Нарада аб асноўных напрамках работы па ўдасканаленні якасці ў 2024 годзе і Знаку якасці Рэспублікі Беларусь
- 19
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня сабраў у Палацы Незалежнасці нараду аб асноўных напрамках работы па ўдасканаленні якасці ў 2024 годзе і Знаку якасці Рэспублікі Беларусь.
Перад нарадай Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся са спецыяльнай выставай "Знак якасці: традыцыя мінулага і сучаснасць". Кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў і ветэраны вытворчасці прадставілі айчынную прадукцыю, якая ў савецкія гады была ўдастоена Знака якасці СССР, а таксама тавары, якія прэтэндуюць на Дзяржаўны знак якасці Беларусі ў 2024 годзе. Спектр экспануемай прадукцыі вельмі шырокі - ад харчовай галіны да машынабудавання.
Напрыклад, аднымі з першых у савецкія часы знак якасці атрымалі машыны МАЗ і МТЗ - грузавы аўтамабіль МАЗ-53352 і трактар Belarus. Цяпер гэтыя прадпрыемствы таксама прапанавалі сваю прадукцыю для абазначэння знакам якасці сучаснай Беларусі. Сярод прэтэндэнтаў і рухавікі Мінскага маторнага завода, тэлевізары "Гарызонт", камбайны "Гомсельмаш", кандытарскія вырабы "Камунаркі", тканіны "Камволя".
Аляксандр Лукашэнка ўважліва агледзеў экспазіцыю, паразмаўляў з кіраўніцтвам Урада і прадстаўленых на выставе прадпрыемстваў. Адзначалася, што пералік прадукцыі, якая можа прэтэндаваць на Дзяржаўны знак якасці, абсалютна не закрыты, але спачатку і цяперашнім, і будучым прэтэндэнтам трэба будзе пацвердзіць, што іх прадукцыя сапраўды вартая такой ацэнкі. Гэта патрабаванне Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў. "БЕЛАЗы, МТЗ, МАЗ і гэтак далей - яны не могуць не мець знака якасці на нейкі свой тавар. Але гэты тавар павінен быць унікальным, ён павінен быць канкурэнтаздольным на міжнародных рынках, - сказаў ён. - Бездакорная павінна быць тэхніка. Мы і правяраць будзем. Проста штампаваць вам знак якасці на кабіну, капот ці на шкло не будзем, інакш мы зняславім краіну".
У час нарады Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці фармалізму і разгільдзяйства.
"Я ўжо ўчора гаварыў пры назначэнні асобных дзяржаўных служачых, што гэты год у нас будзе асаблівым. Зразумела, што напружанне будзе неймавернае: да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рыхтуюцца ўсе - і на Усходзе, і на Захадзе. Мэты розныя. Вы людзі дасведчаныя, таксама гэта разумееце. Але мы павінны перасягнуць сябе. Каб гэта зрабіць, не павінна быць фармалізму і разгільдзяйства. Пры ўсім тым станоўчым, што ў нас ёсць і што не адбярэш у нас, разгільдзяйства і фармалізму (нешта для птушачкі правялі, адзначылі - усё добра) быць не павінна. І не будзе, гэта я вам абяцаю. Таму настройвайцеся з першых дзён гэтага года на цяжкую працу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Першая наша рабочая нарада ў гэтым годзе на ўзроўні Прэзідэнта датычыцца галоўнай тэмы - Года якасці. Мы вызначылі вельмі амбіцыйную мэту: паставіць кантроль якасці вырабляемых тавараў і паслуг, якасці жыцця краіны на больш высокі ўзровень, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь можа ганарыцца сваімі якаснымі таварамі, але каб быць у трэндзе, каб канкурыраваць з лепшымі сусветнымі ўзорамі, трэба крыху дабавіць, трэба заслужыць гэты знак якасці".
У гэтым імкненні беларусам ёсць ад чаго адштурхоўвацца, падкрэсліў Прэзідэнт. Па-першае, ад традыцый - рэспубліка захавала пераемнасць савецкай эпохі.
