Уручэнне дзяржузнагарод Раману Кагадоўскаму і медыкам, якія яго выратавалі
- 29
- 6:58
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада ў Палацы Незалежнасці ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды школьніку Раману Кагадоўскаму і медыцынскім работнікам.
Удзельнікі цырымоніі былі запрошаны на экскурсію ў Палац Незалежнасці. Разам з Раманам прыйшла і яго маці Марыя Стадольнік, якая больш за 100 дзён правяла побач з ім у бальніцы.
"Ну, Раман, ты ўжо стаіш смірна. Вітаю цябе. Малайчына! Глядзі, цяпер справа за табой. Дзякуй вам, вы малайцы!" - вітаў беларускі лідар сваіх гасцей пасля таго, як яны агледзелі інтэр'еры Палаца Незалежнасці.
Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. "Я заадно выканаю сваю місію. Раман, ты ў нас герой! Слухай, вось гэты ордэн ("За асабістую мужнасць". - Заўвага) вельмі рэдка дарослыя людзі атрымліваюць. Усяго некалькі ордэнаў у краіне ўручаны вялікім такім, моцным мужыкам. Ты ў нас самы моцны, герой! Таму я табе ўручаю гэты ордэн. Калі ты вырасцеш, ты зразумееш, што гэта за ордэн", - сказаў Прэзідэнт, уручаючы хлопчыку ўзнагароду.
Аляксандр Лукашэнка таксама вельмі цёпла адазваўся аб урачах, усіх медработніках, якія лячылі Рому. У практычна штодзённым рэжыме сітуацыю маніторыў і дакладваў Кіраўніку дзяржавы Міністр аховы здароўя. "Вось гэты чалавек (Дзмітрый Піневіч. - Заўвага) - Міністр, ён перажыў з табой і з урачамі ўсё тое, што вы перажывалі разам. Ён і раніцай, і ўвечары даваў справаздачу, як цябе лечаць, што ў цябе новага. Ну, я так разумею, бываў у цябе. Нават калі ты наогул нічога не бачыў, не чуў, ён да цябе прыходзіў. Мама ведае", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэтыя людзі зрабілі ўсё для таго, каб не толькі цябе абараніць і выратаваць, але здзейсніць подзвіг. І ведаеш, мы будзем ганарыцца табой і імі. Таму што, калі складаная была сітуацыя, мы кансультаваліся, Міністр і на Захад тэлефанаваў, і на Усход. Ну і ўсе так гэта... Калі даведаліся пра ўзровень гэтай хваробы, скажам адкрыта, адмовіліся дапамагаць. І тады я яму сказаў: вось калі вы нешта можаце, урачы, зрабіце. І яны таксама здзейснілі подзвіг. Таму дзякуючы таму, што яны ўмеюць рабіць, мы іх таксама ўзнагароджваем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы зрабілі вялікую справу. Цяпер можна смела гаварыць любым урачам у свеце, што мы ўмеем рабіць усё. Яшчэ раз дзякуй вам".
Раней Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім Рома Кагадоўскі ўзнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".
Дзяржаўнымі ўзнагародамі і Падзякамі Прэзідэнта адзначаны таксама заслугі работнікаў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, якія былі задзейнічаны ў лячэнні Рамана ад апёкаў, атрыманых пры выратаванні брата.
За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны камбустыёлаг-хірург (загадчык) дзіцячага апёкавага аддзялення Ігар Зелянко і анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (апёкавых хворых з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі) Марына Маркевіч.
Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву ўдастоены ўрач - анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (апёкавых хворых з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі) Ларыса Залатухіна і аперацыйная медыцынская сястра аперацыйнага аддзялення Валянціна Казарэзава.
Дэкан хірургічнага факультэта БелМАПА, галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Пасля ўзнагароджвання Прэзідэнт правёў для Ромы асобную экскурсію па сваім рабочым кабінеце.
Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы запрасіў хлопчыка прысесці ў яго рабочае крэсла. "Сядай. Лічы, што ты кіруеш працэсам. Вось тут у цябе ўся краіна на гэтым пульце. Ты можаш любога цяпер... Ты з Мінскай вобласці. Вось тут губернатара Мінскай вобласці, ты яго ў адзін момант можаш знайсці, сюды запрасіць, калі трэба, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ты не саромейся, ты ж Прэзідэнт! Гэта такое рабочае месца. Хоць тут не толькі рабочы кабінет. Тут да мяне начальнікі праходзяць, за тым сталом Міністр твой (размова пра Міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, які займаўся пытаннямі лячэння хлопчыка. - Заўвага) прыходзіць сюды часам. Але ён не любіць да мяне хадзіць, таму што тут жа трэба даваць справаздачу, як ён лечыць. Таму начальнікі не вельмі хочуць сюды прыходзіць, але я іх запрашаю часам".
