Урачыстая цырымонія падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму

  • 27
  • 36:33

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны.

На мерапрыемства былі запрошаны больш за тысячу чалавек. У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, дэлегацый ад абласцей і горада Мінска, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гісторыю суверэннай Беларусі ўпісана новая старонка - 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, на якім абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі.

"А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая вяха развіцця суверэннай краіны. І вельмі сімвалічна, што абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка - у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. Дэмакратычна, у адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі, пагроз традыцыйнаму ўкладу жыцця грамадзяне зрабілі сур'ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. "Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны вопыт канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, стварэння і ўмацавання асноў нашай дзяржаўнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Сведчанне таго, паводле яго слоў, і вынікі папярэдніх рэферэндумаў. "З той Канстытуцыяй, якую мы пісалі і ўдасканальвалі на заранку станаўлення суверэннай Беларусі, мы многага дасягнулі", - канстатаваў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, работу па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю знамянуе сабой пабудова ўпершыню ў гісторыі беларускага народа суверэннай і незалежнай дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на фоне складаных геапалітычных трансфармацый свету практычна з нуля стварылі збалансаваную і эфектыўную вертыкаль кіравання. "З улікам грамадскага запатрабавання сфарміравалі новыя структуры, скасавалі інстытуты, якія аджылі, і не раз аптымізавалі дзяржапарат", - дадаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што ў самыя кароткія тэрміны дзяржаве ўдалося наладзіць дыпламатычныя і гандлёвыя сувязі, умацаваць абарону, якая ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга націску на Беларусь з'яўляецца гарантам спакойнага і бяспечнага жыцця.

"Наша краіна стала ініцыятарам і актыўнай удзельніцай еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, АДКБ, іншых міждзяржаўных утварэнняў. Сёння мы як роўныя ўдасканальваем наш саюз з Расіяй, вядзём дыялог з міжнароднымі партнёрамі. Займаем цвёрдую пазіцыю ў пытаннях суверэнітэту і бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што інвестарам і айчыннаму бізнесу прапанаваны сумленныя і выгадныя ўмовы вядзення эканамічнай дзейнасці, у краіне створаны і функцыянуе шэраг паркаў з асаблівымі прэферэнцыйнымі рэжымамі. Прадпрымальнікі могуць быць спакойныя за сумленны і адказны перад дзяржавай і народам бізнес, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Інстытут сям'і як каштоўнасць, а таксама дзеці, моладзь, старыя і інваліды знаходзяцца пад асаблівай апекай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што ўсё гэта - непахісны фундамент беларускай дзяржаўнасці, выбудаваны рукамі грамадзян. "І тыя нормы, якія эфектыўна працавалі да гэтага часу, засталіся на старонках абноўленага Асноўнага Закона. Мы дапамагалі старым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетным. Будзем гэта рабіць заўсёды. Няхай яны не клапоцяцца аб тым, што, прыняўшы новую Канстытуцыю, мы адыдзем ад нашай палітыкі ў гэтай частцы. Але надышоў час зазірнуць за гарызонт", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ведаеце, юрысты кажуць, што Канстытуцыя - гэта дагавор улады і народа. Абсалютна правільна. І ў гэтай Канстытуцыі адлюстраваны асноўныя спадзяванні і жаданні нашага народа. Але скажу адкрыта: калі б мы спыніліся на жаданнях і спадзяваннях толькі нашага грамадства і народа, мы ў лепшым выпадку затармазілі б сваё развіццё, мы не развіваліся б. Таму любая ўлада на тое і ўлада, на тое яе і называюць элітай грамадства, каб ісці крыху наперадзе народа і паказваць той шлях, па якім гэты самы народ разам з гэтай уладай павінны рухацца. А для гэтага трэба крыху зазірнуць наперад, за гарызонт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што гісторыя свету вымяраецца перыядамі і ў Беларусі своечасова ўлавілі момант паслядоўнага пераходу на новы ўзровень развіцця грамадства і палітычнай сістэмы. "Тое, якім маштабным і рэзанансным атрымалася ўсенароднае абмеркаванне паправак у Канстытуцыю, пацвярджае гэты тэзіс. Беларусы былі актыўнымі, шмат спрачаліся, перажывалі. Словам, абыякавых не было!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пад эгідай Канстытуцыйнага Суда была праведзена каласальная работа па ўнясенні змяненняў у Асноўны Закон, прычым максімальна адкрыта і дэмакратычна, як і было абяцана. Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі парламентарыі, прадстаўнікі мясцовых структур, культуры і спорту, вядучыя вучоныя, справілася з пастаўленай задачай, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Яны грунтоўна прааналізавалі ўсе паступіўшыя ініцыятывы, зафіксаваўшы іх у праекце Канстытуцыі. Затым падрыхтаваныя змяненні мы прапусцілі праз фільтр спецыялістаў, экспертнай групы, - нагадаў Прэзідэнт. - Увогуле ў распрацоўцы і абмеркаванні ўдзельнічала больш за мільён беларусаў. Па выніках мы атрымалі каля 10 тысяч водзываў ад насельніцтва. Паступіла шмат рацыянальных прапаноў, частку з іх мы адлюстравалі ў абноўленых артыкулах Канстытуцыі".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ініцыятывы, якія не маюць характару канстытуцыйных правак, будуць улічаны пры ўдасканаленні іншых законаў, якія будуць прыняты ў развіццё Канстытуцыі.

