Сустрэча з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам
- 18
- 16:01
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня сустрэўся з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў высокага госця. "Вашаму прыезду мы надаём выключна важнае значэнне. Я думаю, ён можа быць гістарычным", - падкрэсліў ён.
"Апошні раз Вы наведвалі Беларусь у 2015 годзе, калі былі губернатарам. Тады ў Беларусі шырока святкавалі 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Знакавай датай для нас адзначаны і гэты, 2024 год. Ён праходзіць пад сцягам 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Знамянальна, што за мір і свабоду на беларускай зямлі ў партызанскіх атрадах, Віцебскім падполлі змагаліся і вашы суайчыннікі - кітайцы. Мы гэтых герояў помнім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што СССР страціў каля 30 млн чалавек, а Кітай у барацьбе з японскімі мілітарыстамі - больш за 35 млн. "Таму Другая сусветная - наш агульны боль. І перамога ў ёй наша агульная", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, бакі адзіныя не толькі ў ацэнцы мінулага, але ў поглядах на цяперашнюю палітычную сітуацыю, а таксама на будучае светаўладкаванне. Беларусь і Кітай устанавілі найвышэйшы ў гісторыі ўзровень адносін - усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.
"Нас са Старшынёй Сі Цзіньпінам звязвае глыбокая і шчырая, вельмі даўняя дружба. Дзве краіны аказваюць адна адной безумоўную падтрымку ў пытаннях, якія закранаюць карэнныя інтарэсы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што на пачатку пандэміі Беларусь першая накіравала ў Кітай самалёт з гуманітарнай дапамогай. "Калі кавід дакаціўся да Беларусі, Пекін аддзячыў у мнагакратным памеры, перадаўшы ў Мінск некалькі дзясяткаў тон медыцынскага грузу. Беларускі народ з разуменнем і вялікай дабрынёй адрэагаваў на вашу дабрыню", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў удзячнасць Кітаю за аказанне тэхніка-эканамічнай дапамогі. "Нават у складаны перыяд пандэміі ўдалося прадоўжыць узвядзенне падораных нам Вялікім Кітаем спартыўных аб'ектаў міжнароднага класа. Ужо сёння яны становяцца не проста ўпрыгажэннем беларускай сталіцы, а сімваламі дружбы нашых краін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар прапанаваў кітайскаму боку вызначыць асноўнай задачай урадаў дзвюх краін рэалізацыю вялікага прыходу кітайскіх тэхналогій у Беларусь.
Прэзідэнт адзначыў, што сёння Кітай - прызнаны лідар у галіне інавацый. Менавіта ў КНР рэалізуюцца тэхналагічныя мегапраекты.
"Вы стварылі ўласную сістэму глабальнай навігацыі. Вы пабудавалі самы вялікі ў свеце тэлескоп. Вы сканструявалі кітайскую арбітальную станцыю і шырокафюзеляжны самалёт. Кітай лідзіруе ў вытворчасці акумулятараў, сонечных батарэй, высакаскорасных паяздоў, электрамабіляў і іншым", - прывёў некалькі прыкладаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь з часоў СССР захавала самыя высокія кампетэнцыі ў мікраэлектроніцы, машынабудаванні, касмічнай галіне. У гэтым годзе на МКС адпраўлены першы беларускі касманаўт. Беларусь уваходзіць у лік ядзерных дзяржаў і мае велізарныя навукова-тэхнічныя магчымасці, у тым ліку ІТ-сферу.
"Прапаную вызначыць асноўнай задачай урадаў дзвюх краін на сярэднетэрміновую перспектыву да 2030 года рэалізацыю вялікага прыходу кітайскіх тэхналогій у нашу рэспубліку, - сказаў беларускі лідар. - Развіццё Беларусі мы бачым у спалучэнні з канцэпцыяй новых прадукцыйных сіл Кітая на аснове тэхналогій, інавацый і якаснага чалавечага патэнцыялу".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разам Беларусь і Кітай здольны на многае. За 17 гадоў у Беларусі з дапамогай Кітая рэалізаваны 27 стратэгічных прамысловых праектаў больш як на $5 млрд.
"Дзякуючы вашай падтрымцы ажыццявілася мара нашай краіны - уласны легкавы аўтамабіль "БЕЛДЖЫ", які мы вырабляем на базе "Джылі". За гэта вам асаблівая мая ўдзячнасць. Без вас гэтага праекта не было б. Упэўнены, у гэтага праекта ёсць патэнцыял для далейшага развіцця, паглыблення і лакалізацыі", - заявіў Прэзідэнт.
"У актыўнай прапрацоўцы з кітайскімі партнёрамі 15 новых інвестпраектаў стратэгічнага ўзроўню на суму да трох мільярдаў долараў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.Паводле яго слоў, найбольш важныя з іх: трэці этап праекта па глыбокай перапрацоўцы збожжа Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, будаўніцтва заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і ДСП, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцця, вытворчасці рухавікоў, поліпрапілену, карбаміду, хларату натрыю, перакісу вадароду, кальцыніраванай соды. "Мы лічым, што гэтыя прадпрыемствы, якія будуць пабудаваны ў Беларусі, спатрэбяцца і кітайскай эканоміцы", - заявіў Прэзідэнт.
