Уручэнне генеральскіх пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. Урачыстая цырымонія адбылася 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці.
"Мы з вамі практычна традыцыйна сустракаемся напярэдадні святочных мерапрыемстваў, прысвечаных галоўнаму нашаму святу - Дню Незалежнасці. Сёння ўручаем генеральскія пагоны. Да іх прыкладаецца найвышэйшая адказнасць за лёс краіны, за мір на нашай зямлі і бяспеку беларускага народа. Сучасным беларусам пашчасціла нарадзіцца і жыць пад чыстым небам. Але мы з вамі, як людзі ваенныя, добра ведаем, што жыццё без вайны - гэта вынік карпатлівай штодзённай працы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Яна не заўсёды відаць, але патрабуе каласальных намаганняў, часам рызыкі для жыцця, адзначыў Прэзідэнт. "Вы людзі дасведчаныя, усе практычна седзіце ў мэсэнджарах, чытаеце розныя папрокі ў мой адрас, што я рыхтуюся да вайны. Амаль 30 гадоў я кожны дзень разам з вамі рыхтаваўся і рыхтуюся да вайны. Можа, і таму мы сёння жывём пад мірным небам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння вельмі складаны перыяд у гісторыі суверэннай Беларусі, ды і ўсяго свету ў цэлым. "Пагроза новага глабальнага канфлікту ніколі не была такая блізкая, як сёння, - заявіў ён. - Нашу краіну, увесь наш рэгіён чарговы раз спрабуюць узарваць, дэзарыентаваць людзей. Любымі спосабамі расхістаць сітуацыю і пад гэты шумок насадзіць свае правілы, устанавіць свой парадак. Парадак, пры якім ужо не будзе ні нашых краін, ні народаў. І мы таксама малайцы, давайце адкрыта гаварыць. Не прамінём заўсёды даць хаця б падставу для гэтага. Як я гаварыў, не бывае каляровых рэвалюцый, калі для гэтага ў краіне няма хоць самых малых прычын".
"Нас спрабуюць увесці ў зман аб рэальных планах і намерах калектыўнага Захаду. На жаль, нашы спробы ўрэгуляваць сітуацыю шляхам мірных перагавораў там цяпер называюць "дыпламатычнай імітацыяй". Цана гэтай "імітацыі" - сотні тысяч чалавечых жыццяў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёння мы выразна бачым новую хвалю пашырэння НАТА і беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу краін - членаў альянсу ў рэгіёне, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц. Дэманстрацыя за дэманстрацыяй - дэманстрацыя сілы".
Паводле яго слоў, практычна штодзённа органы пагранічнай службы фіксуюць розныя правакацыі на дзяржаўнай граніцы ад краін-суседзяў: ад падкідвання трупаў да наўмысных залётаў беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі. Адначасова працягваецца ўзвядзенне сцен і загарод на граніцы, яе фартыфікацыйнае абсталяванне, мініраванне з украінскага боку.
"Іншымі словамі, наша пакаленне праходзіць сваё выпрабаванне на трываласць. Нам выпала місія захаваць мір, заваяваны мільёнамі жыццяў герояў, нашых бацькаў і дзядоў. Гэта азначае толькі адно - мы павінны быць мацнейшыя за тую пагрозу, якая зноў навісае ценем над нашай зямлёй. І зноў з Захаду. Як бачыце, гісторыя паўтараецца. Гаворачы пра сілу, я ў апошнюю чаргу думаю пра тэхнічныя магчымасці. Яны ёсць. І аб гэтым мы добра ведаем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Значна важней - з'яднанасць радоў і адданасць Айчыне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "А наша Айчына - ад Брэста да Уладзівастока. Гэта зямля, свабода і нашы народы, якія тут жывуць. Дзве дзяржавы, але Айчына ў нас агульная. Гісторыя памятае: беларусы ўмеюць абараняць сваю зямлю. Мы былі і будзем мацнейшыя за любыя выклікі", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы на цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу выказаўся аб падзеях у Расіі і іх уплыве на Беларусь.
"Не ўтаю, было балюча назіраць за падзеямі, якія адбываліся на поўдні Расіі. Не толькі мне. Многія нашы грамадзяне ўспрынялі іх блізка да сэрца. Таму што Айчына адна. Улічваючы ролю Беларусі ў вырашэнні гэтай сітуацыі, павінен у гэтым асяроддзі сказаць некалькі слоў аб тым, што здарылася, і растлумачыць нашу пазіцыю і прынятыя рашэнні. Асабліва ў святле апошніх укідаў і інсінуацый, якія ўсё больш і больш з'яўляюцца, асабліва ў расійскіх сродках масавай інфармацыі. Тым больш што і збеглыя нашы замітусіліся. Праўда, фальстарт адбыўся. Імкнуцца прадэманстраваць сваім куратарам наяўнасць хоць якіх-небудзь вынікаў. 250 мільёнаў трэба ж атрымаць. Толькі там яны падзеляць, а гэтыя нашы вар'яты, якіх яшчэ некалькі тут засталося, не вычысцілі мы, - яны ж нічога не атрымаюць. Зноў гарматным мясам будуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Паспелі нават апублікаваць чарговыя заклікі і планы (я пра збеглых). Маўляў, таксама гатовы рэалізаваць чарговы сцэнарый "узброенага мяцяжу" - трэба ж даваць справаздачу, - сказаў Прэзідэнт. - Нават такія выпадкі былі. Наколькі ашалелі так званыя каліноўцы. Іх жа на фронт загналі, ваююць. А тут пачулі: у Беларусі ледзь ці не рэвалюцыя. Ірванулі адтуль, а загараджальныя атрады: "Назад, хлопцы, не ў час".