"Без перабольшання новая рэдакцыя - гэта народны дакумент. Нядзіўна, што людзі яго падтрымалі", - заявіў беларускі лідар.

"Самае галоўнае, мы разам узмацнілі важнейшыя ідэі, прынцыпы, мэты далейшага развіцця краіны. Інакш кажучы, разам вызначылі контуры ідэалогіі беларускай дзяржавы, крыніцай якой і з'яўляецца наш Асноўны Закон. Памятаеце, мы доўга гаварылі і аб выпрацоўцы дзяржаўнай ідэалогіі. Давайце будзем лічыць, што цяперашняя Канстытуцыя, якую мы пісалі ўсе разам, усім народам, і ёсць наша ідэалогія", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не проста ўмацавалі, я сказаў бы, зацэментавалі нашы прынцыпы: суверэнітэт, захаванне гістарычнай памяці, патрыятызм, абарона традыцыйнай сям'і як саюза жанчыны і мужчыны і шмат іншага, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Так, названыя нормы не ўпісваюцца ва ультрамодныя прававыя тэндэнцыі глабальнай лібералістычнай ідэалогіі. Але гэта наш шлях, наш цывілізацыйны і маральны выбар".

Зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, у Беларусі надалі імпульс новым перспектыўным напрамкам. У іх ліку - развіццё атамнай энергетыкі ў мірных мэтах, укараненне інавацый, ахова персанальных даных. Ва ўмовах пандэміі грамадзянам было гарантавана права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне, спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Адказны клопат грамадзян аб захаванні свайго здароўя прызнаны нормай. "Народ можа не хвалявацца: адукацыя, ахова здароўя, культура, спорт будуць, як і раней, даступны ўсім", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы зрабілі акцэнт на міралюбнай палітыцы. Удасканалілі сістэму дзяржаўнага кіравання. Асцярожна і прадумана рабілі гэта. З улікам таго, што беларуская мадэль кіравання не раз даказала эфектыўнасць на практыцы. Дык навошта ламаць тое, што добра працавала?" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў няпростых грамадска-палітычных і эканамічных сітуацыях сістэма дзяржкіравання дапамагала адвесці краіну ад краю прорвы. "Таму аб яе кардынальным зломе з самага пачатку не магло быць  размовы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Беларусь як была, так і застаецца рэспублікай з моцнай дзяржаўнай уладай. У Кіраўніка дзяржавы будзе дастаткова магчымасцей для рэалізацыі паўнамоцтваў палітычнага лідара краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым іншыя інстытуты ўлады павінны больш смела і самастойна выконваць свае функцыі, лічыць беларускі лідар: "Урад - забяспечваць развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы, навукі, культуры, адукацыі. Рэгуляваць знешнегандлёвую дзейнасць. Словам, эканоміка, фінансы - гэта справа ўрада. Выканкамы, асабліва абласцей і Мінска, - актыўна працаваць з людзьмі на месцах. Задзейнічаць на сваім узроўні ўсе магчымыя рэсурсы для вырашэння хвалюючых насельніцтва праблем. Паколькі для таго, каб стварыць працоўныя месцы, адрамантаваць дарогу або добраўпарадкаваць паркоўку, не трэба чакаць даручэнняў зверху".

