Рабочая паездка ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці
- 32
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.
У Веткаўскім раёне - адным з пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС - у маштабах вобласці абмеркавалі і пасяўную ва ўсіх нюансах, і развіццё асобных раёнаў, і эканоміку рэгіёна ў цэлым.
Адразу пасля прылёту ў Ветку Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці поўнасцю ўкамплектаваны жывёлай пабудаваныя новыя і мадэрнізаваныя МТК. Яму далажылі, што пакуль не, работа ў гэтым напрамку вядзецца.
"Калі мы не паставім жывёлу ў тэхналагічныя памяшканні - комплексы малочнатаварныя, дзе даіцца карова будзе не ўручную, не ў малакаправод, а ў даільнай зале, - не паставім ніякага малака і якасці не будзе", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе гэтыя МТК павінны быць поўнасцю ўкамплектаваны жывёлай, паколькі інакш не акупяцца ўкладзеныя сродкі. "Крыўдуйце самі на сябе, калі вы новыя і рэканструяваныя комплексы не запоўніце", - папярэдзіў ён. Задача гэта датычыцца не толькі Гомельскай вобласці, але і краіны ў цэлым. У той ці іншай ступені яна актуальная для розных рэгіёнаў.
Пры гэтым, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, важна і тое, якой менавіта жывёлай будуць укамплектоўвацца комплексы, як будуць арганізаваны ўтрыманне і догляд. Тут адзін з галоўных паказчыкаў работы - гэта надой, які на новых комплексах ніяк не можа быць ніжэйшы нават за сярэднерэспубліканскі і абласны ўзроўні. "Навошта будавал? На новых комплексах трэба ў два разы больш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб ходзе веснавых палявых работ, стане азімых пасеваў, рабоце па ўзбуйненні і аб'яднанні гаспадарак.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі. "Угнаенняў хапае. Бярыце, уносьце", - сказаў ён.
У ходзе рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў паскорыць тэмпы меліярацыі: "Вельмі марудна ідзе. Трэба паскарацца. Сёння гэту капейку (сродкі на меліярацыю. - Заўвага) вырвалі трыма пальцамі, а заўтра можа не быць. І пад адказнасць кіраўнікоў. Трэба адказваць, сачыць за каналамі, дамбамі, рэгуляваць водны рэжым. Пад подпіс кожнаму кіраўніку: вось твае палі - адказвай".
Ён падкрэсліў, што трэба імгненна працаваць, асабліва ў шэрагу мясцін, якія важна выратаваць у першую чаргу. "Я не аб аднаўленні, не аб меліярацыі, а аб выратаванні некаторых участкаў. Самае цяжкае ўражанне - ад запушчанасці палёў і адсутнасці культуры земляробства. Самае страшнае гэта", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што ўкладзеныя цяпер у меліярацыю грошы трэба расходаваць эфектыўна, і ў далейшым сачыць за станам гэтых тэрыторый. "Каб мы, уклаўшы грошы... А нашы дзеці потым зноў не разгортвалі гэту работу. Жалезная павінна быць дысцыпліна. Падтрымліваць трэба. Гэта залатыя землі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Наведваючы мясцовую гаспадарку, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са створанай сістэмай па рамонце і аднаўленні старой тэхнікі і звярнуў увагу на пытанні дысцыпліны.
"Настае жалезная дыктатура! Засядзеліся ў Мінску. У Гродне праводзім нараду: поўны адрыў урада ад губернатараў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца адноўленай сельгастэхнікі, Прэзідэнт сказаў: "Сістэма наладжана правільна, гэтым шляхам трэба ісці".
"Усяго ў нас хапае. У нас не хапае дысцыпліны", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка для журналістаў і грамадства растлумачыў, што размова ідзе пра тэхніку, якая праслужыла ў гаспадарках 5-7 гадоў і якую "кінулі пад плот". "Мы прынялі рашэнне з-пад плота дастаць, аднавіць і даць новае жыццё гэтай тэхніцы", - адзначыў ён.
