Нарада па пытаннях удасканалення зямельных адносін

  • 21
  • 10:58

Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй ляжаць у аснове стабільнасці ў грамадстве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення зямельных адносін.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зямельныя адносіны - гэта адно з найважнейшых пытанняў у жыцці любой краіны. "Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй - гэта фундамент стабільнасці ў грамадстве. Менавіта з-за яе ў свеце пачыналася большасць войнаў і канфліктаў. А тэрытарыяльныя прэтэнзіі лічацца самымі складанымі і балючымі як у міждзяржаўных, так і ў лакальных, нават прыватных пытаннях", - сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што адміністраванне зямельных адносін - не проста збор нарматыўных правіл. Паводле яго слоў, заканадаўства ў гэтай сферы - гэта сціслы шматвяковы вопыт і нават традыцыі выкарыстання зямлі на канкрэтнай тэрыторыі канкрэтным народам. "Беражлівае стаўленне да зямлі закладзена глыбока ў менталітэце людзей, у іх гістарычнай памяці, культуры, традыцыях продкаў. І павінен сказаць, што ўсе народы, калі браць крытэрый зямельных адносін, вельмі падобныя адзін да аднаго - усе яны шануюць зямлю, на якой жывуць, і гатовы за яе змагацца нават у крайніх формах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як на заранку незалежнасці ў Беларусі быў выбраны шлях разумнага і эвалюцыйнага развіцця зямельных адносін: "Мы не маглі дазволіць абрабаваць народ - дапусціць, каб зямля па-варварску дзялілася і пераразмяркоўвалася сярод тых, хто мае да яе доступ. Паступовасць і паслядоўнасць застаюцца краевугольнымі камянямі нашай палітыкі. Апошнія гады даказалі, што гэтыя падыходы ў поўнай меры адпавядаюць запатрабаванням нашага насельніцтва", - заявіў беларускі лідар.

Тым больш, звярнуў увагу ён, для большасці простых грамадзян зямельнае заканадаўства па сваёй адчувальнасці супастаўнае з канстытуцыйнымі палажэннямі, таму што датычыцца асабіста іх. "Менавіта дзякуючы высокай культуры землекарыстання мы дасягнулі поспехаў у сельскай гаспадарцы і спакойна забяспечваем сваю харчовую бяспеку. Больш як 40% нашай тэрыторыі пакрыта лясамі, і на гэтай аднаўляльнай аснове мы паступова развіваем лесаперапрацоўчую прамысловасць", - адзначыў Прэзідэнт.

"Урад лічыць, што наспела неабходнасць сур'ёзнай карэкціроўкі дзеючага заканадаўства, і ўнёс свае прапановы ў выглядзе праекта Указа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка абазначыў на нарадзе шэраг прынцыповых пытанняў, перш чым прыняць тое ці іншае рашэнне.

Першае, што цікавіць Прэзідэнта, у чым канкрэтна заключаецца неабходнасць удасканалення існуючых у Беларусі зямельных адносін. "Што трэба яшчэ дадаць, каб было лепш? І, як заўсёды, я задаю пытанне: да часу гэтыя новаўвядзенні, якія прапануюцца, ці патрэбны яны наогул і каму патрэбны? - паставіў пытанне беларускі лідар. - Звярніце ўвагу: сялянам, людзям, якія гістарычна жылі на гэтых землях, або камусьці, хто прыхапіў тут, прыкупіў па невысокіх цэнах (цана на зямлю цяпер расце) кавалачкі каля Мінска, унутры кальцавой дарогі і сёння хоча, як вы пішаце, свабодна распараджацца гэтай зямлёй?"

