Сустрэча з міністрамі замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ
- 14
- 20:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня сустрэўся з міністрамі замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што час для арганізацыі цяпер вельмі няпросты і патрабуе максімальнай мабілізацыі сіл, вопыту і рэсурсаў для захавання міру. І пры падрыхтоўцы да сустрэчы ён задумаўся аб тым, што сказаць галоўнага, паколькі за апошні час шмат ужо было агучана на сустрэчах з кіраўнікамі спецслужбаў СНД, сакратароў саветаў бяспекі АДКБ.
Даючы ацэнку дзейнасці АДКБ, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што арганізацыю часам правільна крытыкуюць за недахоп у вырашэнні канкрэтных праблем. Напрыклад, Кыргызстан даўно просіць дапамагчы ва ўрэгуляванні канфлікту на граніцы з Таджыкістанам. Абгрунтаваныя прэтэнзіі выстаўляе Арменія. "Скажу, што праблемы існуюць. І вельмі сур'ёзныя праблемы. Калі мы не вырашым гэтыя праблемы, мы ўвесь час будзем папракаць адзін аднаго, выказваць незадавальненне функцыянаваннем арганізацыі ў цэлым. Праблемы існуюць для таго, каб іх вырашаць. Таму, як бы мы ні круцілі, ні вярцелі, мы павінны быць паглыблены і ў тыя праблемы, якія сёння вырашаюць член АДКБ Арменія і члены АДКБ Кыргызстан і Таджыкістан", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ёсць праблемы, ёсць задачы, іх трэба вырашаць, якія б цяжкія і складаныя яны ні былі. А ў нас часам атрымліваецца... Зыходзячы з таго, што рашэнні прымаюцца кансэнсусам, а часам з-за складанасці праблем мы іх абыходзім, не хочам іх вырашаць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Гэта ў сваю чаргу выклікае нездавальненне сярод асобных краін.
"Чаму я гавару пра гэта на нашай сустрэчы? Без вас у нашых арганізацыях (ні ў ЕАЭС, ні тым больш у АДКБ) не прымаецца ніводнае рашэнне. Гэта ваш хлеб - вывучыць глыбока праблему, прыцягнуць да гэтага неабходныя службы (у прыкладах, пра якія я гаварыў, - гэта ваенныя і спецслужбы), прапрацаваць пытанне і ўнесці прапановы для вырашэння на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Гэта галоўнае. І я з году ў год бачу гэту асноўную праблему функцыянавання АДКБ", - растлумачыў Прэзідэнт.
"Трэба вырашаць пытанні, якія ўжо не проста стаяць у тых ці іншых дзяржавах, а якія патрабуюць ужо неадкладнага вырашэння. Без вас ніхто гэтыя пытанні не будзе і пачынаць вырашаць. У гэтым ваша каласальная роля, на мой пункт гледжання, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце паставім на парадак дня гэтыя праблемы і іх вырашым. Калі мы дапаможам вырашыць канфлікт на граніцы Таджыкістана і Кыргызстана, пачнём вырашаць гэта пытанне, яны будуць нам удзячныя. Перастануць гінуць людзі, і гэтыя дзяржавы заўсёды будуць нам удзячныя". Тое ж датычыцца і вельмі складанай праблемы Азербайджана і Арменіі.
"Небяспека ў тым, што калі нашы "сябры-дарадчыкі" з Захаду туды ўлезуць (а вы бачыце: яны туды лезуць, як у народзе кажуць, "пішчом"), нам ужо будзе складана вырашаць гэтыя задачы. Гэтыя важнейшыя пытанні адлюстраваны ў дакументах АДКБ на час старшынства Беларусі ў арганізацыі, і ўсе абазначаныя задачы трэба вырашаць", - сказаў Прэзідэнт.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у АДКБ за час яе існавання сфарміраваліся зоны адказнасці. "На заходнім флангу АДКБ, калі можна так сказаць, сфармаваліся, на жаль для нас і для Расіі (таму што гэта наша зона адказнасці), рэальныя ваенныя пагрозы бяспецы. Яны вельмі сур'ёзныя, больш сур'ёзныя, чым дзе б там ні было. Неспакойна ў Закаўказзі і Цэнтральнай Азіі (ці то яшчэ будзе), - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў аб нядаўняй сустрэчы з кіраўніком МЗС Казахстана, дзе абмяркоўваліся ў тым ліку і патэнцыяльныя пагрозы, паколькі суседзі ў гэтай краіны моцныя, магутныя, а інтарэсы ў іх каласальныя.