"Прыгожая!" - сказаў Прэзідэнт, ацэньваючы прадстаўленыя ўзоры адноўленай тэхнікі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта даручэнне павінна было зыходзіць не ад яго, а ў першую чаргу на месцах трэба беражліва і па-гаспадарску абыходзіцца з тэхнікай. "Ставімся расхлябана, не беражом яе. А гэта грошы!" - заўважыў ён.
Камбайн "Гомсельмаша" павінен працаваць мінімум 15 гадоў, падкрэсліў Прэзідэнт. Тое ж самае датычыцца і трактарнай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як аднойчы размаўляў з амерыканскім фермерам, які больш за 30 гадоў эксплуатаваў беларускі трактар, і той быў спраўны і цалкам у рабочым стане.
Як было адзначана, у рэгіёне тэхніку, якая выйшла са строю і не эксплуатуецца, перадаюць у ААТ "Гомельаблаграсэрвіс". На самім прадпрыемстве і ў раённых аграсэрвісах яе прыводзяць у парадак, абнаўляюць, аднаўляюць і прапануюць на другасным рынку.
Сярод агрэгатаў, якія атрымліваюць другое жыццё ў гэтым годзе, - трактары, корма- і збожжаўборачныя камбайны, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, машыны для ўнясення ўгнаенняў і іншыя. Усяго ў пераліку 50 адзінак.
Як адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, у аграсэрвісах нацэлены на тое, каб кошт адноўленай тэхнікі не быў вышэйшы за 55% ад цаны такога ж новага агрэгата. "Тэхніка, якую мы аднавілі, прадаецца добра", - даў адзнаку губернатар. Ён удакладніў, што на такую тэхніку даюць і год гарантыі.
Генеральны дырэктар "Гомельаблаграсэрвіса" Аляксандр Торап дадаў, што ў аднаўленні тэхнікі дапамагае "Гомсельмаш".
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць і кадравай дысцыпліны, але важна не толькі патрабаваць, але і выпрацаваць неабходную нарматыўную прававую базу. Безгаспадарчае стаўленне і расхлябанасць не павінны заставацца беспакаранымі.
"Павінна быць вось такая сістэма выпрацавана, калі мы не хочам ваяваць так, як яны ваююць на поўдні. Нам патрэбны нарматыўныя прававыя акты. Каб гэта было ў законе. Парушыў закон - пайшоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сярод прычын тых ці іншых недахопаў ёсць тыя, якія залежаць ад саміх людзей. "Гэта тое, што ў нас называецца разбэшчаннасцю. Разгільдзяйства, злачыннасць, крадзеж. Усё гэта ў кучу. І ніхто не нясе, нібыта, адказнасць. А несці ж адказнасць трэба. І зноў паўстала пытанне стварэння сістэмы кіравання кадрамі", - заўважыў ён.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт правёў нараду з актывам Гомельскай вобласці і растлумачыў сваю асаблівую ўвагу да гэтага рэгіёна.
"Як я пераканаўся чарговы раз, мы ўмеем усё рабіць як трэба. Пытанне: чаму не робім так, як трэба? Або дакладней - чаму не заўсёды робім так, як трэба? Аб гэтым сёння пойдзе размова. Другое - не хацелася б, каб праз некаторы час мы сустрэліся і развялі рукамі. Вось мы не зрабілі і пачынаем шукаць, як звычайна, прычыну. Каб гэтага не здарылася па выніках бягучага года (іншага часу ў вас няма, і ў мяне таксама), мы сёння сустрэліся. Каб прамежкава пагаварыць, чаму мы не робім так, як трэба рабіць, і так, як вы ўмееце рабіць", - перш за ўсё абазначыў тэму нарады Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны год у гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыязджае ў адзін з пацярпелых раёнаў Беларусі. Але часцей за ўсё Прэзідэнт бывае на Гомельшчыне, якая ў 1986 годзе практычна ўся была радыяцыйна забруджана.
