Пасяджэнне Савета Бяспекі Беларусі

  • 9
  • 8:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 8 лютага пасяджэнне Савета Бяспекі.

"Мы падыходзім да лагічнага завяршэння працэсу канстытуцыйнай рэформы. Вельмі важна, што ён пачаўся не ў кабінетах, а ў працоўных калектывах, на дыялогавых пляцоўках у рэгіёнах. Практычна ўсе ідэі і прапановы, якія там абмяркоўваліся, ляглі ў аснову змяненняў у Асноўны Закон. На сённяшні дзень яны развіты, дапоўнены і дапрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй, рабочай групай, прафесійнымі юрыстамі, правазнаўцамі, прайшлі шырокае абмеркаванне ў грамадстве", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што рэферэндум як форма народнага волевыяўлення ў гісторыі суверэннай, незалежнай Беларусі тройчы адыграў лёсавызначальную ролю.

"Сёння надышоў час узмацніць Асноўны Закон палажэннямі, якія будуць забяспечваць развіццё Беларусі ва ўмовах новых выклікаў і пагроз нашай дзяржаўнасці А тое, што яны будуць, ніхто ў гэтай зале, ды і за яе межамі не сумняваецца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, новыя небяспекі будуць узнікаць пастаянна, і апошнія падзеі ў Казахстане - непасрэднае таму пацвярджэнне. "Калі сказаць літаральна - чарговы сігнал трывогі для нас, для Расіі, іншых краін постсавецкай прасторы. Ды і не толькі для іх", - заўважыў беларускі лідар.

"На маючым адбыцца рэферэндуме, я ўпэўнены, народ зробіць правільны выбар, абдуманы і мудры. Гэта будзе вырашаць народ. Усё, што мы маглі зрабіць (і яшчэ ў нас час ёсць), мы зрабілі. Мы данеслі народу сутнасць і аддалі лёс краіны ў рукі беларускага народа. Няхай прымае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.

"Але пытанне не ў гэтым. У тым, што гэты выбар ужо не падабаецца Захаду. Вы ведаеце, што заўсёды і ўсе рэферэндумы і якія б там ні былі выбары не ўспрымаліся там яшчэ да пачатку іх правядзення. Успомніце мінулыя часы: мы яшчэ не пачалі кампанію якую-небудзь, яны яе перакрэслілі ўжо. Ім усё не падабалася. Гэтак жа будзе і цяпер, не стане выключэннем маючая адбыцца кампанія", - сказаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў: націск на Беларусь па самых розных напрамках не спыняецца і не спыніцца. "Разумею. Планавалі каляровую рэвалюцыю ў цэнтры Еўропы, а атрымалі няўдалы мяцеж. Амерыканцы (і аўтарытэтныя там) эксперты і палітолагі назвалі яго "няўдалай спробай неканстытуцыйнага перавароту". А грошы ў гэту "няўдалую спробу" ўкладзены велізарныя. Па нашых толькі падліках (тое, што мы маглі прасачыць) - больш за $6 млрд. Для Беларусі гэта завоблачная цана, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тыя, хто іх не адпрацаваў, паспрабуюць зноў узбударажыць людзей. Дарэчы, што яны і робяць".

"Учора чарговы фэйк, што нібыта расійскі Урад прыняў рашэнне ледзь ці не накіраваць нашых ваенных у Сірыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што па цяперашніх законах гэта немагчыма без Прэзідэнта. Але я нікога туды не пасылаў. Адзінае, аб чым ішла размова, даўно-даўно яна ідзе, сірыйскі кіраўнік, Урад Сірыі папрасілі нас урачамі дапамагчы. Я гавару: добра, калі нехта захоча паехаць з нашых урачоў, перш за ўсё ваенных, яны паедуць. Але не цяпер. Таму што ў нас сваіх цяпер праблем шмат. Яшчэ гэта пандэмія так званая не скончылася, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Грып у Качанавай і Кухарава (упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. - Заўвага), бушуе ў Мінску злева направа. Таму ў гэтай сітуацыі мы нават урачамі не можам дапамагчы сірыйцам. Хоць там ужо актыўных баявых дзеянняў не вядзецца, але тым не менш".