"Я шчыра дзякую вам за тое, што вы з гонарам выконваеце свой абавязак, самааддана служыце Радзіме, і віншую вас з прысваеннем новага воінскага звання. Вашай прыярытэтнай задачай, а таксама ўсіх людзей у пагонах з'яўляецца прыняцце неабходных мер для недапушчэння эскалацыі абстаноўкі. Яна і так вельмі напружаная, запалку кінуў - і ўсё ўспыхне, нават выбухне. Гэта трэба давесці да ўсяго асабовага складу, вашых падначаленых на месцах. І не трэба пастаянна думаць пра нейкія там высокія матэрыі. Пакіньце гэта палітыкам. У вас дакладныя і зразумелыя задачы, мы ўсе - прафесіяналы, кожны ў сваёй сферы. Гэтым мы павінны і займацца, вы перш за ўсё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі падзеі ў Расіі адбываліся, мною былі аддадзены ўсе распараджэнні па прывядзенні арміі ў поўную баявую гатоўнасць. Ніхто нават у гэтых Telegram-каналах не вякнуў супраць. Ні адна сям'я, ні жонкі, ні дзеці, ні сваякі - ніхто. Армія на працягу паўдня, усе Узброеныя Сілы, у тым ліку і міліцыя, спецпадраздзяленні, былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Упэўнены, вы і далей будзеце гэтак жа добрасумленна выконваць свае абавязкі. Тое, дзеля чаго вучыліся і рыхтаваліся ўсё жыццё, - абараняць нашу краіну і нашых людзей. Засцеражаце нашу Радзіму ад любых рызык і любых пагроз - я ў гэтым проста перакананы", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-маёра камандуючаму ВПС і войскамі ППА Узброеных Сіл Андрэю Лук'яновічу, першаму намесніку начальніка тылу УС, начальніку штаба тылу Аляксандру Масолаву і старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанціну Моластаву, генерал-маёра міліцыі - начальніку УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандру Шастайлу, генерал-маёра юстыцыі - начальніку УСК па Віцебскай вобласці Аляксандру Гуцко, класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа - пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу расказаў падрабязнасці таго, як 24 чэрвеня ішлі перагаворы на фоне спробы ўзброенага мяцяжу ПВК "Вагнер", а таксама падзяліўся матывамі сваіх дзеянняў і пазіцыі.
Мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці было запланаванае, але прайшло ў пашыраным складзе. Да ўдзелу запрасілі кіраўніцтва ваенных і сілавых структур, спецпадраздзяленняў, а таксама кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і журналістаў. Размова атрымалася грунтоўнай, а самае галоўнае, максімальна адкрытай, з адказамі на самыя актуальныя пытанні, якія апошнімі днямі луналі ў грамадстве. Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў і шэраг інфармацыйных укідаў і здагадак.
Пра рашэнне выказацца
"Учора раніцай я прыняў рашэнне, што надышоў час на гэту тэму нешта сказаць (зразумела, не ўсё), прытым сумленна, адкрыта, нічога не ўтойваючы.
Падштурхнула мяне да гэтага якраз тое, што ў СМІ, асабліва Расіі… Беларусы - малайцы. Я, шчыра кажучы, папрасіў прэс-сакратара абзваніць кіраўніцтва асноўных нашых СМІ і папрасіць, каб яны не тапталіся на гэтай тэме. Радавацца няма чаго. Вы зараз даведаецеся чаму. Але ў Расіі, як заўсёды, заўсёды так бывае, з'явіліся ўра-патрыёты, я ўбачыў гэту тэндэнцыю, якія пачалі выць і крычаць, асуджаць Пуціна, патрабаваць ад яго не спыняць крымінальныя справы, лавіць, мачыць, саджаць. Вось гэта тое, ад чаго я хацеў бы перасцерагчы і нас, і расійскае грамадства.
І ў сувязі з гэтым, калі разгортвалася, як Прэзідэнт Пуцін назваў яе, гэта смута ў Расіі, неяк усе пад венікам сядзелі. Мацвіенка аказалася мужнай, Валодзін, Патрыярх, некалькі чалавек - і ўсё. А пасля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: "Мачыць, мачыць і мачыць". Слухайце, ну ёсць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсць каго саджаць там, дзе гэта патрэбна".
"Вось гэта мяне падштурхнула да таго, што я павінен сказаць некалькі слоў аб сітуацыі, якая развівалася ў пятніцу і ў суботу, паколькі быў паглыблены, як вы ведаеце, у гэтыя падзеі поўнасцю".
"Для таго каб вы разумелі і ведалі, адчулі, што адбывалася і што магло здарыцца. Мне хацелася б, каб вы дакладна ведалі і разумелі, што было і што магло б быць".
Пра паступленне трывожнай інфармацыі
"І вось, пятніца. Вы ведаеце ў нас такі дзень быў шчаслівы, мы ўсе рыхтаваліся адсвяткаваць дзень выпускнікоў. Зразумела, і я быў заняты значна гэтымі пытаннямі. Ды і неяк, шчыра скажу… Атрымліваючы рэдкую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Расіі, у Растове, на поўдні, я неяк і ўвагі асабліва не звяртаў. Вайна ідзе, ці мала што там адбываецца.
Але раніцай у суботу, з 8 гадзін раніцы мне паступае ўжо трывожная інфармацыя аб сітуацыі ў Расіі. Сёй-той мне там падказвае, што пішуць у гэтых Telegram-каналах, мэсэнджарах… Праз ФСБ і наш Камітэт дзяржбяспекі, генерала Тэртэля мне дакладваюць: Прэзідэнт Пуцін хоча звязацца. Калі ласка. Дамовіліся ў палове дзясятага, што мы перагаворым у любы зручны для яго час. Калі ў 10 ён выступіў, у 10.10 патэлефанаваў і вельмі падрабязна праінфармаваў мяне аб сітуацыі, якая адбываецца ў Расіі";
"Задаў (Пуціну. - Заўвага) некалькі пытанняў, у тым ліку і аб процідзеянні гэтаму, і зразумеў, што сітуацыя складаная. Не буду канкрэтызаваць гэту частку размовы".
Пра прапанову Пуціну не спяшацца з жорсткім рашэннем
"Самае небяспечнае, як я зразумеў, - гэта не ў тым, якая яна была, сітуацыя, а як яна магла развівацца і яе наступствы. Гэта было самае небяспечнае. Я таксама зразумеў: прынята жорсткае рашэнне (яно і прагучала падтэкстам у выступленні Пуціна) - мачыць. Я прапанаваў Пуціну не спяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі яго. На што ён мне сказаў: "Слухай, Саша, дарэмна. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не хоча".
Як удалося выйсці на Прыгожына
"Я пытаюся: "Дзе ён?" - "У Растове". Я гавару: "Добра. Лепш благі мір, як любая вайна. Не спяшайся. Я паспрабую з ім звязацца". Ён чарговы раз кажа: "Гэта дарэмна". Я гавару: "Добра, пачакай". Дзесьці мы размаўлялі, напэўна, з паўгадзіны. Потым ён мяне праінфармаваў, што на фронце. Памятаю яго словы: "Ты ведаеш, а на фронце, як ні дзіўна, лепш, чым калі-небудзь было". Я кажу: "Вось бачыш, не ўсё так сумна". У 11 гадзін… Трэба было яшчэ гэтыя тэлефоны знайсці… Гавару: "Як з ім звязацца? Дай тэлефон". Ён кажа: "Хутчэй за ўсё, у ФСБ ёсць тэлефон". Мы ўдакладнілі. Устанавілі да сярэдзіны дня цэлыя тры каналы, па якіх мы можам размаўляць з Растовам".