Паводле слоў Прэзідэнта, у тым ліку размова ідзе аб тым, каб перадаць шэраг істотных паўнамоцтваў Кіраўніка дзяржавы на ўзровень ніжэй. Так, для будаўніцтва прыватных дамоў прапануецца дазволіць выдзяляць участкі плошчай да 1 гектара. "Хацелася б, каб губернатары ўключыліся і сказалі: у нас дастаткова зямельных рэсурсаў, каб, не знішчаючы лясы, надзяліць жадаючых аж да аднаго гектара. Па-мойму, мы сёння і па 6-10 сотак не можам забяспечыць жадаючых (там, дзе яны хочуць, прынамсі). Таму хацелася б пачуць адказ на гэта пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод прапанаваных навацый і пашырэнне магчымасцей па ўзаконьванні самавольна занятых участкаў, змяненні мэтавага прызначэння ўчастка да завяршэння будаўніцтва. У гэтай частцы Прэзідэнт таксама паставіў шэраг пытанняў, бо цяпер узаконіць самавольна занятыя ўчасткі практычна немагчыма. Альбо можа ўзнікнуць сітуацыя, калі чалавек бярэ зямлю для будаўніцтва дома і займання сельскай гаспадаркай, а потым захацеў выкарыстоўваць гэты ўчастак зусім пад іншыя мэты. "Ну тады чым ты ўчора думаў, калі прасіў гэту зямлю?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Савет Міністраў лічыць, што надышоў час дазволіць свабоднае распараджэнне ўчасткамі, атрыманымі ў тым ліку на льготных умовах. "Як я ў пачатку сказаў: каму выгадныя вось такія навацыі і змяненні? Я пакуль нічога не абвяргаю. Я задаю пытанні. Прытым у такой больш жорсткай форме", - сказаў Прэзідэнт.

Як дакладваюць Кіраўніку дзяржавы, адназначнай думкі па праекце Указа пакуль няма. Ёсць сур'ёзныя апасенні, што яго палажэнні створаць пралазы для злоўжыванняў, спекуляцый і проста несправядлівага гандлю зямлёй. "Ці не атрымаецца, што мы адкрыем магчымасці для тых, хто назапасіў капітал рознымі шляхамі і спосабамі і цяпер  выкупіць самыя лепшыя землі краіны, а большасць грамадзян акажуцца ў баку? Тыя, хто сапраўды на зямлі заўсёды быў. Ці сапраўды праект Указа вырашае праблемы, якія хвалююць большую частку беларусаў?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, калі даюць магчымасць памеры ўчастка, то можна дазволіць будаваць там другі жылы дом: "Такіх выпадкаў было нямала. І ў Брэсцкай вобласці, я памятаю, мы прымалі рашэнні. Калі жывуць бацькі, у яго паўгектара, сын хоча нешта там пабудаваць - немагчыма. Давялося прымаць падобныя рашэнні. Вось тут пытанне ёсць. Гэта пытанне трэба вырашаць. Калі дастаткова зямельнага ўчастка, бацькі жывуць і сын ці дачка хоча пабудаваць дом або прыбудову нейкую зрабіць. Магчыма. Гэта яго ўчастак".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яго патрабаванне было не ў тым, каб пад Мінскам выраслі новыя гарады і ўтварылася мегаагламерацыя з насельніцтвам пад трэць дзяржавы: "Я даручаў прадумаць стымулюючыя механізмы, каб разгрупаваць людзей па краіне, - падкрэсліў ён. - Можа, недзе пад Смаленскам (размова аб тэрыторыі Беларусі паблізу граніцы з Расіяй недалёка ад горада Смаленска. - Заўвага) і трэба танна  прадаць участак і бясплатна перадаць. І такіх зямель у нас дастаткова".

"У нас дастаткова такіх вось вёсачак далёкіх, хутароў і проста прыгожых месцаў за 150-200 кіламетраў ад буйных гарадоў, якія асвойваліся і асвойваюцца людзьмі. І яны мелі там свой куток, прыводзілі яго ў парадак, былі гаспадарамі на ўласнай зямлі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне ўжо ёсць паспяховы вопыт развіцця пасёлкаў гарадскога тыпу і тэрыторый вакол іх, і там ёсць шмат участкаў, якія можна аддаць людзям. "Вось для нас што сёння важна. Гэта ўсё размеркаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Больш таго, участкі, якія можна было б уключыць у абарот, ёсць і ў непасрэднай блізкасці ад Мінска, калі па-гаспадарску падысці да пытання. Часам такія ўчасткі менш зручныя для будаўніцтва і патрабуюць дадатковых укладанняў. "А ў нас што, мала багатых людзей? Толькі прапануй і пакажы. Ён прыйдзе, купіць і яшчэ ў два разы даражэй заплаціць, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму трэба размеркаваць і заняць участкі зямель, якія сёння не ўключаны ў абарот, дзе ёсць пад'езд, дарога. Нават да самага маленькага хутара хоць нейкая палявая дарога ёсць. А што туды падведзена электрычнасць - 100%. Таму што там жылі людзі. Там проста для таго, каб паслухаць цішыню і падыхаць свежым паветрам, любы багаты чалавек можа купіць гэты хутарок".

