Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 5
- 7:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Уладзімір Пуцін расказаў, што пра двухбаковую сустрэчу лідары Беларусі і Расіі дамовіліся на саміце ШАС у Самаркандзе. Спачатку кіраўнікі дзяржаў планавалі абмеркаваць двухбаковы парадак дня адразу на саміце, але ў выніку было вырашана правесці асобную сустрэчу.
"Я вельмі рады, што Вы знайшлі час для таго, каб прыехаць і пагаварыць па ўсіх пытаннях. Вельмі шмат пытанняў. Яны датычацца і сітуацыі ў рэгіёне, не менш важныя пытанні эканамічнага характару па шэрагу напрамкаў, якія мы абмяркоўвалі раней. Гэта пытанні, звязаныя з нашымі планамі ў галіне хіміі, прадуктаў харчавання, угнаенняў", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.
Ён канстатаваў, што Захадам да гэтага часу блакіруюцца пастаўкі беларускіх угнаенняў на сусветныя рынкі: "Вельмі дзіўна, таму што сусветныя рынкі, асабліва ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, маюць вялікую патрэбу ў гэтай прадукцыі".
"У нас ёсць канкрэтныя планы па шэрагу напрамкаў, па шэрагу буйных праектаў. У цэлым Урад падрыхтаваў гэтыя праекты для рэалізацыі. Усё гэта і абмяркуем", - дадаў Уладзімір Пуцін.
"Мы вельмі шмат гаворым аб тым, як будзем далей жыць, перспектывы нашы. Я прааналізаваў усе даручэнні, якія Вы давалі Ураду, я - у Беларусі. У нас зрываў практычна няма. Развіццё нашай эканомікі і наогул існаванне нашых дзяржаў змянілася рэзка нават за тры апошнія месяцы. Нам прадказвалі крах, гібель і гэтак далей. Але жыццё разнастайнае: мы некаму патрэбны, нам нехта патрэбны. І мы знайшлі тых партнёраў, якія з намі паспяхова працуюць, з якімі мы працуем і развіваем нашу эканоміку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што асаблівую ўдзячнасць трэба выказаць грамадзянам, якія ў гэты перыяд падтрымліваюць свае краіны. "Усё ж такі няпросты перыяд. Свет наогул перавярнуўся. Людзі разумеюць. Ёсць розныя людзі: і тут, і там хапае іх. Мы іх бачым. І дзякуй богу, можа. Вось ёсць нейкі водападзел і крытэрый (у нас у 2020 годзе, у Расіі цяпер), які паказвае, хто ёсць хто. У гэтым нічога дрэннага няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы змяніліся за гэтыя тры месяцы значна. Мы ўбачылі, што можам жыць і існаваць нармальна. Вы вельмі правільна паўтарылі гэтыя пункты нашых дамоўленасцей. У нас імпартазамяшчэнне нармальна атрымліваецца. І на сваіх самалётах будзем лятаць. І на ваенных, і на грамадзянскіх (на ваенных мы і так лятаем). І на сваіх аўтамабілях будзе перамяшчацца. Ніякага страху няма", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"А прадукты харчавання, угнаенні - купяць. Купляюць жа цяпер. Складаней, вядома. Блакіруюць там. Не нас, а там блакіруюць: людзей, якія хочуць купіць, якія хочуць заплаціць. Яны іх блакіруюць, а не нас. Але знаходзім жа шляхі і прадаём. Цэны ўзнялі. Не мы іх узнялі, вы правільна гаворыце. Каму патрэбна гэта? Цяпер паглядзеў навіны ранішнія - уся Еўропа бурліць. Багацейшая Германія - усе на вуліцы, усе пратэстуюць. Але калі-небудзь гэта пачуюць жа. Думаю, што пачуюць. Таму наш курс правільны, наша справа справядлівая. Пераможам. У нас выхаду іншага няма", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Еўропа, калі яна адшумела (я пра тых за акіянам не гавару), няхай яны думаюць. Я ім ужо тры разы сказаў, што іх будучыня разам з намі. Разам з Расіяй, дзе ёсць усё, што ім трэба. А ў іх ёсць тое, што мы можам у іх купіць. Што ім яшчэ трэба? Проста трэба прымаць адказныя рашэнні. Не хочуць - не трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"З павагай (павінны. - Заўвага) да нас ставіцца", - заўважыў Уладзімір Пуцін.
"А без гэтага мы з імі наогул размаўляць... Мы, славяне, з імі размаўляць не будзем без гэтага. Знявагі ніхто цярпець не будзе. Не кажучы пра Беларусь. Расія - гіганцкая краіна, якія могуць быць знявагі? Мы ж памятаем, як там, у Амерыцы, пачынаючы з папярэдняга прэзідэнцтва: "Мы - выключэнне". Карону на галаву надзеў - "мы светам будзем кіраваць". Гэта прадаўжаецца і цяпер. Нельга так ставіцца да людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Хто хоча з намі ў міры жыць і паважаць нас - мы адкрытыя, і вы таксама. Вы тым больш. Вы аб гэтым пастаянна гаворыце. Мы гатовы да гэтага. Але знявагі ніхто не пацерпіць. У рускіх людзей ніколі гэтага не было. І ніхто не дазволіць, ніводны рускі чалавек, ніводнаму прэзідэнту, у тым ліку і Прэзідэнту Пуціну, не прытрымлівацца гэтай лініі. Вось уся эканоміка і палітыка. Мы не аднойчы ўжо аб гэтым гаварылі і будзем працягваць гаварыць, настойліва пашыраць гэту палітыку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі у час перагавораў у Сочы выказаўся аб мабілізацыі ў Расійскай Федэрацыі.
"Ёсць розныя людзі: і тут і там хапае іх. Мы іх бачым. І дзякуй богу, можа. Вось ёсць нейкі водападзел і крытэрый (у нас у 2020 годзе, у Расіі цяпер), які паказвае, хто ёсць хто. У гэтым нічога дрэннага няма. У нас мабілізацыяй палохаюць, тут нехта пабег за мяжу. Слухайце, у Расіі 25 мільёнаў мабілізацыйны рэсурс. Добра, няхай пабеглі 30 тысяч, ну, 50 тысяч. А калі б яны тут засталіся, яны што, нашымі людзьмі былі б? Няхай бягуць. Я не ведаю, як вы да гэтага ставіцеся, а я асабліва не перажываў, калі ў 2020 годзе некалькі тысяч выехалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер, паводле слоў Прэзідэнта, большасць беларусаў, якія выехалі, просіцца назад. "І гэтыя прыедуць. Толькі трэба прыняць рашэнне, што з імі рабіць: ці няхай едуць сюды, ці няхай там кормяцца на сваім хлебе. Так рабіць нельга. Можна, у рэшце рэшт, дамовіцца тут і не бегаць па Еўропах і па Амерыцы, як гэта было ў бальшавіцкую рэвалюцыю і пасля яе. Сітуацыя ж не тая", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.