"У сярэдзіне дня трэці, чацвёрты раўнд перагавораў мы ўжо вялі па гэтым канале, там у мяне ў доме былі, у загараднай рэзідэнцыі, пасрэднікі, якія ажыццяўлялі нам гэту сувязь".
Пра ролю Яўкурава і Бортнікава ў перагаворах
"Павінен у сувязі з гэтым падзякаваць асабліва генералу Юнус-Беку Яўкураву. Пашанцавала нам. Прыяцель аказаўся Івана Станіслававіча (Тэртэля, Старшыні КДБ. - Заўвага), вучыліся вы разам, паводле маіх даных.
Я павінен сказаць, што вельмі важную ролю адыграў гэты генерал. Да ведама скажу: гэта той, які, памятаеце, з батальёнам зайшоў у Сербіі на аэрадром. Памятаеце, быў такі прарыў. Ён кіраваў гэтым батальёнам. Праўда, усё гэта потым, як заўсёды бывае, праз здраду або нешта развіцця не атрымала. Нават кіраўніцтва Расіі вельмі саромелася гаварыць пра гэты факт. Я проста зноў ведаў тую сітуацыю. Чалавек вельмі адважны. Быў паранены сур'ёзна, калі ў Інгушэціі кіраўніком працаваў. Вельмі сур'ёзна. Я памятаю, мне Пуцін расказваў, яго ледзь выцягнулі з магілы. Чалавек ваенны, адказны, і ён вельмі шмат зрабіў у рамках гэтых перагавораў.
Гэта я гавару падрабязна да таго, што пасля бойкі рукамі пачалі махаць, што там удзельнічаў і адзін, і другі ў перагаворах… Называлі прозвішчы (я не буду іх называць). Акрамя Яўкурава на першым этапе і Бортнікава, дырэктара ФСБ, у гэтых перагаворах ніхто не ўдзельнічаў".
Пра першую размову з Прыгожыным
"У 11.00 (хоць Пуцін мяне папярэджваў: не возьме трубку) ён (Прыгожын. - Заўвага) імгненна зняў трубку. Гэта значыць Яўкураў яго паклікаў, аддаў яму тэлефон: "Вось, Прэзідэнт Беларусі тэлефануе, ці будзеш размаўляць?" - "З Аляксандрам Рыгоравічам буду".
Размова - эйфарыя. У Яўгена поўная эйфарыя. Размаўлялі першы раўнд хвілін 30 на мацернай мове. Выключна. Слоў мацерных (я потым ужо прааналізаваў) было ў 10 разоў больш, чым нармальнай лексікі. Ён, вядома, папрасіў прабачэння і пачаў мне мацернымі словамі расказваць.
А я думаю: з чаго зайсці, каб пачаць гэтыя перагаворы. Хлопцы толькі з фронту. Яны бачылі тысячы, тысячы сваіх загінулых хлопцаў. Хлопцы вельмі пакрыўджаныя, асабліва камандзіры. І, як я зразумеў, яны вельмі ўплывалі (я гэта папярэдне вылічыў) на самога Прыгожына. Так, ён такі, ведаеце, гераічны хлопец, але на яго аказвалі націск і ўплыў вельмі тыя, хто кіраваў штурмавымі атрадамі і бачыў гэтыя смерці. І вось у гэтай сітуацыі, выскачыўшы адтуль у Растоў, у такім напаўшалёным стане я з ім вяду гэты дыялог".
Пра дзеянні вагнераўцаў у Растове
"Па сваіх каналах я атрымаў інфармацыю, у тым ліку ад нашага камітэта (КДБ. - Заўвага) і ваенных, што яны занялі штаб акругі (у Растове. - Заўвага)".
"Тут жа ў СМІ: "Ай-ай-ай, захапілі, ужо марадзёрства, яшчэ нешта", - укідваюць. Асабліва ўкраінцы адтапталіся на гэтай тэме.
Я пачаў удакладняць. Я гавару: "Ты чаго, забіў некага там з грамадзянскіх, ваенных, якія табе не процістаялі?" - "Аляксандр Рыгоравіч, я вам клянуся, мы нікога не кранулі. Мы занялі штаб. Вось я тут знаходжуся". І гэта аказалася праўдай. Гэта было вельмі важна. Заўважце, гэта было вельмі важна, што яны, зайшоўшы ў Растоў, нікога не кранулі".
Пра патрабаванні Прыгожына
"Я гавару: "Ты чаго хочаш?" (Пуціну я, зразумела, расказаў у размове іх патрабаванні) - "Я ж нічога, Аляксандр Рыгоравіч, не прашу. Няхай мне аддадуць Шайгу і Герасімава. І мне трэба сустрэцца з Пуціным". Я кажу: "Жэня, ніхто табе ні Шайгу, ні Герасімава, нікога не аддасць, асабліва ў гэтай сітуацыі. Ты ж ведаеш Пуціна не менш, чым я. Па-другое, ён з табой не тое што сустракацца - па тэлефоне размаўляць не будзе з прычыны гэтай абстаноўкі". Маўчыць. "Але мы хочам справядлівасці! Нас хочуць задушыць! Мы пойдзем на Маскву!" Я гавару: "На паўдарогі цябе проста як клапа расціснуць. Нягледзячы на тое што войскі (мне пра гэта Пуцін доўга гаварыў) адцягнуты на адпаведным фронце". Падумай, гавару, пра гэта. "Не" - такая вось эйфарыя.
Доўга я яго пераконваў. І ў канцы сказаў: "Ведаеш, ты як хочаш можаш рабіць. Але на мяне не крыўдуй. Брыгада падрыхтавана да перакідкі ў Маскву. І, як у 1941-м (ты ж кніжкі чытаеш, адукаваны, разумны чалавек), мы будзем абараняць Маскву. Таму што гэта сітуацыя не толькі ў Расіі. Гэта і не толькі таму, што гэта наша Айчына. А таму, што, не дай бог, вось гэта смута пайшла б па ўсёй Расіі (а перадумовы для гэтага былі каласальныя), наступнымі былі б мы".