Другая задача, якая ставілася Прэзідэнтам, - гэта спрашчэнне тых працэдур, дзе практыка жыцця паказала, што ад іх можна адмовіцца, альбо дзе адміністрацыйныя бар'еры і бюракратыя сталі празмернымі. Напрыклад, як нядаўна было прынята рашэнне ў частцы продажу пустуючых дамоў у вёсцы.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сфера зямельных адносін і магчымыя змяненні ў гэтай галіне - гэта не простая тэма. "Калі мы не з таго боку за яе возьмемся, атрымаем такую аплявуху ад народа… І заслужаную, - заўважыў ён. - Я проста канцэнтрую пытанні, праблемы. Таму што сур'ёзнае пытанне, і мне прымаць рашэнне".

"Наш прынцып - падыходзіць да ўсіх змяненняў узважана. Прадастаўленне зямельных участкаў павінна не столькі прыносіць дзяржаве эканамічную выгаду, колькі адпавядаць чаканням насельніцтва і рэальна вырашаць яго праблемы. Зямля - нацыянальны здабытак і важнейшы рэсурс. Нам трэба не толькі выкарыстоўваць яе рацыянальна, але і захаваць для будучых пакаленняў. Таму землі сельгаспрызначэння і ляснога прызначэння знаходзяцца і будуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як расказаў па выніках нарады першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў навацыі ў сферы зямельных адносін, але даручыў шэраг з іх дапрацаваць і ўнесці папраўкі ў заканадаўства не Указам Прэзідэнта, а шляхам паправак у Зямельны кодэкс.

"Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да абмеркавання асноўных навацый Указа, каб выканаць мэтавую задачу, пастаўленую Прэзідэнтам перад Урадам у рамках нарады, - усе прапановы павінны на 100% адпавядаць чаканням людзей і яны павінны быць запатрабаваны простым чалавекам. Ні ў якім разе не дазваляць спекуляцый з зямельнымі ўчасткамі, - падкрэсліў ён. - Верагодней за ўсё, мы яшчэ раз уважліва павывучаем, экстрапаліруем гэтыя нормы на рэальную сітуацыю ў раёнах з тым, каб забяспечыць даручэнні Прэзідэнта аб тым, што гэта сапраўды павінна быць чакана людзьмі, станоўча ўспрынята. Верагодней за ўсё, гэта будзе імплементавана ў Зямельны кодэкс".

На нарадзе была агучана прапанова Урада пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады па вырашэнні зямельных пытанняў, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў. Але Прэзідэнт адзначыў, што і на гэтых тэрыторыях трэба пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады.

Наконт прапановы павялічыць з 25 сотак да 1 га памер участка ў сельскіх населеных пунктах для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне пайсці яшчэ далей і пры неабходнасці выдзеляць і больш за 1 га.

Акрамя таго, Урад прапанаваў дакладна размежаваць "самавольнае заняцце зямельнага ўчастка" (гэта значыць фактычна яго захоп) і невыкананне межаў выдзеленага зямельнага ўчастка. У другім выпадку прапаноўвалася ўзаконіць фактычна выкарыстоўваемы ўчастак, калі парушэнні складаюць да 10% ад існуючай тэрыторыі. Аднак Прэзідэнт прапанаваў не абмяжоўвацца 10%, а зыходзіць з сітуацыі і пакінуць гэта пытанне на меркаванне мясцовых органаў улады, калі, вядома, не парушаны ў цэлым горадабудаўнічыя нормы і не закрануты межы чужога ўчастка.