Даклад Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка
- 7
- 1:59
Беларусь прадоўжыць удзяляць сур'ёзную ўвагу ахове навакольнага асяроддзя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 лютага, прымаючы з дакладам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.
"Для мяне прырода - гэта абсалютны прыярытэт. Гэта прыярытэт прыярытэтаў. Ёсць прырода - ёсць жыццё. Няма прыроды - няма жыцця. Чым грубей, па-хамску мы адносімся да прыроды, тым горш жывём. Таму я ўдзяляў і буду ўдзяляць самую сур'ёзную ўвагу ахове навакольнага асяроддзя, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нашы водныя рэсурсы, лес, якім надзяліў нас Гасподзь, нашы балоты, якія даюць асноўную частку кіслароду ў Беларусі, і гэтак далей - мы павінны ўсё гэта захоўваць, берагчы як зрэнку вока. І самае галоўнае - жыць у гармоніі, як бы гэта пафасна ні гучала, але гэта так".
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што свет па-варварску эксплуатуе прыроду, знішчаючы яе. У Беларусі ў гэтых адносінах падтрымліваецца парадак, хоць ёсць і выпадкі некарэктных паводзін людзей. Напрыклад, калі пасля выездаў на прыроду яны пакідаюць пасля сябе смецце. Такое стаўленне недапушчальна, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
"Усе мы выязджаем у лес, на бераг возера або ракі, ахаем, охаем, якая прыгажосць. Але гэту прыгажосць трэба зберагчы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, захаванню прыродных рэсурсаў у Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага. "Я гэта не на камеру гавару. Гэта маё ўнутранае перакананне: прырода - пытанне нумар адзін. Таму што не можа чалавек нармальна жыць, калі загаджана ўсё вакол. Таму я гляджу на гарады, малыя гарады і Мінск, каб была чысціня, парадак, каб больш дрэў высаджвалі, па-варварску не адносіліся да дрэў і іншых насяджэнняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся пра работу гідраметэаралагічнай службы. Ён нагадаў, што раней крытыкаваў гэту службу за недастатковую дакладнасць прагнозаў надвор'я і даваў даручэнне выправіць сітуацыю. "Бачу, што зрухі ёсць, - адзначыў Прэзідэнт. - Я вельмі ўважліва сачу за гэтым. На тры дні - абсалютна дакладны прагноз, і нават на тыдзень амаль ніколі не памыляюцца. Ну, на паўградуса - градус. Значнае змяненне".