Расказаў Аляксандр Лукашэнка і аб фатаграфіях, якія стаяць у яго на стале: "Гэта вось мой малодшы - Коля. Напэўна, ты чуў пра яго. Ён, калі быў маленькім, яшчэ меншы, чым ты, на гэтым крэсле не сядзеў. Ты першы. Так, сапраўды, Раман першы сядзіць у крэсле Прэзідэнта".
"Калі ты захочаш калі-небудзь да мяне прыйсці ў госці і пагаварыць з якім-небудзь начальнікам, я цябе з задавальненнем запрашу", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама наглядна паказаў Роме, з якім вялікім аб'ёмам інфармацыі Прэзідэнту даводзіцца штодзённа працаваць, прадэманстраваўшы яму тоўстую папку розных дакументаў: "Вось глядзі. Вось гэта мне трэба на гэтым тыдні ўсё вывучыць на памяць. Вось глядзі: па Канстытуцыі ў нас будзе мерапрыемства ў чацвер. Вось будзем з Пуціным праводзіць у анлайн-рэжыме па тэлевізары перагаворы. Таксама матэрыялы трэба вывучыць. Гэта - у Магілёўскую вобласць паеду адкрываць з Міністрам бальніцу новую. Таксама трэба ўсё на памяць вывучыць. Толькі за тры дні".
"Таму калі ты рызыкнеш быць Прэзідэнтам, май на ўвазе: ты вельмі шмат павінен чытаць. Але не пужайся, яно з часам прыходзіць", - адзначыў беларускі лідар.
Далей Прэзідэнт разам з Ромам падышлі да вялікага глобуса. "Тут у кабінеце лішняга нічога няма. Калі мне трэба некуды ляцець, я гляджу, як з Мінска трапіць, дапусцім, у Кітай, у Пекін. Я гляджу маршрут. Таму гэты глобус мне часам патрэбны, хоць я вельмі добра гэты зямны шар ведаю", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў экскурсію: "Вось тэлевізар. Часам, калі мне прэс-сакратар паскудную якую-небудзь флэшку прынясе, я тут пагляджу яе. Але вельмі рэдка яго ўключаю".
Прэзідэнт таксама паказаў хлопчыку зону ў яго рабочым кабінеце, якая прызначана для сустрэч з рознымі высокімі замежнымі гасцямі.
"А тут вось прыходзяць людзі без партфеля, а выходзяць з партфелямі. Вось Міністр некалі не быў Міністрам. Прыйшоў сюды, мы з ім перагаварылі: "Ты можаш працаваць?" - "Магу", "Можаш гэта зрабіць?" - "Магу", "Будзеш лячыць?" - "Буду". Ну яго назначылі Міністрам. Вось такая работа тут", - прадоўжыў расказ Прэзідэнт аб прызначэнні рабочых зон кабінета.
Ён таксама расказаў пра дзве важныя рэчы, якія захоўваюцца ў яго ў кабінеце. Адна з іх - слуцкі пояс, сатканы па старадаўняй тэхналогіі з выкарыстаннем залатых нітак. "Вось ён тут ляжыць, метры два з лішнім даўжынёй. Ім раней апяразвалі сябе багатыя людзі", - расказаў ён Роме.
І яшчэ ў кабінеце захоўваецца першы экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах. "Вось хутка будзе рэферэндум. Людзі хочуць памяняць Канстытуцыю. Я з імі згадзіўся. Калі дарослыя людзі прагаласуюць за новую Канстытуцыю, тут будзе новая. Ты дапамажы мне там сагітаваць (не толькі бацькоў) у сваёй вёсцы і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Раману на памяць ён падарыў камп'ютар, паколькі той любіць розныя гульні. "Ну, Рома, трымайся. Трымайся, ты малайчына, мужык! І шмат чытай. Будзеш шмат чытаць, будзеш больш ведаць. І асабліва ў гэтым камп'ютары, што я табе падарыў, не сядзі. Так, пару гадзін у дзень", - пажадаў Прэзідэнт хлопчыку.