Сустрэча з кіраўніком Данецкай Народнай Рэспублікі Дзянісам Пушыліным

  • 5
  • 2:38

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 верасня правёў сустрэчу з кіраўніком Данецкай Народнай Рэспублікі Дзянісам Пушыліным.

"Мы супрацоўнічаем даўно. А што датычыцца Беларусі, то ў складзе Украіны мы заўсёды супрацоўнічалі з Данецкай вобласцю. І, зразумела, у гэты складаны, цяжкі перыяд з тых яшчэ часоў (ужо 10 гадоў) мы не адмаўляліся ад гэтага супрацоўніцтва, гатовы прадаўжаць і цяпер. Тым больш што пэўныя напрацоўкі ёсць, база створана", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым супрацоўніцтве трэба адыходзіць ад усялякіх пасрэднікаў і беларускі бок гатовы гэта рабіць. "Я нават здзівіўся, што ў нас яны яшчэ існуюць да гэтага часу. Мы гатовы непасрэдна з вамі супрацоўнічаць", - сказаў ён.

"Тут у нас розныя намёкі і іншае, нават з Захаду, што вы вось будзеце супрацоўнічаць, пакрыўдзіце Украіну. Мы нікога не крыўдзім. Мы гатовы супрацоўнічаць і з Украінай на тых жа прынцыпах, што і з Данецкай Народнай Рэспублікай, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы дзетак вашых заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак. Яны вельмі задаволены. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы крадзём, аказваецца, вашых дзяцей. Ну дык я прапанаваў і Украіне, і амерыканцам: калі ласка, прыязджайце, знайдзіце хоць адно ўкрадзенае дзіця. Гэта не нашы прынцыпы".

"Таму я яшчэ раз пацвярджаю, што мы будзем супрацоўнічаць з вамі, абсалютна не парушаючы ніякія міжнародныя нормы і нормы нашых узаемаадносін. Мы працуем у імя людзей. Ёсць праблема ў будаўніцтве ў вас - мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць. Ёсць у вас праблема кагосьці лячыць, адукацыю атрымаць - мы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Абсалютна на такіх прынцыпах гатовы супрацоўнічаць і з Украінай. Таму не трэба тут на нас накідваць, навальваць. Мы людзі міралюбівыя. У аснове нашых дружбы і супрацоўніцтва - толькі мір", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў ДНР могуць разлічваць на Беларусь, калі ўбачаць у краіне нешта неабходнае для аднаўлення і развіцця свайго краю.

Дзяніс Пушылін ад імя жыхароў ДНР і сябе асабіста падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўсебаковую дапамогу, у першую чаргу гуманітарнаму характару. "У нас вельмі шмат агульных інтарэсаў. І гэта не толькі агульная гісторыя, але і бачанне далейшага развіцця. Гэта толькі моцнае, паспяховае грамадства, заснаванае на справядлівасці. І наша задача - выбудаваць такія ўмовы, каб не сорамна было перадаць наступным пакаленнем. Дзякуй вам", - сказаў ён.