"Вы ведаеце, гэта вобласць мне не чужая. Гэта вобласць мне фактычна як родная. Я заўсёды падкрэсліваў на любых форумах, канферэнцыях, рэферэндумах, выбарах: Гомельская вобласць заўсёды мяне падтрымлівала больш, чым якая-небудзь іншая вобласць. Тут працавітыя, мудрыя, загартаваныя людзі, якія бязмежна любяць гэту зямлю. Але з-за нашай бескантрольнасці, ныцця "ах, чарнобыльцы, ах, чарнобыльцы" мы расслабіліся і не заўважылі, як пачалі страчваць гэту вобласць. І сярод гэтай велізарнай колькасці працавітых, мудрых людзей з'явіліся дзялкі, жулікі і зладзеі. Няхай іх няшмат, але гэты працэс трэба спыніць. Таму сюды і быў накіраваны новы губернатар і новы ўпаўнаважаны Прэзідэнта па гэтай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, наведваючы пацярпелыя рэгіёны, заўсёды падкрэсліваў, што дзяржава будзе рабіць усё магчымае, каб гэты край жыў і развіваўся. Людзі паверылі і засталіся на малой радзіме. "Я вас доўга пераконваў, што тут мы будзем жыць нармальна, не горш, чым у іншых раёнах нашай рэспублікі. Па выніках мінулых 30 з нечым гадоў мы ў гэтым пераканаліся, таму што мы ўжо маем статыстыку. Я адчуваю шчырую радасць, калі бачу пазітыўныя змяненні", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для Гомельскай вобласці за гады незалежнасці дзяржавай зроблена нямала.
"Я бачыў сёння ў Ветцы радасныя твары, і ў чым асаблівасць - калі ёсць нейкія дробныя пытанні, то жанчыны хуценька гэтага чалавека адсоўваюць: "Ды гэта не Прэзідэнта пытанні, ды гэта не галоўнае". Галоўнае - каб быў мір, каб не прылятала сюды (як гавораць на Данбасе), каб людзі жылі на мірнай зямлі. Людзі нарэшце сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае жыццё, спакойнае, мірнае, і жыццё сваіх дзяцей. Гэты прыярытэт сёння я бачу на Гомельшчыне, ды і па ўсёй рэспубліцы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Заўсёды гавару: лепш у полі ваяваць, чым там. Вы гэта лепш за мяне ведаеце. Вы сталі прыфрантавой вобласцю", - дадаў Прэзідэнт.
Рэалізаваны пяць спецыяльных чарнобыльскіх праграм, цяпер выконваецца ўжо шостая. У пацярпелыя рэгіёны толькі ў мінулым годзе ўкладзена больш як Br600 млн, а ў цэлым - мільярды. На гэтыя грошы пабудаваны дзясяткі тысяч кватэр, больш за сотню школ і дзіцячых садоў, тысячы кіламетраў дарог, газіфікаваны больш за сотню населеных пунктаў. З'явілася мноства розных устаноў аховы здароўя, у тым ліку ўнікальны, ледзь ці не адзіны ў свеце Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. "Мы яго з вамі пабудавалі тады, калі ён проста быў кінуты і пустыя вокны, як байніцы, сведчылі пра безгаспадарчасць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што Гомельскай вобласці патрэбны новыя драйверы эканамічнага росту.
"Калі ў першае дзесяцігоддзе пасля аварыі мы змагаліся ў прамым сэнсе слова за выжыванне, то ў апошнія гады мы гаворым аб развіцці. Уключэнні ў сельгасабарот зямель, будаўніцтве малочнатаварных, адкормачных комплексаў, стварэнні эфектыўных прамысловых прадпрыемстваў. Што-што, але вам крыўдзіцца на гэта няма чаго. Няма ніводнага горада ў вас больш ці менш буйнога, дзе я не пабываў бы і не запланаваў будаўніцтва ці то дрэваапрацоўчых, перапрацоўчых, цэлюлозных, нафтаперапрацоўчых заводаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў Гомельскай вобласці зроблена нямала і ў прамысловым плане гэта адна з самых развітых абласцей. "Нам трэба шукаць сёння, а яшчэ лепш - ствараць драйверы эканамічнага росту рэгіёна ў бліжэйшай будучыні", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Таму, растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, гэты раз было прынята рашэнне адысці ад практыкі традыцыйнага "чарнобыльскага" візіту і правесці рабочую нараду аб сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым. "Каб тут, на месцы, абмеркаваць, куды рухаецца Гомельшчына, чаго не хапае, чым можам дапамагчы. Наша размова павінна быць вельмі канкрэтнай, сумленнай, дзелавой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле інфармацыі Прэзідэнта, вынікі першага квартала для вобласці далёка не такія, як разлічвалі. Па тэмпах развіцця эканомікі вобласць займае чацвёртае месца сярод усіх рэгіёнаў.