"Трыумфальнае шэсце савецкай улады - тое ж самае. Прыкладна 100 тысяч бальшавікоў перавярнулі Расію. Без зброі. Задаю сабе пытанне: "А што, у нас, у Расіі ўсё так добра?" Ды не. Прычын для таго, каб смута гэта пайшла, пакацілася па ўсёй Расіі і да нас дакацілася, больш чым дастаткова. Патрэбны трыгер, патрэбен спускавы кручок. І ён з'явіўся".
Пра недапушчальнасць сілавога рашэння
"Хто такі Прыгожын? Гэта вельмі аўтарытэтны сёння чалавек ва ўзброеных сілах. Як бы камусьці гэтага ні хацелася. Таму я падумаў: замачыць можам. Я і Пуціну сказаў: "Замачыць можам". Гэта не праблема. Не з першага разу, дык з другога. Я гавару: "Не рабіце гэтага". Таму што потым ніякіх перагавораў не будзе. Гэтыя хлопцы, якія ўмеюць адзін за аднаго пастаяць, якія там і ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы ваявалі, яны пойдуць на ўсё. Таксама можам замачыць, але тысячы, тысячы загінуць мірных людзей і тых, хто будзе процістаяць вагнераўцам. А гэта самая падрыхтаваная ў арміі адзінка. Хто з гэтым стане спрачацца? Ваенныя мае таксама разумеюць гэта, і ў нас у Беларусі няма такіх (настолькі падрыхтаваных. - Заўвага). Гэта людзі, якія прайшлі не праз адну вайну ў розных месцах.
Таму, перш чым мачыць, трэба падумаць, што будзе заўтра. Трэба паглядзець далей свайго носа, асабліва ўра-крыкунам, якія сёння топчуцца на гэтай тэме".
Пра міжасобасны канфлікт
"Пойдзем на Маскву, нам патрэбна справядлівасць. Мы ваявалі, мы сумленна ваявалі. Вы ж, Аляксандр Рыгоравіч, ведаеце, як мы ваявалі". - "Ведаю". Але пачалася канкурэнцыя паміж арміяй, як ён сказаў, і нашым падраздзяленнем. Нездаровая канкурэнцыя. Міжасобасны канфлікт паміж вядомымі людзьмі перарос у гэту бойку.
І вось тут я яшчэ хацеў бы зрабіць адну заўвагу, чаму сваім СМІ, прэс-сакратару даручыў ні ў якім разе не рабіць з мяне героя, з Пуціна і Прыгожына. Таму што мы прашлёпалі гэту сітуацыю. Мы яе прапусцілі. А потым, калі яна пачала развівацца, мы бачылі і думалі, што разыдзецца, - і я, і Пуцін (я ў меншай ступені, калі ўжо шчыра гаварыць, але тым не менш). А яно не разышлося. І сутыкнуліся практычна два чалавекі, якія ваявалі на фронце. Я зноў жа ў гэтай тэме, у гэтым катле быў пастаянна. Я ведаю работу Шайгу. Незаслужана яго часам крытыкуюць. Шайгу тут быў не аднойчы. Вядома, я не магу ў СМІ даваць тое, аб чым мы гаварылі. Мы з ім вялі вельмі сур'ёзныя перагаворы. Генерал Хрэнін з ім сустракаўся не адзін раз, і мы спакойна падтрымлівалі чым маглі (а маглі многае) і многае зрабілі. І ў гэтых адносінах Шайгу нямала зрабіў. Гэта значыць, ён заняў сваю нішу там, дзе ён можа нешта зрабіць".
"Яўген Прыгожын... наконт гэтага яго можна зразумець. А калі дабавіць, што ён чалавек такі, як і Шайгу (у іх характары аднолькавыя), вельмі імпульсіўны, вось і пачалося".
Пра ўмову для Прыгожына і яго адмову ад сваіх патрабаванняў
"Размаўляючы другі ці трэці раз, я яго папярэдзіў. Я ўжо бачу, што ён гатовы адступіцца, але я яго папярэджваю: "Яўген, ніякага кровапраліцця. Як толькі ты знарок, незнарок заб'еш хоць аднаго чалавека, асабліва грамадзянскага, - усё, ніякіх з табой перагавораў не будзе, і я з табой размаўляць не буду". Ён мне пакляўся. У нас, кажа, такой мэты няма, і я вам клянуся, што гэтага не будзе.
Перагаворы ішлі на працягу дня. Шэсць ці сем раўндаў перагавораў. Я сваю пазіцыю выказаў. Больш не тэлефанаваў яму. Шэсць разоў, па-мойму, ён ужо выходзіў на мяне. Раіўся, прапаноўваў і іншае. Калі ён мне сказаў: "Аляксандр Рыгоравіч, я не буду патрабаваць ад Прэзідэнта, каб ён аддаў Шайгу і Герасімава, і сустрэчы нават прасіць не буду", я гавару: "Ну і добра. Гэта вельмі добры крок. Не трэба ў гэтай сітуацыі, напружваючы абстаноўку, патрабаваць невыканальнае".
Я гавару: "Вось ты ўяўляеш, я - Прэзідэнт. Ты ў мяне Міністр абароны. І нейкі бандыт…" - "Я не бандыт" - "Я кажу - гэта прыклад: нейкі бандыт патрабуе аддаць Хрэніна з Гулевічам. Я на гэта ніколі не пайду. Сам загіну, але не пайду" - "Так, я разумею" - "Калі разумееш, давай дзейнічаць". Ён кажа: "Скажыце, што цяпер?" Я гавару: "Трэба спыніць калону". Гэта значыць, ён пайшоў на тое, каб дамаўляцца".
Пра гарантыі ад Прэзідэнта Беларусі
"Апошні аргумент быў, калі ў нейкі раз пасля першых перагавораў ён кажа: "Дазвольце мне сабраць камандзіраў і параіцца". Я гавару: "Вядома, ты з імі парайся, каб потым цябе не абвінавацілі".
У адзінаццаць мы размаўлялі, і а пятай гадзіне вечара ён мне патэлефанаваў і кажа: "Аляксандр Рыгоравіч, я прымаю ўсе вашы ўмовы. Але... Што мне рабіць? Спыняемся - яны пачнуць нас мачыць". Я гавару: "Не пачнуць. Я табе гарантую. Гэта я бяру на сябе". У кантакце былі з кіраўніцтвам Расіі, ФСБ займалася ў асноўным гэтым пытаннем, з Бортнікавым. Я проста настойліва прасіў гэтага не рабіць. Бортнікаў разумны чалавек. Ён сказаў: "Аляксандр Рыгоравіч, ну я ж не дурань, я ж разумею, што можа быць".