Парламенту час выходзіць на прынцыпова новы ўзровень работы, упэўнены Прэзідэнт. Там павінны ствараць законы новага пакалення, якія будуць з'яўляцца ключавым прававым інструментам. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў: "Не толькі парламент павінен ствараць законы - законы стварае ў прынцыпе ўвесь народ, як мы стваралі Асноўны Закон. А вось прымаць законы і адказваць за прынятыя законы давядзецца парламенту. Законы, якія павінны ісці ад жыцця і быць зразумелымі радавым грамадзянам, не толькі спецыялістам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё гэта дыктуе новыя патрабаванні да Нацыянальнага сходу, - прадоўжыў Прэзідэнт. - У яго складзе павінна быць больш людзей, якія ўмеюць працаваць з законапраектамі. Трэба будзе не проста іх разглядаць, а самастойна распрацоўваць прававыя рашэнні для вырашэння запатрабаванняў грамадства".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў: "Не толькі парламент павінен ствараць законы - законы стварае ў прынцыпе ўвесь народ, як мы стваралі Асноўны Закон. А вось прымаць законы і адказваць за прынятыя законы давядзецца парламенту. Законы, якія павінны ісці ад жыцця і быць зразумелымі радавым грамадзянам, не толькі спецыялістам".

Асобна ён вылучыў неабходнасць сістэмнага рэгулявання адносін парламента з іншымі структурамі: "Сітуацый, калі прынялі закон, а потым некалькі разоў прыходзілі да Прэзідэнта, каб нешта памяняць ці дапрацаваць, больш быць не павінна. Трэба таксама паступова адыходзіць ад індывідуальных прававых рашэнняў".

"У новай Канстытуцыі мы адмовіліся ад дэкрэтаў, якія прымаў Прэзідэнт. Вызначылі, што ўказы і распараджэнні не павінны супярэчыць законам. Надышоў час. Раней прынятыя акты Прэзідэнта, безумоўна, прадоўжаць дзейнічаць. Але іх трэба перагледзець. Адны - пакінуць, нормы іншых - абавязкова перанесці ў законы, а ад трэціх - адмовіцца. На гэту работу Канстытуцыяй адведзена два гады", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ўжо гаварыў, што, прыняўшы Канстытуцыю, наша жыццё па рэфармаванні заканадаўства не спыніцца. Наадварот, надыходзіць перыяд самай цяжкай, карпатлівай творчай работы. За два гады мы павінны прывесці ўсе заканадаўчыя, законныя і падзаконныя акты пад Канстытуцыю. Нам трэба будзе нанава выбудаваць іерархію нарматыўных прававых актаў. Арганічна ўплесці ў яе рашэнні Усебеларускага народнага сходу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Наданне УНС канстытуцыйнага статусу стала актам гістарычнай справядлівасці. Спрадвеку на беларускай зямлі народнае веча было ў авангардзе прыняцця важнейшых дзяржаўных рашэнняў. У наш час вось ужо больш за чвэрць стагоддзя сход зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, удзельнічае ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў у жыцці краіны. Мы юрыдычна ўзаконілі найстаражытнейшую традыцыю нашай славянскай дэмакратыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

УНС у яго сучасным, цяпер ужо юрыдычным статусе будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве, выступаць страхоўкай ад непрадбачаных выпадкаў. Для гэтага ён надзяляецца шырокім аб'ёмам рэальных уладных паўнамоцтваў - ад зацвярджэння ваеннай дактрыны да прыняцця рашэння аб легітымнасці выбараў. Як вышэйшы орган народаўладдзя ён будзе мець права аб'явіць імпічмент Прэзідэнту, але па загадзя вызначаных законам правілах.

