Сустрэча з Міністрам інвестыцый ААЭ, выканаўчым дырэктарам інвестыцыйнага фонду ADQ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі
- 8
- 4:02
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 снежня ў ходзе рабочага візіту ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты сустрэўся з Міністрам інвестыцый ААЭ, выканаўчым дырэктарам інвестыцыйнага фонду ADQ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі.
Успамінаючы свае мінулыя візіты ў Эміраты, сустрэчы і прэзентацыі на тэму развіцця сферы высокіх тэхналогій, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што поспехі Беларусі ў галіне IT-тэхналогій часткова пачыналіся ў ААЭ: "Я памятаю тую сустрэчу, калі спецыялісты вашы і кітайскія вельмі сур'ёзна акунулі мяне ў гэту сферу, і мы пачалі задумвацца над тым, каб стварыць у Беларусі IT-парк".
"Адсюль пачыналіся нашы - беларускія - першыя крокі ў асобных сацыяльных сетках, перш за ўсё ў TikTok. Я памятаю, калі вашы спецыялісты (у тым ліку і кітайскія тады) зноў запрасілі мяне на прэзентацыю, дзе шмат расказалі аб развіцці сферы высокіх тэхналогій і вельмі прасілі мяне, каб я пасадзейнічаў развіццю TikTok на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Тут жа ў свой час у агульных рысах вялася і размова аб перспектывах штучнага інтэлекту. "Гаварылі аб тым, што гэты, чорт бы яго ўзяў, штучны інтэлект хутка захопіць увесь свет. І да гэтага я асабіста ставіўся з невялікім даверам. Аказалася, што вашы спецыялісты мелі рацыю", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Я абсалютна ўпэўнены, што сённяшняя сустрэча завершыцца нейкім добрым пачынаннем для эканомікі, для людзей Беларусі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тэма майго інтарэсу - штучны інтэлект і яго развіццё. Менавіта развіццё. Не пачатак. Для нас гэта важна, як і для ўсяго свету. І я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы з задавальненнем згадзіліся падзяліцца сваімі ведамі і вопытам у развіцці штучнага інтэлекту вашым міністэрствам і вопытам тых спецыялістаў, якія займаюцца гэтай праблемай".
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што будзе рабіць усё для садзейнічання і развіцця гэтай тэмы ў Беларусі: "Аснова, база, людзі для гэтага ёсць. Вось такая гісторыя сённяшняй сустрэчы. Спадзяюся на будучае".
У сваю чаргу Махамед Хасан Аль-Сувейдзі канстатаваў, што за апошнія 5 гадоў развіццё тэхналогій рухалася нават хутчэй, чым гэтага чакалі. "Так хутка, што нават нашы кампаніі не паспяваюць за бачаннем перадавых тэндэнцый у сферы штучнага інтэлекту. Але з людзьмі, як шэйх Тахнун, саветнік па нацыянальнай бяспецы, які ў ААЭ ўзначаліў гэта бачанне штучнага інтэлекту, - ён нам задае такі тэмп, што ў наступныя 5 гадоў мы будзем лідарамі ва ўкараненні ШІ", - сказаў ён.
Міністр таксама падзяліўся з Кіраўніком беларускай дзяржавы актуальнай інфармацыяй аб сучасных тэндэнцыях развіцця сферы штучнага інтэлекту і інструментах, неабходных для руху наперад у гэтым напрамку.
Аляксандр Лукашэнка таксама правёў перагаворы з кіраўніцтвам кампаній, якія працуюць у галіне высокіх тэхналогій, уключаючы сферу штучнага інтэлекту.