Сустрэча з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбарам Ахмадзіянам

  • 6
  • 4:44

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 верасня сустрэўся з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбарам Ахмадзіянам.

"Перш за ўсё хачу вам падзякаваць за тое, што вы знайшлі час прыехаць у Беларусь і пазнаёміцца з сучаснай Беларуссю сённяшняга дня. Ваш візіт яшчэ важны таму, што воляю лёсу, можа, як вы кажаце, ад Алаха гэта ўсё ідзе, мы апынуліся ў адной лодцы і абсалютна не шкадуем аб гэтым. Нас спрабуюць абылгаць у сродках масавай інфармацыі. Мы гэта разумеем, мы людзі вопытныя - ідзе інфармацыйнае проціборства. Магчыма, нават з элементамі інфармацыйных войнаў. Тым не менш мы і санкцыі, і іншы націск пакуль вытрымліваем", - заявіў беларускі лідар.

"У час вострай ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе (а вы сур'ёзна ўцягнуты ў канфлікт на Блізкім Усходзе), каля граніц Беларусі, у гэтым еўрапейскім рэгіёне, нам не проста кансультацыі патрэбны, нам патрэбны сумесныя дзеянні з вашай краінай. Мы рухаемся да шматпалярнага свету. Гэта будзе вельмі няпросты шлях. І, на наша шчасце, і ў Іране, і ў іншых краінах гэта добра разумеюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што вельмі сур'ёзна набіраюць абароты такія новыя арганізацыі, як БРІКС, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, паўнапраўным членам якой Беларусь нядаўна стала. "Хачу ў сувязі з гэтым падзякаваць Ірану за тую каласальную падтрымку, якую вы нам аказалі пры ўступленні ў ШАС", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у цяперашняй складанай сітуацыі процістаяння на першы план выходзяць пытанні бяспекі. "Але, пагадзіцеся, што бяспека будзе тады эфектыўнай, калі працуе эканоміка, калі паміж краінамі гандлёва-эканамічныя адносіны вельмі сур'ёзныя і дынамічна развіваюцца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы бачым пастаянны прырост гандлю паміж дзвюма краінамі. І самае галоўнае нам - не дапусціць запаволення ў гандлёва-эканамічных адносінах. Таму што гэта аснова, фундамент нашых дзеянняў, узаемаадносін".

Кіраўнік дзяржавы перадаў запрашэнне Прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну наведаць з візітам Беларусь.

"Іранскі народ зусім нядаўна перажыў вялікае няшчасце - загінуў ваш Прэзідэнт. Але вы мужна прайшлі гэты перыяд, вы выбралі новага Прэзідэнта. Я вас віншую з гэтым і хачу, каб вы перадалі вашаму Прэзідэнту, што мы чакаем яго ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі іранскі бок прыме гэту прапанову, то трэба будзе сур'ёзна падрыхтавацца па ўсіх напрамках да сустрэчы на вышэйшым узроўні: "І эканоміка, і гандлёва-эканамічныя адносіны, і бяспека, і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Забароненых тэм, як я разумею, паміж намі няма".

"Галоўнае, я хачу, каб вы разумелі, Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам Ірана. І мы гатовы дастойна прайсці свой шлях", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама перадаў цёплыя прывітанні і пажаданні Вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хаменеі.

"Я вас вельмі прашу, каб, перадаючы мае пажаданні, віншаванні цяперашняму новаму Прэзідэнту, Вы не забылі перадаць мае самыя цёплыя прывітанні духоўнаму лідару Ірана - спадару Хаменеі. Мы вельмі даўнія сябры і добра знаёмы з ім. Прытым шмат гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу замежны госць падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы. Ён адзначыў, што за апошні час адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч і перагавораў на розных узроўнях. Кіраўнік беларускай дзяржавы наведваў Іран у сакавіку 2023 года, іранскія дэлегацыі таксама наведвалі Беларусь. Алі Акбар Ахмадзіян асобна згадаў пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з Вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі і пра тое, якія рэкамендацыі былі дадзены іранскаму кіраўніцтву пасля гэтай сустрэчы.

"Дазвольце мне перадаць вам цёплае прывітанне ад духоўнага лідара Ірана і ад цяперашняга Прэзідэнта Ірана", - прадоўжыў сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі. Ён таксама адрасаваў Прэзідэнту словы ўдзячнасці за ўдзел дэлегацыі Беларусі ў цырымоніі інаўгурацыі новага Прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна і за спачуванні, якія паступілі ў адрас Ірана ў сувязі з трагічнай смерцю былога кіраўніка дзяржавы Эбрахіма Раісі.