"Не, мы туды (размова пра фэйкі, якія з'явіліся. - Заўвага) вось ваенных адправім ваяваць... Нам там рабіць няма чаго. Яшчэ раз падкрэсліваю: патрэбны будуць урачы - дапаможам. Выключна на добраахвотных асновах. Толькі пасля таго, калі ў нас спадзе напружанне ў сваіх бальніцах. Не, пачынаюць раскручваць: "Урад Расіі прыняў рашэнне". З Урадам Расіі ішла размова, калі мы будзем кагосьці туды пасылаць, каб Расія нас падтрымала. Калі які-небудзь шпіталь, пажадана, каб мы з расіянамі працавалі, у іх вялікі вопыт. Вось і ўсё пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Да рэферэндуму нам будуць падкідваць усялякую здыхляціну. Па кожным з вас будуць малаціць. Мяне ўжо адмалацілі. Ужо, напэўна, жывога месца не засталося. А вось кожнага з вас. Ведаю, што Андрэя Шведа (Генеральны пракурор Беларусі. - Заўвага) пачалі паласкаць. Гэта яшчэ не ўсё. Рыхтуйся, адкапаюць яшчэ тое, што ты не ведаеш: прапрадзядуль тваіх, бабуль. Яшчэ выявяць, што ты з Амерыкі прыехаў", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы гэта вельмі добра ведаем. Таму вы менш на гэта глядзіце. Глядзіце наперад. У нас ёсць пэўная мэта - мы павінны да яе прыйсці", - дадаў беларускі лідар.

"Будуць націскаць на прадпрыемствы, працоўныя калектывы, на работнікаў сістэмы адукацыі, аховы здароўя. Галоўны рэсурс - сацыяльныя сеткі і мэсэнджары", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, цяпер асноўнае вастрыё нацэлілі супраць членаў участковых і іншых камісій. "Мы дамаўляліся, што гэтых людзей трэба ўсяляк абараніць. І такую каманду праваахоўныя органы атрымалі. Нядаўна наш Міністр унутраных спраў аб гэтым гаварыў. Няхай нават не перажываюць тыя, хто сёння займаюцца дзяржаўнымі справамі. У нас сёння не тая сітуацыя, што была ў 2020 годзе, і кожнага мы зможам абараніць. Гэта - наш святы абавязак. Не дай бог, яны дакрануцца хоць да аднаго чалавека. Вы ведаеце, што будзе", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што не выключаны правакацыі з мэтай падставіць краіну пад дадатковыя санкцыі або нават шантаж ваеннымі сродкамі. "Ён пачаўся ўжо - верталёты, беспілотнікі, расстрэл знакаў пагранічных, перасячэнне нашай граніцы, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Заяўленае раней часовае прыбыццё ў Еўропу натаўскіх войскаў стала пастаяннай прысутнасцю. Нават нарошчваецца гэты кантынгент".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтых умовах галоўным сродкам забеспячэння стабільнасці і далейшага развіцця краіны з'яўляюцца перш за ўсё асабістая адказнасць кожнага чалавека за лёс дзяржавы і калектыўны імунітэт да маніпулявання грамадскай свядомасцю.

"Безумоўна, вертыкалі ўлады, эканамічнаму блоку, праваахоўным органам неабходна прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі і спакойнага жыцця людзей у будучы перыяд", - дадаў Прэзідэнт.

У час пасяджэння прагучала прапанова ўвесці ў крымінальны працэс "завочнае" вядзенне па крымінальных справах у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.

"Тых, хто ўчыніў або ўчыняе асабліва небяспечныя злачынствы, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам", - сказаў Прэзідэнт.

Такія падыходы, паводле яго слоў, даўно практыкуюцца ў многіх краінах, у тым ліку еўрапейскіх.

"Не думаю, што новаўвядзенне закране нейкую значную колькасць нашых грамадзян. Відаць, гэта адзінкі з ліку так званых збеглых. Яны, на жаль, ёсць. Будзе над чым падумаць тым, хто мае намер нашкодзіць краіне, людзям, эканоміцы, а потым "схавацца" за мяжой", - падкрэсліў беларускі лідар.