Сустрэча з Генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі
- 11
- 7:19
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка сустрэўся з Генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэлем Гросі.
"Мне асабіста і нашым беларусам вельмі імпануе ваша актыўная работа, вашай і нашай арганізацыі апошнім часам. Мы вас часта бачым, знаёмы з вашымі заключэннямі і заявамі. І мы вельмі станоўча ацэньваем вашу работу, звязаную з бяспекай атамных станцый, асабліва тых станцый, якія фактычна апынуліся ў зоне баявых дзеянняў - Запарожская і Курская", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь з'яўляецца членам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі з моманту ўтварэння арганізацыі. Паводле яго слоў, у краіне заўсёды надавалі і надаюць вельмі сур'ёзнае значэнне супрацоўніцтву з МАГАТЭ.
"Гэта перш за ўсё тлумачыцца тым, што мы сталі ядзернай дзяржавай: мы пабудавалі атамную станцыю, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Дарэчы, хацеў бы звярнуць вашу ўвагу - самую сучасную і самую бяспечную, спадзяюся, атамную станцыю ў свеце. І адметнасць наша заключаецца ў тым, што мы яе пабудавалі, вобразна кажучы, на голым месцы. У нас не было ні спецыялістаў, ні вопыту, ні ведаў у эксплуатацыі атамнай станцыі. Але мы гэтаму навучыліся, своечасова падрыхтавалі спецыялістаў".
Вельмі вялікую дапамогу ў гэтым аказалі Расійская Федэрацыя і МАГАТЭ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Таму мы свабодна можам сёння гаварыць пра бяспеку нашай станцыі, а той вопыт, які мы назапасілі ў Беларусі, спатрэбіцца і нашай арганізацыі ў любой кропцы планеты", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён дапусціў, што будзе яшчэ нямала спекуляцый наконт эксплуатацыі БелАЭС. "Вы гэта бачыце ў Літве: ім карціць не толькі наконт нашай атамнай станцыі, але і ўвогуле ў сувязі з тым, што адбываецца ў нашай Беларусі. Але гэта палітыка ўжо, не будзем пра гэта гаварыць. А ўвогуле вы павінны ведаць, што мы прыхільныя да бяспекі, міру і мы зробім усё, што ад нас залежыць, для таго, каб забяспечыць рэгіянальную ядзерную бяспеку. Мы разумныя людзі і на розныя авантуры не кідаемся", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт растлумачыў, што не проста так узняў гэту тэму: апошнім часам у СМІ гучаць укіды з Украіны аб тым, што нібыта "Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю". Такія заявы, вядома, абсурдныя, таму Кіраўнік дзяржавы не разумее, што можа ляжаць у іх аснове.
"Навошта Лукашэнку Чарнобыльская станцыя? Мы і так нацярпеліся ад таго, што адбылося пасля выбуху гэтай атамнай станцыі, якую, заўважце, мы не будавалі, мы не абслугоўвалі і мы не ўзрывалі. А асноўная бяда лягла на чвэрць нашай тэрыторыі. І мы да гэтага часу змагаемся з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Таму я вас абсалютна запэўніваю, што гэта глупства поўнае, якое мяне нават здзівіла. Мы ў страшным сне не маглі ўявіць, што нам давядзецца "захапіць" Чарнобыльскую станцыю і за яе потым адказваць. Няма такой неабходнасці з боку Беларусі. І, паверце мне, з боку Расіі таксама: не было, няма і ніколі не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.