Уручэнне даверчых грамат

  • 11
  • 18:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў дзевяці замежных краін. Урачыстая цырымонія адбылася 1 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.

Даверчыя граматы Кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Кітая, Казахстана, Сербіі, Алжыра, Маўрытаніі, Бурундзі, Кувейта, Дамініканскай Рэспублікі і Уругвая.

"Я шчыра віншую ўсіх вас з афіцыйным уступленнем на пасады кіраўнікоў дыпламатычных місій у Беларусі. Ад чыстага сэрца гавару вам усім: калі ласка ў Беларусь", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да паслоў.

Прэзідэнт выказаў надзею на тое, што ў дыпламатаў ужо была магчымасць пазнаёміцца з Мінскам і яго славутасцямі, пагутарыць з людзьмі і даведацца гісторыю беларускай дзяржавы. "Яна шматгранная, у ёй нямала гераічных старонак. І мы ёю па праву ганарымся. Ганарымся слаўнымі подзвігамі продкаў, працавітымі сучаснікамі, якія прадаўжаюць умацоўваць любімую краіну і выхоўваць дастойную змену", - заявіў беларускі лідар.

"Хутка вы самі пераканаецеся, наколькі беларусы гасцінныя і міралюбівыя. Нягледзячы на ўсё большыя пагрозы і выклікі, дзверы нашага дома заўсёды застаюцца адчыненымі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Красамоўнае сведчанне - бязвізавы рэжым для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў, устаноўлены гэтым летам".

"Для нас няма недружалюбных народаў і другарадных краін. Ведаю, што і да беларусаў ва ўсім свеце ставяцца з сардэчнасцю і цеплынёй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён са шкадаваннем канстатаваў, што мірная, квітнеючая і суверэнная Беларусь у асобных заходніх палітыкаў выклікае раздражненне, якое перарастае ў прадузятасць.

"Яны лічаць нармальным сваё аднабокае ўстарэлае ўспрыманне светаўладкавання, дзе ёсць людзі першага і другога сорту. А калі нехта не згодны з іх пунктам гледжання - душаць санкцыямі і рознымі абмежаваннямі. Мінск з такой несправядлівасцю сутыкаецца ўжо шмат гадоў, практычна ўсю суверэнную гісторыю, - заўважыў Прэзідэнт. - Тым не менш мы бяром на сябе смеласць праводзіць самастойную палітыку, унутраную і знешнюю. І заўсёды адстойваем сваю пазіцыю, заснаваную на міжнародным праве і справядлівасці".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў адрас Беларусі часта гучаць неабгрунтаваныя прэтэнзіі, напрыклад аб садзейнічанні нелегальнай міграцыі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рэспубліка ў межах сваіх міжнародных абавязацельстваў і існуючых магчымасцей спыняе нелегальныя міграцыйныя каналы і змагаецца з транснацыянальнай злачыннасцю.

"Але калі ствараюцца нейкія праблемы, звязаныя з міграцыяй, то гэта пытанні не да нас. Гэта пытанні да тых, хто гэтых мігрантаў паклікаў да сябе ў краіну. Мы па-чалавечы клапоцімся пра людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны і шукаць прытулак у Еўрапейскім саюзе. І ўсё гэта робім без чыёй-небудзь дапамогі, знаходзячыся пад прэсам незаконных санкцый", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Чарговай падставай для знешніх нападак на Беларусь стане, відавочна, кампанія па выбарах Прэзідэнта (гэта ўжо кампанія па нападках на Беларусь пачалася, вы гэта ведаеце). Ужо, напэўна, пачалі пісаць нарыхтоўкі гучных планаў па "звяржэнні рэжыму" і прасіць мільёны долараў грантаў на гэтыя бескарысныя мэты. Кожныя пяць гадоў просяць. Адразу засмучу ідэйных натхняльнікаў: расхістаць сітуацыю і ўцягнуць краіну ў бездань хаосу мы не дазволілі і не дазволім. Вы гэта ўбачыце", - заявіў беларускі лідар.

"Нашых людзей не трэба агітаваць за Беларусь. Яны разумеюць, што самі і ёсць гэта Беларусь. Моцная, стабільная і незалежная. Толькі беларускі народ мае права вырашаць свой лёс, падабаецца гэта некаму ці не", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пералік краін, паслы якіх прысутнічалі на цырымоніі. "У гэтай зале ўражальная дыпламатычная геаграфія. Тут сабраліся блізкія па духу людзі, аб'яднаныя адзіным імкненнем - стварыць і ўмацоўваць сувязі на карысць народаў нашых краін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Кітайскую Народную Рэспубліку

Прэзідэнт адзначыў, што 1 кастрычніка адзначаецца 75-я гадавіна ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. "Карыстаючыся выпадкам, хачу, спадар пасол, у вашай асобе павіншаваць увесь кітайскі народ з вашым вялікім нацыянальным святам. Гэта і наша свята, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас вельмі значна, што менавіта ў гэты дзень вы ўручаеце даверчыя граматы".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Кітай для Беларусі заўсёды быў і застаецца важнейшым, надзейным і асаблівым гандлёва-эканамічным і палітычным партнёрам. "Паміж Мінскам і Пекінам дасягнуты беспрэцэдэнтна высокі ўзровень давернага супрацоўніцтва", - канстатаваў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ва ўмовах сусветнай палітычнай напружанасці Беларусь і Кітай змаглі вывесці двухбаковыя адносіны на ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Нягледзячы на крызісныя працэсы ў глабальнай эканоміцы, па выніках мінулага года бакі дабіліся новага рэкорду тавараабароту.