"Супраць суверэнных краін, якія не выконваюць указанні Захаду, развязаны поўнамаштабныя гібрыдныя войны, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы ўсё гэта перажылі. Часам высноў не робім з пражытага і пачынаем на старыя граблі па-новаму наступаць".
"Абстаноўка, якая складваецца ў свеце, не выклікае ў нас сумненняў у тым, што мы павінны трымацца разам", - заявіў беларускі лідар. Ён упэўнены, што няма прычын спяшацца з прыняццем рашэнняў аб выхадзе з якіх-небудзь інтэграцыйных аб'яднанняў, як гэта зрабілі ў свой час Украіна або Грузія з іх членствам у СНД. "Прыклад Грузіі. Вы бачыце некаторае змяненне іх палітыкі: яны наеліся заходніх абяцанняў і іншага і хочуць зноў вярнуцца на наш рынак, таму што ніхто вас ні з малаком, ні з мясам, ні з віном на свае рынкі не пусціць. Рынкі даўно падзелены, і за іх ідзе жорсткая бойка. І гэта другое, чаму мы павінны трымацца разам. Гэта наш асвоены рынак. За мяжой калі нешта і прапануюць, гэта значыць у абмен на рэсурсы (аддай рэсурсы - значыць, мы цябе будзем падтрымліваць) або на нейкую палітыку (калі будзеш бегаць следам і падтрымліваць тую палітыку, якую яны праводзяць)", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"Не трэба спяшацца, рабіць горш адзін аднаму і спрабаваць неяк адысці ўбок адзін ад аднаго. Трэба трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час. І справа тут не ў тым, што асноўны стрыжань нашай арганізацыі - Расія - у складанай сітуацыі. Расія - гэта частка, гэта элемент усяго таго, што адбываецца ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць праблемы глабальнага значэння і ў рэгіёне Афрыкі, і паміж Кітаем і Тайванем, паміж ЗША і Еўропай. "Амерыканцы раскалолі Еўропу, а цяпер трэба прыструніць яе. І яны, еўрапейцы, папракаюць вас (краіны АДКБ. - Заўвага), і мяне ў тым ліку, што мы суверэнітэт тут страчваем і гэтак далей. Ды бог з вамі! Вы даўно яго ўжо страцілі. Як можна ацаніць і як можна адносіцца да таго, што яны адмовіліся ад танных энерганосьбітаў з Расіі і бяруць у 3-5 разоў даражэй? Гэта што такое? Нахілілі, у патрэбнае месца шыла ўставілі, і засталося зусім нямнога, каб яны ўпалі і валяліся на зямлі. І яны яшчэ папракаюць некага ў страце суверэнітэту! Якога суверэнітэту? У глабальным маштабе ідзе жорсткая бойка, бітва. Невядома, чым скончыцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"У гэтым маштабным процістаянні нам трэба захаваць сваё, хаця б захаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што адваяваць нейкія новыя рынкі ў сучасных умовах вельмі цяжка. У сувязі з гэтым паказальны прыклад развіцця ўзаемаадносін Беларусі і Кітая. "Мы некалі марылі, што з Кітаем будзем гандляваць на $500 млн, сёння - на мільярды долараў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"І мы не згушчаем сітуацыю нават у гэты санкцыйны час, - прадоўжыў ён. - Мы неяк з Расіяй разам аб'ядналіся. Бачыце: і Расія не абвалілася, і мы не абваліліся". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абедзве краіны на фоне знешняга націску нарэшце вярнуліся да ўласных тэхналогій і рэалізуюць комплекс мер па імпартазамяшчэнні.
