Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 11
- 2
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 5 красавіка сустрэліся ў Крамлі напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія змогуць пераадолець усе цяжкасці, якія ўзнікаюць.
"Мы ўсё гэта пераадолеем. І той, хто спадзяецца або прагназаваў, што мы рухнем, - нічога мы не рухнулі. Так, будзе няпроста. А калі было проста? Мы вытрымаем і зробім усё нават у мікраэлектроніцы, дзе мы з вамі год таму, сустракаючыся ў вашым кабінеце, якраз абмяркоўвалі, што нам рабіць. Аказваецца, і тут знайшлі магчымасць працаваць. І ракеты лятаюць, і баявая тэхніка перамяшчаецца і ў нас, і ў вас. Таму ўсё мы пераадолеем, трэба крыху часу. А заўтра падвядзём вынікі, што мы зрабілі. Мы дакладна адпрацавалі зарплату, якую нам плацяць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што раней Беларусь і Расія прынялі 28 саюзных праграм у рамках развіцця Саюзнай дзяржавы, пакінуўшы, па прапанове Уладзіміра Пуціна, у баку "тыя вышыні, якія мы доўга не маглі ўзяць і не можам цяпер". "Тады па Вашай прапанове (тут якраз) - Вы сказалі: "Ну, калі не можам, чаго мы топчамся на адным месцы, давайце зробім тое, што можам. І мы вызначылі 28 саюзных праграм", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо рэалізавана 80% з саюзных праграм. І частыя сустрэчы з Уладзімірам Пуціным якраз былі звязаны з тым, каб не было тармажэння пры выкананні. "Калі недзе яны спатыкнуліся, уперліся (урады), мы адразу сустракаліся і, прымаючы рашэнне, давалі ім ход для рэалізацыі гэтых праграм. Мы мэтанакіравана, дамовіўшыся, два гады сур'ёзна працавалі над гэтымі праграмамі, - заявіў беларускі лідар. - І заўтра (на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. - Заўвага) я, рыхтуючыся да гэтага мерапрыемства, заўважыў, што гэта ўпершыню такое мерапрыемства, дзе мы больш будзем гаварыць, падводзячы вынікі. Ужо менш будзе праблемных пытанняў. Яны, вядома, ёсць. З'яўляюцца ўсё больш і больш, паколькі мы развіваемся. Ды і падкідваюць нам гэтыя пытанні".
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўважліва назіраў за паездкай Уладзіміра Пуціна ў Тулу, дзе ён наведаў завод чыгуначнага машынабудавання. "Вельмі правільная, добрая паездка. Зноў жа, ужо рабочы клас нас паварочвае да імпартазамяшчэння. Вы правільна тады сказалі, прыводзячы ў якасці прыкладу сельскую гаспадарку. Усе палохалі голадам, холадам (на фоне санкцый. - Заўвага). Сёння ўжо хлеб няма куды дзяваць у Расіі. Калі такое было, такі ўраджай велізарны? Таму гэтак жа будзе і ў прамысловасці".
Уладзімір Пуцін адзначыў, што 6 красавіка кіраўнікі дзяржаў і ўрада сустрэнуцца на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Але напярэдадні прэзідэнты вырашылі правесці асобную сустрэчу, каб яшчэ раз падрабязна абмеркаваць увесь комплекс пытанняў.
"Вельмі шмат зроблена ў выніку нашай сумеснай работы. Па ўсіх напрамках. Заўтра мы гэта ўсё абмяркуем. Гэта датычыцца і нашага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, і сумеснага вырашэння пытанняў па забеспячэнні бяспекі нашых дзяржаў. Але, вядома, асабліва прыемна адзначыць вынікі нашай работы ў сферы эканомікі. Паводле нашай статыстыкі, аб'ём тавараабароту ў нас за год павялічыўся, магчыма, не на такія вялікія лічбы, якія мы фіксуем з іншымі краінамі (на 12% вырас), але ў абсалютных велічынях ён уражвае, вядома", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Паводле даных расійскага боку, аб'ём гандлю паміж краінамі ў 2022 годзе склаў $45 млрд, а разам з паслугамі - каля $50 млрд. "Гэта сур'ёзны вынік нашай сумеснай работы", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
"Шмат іншых пытанняў, звязаных з саюзным будаўніцтвам. Дзякуй, што прыехалі менавіта напярэдадні. Гэта дасць нам магчымасць у спакойнай, простай абстаноўцы пагаварыць па тым, што мы заўтра павінны будзем вырашаць і абмяркоўваць ужо ў афіцыйнай абстаноўцы разам з нашымі калегамі", - дадаў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што ён слухаў Пасланне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. "Зараз паабмяркоўваем", - сказаў ён.
Частку перагавораў лідары краін правялі за рабочай вячэрай.