Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Маджлісі Алі Таджыкістана Махмадтаірам Закірзадой
- 4
- 3:58
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка правёў у Душанбэ сустрэчу са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Маджлісі Алі Таджыкістана Махмадтаірам Закірзадой.
"Нашы народы падобныя адзін да аднаго. Я нават сказаў бы, нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго: гэта добрыя, працавітыя, таленавітыя народы. І ў сувязі з гэтым у нас ёсць пэўны поспех у нашых адносінах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што знаёмы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам больш за чвэрць стагоддзя. "Нам гэты шлях даваўся нялёгка. Але ўчора вечарам я яму сказаў: "Мы вось столькі разам пражылі, але я не памятаю, каб мы калі-небудзь не тое што там рэзка размаўлялі, сварыліся, але нават спрачаліся". У нас заўсёды была адзіная пазіцыя па ўсіх пытаннях. Мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго. Гэта не таму што мы сябры. Таму што мы ў гэтым плане абсалютна аднолькава думаем. Для мяне ён заўсёды быў прыкладам служэння сваёй Радзіме, самаадданым чалавекам", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што толькі лідары Беларусі і Таджыкістана гатовы праявіць рашучасць і адстойваць суверэнітэт і бяспеку ў краіне са зброяй у руках. І гэта не проста заява. Прэзідэнту Беларусі давялося ўзяць аўтамат у 2020 годзе, Эмамалі Рахмон змагаўся за Таджыкістан на заранку станаўлення сучаснай дзяржаўнасці.
"І будучы параненым чалавекам, вось ён нязломны. Сапраўдны прадстаўнік таджыкскага народа. Таму ён заўсёды быў для мяне ўзорам адданасці і надзейнасці. Таму ў нас і склаліся такія добрыя адносіны - на базе тых падабенстваў беларускага і таджыкскага народаў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Махматаір Закірзада ў сваю чаргу заявіў, што народ Таджыкістана ведае беларускага лідара як мудрага палітыка і цэніць яго за адкрытасць.
"На постсавецкай прасторы па духу жыццёвых каштоўнасцей нашы народы найбольш блізкія. Таджыкістан мае надзейнага сябра, стратэгічнага партнёра, аднадумца ў асобе Беларусі. У таджыкаў самыя цёплыя, шчырыя пачуцці да беларусаў", - падкрэсліў парламентарый.