"Давайце гэта страчваць не будзем. Нічога вы за межамі нашай прасторы (постсавецкай. - Заўвага) не знойдзеце - мой пункт гледжання", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Кожны з вас прадстаўляе сваю краіну - самабытную, незалежную, са сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі і багатай гісторыяй. Але ва ўсіх нас ёсць агульнае мінулае. Нейкія 30 гадоў таму мы былі адной дзяржавай. Разам абаранялі агульную Радзіму", - нагадаў Прэзідэнт. Напярэдадні чарговай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны (праз два дні будзе 82-я гадавіна з моманту яе пачатку) ён адзначыў гераічны ўклад народаў гэтых краін у Вялікую Перамогу і далейшае аднаўленне з руін адзінай для іх тады краіны. "Беларусь - узор таго. Усе мы разам абаранялі Савецкі Саюз, Беларусь у тым ліку, і ўсе разам нашы народы, галодныя, абяскоўленыя, раздзетыя, прыйшлі, каб дапамагчы аднавіць Беларусь, таму што ўсё было спалена, знішчана і разбурана, кожны трэці жыхар Беларусі быў знішчаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"У нас ёсць агульнае сучаснае, якое фарміруем мы з вамі. Сведчаннем таго з'яўляецца паспяховая работа на постсавецкай прасторы інтэграцыйных аб'яднанняў. Ацэньваючы насычаны міжнародны парадак дня ў зоне нашай адказнасці, упэўнены - у нас ёсць і агульная будучыня, якая зноў жа залежыць толькі ад нас", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы згадаў аб рабоце інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы і прывёў шэраг станоўчых прыкладаў. Так, на апошнім пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве абмяркоўваліся пытанні спалучэння інтэграцыйных працэсаў, стварэння альтэрнатыўных плацежных сістэм, развіцця транспартнай інфраструктуры. У гэтым жа шэрагу - рашэнне аб запуску ў рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі механізма сумеснага фінансавання праектаў у сферы прамысловай кааперацыі. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, важнейшы крок ва ўмацаванні эканамічнага і гандлёвага прамысловага суверэнітэту.
"Нам трэба разумець, што націскаць на нас будуць. Нават калі канфлікт ва Украіне скончыцца, ад нас усё роўна не адстануць. Нам трэба выпрацаваць агульны, назаву яго, план нашых дзеянняў, перш за ўсё ў эканоміцы. Гэты план павінен усіх нас аб'яднаць, згуртаваць" , - выказаў прапанову беларускі лідар.
Адной з галоўных мэт гэтага плана павінен быць адыход ад залежнасці ў пастаўках імпартнай прадукцыі. "Мы, будзем лічыць, у ізаляцыі, як Савецкі Саюз. Але мы павінны выжыць, павінны вызначыць, што мы можам у сябе вырабіць (можам практычна ўсё, працэнтаў 90), а 10% будзем неяк закупляць, пакуль не адыдзем ад залежнасці па імпарце", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"І каб у гэтым плане кожны бачыў сябе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь і Расія ў двухбаковым трэку ўжо цесна падышлі да распрацоўкі такога плана і маюць намер яго рэалізаваць. "Думаю, мы недалёка з Прэзідэнтам Расіі, каб на дваіх зрабіць гэты план. Вядома, самазабяспечанасць у нас будзе не 90%, але няхай 80%. Іншага шляху ў нас няма. Проста хістацца з боку ў бок і спадзявацца, што зноў да нас нехта прыйдзе, нешта створыць, а потым сыдзе, - у нас на гэта няма часу", - заявіў Прэзідэнт.
"У СНД у нас шырокі спектр узаемадзеяння - ад гуманітарных пытанняў да міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, міжпарламенцкіх сувязей, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - У сваю чаргу АДКБ як гаранту забеспячэння стабільнасці і бяспекі нашых краін і Еўразійскага рэгіёна ў цэлым нельга адставаць".
Цесныя сувязі краін АДКБ у палітычнай, ваеннай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах Прэзідэнт лічыць залогам трывалага міру паміж імі і асновай іх адзінства на міжнароднай арэне. "Сёння цяжка сказаць, якім будзе сусветны парадак. Аднак відавочна, што прайсці гэты складаны этап з найменшымі ўзрушэннямі змогуць толькі тыя, хто захавае з'яднанасць. Менавіта таму мы ўсё часцей гаворым аб неабходнасці большай інтэграцыі ўнутры нашай арганізацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Салідарнасць, адзінства і супрацоўніцтва знаходзяцца ў аснове канцэпцыі нашага старшынства ў АДКБ", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў удзячнасць краінам - удзельніцам арганізацыі за падтрымку прыярытэтаў беларускага старшынства ў АДКБ, якія, як упэўнены Прэзідэнт, адпавядаюць агульным інтарэсам.