"Сёння мы даём старт Году супрацоўніцтва ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый (2024-2025 гады). Перакананы, яго вынікі стануць дарожнай картай для нашых урадаў па развіцці супрацоўніцтва ў самых перадавых галінах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час візіту Лі Цяна ў Беларусь паміж бакамі будуць падпісаны дакументы, якія замацоўваюць планы перспектыўнага партнёрства па ключавых напрамках.
"Адзін з іх дакладна можна назваць гістарычным - гэта пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Беларусь - першая краіна ў Еўразійскім эканамічным саюзе, з якой Кітай заключае такі дагавор", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Беларусь чакае, што дзякуючы стварэнню празрыстых і прадказальных правіл у бліжэйшыя 5 гадоў экспарт беларускіх паслуг у Кітай вырасце як мінімум на 12-15%, а інвестыцыі ў Беларусь - не менш як на 30%.
"Як сказаў Старшыня Сі Цзіньпін, мы разам глядзім у будучыню, а не на бягучыя складанасці, рашэнняў заўсёды больш, чым праблем. Мудра. Сустракаючыся ў ліпені ў Астане, мы дамовіліся, што ў час вашага візіту ў Беларусь на ўзроўні ўрадаў зможам абмеркаваць усе канкрэтныя пытанні супрацоўніцтва і знайсці рашэнні. Я вельмі ўдзячны, што і Сі Цзіньпін, і вы ўдзяляеце вельмі шмат часу нашаму супрацоўніцтву. Сведчаннем таго з'яўляецца ваш візіт у Беларусь. Вы павінны помніць, што беларусы - наогул народ вельмі ўдзячны, і ніколі ні перад кім (ён. - Заўвага) не быў у даўгу. За ўсё, што вы зрабілі для Беларусі, мы ўдзячны вам, і ў даўгу не застанёмся. Я і нашы міністры настроены на работу менавіта ў гэтым духу", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Прэм'ер Дзяржсавета Кітая адзначыў, што вельмі рады наведаць Беларусь і сустрэцца з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Ён таксама перадаў беларускаму лідару шчырае прывітанне ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
Лі Цян падкрэсліў, што адразу пасля прыбыцця ў Беларусь усклаў вянок да мемарыяла Перамогі ў Мінску. "Гэта нагадвае мне аб тых слаўных часах, калі 70 гадоў таму кітайскі і беларускі народы разам, плячо ў плячо змагаліся ў вайне супраць фашызму. Старэйшы сын Маа Цзэдуна пераадолеў тысячы кіламетраў, прыехаўшы сюды, і ў якасці інструктара ваяваў у танкавай роце на 1-м Беларускім фронце. А беларускія салдаты і Савецкая армія таксама адправіліся ў Кітай, каб удзельнічаць у барацьбе з захопнікамі", - нагадаў ён.
У сувязі з гэтым Лі Цян згадаў прыказку, шырока вядомую ў Беларусі: "Дружба і братэрства даражэйшыя за ўсё багацце". "Таму я лічу, што мы павінны асабліва цаніць нашу дружбу, якая змацавана крывёю (пралітай у час барацьбы з фашызмам. - Заўвага)", - сказаў Прэм'ер Дзяржсавета Кітая.
Паводле яго слоў, за апошнія гады пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх краін адносіны Беларусі і Кітая стабільна, устойліва развіваюцца і выйшлі на ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Двухбаковае супрацоўніцтва знаходзіцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні, падкрэсліў Лі Цян. "Пастаянна паглыбляецца палітычны ўзаемадавер і нарошчваюцца вынікі дзелавога супрацоўніцтва", - дадаў ён. У ліпені 2024 года адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Астане, дзе яны выпрацавалі новыя планы па паглыбленні ўзаемадзеяння дзвюх краін. "На гэты раз у час свайго візіту я гатовы з беларускімі калегамі паўнацэнна рэалізаваць дамоўленасці дзвюх краін на вышэйшым узроўні і ў далейшым нарошчваць наша ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва на карысць нашых краін і народаў", - запэўніў высокі замежны госць.
Лі Цян выказаў шэраг прапаноў для ўзмацнення супрацоўніцтва. "Мы павінны на высокім узроўні падтрымліваць палітычны ўзаемадавер, - падкрэсліў ён. - На працягу 32 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін супрацоўніцтва Кітая і Беларусі незалежна ад знешняй кан'юнктуры заўсёды дэманструе жыццёвую сілу і энергію. Самая галоўная прычына гэтага ў тым, што ў нас высокі ўзровень узаемнага даверу. Спадар Прэзідэнт, вы як самы любімы палітык беларускага народа на працягу доўгага часу ставіцеся да Кітая дружалюбна". Было адзначана, што Аляксандр Лукашэнка шмат разоў наведваў Кітай з візітамі, сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, і лідары дзвюх краін праводзілі стратэгічны абмен меркаваннямі, задавалі новыя арыенціры для ўстойлівага развіцця кітайска-беларускіх адносін. "Мы з радасцю адзначаем, што на ўсіх узроўнях, ва ўсіх сферах мы падтрымліваем своечасовую зверку гадзіннікаў і абмен думкамі па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін і важных заклапочанасцей", - сказаў Лі Цян.