Наведванне храма Святога прарока Іаана Прадцечы ў свята Нараджэння Хрыстова

  • 27
  • 14:50

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў светлае свята Нараджэння Хрыстова наведаў храм Святога прарока Іаана Прадцечы, які размешчаны ў аграгарадку Шаршуны Мінскага раёна.

Па традыцыі Кіраўнік дзяржавы запаліў у храме калядную свечку, паразмаўляў з прадстаўнікамі духавенства і прыхаджанамі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2020-м годзе, калі ён прыехаў на адкрыццё гэтай царквы, мясцовыя прыхаджане запрасілі яго яшчэ раз наведаць гэты храм. "Я паабяцаў, таму і прыехаў сёння да вас. Прыехаў для таго, каб з гэтага светлага добрага храма ад свайго імя павіншаваць усіх вас і ўсіх нашых беларусаў, нашых гасцей, усіх, хто мяне пачуе, з самым добрым, светлым святам - Нараджэннем Хрыстовым", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў краіне ёсць важныя свецкія святы, такія як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, а таксама духоўныя, як Нараджэнне Хрыстова або Вялікдзень. "Яны прайшлі праз гады, яны ў нашых розумах, сэрцах. І, як паказаў час, выкараніць іх з нас немагчыма. Таму яны вялікія", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што прайшоў чарговы год, і ўсе гады бягучай пяцігодкі, пачынаючы з 2020-га, былі няпростыя. "Але Гасподзь, напэўна, нас ахоўвае і ахоўваў. Нам удалося мірна прайсці гэтыя гады. І тады, калі мы з вамі адкрывалі гэты храм, вы прасілі толькі аб адным, нібыта прадчуваючы, што гэта будуць няпростыя гады: каб на нашай зямлі быў мір. Усё астатняе мы можам сваім розумам і рукамі стварыць у нашай краіне. Так і адбылося. Пакуль. Дай Бог, каб і далей так было, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы з Года міру і стварэння (без міру не можа быць стварэння) пераходзім у Год якасці. Нам трэба гэта мірнае, спакойнае беларускае жыццё на гэтым маленькім астраўку, дзе мы сёння жывём, напоўніць высокай якасцю. Зрабіць так, каб людзі былі задаволены. Прачынаючыся раніцай і кладучыся спаць, укладваючы сваіх дзяцей, каб людзі былі рады, каб яны ганарыліся сваім жыццём".

"Банальна скажу, але вы са мной пагодзіцеся: усё залежыць толькі ад нас. Толькі ад нас! Ад мяне, вядома, але без вас немагчыма якаснае жыццё. Таму да гэтага мірнага, спакойнага, стваральнага жыцця нам трэба дабавіць якасць. І ўсё тады ў нас будзе добра", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перад Урадам часта ставіць толькі адну галоўную задачу: "Дайце мне эканоміку, астатняе - за мной". Гэта ж датычыцца і развіцця на рэгіянальным узроўні.

"Таму нам трэба прыкласці максімум намаганняў, каб мы маглі не проста вырабіць тавар (а эканоміка - гэта вырабіць і прадаць), але зрабіць гэта якасна. Каб наш тавар купляўся яшчэ лепш, чым сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што трэба дастойна пражыць будучы год і паказаць, што беларускі народ - гаспадар на сваёй зямлі.

"Мы стаім на парозе змены пакаленняў, калі ўсё, што зроблена, дрэнна ці добра (магчыма, не нам рабіць вывады), нам не сёння-заўтра давядзецца перадаць падрастаючаму пакаленню - нашым з вамі дзецям, - сказаў Прэзідэнт. - Год гэты будзе вельмі няпросты. На нас будуць трэніравацца. І нам трэба выстаяць. Будуць трэніравацца да будучых прэзідэнцкіх выбараў. І нам трэба звярнуць асаблівую ўвагу на моладзь, якая не бачыла складаных часоў і ў савецкі перыяд, і пасля распаду Савецкага Саюза. Яны не перажылі тое, што перажыло сярэдняе і старэйшае пакаленні. Ім трэба пра гэта расказаць, ім трэба паказаць, каб яны цанілі тое, што нажыта нашай працай".

"Нам трэба зрабіць усё, каб мы дастойна пражылі гэты год і, падышоўшы да галоўнай падзеі, дастойна паказалі сябе. Што мы - гаспадары на гэтай зямлі, мы, беларускі народ, які нацярпеўся і напакутаваўся ў сваёй гісторыі, маем права жыць па ўласных законах", - падкрэсліў беларускі лідар.

У размове з прыхаджанамі храма Аляксандр Лукашэнка паабяцаў зрабіць усё для захавання вёскі, без якой не будзе і дзяржавы.

"Яшчэ ў гэтым сельскім храме хачу сказаць два словы пра вёску. Вы бачыце, што ў гэты няпросты час мы робім нямала для таго, каб захаваць вёску", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў дзяржаў, якія разбурылі вёску, няма будучыні. "Страцім вёску - страцім дзяржаву. Яе проста не будзе. Таму я вам абяцаю, што як чалавек, які вырас у вёсцы, ведаючы жыццё сельскага чалавека, складанасці і цяжкасці, я зраблю ўсё, каб захаваць нашу вёску. Каб вёска - яна сёння ёсць карміцелька нашых людзей, фундамент нашай дзяржавы, - была моцнай, магутнай і працвітаючай", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта не значыць, што мы забудзем гарады - гэта прамысловасць. Без яе не можа таксама развівацца тая ж вёска. Мы будзем рабіць усё для таго, каб развіваць нашу эканоміку. У нас ёсць для гэтага ўсё, нягледзячы на складаны час", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Прадстаяцелю Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліту Веніяміну і ўсім свяшчэннаслужыцелям за дзеянні, якія яны ажыццяўляюць у імя беларускага народа, дзяржавы, царквы, у імя жыцця беларусаў. "Яны ў цэлым робяць вельмі вялікую справу. Вядома, і ў гэты год ім давядзецца прыкласці нямала намаганняў для таго, каб Год якасці быў сапраўдным для кожнага чалавека. Але за тое, што нашы свяшчэннаслужыцелі робяць, яны заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прыхаджан і жыхароў усёй Беларусі, Кіраўнік дзяржавы пажадаў ім перш за ўсё здароўя, паколькі ўсяго астатняга можна дабіцца ўласнай працай. "Мазгоў у нас хапае. Людзей таксама хапае добрых і працавітых. Таму я вам жадаю здароўя, шчасця. І самае галоўнае - радасці вам ад вашых дзяцей. Няхай яны будуць заўсёды здаровыя і будуць заўсёды вам у радасць. З Нараджэннем Хрыстовым!" - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму абраз Божай Маці "Дзяржаўная". Работа выканана ў традыцыйным для беларускай школы іканапісу стылі, ва ўнікальнай тэхніцы васковай тэмперы.

Прэзідэнту ж быў падораны абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца. Гэта адзін з найбольш шануемых святых, якога яшчэ пры жыцці празвалі Цудатворцам. Лічыцца, што і пасля смерці ён прадаўжае хадзіць па свеце і тварыць цуды.