"Мы зыходзім з таго, што сёння важнейшым напрамкам з'яўляецца ўрэгуляванне крызісаў у зоне АДКБ. Калі спатрэбіцца дапамога ад Беларусі, а ў гэтым выпадку нашы ініцыятывы, яны будуць. Для таго каб аднавіць і ўмацаваць давер паміж нашымі партнёрамі, мы зробім усё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - АДКБ - не агрэсіўны і не наступальны ваенна-палітычны блок. Гэта арганізацыя выключна абарончага характару са стваральным і аб'яднальным парадкам дня".
"Нам трэба паглыбляць узаемадзеянне АДКБ з ААН, ШАС, іншымі міжнароднымі арганізацыямі", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што ў ліпені старшынства ў ШАС пяройдзе да Казахстана, які будзе старшынёй у АДКБ у 2024 годзе. "Цікавая канфігурацыя атрымліваецца. Гэта добрая магчымасць, каб забяспечыць эфектыўнае сінергетычнае ўзаемадзеянне дзвюх арганізацый. У Казахстана дастаткова спецыялістаў і вопыту для таго, каб з гэтага адзінага старшынства атрымаць карысць", - адзначыў ён.
"Нам трэба часцей выступаць ад імя АДКБ на міжнародных пляцоўках, каб гэты голас гучаў. Вядома, нас спецыяльна не хочуць чуць. Мы як косць у горле для некага - то НАТА, то Еўрасаюзу, то амерыканцам разам з імі. Але тым не менш голас наш як ваенна-палітычнага блока павінен гучаць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін аспект, на якім спыніўся Кіраўнік дзяржавы, - неабходнасць нарошчвання інфармацыйна-аналітычнага патэнцыялу АДКБ. "Аднак сур'ёзных вынікаў пакуль не відаць, - канстатаваў беларускі лідар. - Нам нічога не перашкаджае. Думаю, на сённяшнім савеце (пасяджэнні СМЗС АДКБ. - Заўвага) вы маглі б пашукаць адказ на гэта пытанне".
"Сёння мы ўсе знаходзімся ў зоне баявых дзеянняў інфармацыйна-псіхалагічных аперацый, мы асабліва гэта адчуваем, у тым ліку і Расія апошнім часам гэта адчула. Ды і вы таксама. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Нам трэба навучыцца нарошчваць свае намаганні ў інфармацыйна-аналітычным полі і ў супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Узровень аналітыкі і прагнозу трэба павышаць, каб забяспечваць краіны-члены, а таксама кіраўнікоў дзяржаў сур'ёзнымі матэрыяламі, у тым ліку прагнознага характару, перакананы Прэзідэнт. "Што датычыцца прадастаўлення інфармацыі, у нас наогул няма ніякіх праблем у супрацоўніцтве з вамі (не толькі з Расіяй - тут у нас наогул сумесныя дзеянні), - адзначыў ён. - Любую інфармацыю, якая датычыцца вашых дзяржаў - у нас гэта закон - мы накіроўваем або прэзідэнтам, або ў МЗС, або спецслужбам. Мы так будзем рабіць і ў далейшым".
"Сёння агрэсіўная істэрыка, у першую чаргу на Захадзе, заглушае (пакуль заглушае) галасы мудрасці і розуму. Там не хочуць пачуць ініцыятывы, у тым ліку і Беларусі па аднаўленні даверу, умацаванні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі", - сказаў беларускі лідар.
"Спадзявацца толькі на тое, што разважлівасць усё ж возьме верх, нельга. Мы не павінны расслабляцца, а ўсе намаганні неабходна накіраваць на ўмацаванне і далейшае паступальнае развіццё нашай арганізацыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я абсалютна перакананы, што калектыўны дыпламатычны голас АДКБ унясе важкі уклад у аднаўленне міру і бяспекі ў рэгіёне".
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтыя і іншыя актуальныя пытанні будуць на парадку дня саміту кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, які пройдзе восенню ў Мінску.