Нарада па асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці
- 9
- 7:54
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня правёў нараду па асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці.
Для абмеркавання на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы быў вынесены шэраг актуальных прававых пытанняў, якія, як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, узніклі ў тым ліку са зваротаў грамадзян да Прэзідэнта. Адным з такіх важных пытанняў стала плануемае аб’яўленне амністыі. "У гэтым годзе мы адзначым 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І калі мы прымем станоўчае рашэнне, то з улікам асаблівасці даты амністыя павінна мець адметнасці. Трэба будзе больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных. Трэба падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна".
Прэзідэнт звярнуўся да Міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з пытаннем, як ён бачыць гэту тэму.
"Зразумела, што ў парламенце законапраект таксама абмяркуюць, прааналізуюць з усіх бакоў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш працаваць давядзецца новаму складу - людзям са свежым поглядам, ідэямі. Але трэба ўлічваць і крымінагенную сітуацыю ў грамадстве. Звярніце ўвагу на недахопы папярэдніх амністый, каб іх не паўтарыць".
"Мы няўхільна паўтараем: дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх інстытутаў павінна будавацца на прынцыпе справядлівасці. Гэта датычыцца і крымінальнай палітыкі. Справядлівасць павінна пранізваць увесь крымінальны закон і практыку яго прымянення", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Але ці так ідуць справы на самай справе, пацікавіўся Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што крымінагенная абстаноўка ў краіне нармальная і няма ніякіх надзвычайных сітуацый. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў абстаноўку ў Беларусі ў перыяд навагодніх свят. Як вядома, напярэдадні Новага года кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады кіраўнікоў сілавога блока, і, як растлумачыў Прэзідэнт, зрабіў ён гэта наўмысна: "Адзін сігнал у грамадства, што Прэзідэнт заслухаў усіх, і міністры мне паабяцалі, асабліва Міністр унутраных спраў, што будзе поўны парадак у краіне, - так і атрымалася. Усяго дзевяць правапарушэнняў і ніводнага цяжкага".
"Гэта значыць, людзі чуюць, людзі разумеюць. Проста нам трэба належным чынам займацца практычнай прафілактыкай. Не проста паклікаць чалавека і пальцам каля носа патрэсці, папярэдзіць яго, а (займацца. - Заўвага) практычнай прафілактыкай, каб людзі разумелі, што любое злачынства, правапарушэнне непазбежна вядзе да адпаведнага пакарання", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па яго даручэнні Адміністрацыяй Прэзідэнта прааналізаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса і іх прымяненне. "Узнікаюць пытанні ў сувязі з гэтым, паглядзець на працэс, каго мы затрымліваем? Каго асуджаем? Ці адпавядаюць назначаныя меры пакарання цяжкасці злачынстваў і той небяспецы, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства?" - абазначыў актуальныя пытанні Аляксандр Лукашэнка.
"Канкрэтна, па-народнаму скажу: трэба быць больш асцярожнымі пры вынясенні пакаранняў, асабліва ў судзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Для беларуса само з'яўленне ў судзе - гэта ўжо цяжкае пакаранне перад грамадствам, для большасці беларусаў. Таму трэба вельмі акуратна да гэтага падыходзіць - прыцягнення праз судовыя органы да адказнасці".
"Павінен сказаць, што з 40 з лішнім тысяч месцаў, якія мы маем, паводле вашай інфармацыі, у адпаведных месцах, запоўнена толькі палова, і ўвесь час гэты працэнт змяншаецца. Гэта добрая тэндэнцыя", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, трэба ўважліва паглядзець на тое, якія справы і ў адносінах да каго даходзяць да разгляду ў судзе, і ў гэтым плане перагледзець заканадаўства. "У нас, думаю, наперадзе вельмі вялікая работа ў гэтым плане. Трэба пералапачваць Крымінальны, магчыма, нават і іншыя кодэксы. Тым больш што сітуацыя ў краіне характарызуецца нармальна ў плане правапарушэнняў. Таму трэба на гэта ісці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час трэба звяртаць больш увагі на занятасць насельніцтва, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Калі нават мы ідзём на амністыю, памілавалі чалавека, ён абавязкова павінен працаваць, ён абавязкова павінен працаўладкавацца", - абазначыў важнае патрабаванне Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў ролю органаў улады на месцах у частцы таго, каб гэта патрабаванне няўхільна выконвалася. "Гэта работа, якую часам адпаведныя органы рабіць не хочуць, а трэба. У нас нямала людзей непрацуючых. А некаторыя стогнуць, што ім два дзясяткі людзей на прадпрыемстве не хапае", - заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што на ўзроўні дзяржавы не раз абмяркоўваліся і прымаліся рашэнні па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Аднак у некаторых рэгіёнах застаюцца праблемныя пытанні. "Але воз і цяпер там на асобных тэрыторыях", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да абмеркавання пытанняў занятасці і працаўладкавання насельніцтва трэба вярнуцца і яшчэ раз сур'ёзна прааналізаваць існуючыя праблемы.
"Я хачу, каб мяне пачулі адпаведныя кіраўнікі раёнаў і гарадоў (яны дакладна там ведаюць, хто ў іх працуе, а хто не). Калі людзі будуць занятыя, у нас яшчэ на парадак менш будзе злачынстваў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да асноўнай тэмы нарады, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць улічваць асобу абвінавачаных пры вынясенні рашэння аб пакаранні. "Злачынцы ж розныя. Адны мацёрыя, закаранелыя рэцыдывісты, іншыя - выпадкова памыліліся. Пытанне: ці ўлічвалі мы гэта ў правапрымяненні? Ці заўсёды Крымінальны кодэкс дае вам магчымасць індывідуалізаваць пакаранне?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў мерапрыемства, і перш за ўсё прадстаўнікоў судовай сістэмы.
"Ведаю, што меркаванні ў прысутных тут кіраўнікоў праваахоўных і судовых органаў разыходзяцца. Ну і добра. Ёсць што абмяркоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.