Хаця прамысловасць, заўважыў Кіраўнік дзяржавы, спрацавала нядрэнна: рост на 4,5%, а ў цэлым па рэспубліцы паказчыкі павялічыліся прыкладна на 2%. Але гэта ў большай ступені ўклад арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці (іх удзельная вага амаль 80%), растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"А што ў вашай зоне адказнасці? У сельскай гаспадарцы тэмп не дацягвае да 100% і апошняе месца ў краіне. Мне далажылі аб ходзе веснавых палявых работ, правядзенні меліярацыйных мерапрыемстваў, аднаўленні самартызаванай тэхнікі. Але трэба пагаварыць і пра іншае. Тут нібыта пакуль нядрэнна, але куранят увосень лічаць. У лістападзе мінулага года мы правялі даволі прадметную, недзе нават жорсткую нараду па стратэгіі развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці. Расставілі акцэнты, узгаднілі падыходы, атрымалі запэўненні кіраўнікоў, што працаваць будзем напружана, з поўнай аддачай", - нагадаў Прэзідэнт.
Вось толькі гэта, паводле яго слоў, не вельмі адчуваецца. Кіраўнік дзяржавы спытаў, што зроблена на гэты час і якія ёсць пытанні, што перашкаджаюць выкананню тых дамоўленасцей?
"Многія праблемы мы спрабуем вырашыць за кошт узбуйнення або далучэння да магутных прамысловых прадпрыемстваў гаспадарак. А які эфект ад гэтага? Вы павінны бачыць ужо цяпер. Што па іншых вытворчасцях? Як іх выцягваеце? Праблемы ж ёсць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што вы аб'ядноўваеце гаспадаркі, робіце іх буйнейшымі (вакол, зразумела, малочнатаварных комплексаў, яшчэ нейкіх комплексаў) і абсталёўваеце новай тэхнікай, - гэта добра. Калі гэта так. А калі да беднага далучыце беднае, вы ведаеце, што беднымі яны і застануцца".
Аблятаючы сёння Гомельшчыну на верталёце, Прэзідэнт паглядзеў, што робіцца ў гаспадарках, на палях, усіх будоўлях, аб'ектах, дарогах. "Несабраная салома, парослая травой арганіка. Безгаспадарных і невыкарыстоўваемых будынкаў і збудаванняў мноства. Належнага парадку пакуль няма. І самае небяспечнае, што і не прадбачыцца ў гэтым годзе, - падзяліўся ён уражаннямі ад убачанага. - І, як мне дакладваюць, не ўдалося выкараніць прыпіскі і падзеж жывёлы".
