Нарада па ўдасканаленні структуры сістэмы МНС Беларусі
- 9
- 5:36
Удасканаленне структуры сістэмы МНС абмяркоўвалася 7 лютага на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
"Раней мы з вамі дамаўляліся (па-мойму, у мінулым годзе) аб тым, што структура МНС па вертыкалі мае патрэбу ў рэфармаванні. Я сказаў бы, удасканаленні. Як і любая іншая структура. У гэтым плане нічога новага. Спыніцца мы проста не можам. Жыццё не спыніш, - сказаў Прэзідэнт. - Тады прапановы Міністра, якія прагучалі, я даручыў Ураду і ў дзяржсакратарыяце прапрацаваць. Таму тэма сённяшнай нашай нарады ў вузкім складзе - да чаго прыйшлі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што павінна быць істотная мадэрнізацыя. "А не тое, што мы там клетачкі начэрцім: гэтага чалавека туды, гэтага - сюды, - адзначыў ён. - Мы дамаўляліся, што створым міжведамасную групу. Да чаго прыйшлі?"
Адна з тэм нарады - узбраенне часткі супрацоўнікаў МНС, каб у выпадку канфлікту або ваенных дзеянняў іх маглі задзейнічаць у ваенных мэтах нараўне з арміяй і яны ў поўным сэнсе слова былі часткай сілавога блока.
"Супрацоўнікі МНС - хлопцы моцныя. І не толькі хлопцы. У мяне яны выклікаюць вельмі сур'ёзную павагу. Вось дзе б МНС ні было, яны адны з лепшых, калі не лепшыя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў парад, дзе супрацоўнікі МНС паказалі выпраўку не горш за ваенных. Яны таксама заўсёды ў лідарах па пажарна-выратавальным спорце, чэмпіёны свету.
"Гэта імідж МНС. Я хілю да таго, што ўсе супрацоўнікі МНС, асабліва пры цяперашнім Міністры, хочуць быць сілавым блокам. Сілавікі. Мы так іх і лічым. Але для таго каб быць сілавіком, трэба вельмі добра валодаць зброяй. Маё распараджэнне было, каб мы вызначылі ў МНС, якую частку мы будзем узбройваць: хто гэтыя хлопцы, дзяўчаты, якія там служаць, якія будуць насіць агнястрэльную зброю і будуць падрыхтаванымі выключна так, як, я сказаў, яны сябе ўсюды праяўлялі. Хацелася б пачуць, наколькі мы рушылі наперад у гэтым плане, каб МНС стала сілавым блокам па-сапраўднаму, колькі людзей у нас будзе валодаць зброяй не горш, чым у арміі і міліцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта важнейшы элемент: "Не можам мы ў краіне кампактнай, невялікай мець колькасць пастаянна дзеючых Узброеных Сіл 200-300 тыс. Мы дамовіліся, што колькасць нашых Узброеных Сіл, арміі нашай - 65 тыс. На гэтым спыніліся. Але калі адбудзецца нейкі канфлікт, не дай бог вайна, у нас што, у МНС моцныя надзейныя супрацоўнікі будуць убаку? Не. Яны не толькі пажар будуць тушыць".
Такім чынам, з аднаго боку, супрацоўнікі МНС будуць ратавальнікамі. І другая функцыя - як узброеных людзей, якія, паводле слоў Прэзідэнта, у выпадку моманту ў час Ч устануць на абарону Радзімы. "А для гэтага трэба валодаць зброяй. Якой? Пісталеты, аўтаматы, кулямёты, гранатамёты, або мы іх будзем узбройваць яшчэ і нейкай тэхнікай? Думаю, так. І гэты актыў будзе, сур'ёзны актыў, і падмога для нашай арміі на выпадак, калі раптам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў меркаванне, што і ў мірны час, мадэрнізуючы МНС, знойдзецца для іх работа як для ўзброеных людзей. "Гэта вельмі важна пры рэфармаванні. А не тое, што мы там клетачкі начэрцім: гэтага чалавека туды, гэтага - сюды. Гэта само сабой, але павінна быць істотная мадэрнізацыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Разумна, з галавой трэба падыходзіць да рэфармавання. Не тое што зняць нейкія функцыі і павязаць па руках і нагах міністэрства, якое не зможа выконваць абавязацельствы. Знімаць трэба тыя функцыі, якія сябе зжылі і якія нам не патрэбны. Каб людзі на іх не крыўдзіліся, што яны куды трэба і куды не трэба ходзяць, а пажараў менш не стала. І па іншых напрамках", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, у гэтай частцы трэба паглядзець, якая эфектыўнасць усёй мадэрнізацыі. "Ну і быў шэраг даручэнняў і пытанняў пры назначэнні. Яны прагучалі. Што зроблена па тых маіх даручэннях? - пацікавіўся беларускі лідар. - Як Вы там асвоіліся, Вадзім Іванавіч (кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі. - Заўвага), ці прынялі Вас эмчаэснікі, ці няма нейкай рэўнасці, крыўды і іншага, што мы назначылі туды чалавека, вядома ж, вопытнага, дасведчанага і моцнага, але з іншай структуры (да назначэння ў МНС Вадзім Сіняўскі працаваў на пасадзе начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама. - Заўвага). Думаю, гэта добры вопыт. І калі ў нас атрымаецца, мы будзем практыкаваць і па іншых напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Вадзім Сіняўскі, у 2021 годзе па даручэнні Прэзідэнта рэалізаваны мерапрыемствы па рэфармаванні структуры, сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. "Зацверджаны новы штатны расклад цэнтральнага апарату МНС. Выконваецца комплекс адпаведных арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў. Праведзены пазапланавая атэстацыя работнікаў і іх назначэнне на пасады. Сумленна скажу, частку людзей мы знялі", - сказаў Міністр.
"Тыя, якія не могуць працаваць, яны і не павінны там працаваць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Так точна", - адказаў кіраўнік МНС.