"Па сутнасці, на разгляд Сходу можа быць вынесена любое значнае для дзяржавы пытанне. І заўважу, не толькі па тых напрамках, якія вызначаны ў Канстытуцыі. У законе аб УНС варта прадугледзець і іншыя магчымыя паўнамоцтвы гэтага органа. Таму важна, каб, нягледзячы на свой значны склад - 1200 дэлегатаў, Сход заставаўся мабільным", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент. У ім спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе, адзінства кіравання. Без беспадстаўнай сціпласці яго можна назваць Канстытуцыяй будучыні. Прынятыя канстытуцыйныя папраўкі праз дзесяць дзён уступяць у сілу. Аднак работа на гэтым, як я ўжо сказаў, не завершана. Мы толькі сёння знаходзімся ў пачатку шляху", - заявіў беларускі лідар.

"Мы павінны ўлічыць гатоўнасць грамадства больш актыўна ўключацца ў палітычнае жыццё краіны. Мы бачылі яе з першых дзён збору прапаноў у Канстытуцыю да дня галасавання. Я заклікаю захаваць градус стваральнай ініцыятыўнасці. Гэта сігнал для кіраўнікоў вышэйшых органаў улады, парламентарыяў, дзяржслужачых на месцах да больш адкрытага ўзаемадзеяння з грамадзянамі, працоўнымі калектывамі і грамадскасцю. Як вы разумееце, і час нам не дае магчымасці расслабіцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўсе зацікаўлены ў паспяховым развіцці нашай роднай Беларусі, ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто праявіў грамадзянскую пазіцыю, уносіў прапановы, збіраў і апрацоўваў вялікую колькасць ідэй, якія ішлі ад народа, хто арганізоўваў дыялогавыя пляцоўкі: "Выдатна спрацавалі парламентарыі, СМІ, прафсаюзы, эксперты, якія слушна, даходліва тлумачылі людзям нюансы прапанаваных змяненняў".

"Асаблівая ўдзячнасць дзяржаўным служачым, спецыялістам, якія фарміруюць меркаванне народа. Усіх гэтых людзей, якія і ішлі ў бой, інфармацыйную вайну, трэба заўважыць, трэба іх ведаць і прадставіць да дзяржаўных узнагарод", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў узгодненасць і скаардынаванасць дзеянняў усіх удзельнікаў працэсу падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. "Участковыя і тэрытарыяльныя камісіі пад кіраўніцтвам новага складу ЦВК паспяхова справіліся са сваёй задачай. Атмасфера на выбарчых участках была святочная. Як заўсёды ў нас. Дзякуй усім, хто ў гістарычна важны дзень ствараў гэту атмасферу сваім талентам і творчасцю. Людзі спакойна, упэўнена ішлі галасаваць. Усе адчувалі сябе ў поўнай бяспецы, у тым ліку дзякуючы зладжанай рабоце нашых праваахоўных органаў".

"Гэта сведчыць аб тым, што той перыяд, за які мы так перажывалі і які нечакана абваліўся на нас у жніўні 2020 года, скончыўся. Мы ўступаем у новы перыяд цяжкай творчай працы. І вынікі гэтага перыяду залежаць будуць толькі ад нас".

"Трэба разумець, што сёння, калі мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным ударам санкцый, правакацый, інфармацыйнага маніпулявання, краіне як ніколі патрэбны вашы разуменне, давер, падтрымка і сабранасць. Формула вядомая. Пяты раз яе паўтару: кожны павінен займацца сваёй справай. Займайцеся сваёй справай! Прэзідэнт - згодна з паўнамоцтвамі, якія яму прадастаўлены, рэалізоўвае іх. А вы на сваім працоўным месцы рэалізоўвайце свае паўнамоцтвы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