Напрыклад, у Ельскім раёне падзеж павялічыўся ў два разы, у Добрушскім і Лельчыцкім - практычна аналагічна. За тры месяцы ў цэлым па вобласці толькі цялят ва ўзросце да паўгода амаль 4 тыс. галоў. "Колькі яшчэ нам вучыць кадры, дапамагаць ім, каб яны засвоілі элементарнае, азы? Вучыць тут нікога не трэба: усе ведаюць, як гэта рабіць. Але чамусьці не робіцца. Прадаўжаючы тэму Лельчыц. Я даваў даручэнне дасканала разабрацца па кожным аб'екце і праекце ў Лельчыцкім прамысловым парку, некаторыя закранаюць яшчэ і суседнія раёны. Мы шмат разважаем, раімся, ва ўрадзе праходзяць нарады. Але далей за словы часам справа чамусьці не ідзе. Або гэта неперспектыўны напрамак, не кропка росту? Паслухаю вашы прапановы наконт гэтага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці развіцця Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і Прыпяцкага парку. З гэтага года запаведнік перайшоў ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пад кіраванне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
"Мы разумеем, што цяпер там ніякай надзвычайшчыны няма. Але як працуе запаведнік у цяперашніх умовах? Ці захавалі там парадак, які быў пры ваенізаванай структуры? Ведаю, што вы там займаецеся пчалярствам, рыбаводствам. Без антрапагеннай нагрузкі цудоўна адчуваюць сябе расліны, жывёлы, асабліва рэдкія, чырванакніжныя. Коні Пржавальскага ў вас там прыйшлі і прыжыліся. Рай для вучоных. І турыстам таксама такое цікава, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Ці выкарыстоўваем мы гэту разнастайнасць?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на нарадах па эканоміцы пастаянна ставіцца задача зніжаць залежнасць паказчыкаў рэгіёнаў ад работы прамысловых гігантаў рэспубліканскага значэння, такіх як Мазырскі НПЗ, Жлобінскі БМЗ, Светлагорскі ЦКК і Добрушская папяровая фабрыка.
"А як выконваецца маё даручэнне "адзін раён - адзін новы праект", дзе павінна быць бачная ініцыятыва мясцовай вертыкалі? Ці не падмяняеце паняцці? Гэта сапраўды прынцыпова новыя вытворчасці са створанымі рабочымі месцамі ці ж простае вылучэнне аднаго з прывычных напрамкаў работы старых прадпрыемстваў? - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. - Тут падмены быць не павінна. І хлусні таксама. Не атрымаецца".
"Вось, па справаздачах - малочна-даільныя блокі, вытворчасць пелет. Справа патрэбная. Але ж размова ідзе перш за ўсё аб інавацыйных высокатэхналагічных вытворчасцях. Пажадана на мясцовай сыравіне. Так, і малочнатаварныя комплексы патрэбны, і вытворчасць пелет. Толькі прадаваць іх трэба, не збіраць на складах. І не плакаць, не ныць, што вам санкцыі перашкаджаюць. Мяне ніхто не пераканае: развіццё раёна, гаспадаркі або прадпрыемства залежыць ад кемлівасці перш за ўсё кіраўніка і прымаемых на месцах рашэнняў. Тады адразу відаць, дзе талковыя кіраўнікі. Там праблем няма, і ўсё працуе як гадзіннік", - заявіў беларускі лідар.
"У цяперашніх умовах гэта асабліва важна, таму што вы прыгранічны раён, як я сказаў, прыфрантавая зона, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Хачу падкрэсліць: мы - мірныя людзі і чужой зямлі нам не трэба".
Прэзідэнт нагадаў, што менавіта з Гомельшчыны, з горада Камарына, 23 верасня 1943 года пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкай нечысці. "І менавіта тут, у Камарыне, у верасні трэба даць добры старт юбілейным мерапрыемствам, прымеркаваным да 80-годдзя вызвалення рэспублікі, якое мы шырока адзначым у 2024 годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ раз паўтаруся: забеспячэнне міру і бяспекі - гэта справа Прэзідэнта, сілавога блока. Ваша задача - стварэнне дастойных умоў для жыцця людзей. Ваша задача - эканоміка. Дайце эканоміку. І тут вы не дапрацоўваеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як дакладваюць Прэзідэнту, 45% дарог рэгіёна маюць дэфекты пакрыцця. Ёсць нараканні насельніцтва да работы службаў ЖКГ, добраўпарадкавання. Непакоіць грамадзян стан аўтобуснага парка і работа гарадскога транспарту, асабліва ў гадзіны пікавых нагрузак.