"Калі яны недзе спыняцца, калона сціснецца… Яна ў кучу збярэцца… Каб не было, ведаеце, жадання і спакусы ўзяць і яе тут накрыць. Паабяцалі: гэтага не будзе. Я і сказаў Прыгожыну: "Гэта - гарантыя" - "Што далей?" - "Аж да таго, што я выведу цябе ў Беларусь і гарантую табе поўную бяспеку. І тваім хлопцам, якія вось сюды рушылі гэтай калонай" - "Так, я вам веру. Я веру" - "Добра, у гэтым напрамку будзем дзейнічаць".
Пра завяршэнне перагавораў і абяцанні Пуціна
"Вечарам мы падышлі да заканчэння перагавораў. Я спяшаўся, таму што за 200 км да Масквы (я ведаў, мяне Бортнікаў праінфармаваў) ужо выбудаваны рубеж абароны. Было сабрана ўсё (гэта Пуцін мне ўжо ўвечары сказаў), як у гады вайны. І курсанты... І міліцыя была ў рэзерве - паўтары тысячы. Гэта значыць, яны сабралі шмат і ў Крамлі, і каля Крамля. Гэта было, я думаю, тысяч дзесяць абаронцаў. І я баяўся, што калі вагнераўцы сутыкнуцца з імі на гэтай мяжы (а гэта якраз было пад 200 км да Масквы), пральецца кроў і тады ўсё.
Я гавару (Прыгожыну. - Заўвага): "Добра. Бортнікаў гэтым займаецца. Табе трэба з ім звязацца" - "Ён не бярэ трубку" - "Возьме. Праз 20 хвілін тэлефануй". Папрасіў Івана Станіслававіча (Тэртэля, Старшыню КДБ. - Заўвага): тэрмінова, гавару, знайдзі Бортнікава, няхай мне патэлефануе. Ён патэлефанаваў. Я кажу: "Аляксандр Васільевіч, абавязкова вазьмі трубку, калі табе патэлефануе Прыгожын". У яго, вядома, унутры ўсё бурліць. Я гавару: "Слухай, адкладзі ўсё ў бок і зрабі, як мы з ім дамовіліся". Яны перагаварылі. Ён павярнуў калону і яны пайшлі ў свае лагеры ў Луганскую вобласць. Яны пайшлі ў лагеры.
Я перагаварыў з Пуціным вечарам. Я яго яшчэ раз папрасіў: "Ні ў якім разе" - "Так. Добра. Тое, што абяцаў, я ўсё зраблю". Ён выканаў.
Смута такім чынам была прадухілена. Небяспечныя падзеі, якія маглі быць, былі зняты. Гарантыі бяспекі, як ён учора сказаў, паабяцаў, былі прадастаўлены".
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў розную інфармацыю, якая з'яўляецца ў СМІ вакол гэтай сітуацыі, уключаючы інфармацыйныя ўкіды і здагадкі.
Прэзідэнт пацвердзіў знаходжанне кіраўніка ПВК "Вагнер" у Беларусі. "Гарантыі бяспекі, як ён (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага) учора паабяцаў, былі прадастаўлены. Я бачу, Прыгожын лятае ўжо на гэтым самалёце. Так, сапраўды, ён сёння ў Беларусі. Як я і абяцаў, калі вы хочаце нейкі час у нас перакантавацца і іншае, мы вам дапаможам. Зразумела, за іх (вагнераўцаў. - Заўвага) кошт", - сказаў Прэзідэнт.
"Але, як Хрэнін (Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. - Заўвага) гаворыць: "Мне такое падраздзяленне ў арміі не перашкодзіла б". Я згодны. Размаўляй з імі", - адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што на Захадзе вельмі насцярожана ўспрымаюць тое, як была вырашана сітуацыя з ПВК "Вагнер".
"Нам паступаюць ужо з учарашняга дня сігналы. На Захадзе вельмі насцярожана гэта ўспрымаюць. Нашы збеглыя ў разгубленасці: "Бяда, зноў Бацька выйграў (не ведаю, у чым я выйграў), усё, нашы справы дрэнь…!" Шкада, што мы не можам апублікаваць усе гэтыя развагі. А то ўжо заявы пачалі рабіць і гэтак далей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
На цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў Прэзідэнт заявіў, што значная частка расійскай ядзернай зброі, якую плануецца завезці ў Беларусь, ужо знаходзіцца на тэрыторыі краіны.
"Палякі і іншыя лічаць, што (я папрасіў, каб далі мне са СМІ) "Вагнер" будзе ахоўваць ядзерную зброю і гэтак далей. Ніякую ядзерную зброю "Вагнер" ахоўваць не будзе. Там будуць ахоўваць, і ахоўваюць сёння, паколькі ўжо частка ядзернай зброі (не буду гаварыць, колькі), вялікая частка завезена ў Беларусь. Дзіўна, што не прасачылі. Ахоўваюць расіяне і беларусы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Працуем разам. У нас вопыту такога няма. Абслугоўваюць расіяне. Мы дапамагаем абслугоўваць гэту ядзерную зброю. Аказваецца, гэта мерапрыемства няпростае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што такія заявы наконт ПВК - гэта звычайнае ўкідванне: "Ніякі "Вагнер" не будзе ахоўваць ядзерную зброю. Гэта наша задача. І за захаванасць зброі персанальную адказнасць нясу перш за ўсё я. Таму мы на гэта ніколі не пойдзем. У нас дастаткова хлопцаў, якія здольны ахоўваць гэты аб'ект разам з расіянамі".
Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на інфармацыю аб тым, што ў Беларусі нібыта пачалі будаваць лагеры для размяшчэння байцоў ПВК "Вагнер". "Мы пакуль ніякіх лагераў не будуем. Але калі яны захочуць (я так разумею, яны глядзяць асобныя тэрыторыі), мы іх размесцім. Стаўце палаткі, калі ласка. Але пакуль яны знаходзяцца ў Луганску ў сваіх лагерах. І як мне сказаў учора Прыгожын, які тэлефанаваў, нехта кантракт з Мінабароны з Шайгу падпіша. Але, гаворыць, самае галоўнае, мае хлопцы ўжо па паўгода - па году не былі дома. І мне было важна з Пуціным дамовіцца, каб ён іх не чапаў. Ён паабяцаў, выконвае сваё абяцанне. Яны хочуць паехаць у сем'і. Ну, калі ласка", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Малайчына Пуцін, учора сказаў: "Калі нехта не хоча кантракт заключаць, ваяваць там і іншае - добра, вы сваё адваявалі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ніякіх лагераў у Беларусі для "Вагнера" не будуюць. "Мы ім прапанавалі адну з закінутых часцей. Калі ласка - агароджа ёсць, усё ёсць. Стаўце палаткі. Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў змест аднаго з інфармацыйных укідаў, што з'явіліся нядаўна, аб тым, што прыезд кіраўніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына ў Беларусь - гэта "чарговая місія па заданні Крамля".
"Значыць, ён (Прыгожын. - Заўвага) у нас па заданні Крамля, у ходзе якога можа ўчыніць правакацыі супраць маючага адбыцца саміту НАТА ў Вільнюсе? Не, мы не збіраемся ні да якіх правакацый. Але калі б нам патрэбна была правакацыя, дык у мяне на заходнім напрамку тысячы ваенных. Толькі каманду дай - яны любую правакацыю арганізуюць. Але нам гэта не трэба. Навошта нам гэта правакацыя? Што яна дасць? Ну, пужнём мы іх у Вільнюсе, і што? У адказ атрымаем. Таму няма ніякай неабходнасці", - заявіў Прэзідэнт.
"Калі нехта і хацеў служыць у "Вагнеры"… Там, дарэчы, ёсць адзін. Дзіма. Ён мне назваў яго. Адзін з кіраўнікоў "Вагнера". Наш, беларус, былы ваенны. Выдатна, кажа, служыць. Мы яго павязаць не можам. Мы нікога ўтрымаць не зможам. Хочаце там зарабляць грошы немалыя... Але павінны разумець, што кожны дзень ты кладзешся спаць у абдымку са смерцю. І аўтамат пад галаву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму нам не трэба адкрываць ніякія пункты па наборы "Вагнера". Я думаю, іх і не будзе ніколі. Вось на гэты момант, я мяркую, што ніякіх пунктаў нам адкрываць не трэба і іх не будзе. А хто захоча там служыць, яны знойдуць туды дарогу", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў аб сваіх матывах і прычынах паглыбленасці ў вырашэнне крызіснай сітуацыі, якая склалася.
"Няма ў гэтай справе герояў. Няма. Гэта я вам адкрыта гавару. Мы з Пуціным вінаватыя, што не прынялі своечасова меры. Таму ніхто сябе тут героем не лічыць. Так, мы спынілі дрэннае развіццё падзей. Магчыма, жахлівую падзею. Паралельна прыкладна ў 11 гадзін першая наша была нарада з сілавікамі. Я запатрабаваў, каб усе войскі былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Усякае можа быць. І патэлефанаваць Шайгу (Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. - Заўвага), спытаць, што трэба. Мы саюзнікі. Застацца ўбаку не можам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі задаволены дзеяннямі сілавікоў у Беларусі, тым, як яны паводзілі сябе на фоне сітуацыі ў Расіі: "Міліцыя і іншыя. Мы вельмі хутка зразумелі, што адбываецца, і былі гатовы дзейнічаць. Усе вы - камандзіры напрамкаў, часцей і гэтак далей".
"Калі рухне Расія - гэта цытата мая, я гавару кіраўнікам дзяржаў на ўсіх нарадах, - калі нехта думае, што камусьці будзе добра з-за таго, што ў Расіі дрэнна, забудзьце! І цытата: "Калі рухне Расія, пад абломкамі будзем усе мы". Калі нехта гэтага не разумее, задумайцеся над гэтым. Пакапайцеся ў гісторыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка назваў Расію цэнтрам агульнай цывілізацыі. "Як бы нам ні хацелася, як бы мы шчокі ні надзімалі, што мы вось такія-сякія… Так, мы такія, мы асаблівыя, мы незалежныя, у нас ёсць свае планы, свае думкі і іншае. Але гэта агульная наша цывілізацыя. Усходнеславянская цывілізацыя. Чаму нам спакойна глядзець, як нас павінны зламаць? І са знешняга боку, і з унутранага. Таму гэта вялікая задача, якую мы павінны вырашаць", - сказаў ён.
Яшчэ адна прычына ў тым, што Расія з'яўляецца саюзнікам Беларусі. "Мы подла сябе паводзіць не можам у гэтым плане. Без Расіі нам была б хана ў гэтай складанай абстаноўцы. Цяпер толькі вырабляй. У "Гомсельмашы" не ведалі, што рабіць. Зараз і казахі, і расіяне - чарга. Ужо віцэ-прэм'ер гаворыць: "Не паспяваем камбайны рабіць". Трактары, машынабудаванне. Нават станкабудаванне, якое ў нас не на амерыканскім узроўні, але на значным. Станкі, станкі - толькі дай. Усё Расія гатова купляць і плаціць грошы. Пагадзіліся, што мы за газ іх і нафту будзем разлічвацца расійскім рублём. Гэта значыць, мы зарабляем рубель. Нам ужо долар не трэба там недзе шукаць, мяняць. Расійскім рублём. Увогуле, шмат уступак. Няпроста было. Але павінен аддаць належнае Прэзідэнту Пуціну: усё, што я прасіў, ён зрабіў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на Расію завязаны і пытанні агульнай бяспекі, уключаючы размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі. "Пастаўка ядзернай зброі, што яшчэ, магчыма, нашы людзі не вельмі разумеюць, гэта гарантыя нашай бяспекі", - сказаў ён. У Беларусь пастаўляюцца таксама ўзоры перадавога расійскага ўзбраення. "Ён (размова аб дамоўленасцях з Прэзідэнтам Расіі. - Заўвага) аддаў ракеты да "Іскандэраў". І паставіў найноўшы "Іскандэр" з завода. Таму, каб вы разумелі, гэта наша бяспека", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі заключалася ў тым, каб не дапусціць крывавага сутыкнення. "І мы паспелі літаральна за паўгадзіны да гэтага, скончыўшы перагаворы. І ён (кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын. - Заўвага) спыніўся. Яны ўжо гатовы былі ваяваць, прымяняць зброю. І тое, што перакопвалі там дарогі, ну гэта проста смех. Я ўжо гаварыў аб тым, што гэта смута перакінулася б адразу на Беларусь. І дапамаглі б гэту смуту перакінуць да нас. Ведаеце хто", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін немалаважны момант: "У Расіі ў грамадстве пад плінтусам сядзіць вельмі шмат. І там супраць іх яшчэ не разгарнулі работу, як мы цяпер зачышчаем. Недзе вякнуў - паглядзелі, 2020-ы год, праверылі, ідзі сюды. Там яшчэ гэтага няма. І ўжо, ведаеце, у Маскве, цяпер гэта вядома, ужо некаторыя клапы гэтыя і таракашкі павылазілі з-пад плінтуса. Таму мая пазіцыя вынікае і з гэтага".
