Сустрэча з Міністрам грамадскай бяспекі В'етнама Лыонг Там Куангам

  • 4
  • 3:20

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 верасня правёў сустрэчу з Міністрам грамадскай бяспекі В'етнама Лыонг Там Куангам.

Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё павіншаваў госця з Днём Незалежнасці В'етнама, які адзначаецца ў рэспубліцы 2 верасня. "Гэта свята в'етнамцы заслужылі потым і крывёю, яны за яго змагаліся. І гэта краіна, якая хутка развіваецца не толькі ў Азіі, але і ў свеце, краіна, якая адбылася", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Паміж В'етнамам і Беларуссю ўсталяваліся вельмі цёплыя, дружалюбныя адносіны. І наша дружба з в'етнамскім народам заснавана на тых гераічных старонках барацьбы в'етнамскага народа за сваю незалежнасць ужо пасля Другой сусветнай вайны. Нашы суайчыннікі шмат працавалі ў В'етнаме, дапамагалі і ў вайне, і пасля - аднаўляць народную гаспадарку. Мы да гэтага часу прытрымліваемся такой жа пазіцыі", - заявіў Прэзідэнт.

Летам 2024 года Прэзідэнт В'етнама То Лам быў выбраны Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама. Аляксандр Лукашэнка перадаў в'етнамскаму лідару самыя цёплыя віншаванні і запрашэнне наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь па-ранейшаму прыхільная да развіцця супрацоўніцтва з В'етнамам. "Усё залежыць ад в'етнамскага боку. Мы будзем настолькі актыўныя ў нашых адносінах, наколькі гэта можа сабе дазволіць в'етнамскае кіраўніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Што датычыцца развіцця міжнародных адносін, то ў нас і ў В'етнама погляды падобныя: мы за шматпалярны свет. І хочам мы гэтага ці не, шматпалярны свет адбудзецца. У сувязі з гэтым у свеце, які хутка змяняецца, вельмі складаным, неадназначным свеце пытанні бяспекі выходзяць на першае месца. Я вельмі спадзяюся, што ваш візіт у Беларусь будзе садзейнічаць умацаванню нашых адносін і ў сферы бяспекі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Лыонг Там Куанг адзначыў, што візіт у Беларусь дэлегацыі Міністэрства грамадскай бяспекі В'етнама будзе садзейнічаць паглыбленню дружалюбных адносін паміж дзвюма краінамі.

"Я хацеў бы пацвердзіць, што цяперашні візіт дэлегацыі МГБ В'етнама ў Беларусь будзе садзейнічаць паглыбленню дружалюбных адносін не толькі паміж дзвюма краінамі, але таксама і паміж іх сілавымі структурамі, - сказаў замежны госць. - Гэты візіт вельмі значны. Думаю, што ён стане добрым стымулам для развіцця адносін паміж ведамствамі Беларусі і В'етнама".