Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Беларусі Насірджанам Юсупавым
- 7
- 3:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў сур'ёзны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 4 лютага на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Беларусі Насірджанам Юсупавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікі ўклад дыпламата ў развіццё сувязей дзвюх краін. "Я хачу падзякаваць Вам за ўсё, што Вы зрабілі на пасадзе пасла вельмі блізкай, дружалюбнай нам краіны", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы пажадаў паслу моцнага здароўя і далейшых поспехаў у рабоце на карысць Узбекістана.
"Усё, што сёння зроблена паміж нашымі краінамі, значны прагрэс у развіцці адносін звязана перш за ўсё з маім добрым сябрам Шаўкатам Мірамонавічам (Мірзіёевым - Прэзідэнтам Узбекістана. - Заўвага). Гэта чалавек, я ўпэўнены (не таму што ён мой сябар), якога Узбекістан будзе абагаўляць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што ён пачаў рабіць пасля пэўнага перыяду развіцця незалежнага Узбекістана, заўтра будзе бачна ў станоўчым ключы".
"Я нават пабойваюся часам, калі пачынаю з ім размаўляць аб планах Узбекістана, - ці не вельмі рэзка ён узяўся за ўсё. Але пакуль усё атрымліваецца. Магчыма, вынікі не такія хуткія будуць, таму што ў свеце жорсткая канкурэнцыя, свет, вы бачыце, наогул ашалеў. Асабліва на фоне пандэміі і іншых падзей. Гэта ж не можа не ўплываць на Узбекістан, які перажыў няпросты перыяд у сваім развіцці станаўлення незалежнасці. Таму нельга чакаць вынікаў вось адразу сёння. Але яны будуць бачныя, і гэта дзякуючы яму. Ён малайчына, па ўсіх напрамках пачаў працаваць. Як ён гаварыў, выйсця іншага няма, трэба хутка пераадолець тое, што было ўпушчана", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне цяперашняй канкурэнцыі ў свеце такая краіна, як Узбекістан, з 35-мільённым насельніцтвам, якая мае ў тым ліку рэлігійныя праблемы, не можа быць па-за полем зроку іншых дзяржаў, уладных людзей. "Пакуль, магчыма, на далёкіх подступах, але потым усё бліжэй краіна будзе сутыкацца з гэтымі праблемамі. Але я ўпэўнены, што са сваім прэзідэнтам вы з праблемамі справіцеся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў надзею, што, завяршыўшы сваю місію ў Беларусі, Насірджан Юсупаў прынясе вялікую карысць на іншых пасадах, а таксама будзе садзейнічаць развіццю адносін з Беларуссю.
Дыпламат падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за высокую ацэнку сваёй дзейнасці. "Тры гады хутка праляцелі. Нам удалося чагосьці дасягнуць, стварыць зачын для перспектывы", - сказаў пасол.
Ён асабліва адзначыў важнасць дружалюбных адносін кіраўнікоў дзвюх дзяржаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.
Насірджан Юсупаў падкрэсліў: Аляксандр Лукашэнка вельмі добра ахарактарызаваў сітуацыю ва Узбекістане і ролю ўзбекскага лідара ў вырашэнні няпростых задач на сучасным этапе развіцця гэтай краіны. "Калі мяне запрасілі на пасаду пасла ў Беларусі, з аднаго боку, было хваляванне, а з іншага боку, я ацаніў гэта як вялікі давер і гонар - прадстаўляць сваю дзяржаву ў такой цудоўнай краіне, якой з'яўляецца Беларусь", - сказаў дыпламат.
Ён звярнуў увагу на тое, што да назначэння на пасаду пасла быў у Беларусі толькі праездам. А прапрацаваўшы тут амаль тры гады, дыпламат пакідае нашу краіну з самымі добрымі і цёплымі пачуццямі да яе.