Акрамя таго, актывізаваліся расійскія замежныя збеглыя: "Помніце, гэтыя хадаркоўскія, касьянавы". "Ну, а нашы… Ну што вы! Момант! Таму я і гэта прадбачыў. Страху ніякага перад імі не было. Слухайце, які раён яны захопяць? Няхай паспрабуюць".
"Але самае страшнае для нас: калі пайшла б гэта смута, на Захадзе імгненна гэтым скарысталіся б. Вы ж ведаеце, што амерыканцы хацелі ўвесці літаральна ў гэты дзень - пятніца-субота - чарговыя санкцыі супраць "Вагнера". Адразу адклалі і заявілі: калі ўвядзём, то яны кіраўніцтва Расіі будуць падтрымліваць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму папракаць мяне ў тым, што я тут зноў дапамагаў і іншае, не трэба. Мы бачым іх пазіцыю".
"Галоўнае, паважаныя сябры, гэта выснова і ўрокі, як я заўсёды гавару. Выснова: гэта была б вайна на два фронты. Гэта не Прыгожын. Прыгожын - спускавы кручок. Пачалася б гэта смута па ўсёй Расіі. І гэта быў бы адкрыты другі фронт. І тут сапраўды, як у час грамадзянскай вайны. Яшчэ раз паўтараю, і гэта самая галоўная выснова: ні Пуцін, ні Лукашэнка не героі. Мы рабілі сваю работу. Але шмат чаго ўпусцілі. І нават не ўпусцілі, а не надалі значэння гэтаму, - сказаў Прэзідэнт. - Цяпер нікога не трэба саджаць. Гэта я проста звяртаюся да расіян - ура-агітатараў і патрыётаў. Не трэба нікога цяпер саджаць, не трэба нікога расстрэльваць. Трэба астыць і перагарнуць гэту старонку. Прыйдзе час, калі будзе неабходна, вернемся да гэтай гісторыі. Але цяпер трэба астыць. Не трэба ўскладняць абстаноўку і некага папракаць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер вельмі няпросты час: "Давайце будзем зыходзіць з таго, што гэта толькі пачатак. А хто з вас цяпер устане і скажа, што ўсё, закончана, пойдзем рукі мыць, абедаць, выпіваць? Ніхто не скажа. Давайце будзем зыходзіць з горшага, што нас чакае няпросты час. Убачыўшы гэта, заходнікі - яны таксама зробяць пэўныя высновы, і для іх будзе ўрок. Яны скаардынуюць сваю работу, сканцэнтруюць і будуць наносіць удары па самых балючых месцах. І нам трэба, як учора Пуцін сказаў, сапраўды адзінства нашага грамадства. Таму час няпросты".
Прэзідэнт упэўнены, што сітуацыя, якая здарылася, - гэта ўрок усім. "Нам трэба быць больш уважлівымі да такіх ваенных калектываў, калі мы іх спарадзілі, як, дапусцім, ПВК "Вагнер" і іншыя. І нам трэба своечасова рэагаваць на іх просьбы і запыты. Своечасова сустракацца. Іх таксама трэба арыентаваць і падтрымліваць. Гэта вялікі ўрок", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да некаторых службовых асоб і Беларусі, і Расіі, "якія свецяцца ў СМІ і не свецяцца". "З'яўляецца нейкая рэўнасць: "А, вось, там мы не змаглі, Лукашэнка..." і гэтак далей. Гэта не што іншае, як спроба чарговы раз забіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Мы людзі не дурныя, мы гэта ўсё разумеем, вопытныя людзі. Але не трэба. Не трэба гэты трэнд разгортваць. Гэта да добрага не прывядзе", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуўся да асобных СМІ і работнікаў медыясферы: "Ёсць там "смярдзючыя" і палітолагі, і блогеры, якія пачынаюць сутыкаць мяне з Пуціным. Яшчэ раз гавару: ніякага гераізму ні я, ні Пуцін у гэтым не бачым (у вырашэнні сітуацыі з ПВК "Вагнер". - Заўвага). Не трэба нас сутыкаць. Мы рабілі ўсё, што павінны былі зрабіць. Мы рабілі і робім сваю работу. Прытым без амбіцый. У мяне няма абсалютна ніякіх амбіцый. Я не апраўдваюся, каб вы разумелі. Ніякіх амбіцый, пра якія гавораць".
"Мы, я не раз гэта гаварыў, я і Пуцін - пакаленне адыходзячых палітыкаў. Ні ў яго, ні ў мяне няма ўжо такіх амбіцый. Але пакуль мы прэзідэнты, мы вельмі строга, а часам жорстка будзем адстойваць тое, што належыць нам па канстытуцыі", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Многія кажуць: вось, Лукашэнка - пасрэднік, малайчына, там помнік (яму трэба паставіць. - Заўвага), герой і гэтак далей, і да таго падобнае. Паслухайце, мне не трэба ніякіх помнікаў і герояў. Вы ведаеце мае адносіны да помнікаў. Я гэта наогул дрэнна ўспрымаю. І наконт пасрэднікаў: я ніколі не прасіўся ў пасрэднікі. Я наогул не прымаю пасрэдніцтва, я ненавіджу яго. Таму што, колькі я працую Прэзідэнтам, нас усё душаць, душаць, душаць… Колькі Прэзідэнтам, усё душаць. Санкцыямі, яшчэ нечым, спрабуючы нахіліць. А ў гэты час яны ж з іншага боку заходзяць: "Мы гатовы быць пасрэднікамі". Хто за грошы, хто з-за палітыкі нейкай, кіруюцца амбіцыямі палітычнымі. Я ненавіджу. Вось 25 гадоў таму я зненавідзеў гэта пасрэдніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Я не пасрэднік. Я - такі ж удзельнік гэтых падзей, як Прэзідэнт Пуцін. Таму што гэта наша Айчына. Яшчэ раз паўтараю. Таму калі нехта там у Расіі, а я гэта чую, гаворыць пра пасрэдніцтва Лукашэнкі, ніякага пасрэдніцтва! Гэта такая ж праблема наша, мая, як і Прэзідэнта Пуціна і расіян", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства.
Лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч задаў Прэзідэнту пытанне, якое датычыцца падрыхтоўкі баевікоў у такіх краінах, як Польшча і Літва, для дэструктыўнай дзейнасці адносна Беларусі. На гэта, паводле яго слоў, затрачваюцца значныя сродкі, і каб апраўдаць такія траты, гэтыя групы павінны будуць учыніць канкрэтныя дзеянні. У сувязі з чым Прэзідэнта спыталі, як Беларусь рэагуе на такія пагрозы.
"Мы да гэтага рыхтуемся, наколькі гэта магчыма, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ж разумееце, што ўсё прасеяць немагчыма. Гэта вельмі вялікая, цяжкая і затратная работа. Але гэта галоўнае для нас пытанне - для спецслужбаў. Адно, калі яны там мелюць языкамі: суткі павякалі - на другія суткі ўсе бачаць, што гэта хлусня. А тут мы не адмахваемся ад гэтага".
Прэзідэнт адзначыў, што немалая колькасць такіх баевікоў загінулі на фронце, у тым ліку ў сутыкненні з ПВК "Вагнер": "Расказваюць адзін аднаму, сваякі ў іх тут у некаторых. Тэлефануюць, кажуць: немагчыма галаву падняць".
"Нямала іх загінула. Ваяваць не хочуць. Яны ж бачаць, і сваякі ім расказваюць, бацькі пра Беларусь і пра тое, як тут жывуць..." - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь не закрывала граніцу, застаецца адкрытай для прыбыцця грамадзян з іншых краін, у тым ліку для ўкраінцаў, якіх толькі за апошні час прыбыла да нас амаль 30 тыс. чалавек.
"Мы ж ім не закрываем праезд. Яны здзіўляюцца. Паўмільёна літоўцаў, палякаў, немцаў. Чаго яны да нас так ідуць?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў многіх сітуацыях Беларусь аказваецца ў больш выйгрышнай пазіцыі, чым апаненты, напрыклад, у вырашэнні крызісу з мігрантамі на граніцы.
Адказваючы на пытанні, Аляксандр Лукашэнка назваў вар'яцтвам абвінавачанні ў адрас Расіі і Беларусі ў "крадзяжы дзяцей Данбаса".
"З дзецьмі. Слухайце, трэба быць вар'ятамі… Лахушка гэты гэту кампанію са сваімі пачаў: мы дзяцей "крадзём", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што арганізацыяй аздараўлення і рэабілітацыі ў Беларусі дзяцей Данбаса займаецца грамадскі дзеяч Аляксей Талай. "Ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне. Да мяне дзесяць разоў звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту патрацім на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць. Аздаравілі - яны паехалі. Ад'язджаць не хочуць" , - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён з абурэннем заўважыў, што гэта работа стала прычынай для абвінавачанняў. "Мяне ўжо ў (міжнародны. - Заўвага) крымінальны суд за гэта. Гэта мярзотнікі далей няма куды. Яны хапаюцца хоць за што", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі ў сваім пытанні Кіраўніку дзяржавы адзначыў, што ў прадстаўнікоў экспертна-аналітычных колаў краін Захаду адным з прадметаў цікавасці з'яўляецца размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Яны выказваюць перакананасць, што Беларусь нібыта не атрымае тэхнічнай магчымасці выкарыстоўваць гэту ядзерную зброю ў выпадку нападзення на краіну, што кантроль за ўзбраеннямі застанецца ў Расійскай Федэрацыі і толькі Расія будзе прымаць гэтыя рашэнні. Удзельнік мерапрыемства папрасіў яшчэ раз унесці яснасць па гэтай тэме і расказаць, як будзе прымяняцца тактычная ядзерная зброя ў выпадку нападзення на Беларусь.
"Калі ўжо глыбей зірнуць, слухайце, а мне што, хлам патрэбны на нейкім складзе? Ну, няхай бы ў Расіі там і ляжала гэта тактычная зброя. Трэба - ну, лішнія там 500 кіламетраў правязём, прыменім. Ці самалёт узляціць з Расіі. І гэтак далей і да таго падобнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настойваў на размяшчэнні ў Беларусі ТЯЗ, "каб сюды ніхто не сунуўся". "З ядзернай дзяржавай ніхто ніколі не ваяваў. Цяпер галоўная задача. Гулевіч (начальнік Генштаба Узброеных Сіл - Першы намеснік Міністра абароны Віктар Гулевіч. - Заўвага) якраз прысутнічае тут. Яму, Міністру і Старшыні КДБ пастаўлена задача - вызначыць алгарытм прымянення гэтай зброі. Аснова яго павінна быць у тым, што мы яе павінны прымяніць у цяжкую хвіліну, калі на нас нападуць. А значыць, нападуць, як у Расіі пачалі ўжо гаварыць, на Саюзную дзяржаву", - сказаў Прэзідэнт.
"Але не ў гэтым сутнасць. Дапусцім (гэта толькі дапусцім), мы можам яе прымяніць па ўзгадненні з Расіяй. Вось гэтыя пустыя разважанні: нас выкарыстоўваюць і іншае - гэта ўсё фігня. Гэтага няма і быць не можа. Гэта наша зброя, і мы яе будзем выкарыстоўваць (у выпадку, калі ўзнікне ў гэтым неабходнасць. - Заўвага)", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мне хлам тут не патрэбны. І гэта проста смех - прывезці зброю, размясціць яе. Дзеля чаго, дзеля захоўвання? У расіян выдатныя сховішчы. Вось генерал Хрэнін (Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. - Заўвага) і яго людзі былі там, бачылі гэтыя сховішчы. Але ў нас лепшыя. Прыехалі спецыялісты, кажуць: "Ну, гэта медыцынская аперацыйная!" - дадаў Прэзідэнт.
Раней у ходзе мерапрыемства Прэзідэнт заявіў, што значная частка расійскай ядзернай зброі, якую плануецца завезці ў Беларусь, ужо знаходзіцца на тэрыторыі краіны. Яе аховай займаюцца як расіяне, так і беларускія грамадзяне.