Зацвярджэнне рашэння на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2021 годзе
- 8
- 3:25
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў 1 лютага рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2021 годзе.
Прымаючы з дакладам Старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мінулы год стаў праверкай для ўсіх органаў улады, асабліва для сілавых структур. "Трэба сказаць, што ў асноўным мы гэту праверку вытрымалі: пагранічныя войскі па сваім асноўным напрамку спрацавалі крыху лепш, чым іншыя сілавыя структуры. Але ў цэлым нармальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў станоўчыя вынікі ў барацьбе з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай, тэрарыстычнымі пагрозамі. "Справа ў тым, што тут, на захадзе, мы абараняем не толькі Беларусь - гэта рубяжы Саюзнай дзяржавы. Таму мы ўдзяляем сур'ёзную ўвагу ахове дзяржаўнай граніцы", - сказаў беларускі лідар.
Ён заўважыў, што сітуацыя з пандэміяй "ускладніла работу на апошнім метры нашай зямлі, асабліва пагранічнікам і мытнікам". "Але сітуацыя была кіруемай, і пагранічнікі, і мытнікі дзейнічалі супольна. Кіруемай у тым плане, што мае распараджэнні хутка даводзіліся да войскаў і выконваліся як ніколі. Значыць, армія і пагранічныя войскі адчулі, што трэба абараняць краіну больш сур'ёзна. Таму рэакцыя была адпаведнай, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта добра, што ў патрэбны момант мы можам сабрацца і, калі трэба, адказаць".
У мінулым годзе была прадоўжана работа па павышэнні эфектыўнасці аховы дзяржаўнай граніцы, удасканаленні інфраструктуры граніцы і прыгранічнай тэрыторыі. "З'явіліся новыя пагранічныя заставы, манеўраныя групы. Вы мне асобна далажыце, ці ўсюды мы стварылі манеўраныя групы там, дзе мы планавалі. Вы ж помніце, што іх наогул ліквідавалі: "разумныя" такія былі, што нам, бачыце, яны не патрэбны. Аказваецца, патрэбны. Няхай невялікія, але ў кожным пагранічным атрадзе, групе павінны быць гэтыя манеўраныя групы, каб у любы момант прыкрыць патрэбны ўчастак граніцы, дапамагчы пагранічным заставам", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе дзяржава была вымушана ўдзяліць асаблівую ўвагу забеспячэнню бяспекі. Некаторым гэта магло здацца бразганнем зброяй. "Нічога падобнага. Мы ніколі не бразгалі і бразгаць зброяй не збіраемся. Мы, як і раней, хочам быць астраўком бяспекі ў Еўропе і краінай, ад якой ідуць толькі мірныя ініцыятывы. Гэта наша перспектыва", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь вымушана адказваць на выклікі і пагрозы. "Гісторыя нас вучыць таму, каб мы заўсёды былі гатовы адказаць на любую правакацыю, - сказаў ён. - Яшчэ раз падкрэсліваю: наша тут адказнасць не толькі за Беларусь, але і расіян. Трэба аддаць належнае, што ўсё ж такі ўзровень аховы нашымі пагранічнікамі зоны адказнасці перасягае любую граніцу ў свеце. Мы разумеем, што граніца - гэта люстэрка, твар любой дзяржавы. Я магу спрачацца з любым, што няма такой аховы дзяржаўнай граніцы ў свеце ў іншай дзяржавы, як у Беларусі. На гэтым узроўні ахову дзяржаўнай граніцы трэба і падтрымліваць".