Прынята рашэнне ў развіццё таго, што сказана было вусна. Трэба было падрыхтаваць там (у Беларусі. - Заўвага) і месцы захоўвання, і іншае. Мы ўсё гэта зрабілі. Таму пачалося перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў", - заявіў Прэзідэнт.
"Пачалося ўжо? Яна (ядзерная зброя. - Заўвага) ужо ў Беларусі?" - было зададзена ўдакладняючае пытанне.
"Магчыма. Я прыеду - пагляджу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне наконт забеспячэння бяспекі ядзернай зброі. "Гэта не абмяркоўваецца нават. Вы ведаеце, што мы людзі пунктуальныя, акуратныя, гаспадарлівыя, як вы гаворыце. Таму вы за ядзерную зброю не хвалюйцеся. Мы ж нясём за гэта адказнасць. Гэта сур'ёзныя пытанні. Тут таксама будзе ўсё ў парадку", - запэўніў ён.
Адно з пытанняў датычылася беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Журналісты папрасілі ўдакладніць, што менавіта мелася на ўвазе, калі за некалькі дзён да візіту ў Расію Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб неабходнасці абмеркаваць і вырашыць шэраг праблемных пытанняў. "Вы ведаеце, у нас не праблем, а пытанняў шмат, якія мы яшчэ павінны ўрэгуляваць. Самае вялікае пытанне, я пра яго гаварыў (на саміце. - Заўвага), гэта адзіныя рынкі энергетычныя нашы - газу, нафты і гэтак далей. Гэта самае вялікае пытанне, якое трэба ўрэгуляваць. Ёсць транспартныя, лагістычныя, другарадныя пытанні. І, калі ніжэй апускацца, дробнае пытанне, здавалася б, - гэта некаторыя непаразуменні ў плане паставак нашых тавараў, асабліва сельгаспрызначэння, прадуктаў харчавання ў Расійскую Федэрацыю. Вось гэты комплекс пытанняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Не пускаюць (прадукцыю на расійскі рынак. - Заўвага)?" - удакладніў журналіст. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў: "Так, ёсць у нас праблемы па некаторых таварах. Мы разумеем гэта (дапусцім, малочныя прадукты), што перыяд вялікага малака. Калі ў Расіі малака больш, тады пачынаецца нейкае тармажэнне. Гэта няправільна. Думаю, што на ўзроўні ўрада мы вырашым гэта пытанне. Я нават з Прэзідэнтам Расіі не абмяркоўваю яго. Таму што гэта дзіўна".
Больш таго, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Уладзімір Пуцін на закрытай частцы саміту гаварыў аб тым, што ў Расіі ёсць недахоп малочных прадуктаў прыкладна на 15%. "Але мы не ўсю нават закрываем дзірку гэтым. Тым не менш камусьці гэта падабаецца", - заўважыў беларускі лідар.
Адказваючы на пытанне, ці ўдалося дамовіцца аб нечым канкрэтным па праблемных тэмах, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я ж гавару ў комплексе для ЕАЭС. А з Расійскай Федэрацыяй любое пытанне, якое мы сёння ўздымаем, вырашаецца на працягу некалькіх дзён".
Прэзідэнта таксама спыталі наконт магчымых правакацый з польскай тэрыторыі і ці знаходзіцца граніца Беларусі і Саюзнай дзяржавы на замку ў гэтым напрамку. "За гэта вы можаце нават не перажываць. Слухайце, калі дыверсантам трэба пранікнуць на вашу, нашу тэрыторыю, сёння шмат магчымасцей зрабіць гэта незаўважна. Я маю на ўвазе, як прафесіянал вам скажу, не выкарыстоўваючы зялёную граніцу. Таму з дыверсантамі гэта толькі бытавыя разважанні ў гэтым выпадку - што яны пранікнуць, калі не на замку граніца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дыверсанты пранікаюць па іншых сцяжынах. Дыверсантаў, якіх мы затрымалі ў Беларусі, - ніводны цераз нашу граніцу не пранік. Таму наконт замка не хвалюйцеся", - дадаў беларускі лідар.