"Гэты гістарычны перыяд даў старт нашаму нацыянальнаму развіццю. Цяпер вы разумееце, чаму (як мяне крытыкавалі) я "чапляюся" за той савецкі час: калі б не было таго савецкага часу, не было б самых сучасных і новых узораў. Загубіць усё - прасцей, але на базе чаго мы стваралі б новыя, прагрэсіўныя ўзоры? Гэтай базы не было б. Разумныя людзі захоўваюць і развіваюць усё тое, што назапашана былымі пакаленнямі. Мы гэта зрабілі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што эканоміка БССР была адной з найбольш тэхналагічных і развітых сярод іншых саюзных рэспублік. "Перажыўшы разруху 90-х, нам няпроста было зберагчы створаныя працай савецкіх людзей стандарты якасці, але мы гэта змаглі зрабіць, - заявіў ён. - Людзі ў такі пераплёт трапілі, што дзявацца проста не было куды. Выкарабкаліся. Сёння ствараем самыя сучасныя ўзоры тэхнікі. Але гавару адкрыта: якасці яшчэ не хапае. У спіну дыхаюць нашы канкурэнты. І ўсё, што мы вырабляем у Беларусі, вырабляецца ў дзясятках краін свету".
Па-другое, у Беларусі сфарміраваны імідж пераемніцы лепшых савецкіх дасягненняў. І тое, як беларусы спраўляюцца з сучаснымі выклікамі, дэманструе разумнасць і дальнабачнасць выбару народа, адзначыў Прэзідэнт.
"Па-трэцяе, мы бачым усё большы попыт на каштоўнасці сацыяльнай дзяржавы. І не толькі на постсавецкай прасторы - па ўсім свеце. Вяртанне да гэтых каштоўнасцей - пытанне якасці жыцця людзей: духоўнай сферы, эканамічнага дабрабыту, сацыяльнай справядлівасці. Усё тут узаемазвязана. Таму, калі мы гаворым аб якасці і што рабіць, нечага чакаем (праграма, зразумела, будзе), чакаць нічога не трэба. Калі хтосьці не ведае, з чаго пачаць, пачынайце з сябе: своечасова прыходзьце на сваю работу і выконвайце сваю справу вельмі якасна. Тут кожны ведае, як гэта рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Спіс удзельнікаў нарады даволі шырокі, на парадку дня былі два пытанні. Урад падрыхтаваў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці.
"Прахадных, для птушачкі мерапрыемстваў у гэтым годзе не будзе. І не толькі ў гэтым годзе. Мы прыйшлі да такой сітуацыі, калі трэба ўзнімацца на прыступку вышэй, а можа, і на дзве. Па-першае, на нас націскаюць з усіх бакоў, лягчэй не будзе, гэта аб'ектыўна. А па-другое, нельга спыніцца. Калі спынімся, пачнецца загніванне, як у гісторыі нашай дзяржавы часта бывала (і не толькі нашай). Таму ніякіх мерапрыемстваў для паказухі не павінна быць", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе запланаваныя мерапрыемствы павінны прывесці да канкрэтных вынікаў. "План павінен адлюстраваць асноўную ідэю наступнага года. Яна змяшчае цэлы спектр напрамкаў - ад беражлівага стаўлення да рэсурсаў да асабістай адказнасці за вынікі сваёй працы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Другое пытанне на парадку дня нарады - устанаўленне Дзяржаўнага знака якасці. Тут будуць абапірацца на вопыт і традыцыі. "Думаю, сёння мы зможам абмеркаваць варыянты выявы, канцэпцыю прысваення знака і парадак пацвярджэння адпаведнасці яму з боку вытворцаў тавараў і паслуг", - дадаў Прэзідэнт.
Ён яшчэ раз падкрэсліў: ніякага фармалізму ў правядзенні Года якасці быць не павінна. "Людзі павінны бачыць, што гэта Год якасці. І наша жорсткае патрабаванне да якасці жыцця людзей, да саміх сябе, комплекс мерапрыемстваў - павінна быць відаць, што ў краіне ідзе Год якасці і калі ён скончыцца, вось яго вынік", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.