"Як толькі мы пачынаем перажываць, посціцца, кідацца з боку ў бок, мы абавязкова ў грамадстве спародзім кашу, агідны бардак. І тады будзе канец нам без усякай вайны", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Як бы ні спрабавалі сёння асобныя сілы, вы іх ведаеце, уцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для непакою. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы прыкрываем сваімі сіламі дзяржаўную граніцу ад Брэста да Мазыра. Беларуская армія ў спецаперацыі ніякага ўдзелу не прымала і прымаць не мае намеру. Проста няма неабходнасці ў гэтым. Акрамя як ад Брэста да Гомеля, у нас ёсць яшчэ заходняя і паўночна-заходняя граніца. І мы яе павінны надзейна прыкрыць. Таму што калі мы там празяваем, народ нам ніколі гэтага не даруе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Нашы хлопцы намертва закрылі граніцу і стаяць ва ўзмоцненых нарадах - нашы дзеці, абараняючы гэту зямлю, а не нейкую, дзе разгортваюцца, акрамя гэтага канфлікту, і паддывановыя баталіі, і войны, што падштурхоўваюцца пэўнымі сіламі, і вы іх добра ведаеце. Яны ўсе цяпер крычаць аб спыненні вайны ва Украіне. Гэта публічна", - заявіў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу: тым, хто спрабуе ўцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, не патрэбны там мір. "Ім трэба там вайна, і чым даўжэй, тым лепш. Для таго каб утапіць Расію ў гэтай вайне, а заадно і нас. І каб Украіна нават не варухнулася. Гэта ім трэба. Усё астатняе, заявы... Гэта проста балбатня, гэта звон для тых, хто не разумее. Мы ж гэта цудоўна разумеем. І мы не збіраемся не проста падстаўляцца пад іх хацелкі або жаданні, мы проста разумеем, што нам трэба, як нам жыць і працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Біцца, змагацца і паміраць мы будзем на нашай зямлі. Калі давядзецца, не дай бог", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ведаю, што такое нашы дзеці. Таму ў мяне няма ніякай неабходнасці і жадання пасылаць іх кудысьці на нейкую вайну. Тым больш, яшчэ раз паўтараю, куды нас зусім не клічуць і не просяць. Мы павінны абараніць сваю зямлю, сваю дзяржаву. І гэта будзе нашым укладам у бяспеку нашага кантынента. А можа, сёння і планеты ў цэлым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"І не думайце, што цяперашняя гібрыдная вайна, якая даўно развязана і ідзе супраць Беларусі, гэта значна лягчэй, чым увязацца ў нейкі канфлікт ва Украіне. Канфлікт ва Украіне сёння пачаўся, заўтра закончыцца, якім бы цяжкім ён ні быў. А вось тая гібрыдная вайна, якая разгорнута супраць Беларусі, асабліва санкцыйная ў эканоміцы і фінансах, - гэта надоўга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ўчапіліся ў нас жалезабетонна. Пра што мы сёння дзве гадзіны з Прэзідэнтам Пуціным гаварылі. Яны ўчапіліся і не адпусцяць да той пары, пакуль, як ім здаецца, з намі не разбяруцца. Вы ж зразумейце. Яны нас штурхаюць у вайну ва Украіне. Калі б толькі мы ўмяшаліся цяпер у гэты канфлікт, дзе нас не чакаюць, - гэта быў бы для іх падарунак".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў час яго апошняй тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным размова ішла ў тым ліку пра кантакты расійскага Прэзідэнта з заходнімі лідарамі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яны выказвалі занепакоенасць цеснымі ваеннымі сувязямі Беларусі з Расіяй. "Аб чым гэта сведчыць? Яны нас намертва прышпілілі да Расіі. Ім трэба паваліць гэту краіну, магутную ў ваенных адносінах. Але няўжо вы наіўныя людзі і не разумееце: калі толькі рухне Расія, наступнымі будзем мы. І нават не наступнымі: разам туды пойдзем", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Таму сёння сітуацыя настолькі напружаная і мы ідзём па такім тонкім лёдзе: калі толькі няправільны крок улева, управа - мы правалімся ў гэту прорву", - падкрэсліў беларускі лідар.

На заканчэнне Прэзідэнт рэзюмаваў: "Не мае значэння - займаем мы высокую пасаду, вырошчваем хлеб, пішам карціны або робім навуковыя адкрыцці, сучасны свет прымушае кожнага актыўней уключацца ў палітычнае жыццё і думаць па-дзяржаўнаму. Сёння, калі хочаце, гэта адзіна правільны шлях да захавання свайго суверэннага права жыць і развівацца як нацыя на сваёй гістарычнай зямлі. Гэта права прызначана ахоўваць прынятая намі новая Канстытуцыя Беларусі!"