"Асаблівую ўдзячнасць за канструктыўны падыход да супрацоўніцтва хачу выказаць майму дарагому сябру Старшыні КНР Сі Цзіньпіну. І перадайце яму мае добрыя пажаданні, што мы яго чакаем з візітам у Беларусь у зручны для яго час", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Казахстан

Важным, правераным часам сябрам, стратэгічным партнёрам і саюзнікам для Беларусі Прэзідэнт назваў Казахстан. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер практычна няма такіх сфер, дзе ў дзвюх краін не было б агульных інтарэсаў. Аб высокай дынаміцы супрацоўніцтва, паводле слоў Прэзідэнта, сведчаць штогадовы мільярдны тавараабарот і паспяховыя праекты ў прамысловай кааперацыі.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву за ўсямерную падтрымку, аказаную нашай краіне ў час казахстанскага старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Пра Сербію

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь традыцыйна выбудоўвае дружалюбныя адносіны з Сербіяй, якія заснаваны на трывалых гістарычных і духоўных сувязях паміж двума брацкімі народамі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў зацікаўленасць у актывізацыі ўсяго комплексу беларуска-сербскага супрацоўніцтва і пашырэнні кантактаў, развіцці ўзаемавыгаднай кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, іншых сферах, у тым ліку з выкарыстаннем высокіх тэхналогій.

Пра Алжыр

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў гатоўнасць Беларусі да актыўнай прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сферах харчовай бяспекі і высокіх тэхналогій з Алжырам. "Упэўнены, што наша тэхніка (камбайны, трактары), грузавікі, нашы збожжасховішчы будуць карысныя для алжырскай эканомікі. Таксама выказваю надзею на прадаўжэнне сумеснай плённай працы на міжнародных пляцоўках", - сказаў беларускі лідар.

Пра Маўрытанію

З асаблівым задавальненнем Кіраўнік дзяржавы прывітаў пасла Маўрытаніі - краіны - старшыні Афрыканскага саюза.

"У гэтым годзе Беларусь і Маўрытанія адзначаюць 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Сардэчна віншую з гэтай значнай датай. Упэўнены, што нашы кантакты неабходна актывізаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прапаную вызначыць два-тры асноўныя флагманскія ўзаемавыгадныя праекты, дзе мы можам быць карысныя адзін аднаму, і пачаць іх рэалізацыю".

Пра Бурундзі

Зацікаўленасць у развіцці дружалюбных сувязей Прэзідэнт Беларусі адзначыў таксама ў адносінах з Бурундзі. Пры гэтым асаблівую важнасць наша краіна надае эканамічнаму складніку міждзяржаўных адносін.

"З улікам развіцця ў Бурундзі сельскай гаспадаркі і распрацоўкі карысных выкапняў можам прапанаваць шырокі спектр машынабудаўнічай прадукцыі, у тым ліку грузавую, будаўнічую кар'ерную і сельскагаспадарчую тэхніку. Акрамя таго, Беларусь мае значныя магчымасці для падрыхтоўкі спецыялістаў, неабходных для работы ў розных галінах эканомікі", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Кувейт

Важным партнёрам у рэгіёне Блізкага Усходу для Беларусі з'яўляецца Кувейт, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Мы высока ацэньваем імкненне вашай краіны да мірнага ўрэгулявання канфліктаў і крызісаў (вы ў гэта сур'ёзна паглыблены, як і Беларусь), а таксама гуманітарныя намаганні на міжнароднай арэне, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта сугучна нашым мірным ініцыятывам аб пачатку шырокага міжнароднага дыялогу аб прынцыпах і гарантыях бяспекі".

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб гатоўнасці Беларусі прыкласці ўсе намаганні для нарошчвання гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага партнёрства па ўсіх напрамках.

Пра Дамініканскую Рэспубліку

Беларусь разглядае Дамініканскую Рэспубліку ў якасці перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Амерыцы і Карыбскім басейне, адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым найбольш важным і ўзаемавыгадным ён назваў эканамічны вектар. "Мы адкрыты для любых форм кааперацыі", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы і прапанаваў пачаць са стварэння эфектыўнай дагаворна-прававой базы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што запланаванае да падпісання пагадненне аб узаемнай адмене віз не толькі ажывіць турызм, але і стане важным імпульсам для актывізацыі двухбаковых адносін.

Пра Уругвай

"Уважліва, вельмі ўважліва сочым за развіццём Уругвая. Упэўнены, паспяховае правядзенне маючых адбыцца ў кастрычніку гэтага года прэзідэнцкіх выбараў прымножыць існуючыя дасягненні вашай краіны. Беларусь заўсёды падтрымае выбар уругвайскага народа", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі ўзаемадзеяння з Уругваем як на палітычным, так і на эканамічным трэку, чаму магло б садзейнічаць падпісанне пагаднення аб узаемнай адмене віз. "Разлічваем на актыўную пазіцыю пасла ў выбудоўванні эфектыўных і даверных двухбаковых кантактаў", - сказаў беларускі лідар.

 

На завяршэнне цырымоніі Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды рады старым сябрам і новым партнёрам, зацікаўленым ва ўмацаванні і развіцці адносін з нашай краінай. "Дакладна ведаю: для сапраўднай дружбы адлегласцей не існуе. Мы адкрыты для новых ідэй, нацэлены на рэалізацыю самых амбіцыйных праектаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Абсалютна ўпэўнены, ваша знаходжанне на нашай зямлі будзе камфортным, праца - плённай, а супрацоўніцтва - узаемавыгадным".

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім дыпламатам паспяховай работы: "Шчыра вітаем у Беларусі, дарагія сябры!"