Рабочая сустрэча з Міністрам абароны Віктарам Хрэніным
- 6
- 4:49
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня правёў рабочую сустрэчу з Міністрам абароны Віктарам Хрэніным.
"Можа, дзіўным будзе пачынаць размову з таго, што я скажу. Гэты перапалох у Расіі, вядома, і нас напружыў вельмі сур'ёзна. Ваенныя нашы адрэагавалі нядрэнна. Усе ваенныя. І міліцыя, і пагранічнікі. Дакладна адрэагавалі, на працягу паўдня былі прыведзены ў патрэбны стан. Гэта наша работа, так павінна быць. Але я хачу падкрэсліць і напярэдадні свята падзякаваць вашым тылам: сем'ям, жонкам, дзяцям. Я асабліва за гэтым назіраў: ні адна жонка, ні адна сям'я не выказвала незадаволенасці, не плакалася. З разуменнем гэта ўспрынялі. І нават з нейкім энтузіязмам. Таму мая ўдзячнасць жонкам, дзецям, сем'ям нашых ваенных. Вось гэта сапраўды тыл", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Падзякаваць трэба камандзірам часцей, якіх нам давялося паднімаць, пад ружжо ставіць. І падзякаваць праз іх жонкам і сем'ям нашых ваеннаслужачых. Гэта сапраўды адзінства і маналіт. Але ні ў якім разе не расслабляцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Абавязкова, таварыш Прэзідэнт, зробім. Самае галоўнае, што сапраўды хочацца адзначыць: нашы людзі разумеюць важнасць задач, якія выконваюцца. Мы правільна ацэньвалі тую падзею, якая адбылася. Рэакцыя была імгненная. Нават ніхто не праявіў хвалявання", - заявіў Віктар Хрэнін.
"Але галоўнае - не расслабіцца", - яшчэ раз звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта асноўнае патрабаванне я памятаю. Таму ў рамках падрыхтоўкі Узброеных Сіл адны з самых галоўных мерапрыемстваў - падтрыманне баявой мабілізацыйнай гатоўнасці, пытанні будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, баявой падрыхтоўкі, зыходзячы з вопыту, які атрымліваюць нашы калегі ва ўзброеным канфлікце. Акрамя гэтага, мы глядзім яшчэ шырэй, дзе якія праходзяць мерапрыемствы", - адзначыў міністр абароны.
"Цяпер шмат размоў і балбатні: "Вагнер, Вагнер, Вагнер". Людзі не разумеюць, што і мы прагматычна да гэтага падыходзім. Калі іх камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам... Вопыт. Слухай, яны на перадавой - штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна. Вось мне Пуцін апошні раз сказаў: контрбатарэйная барацьба, без гэтага немагчыма. Беспілотнікі. Яны праз гэта прайшлі. Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта бясцэнна. Вось гэта нам ад вагнераўцаў трэба ўзяць", - дадаў Прэзідэнт.
"Баяцца іх няма чаго. Мы ж вуха востра трымаем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Перад дакладам Віктар Хрэнін паднёс Галоўнакамандуючаму незвычайны сувенір.
"Дазвольце мне выканаць адну місію…" - пачаў Міністр.
"Бомбу прывёз?!" - здзівіўся Прэзідэнт.
"Так точна. Дазвольце вам уручыць сімвалічна - першая ядзерная бомба, якая была зроблена ў 1949 годзе ў Савецкім Саюзе", - сказаў Віктар Хрэнін.
"Дык гэта старая. Сучасная інакш выглядае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Каб сімвалічна было, што гэта ў нас усё знаходзіцца. Гэта копія самай першай ядзернай бомбы, якая была зроблена ў Савецкім Саюзе", - дадаў Міністр.
"Няхай нашы ворагі не думаюць, што мы тут сімвалізмам займаемся або вельмі ўжо радуемся наконт ядзернай зброі. Гэта проста сімвалічна", - заўважыў беларускі лідар.