"Прыклад побач. У якім стане мост на галоўнай артэрыі, якая звязвае Ветку з Гомелем? Аварыйным. Яшчэ. Людзі закідалі зваротамі: няма чыгуначнага пераезда ў мікрараёне Заходні ў Жлобіне. Дзеці і іх бацькі ходзяць у дзіцячы сад і школу па чыгуначных пуцях. Гэта так рэканструявалі дарогу. А які стан аўтадарогі М10, якая злучае Гомель з Брэстам?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што больш чым актуальнай праблемай гэтай вясны стала паводка, і гэта тэма не новая. "Мы заўсёды прасілі: мала вільгаці, мала вільгаці. Сёння - празмерна, і гэта шчасце. Сож, Днепр, Прыпяць, вы ведаеце, гэта рэкі з пэўным норавам. Хоць старажылы кажуць, што такога не было даўно. Але ці ўсё мы ўлічваем, ці заўсёды гатовы да такіх сітуацый? Чаму ў гэтым годзе атрымаўся нейкі аўрал? І інфармацыйны вакуум з боку мясцовай улады. З людзьмі трэба размаўляць, трэба своечасова даводзіць да іх ведама інфармацыю. У адваротным выпадку гэта будуць рабіць іншыя. І такія прыклады ўжо ў нас былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што большасць пытанняў павінна вырашацца на месцах і без сацыяльных узрываў: "Вы кіраўнікі. Людзі ў крытычнай сітуацыі чакаюць ад вас хуткіх, разумных і зразумелых дзеянняў і, самае галоўнае, дакладнай інфармацыі".
"Словам, тэм для абмеркавання, як бачыце, у нас дастаткова. Спадзяюся на канструктыўную і адкрытую размову. Чакаю ад вас вельмі канкрэтных адказаў, прапаноў. Парадак дня вызначаны", - падагульніў Прэзідэнт.
У час нарады аб развіцці рэгіёна далажыў губернатар Гомельскай вобласці Іван Крупко. Сваю ацэнку стану спраў далі ўпаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы ў рэгіёне, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў не шукаць апраўданняў і нейкіх аб'ектыўных прычын тым ці іншым хібам у рабоце. "Галоўнае ў нашай сустрэчы - не надумайце шукаць аб'ектыўныя прычыны. Не надумайце! Няма аб'ектыўных прычын. Нікому сёння не лёгка. Але калі мы вытрымаем, мы будзем зусім іншымі і зоймем сваё пачэснае месца ў гэтым свеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба працаваць і забыць пра санкцыі. "Не трэба спаць. Трэба варушыцца. Не трэба толькі скоўваць людзей. Можа старшыня гар-, райвыканкама недзе нечым там пасадзейнічае, прадаць - няхай вязе, прадае. Кантралюй толькі цэнаўтварэнне, каб да рук не прыліпала", - сказаў ён.
Кіраўнік спраў Прэзідэнта, упаўнаважаны па Гомельскай вобласці Юрый Назараў расказаў аб рашэннях па недапушчэнні адтоку кваліфікаваных кадраў, выяўленых выпадках фармалізму ў рабоце з кадрамі і адсутнасці дысцыпліны. Ён адзначыў, што вырашаць кадравыя пытанні неабходна не толькі адміністрацыйным рэсурсам, але важна і матываваць людзей. Сярод стымулаў - зарплата, жыллё, якасць медабслугоўвання. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, але пакуль яшчэ застаецца шырокае поле для дзейнасці.
Сілавым блокам на асаблівым кантролі трымаюцца пытанні і выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны.
"Планы на 2023 год у вобласці амбіцыйныя. Рэсурсы ёсць. Трэба падцягнуць проста дысцыпліну. У цэлым эканоміка мае за першы квартал станоўчыя тэндэнцыі. Так, гэта было дзякуючы прамысловаму комплексу. Індэкс прамысловай вытворчасці за першы квартал - 104,4%. Сума чыстага прыбытку, атрыманага арганізацыямі вобласці за два месяцы, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла ў 2,6 раза. Колькасць стратных арганізацый зменшылася са 122 да 94. Сума чыстай страты знізілася ў 5,2 раза. Пры гэтым удзельная вага стратных арганізацый вобласці самая нізкая сярод рэгіёнаў рэспублікі. Уклад прамысловага сектара вобласці ў эканоміку рэспублікі складае амаль 20% і з'яўляецца адным з самых высокіх сярод рэгіёнаў. Такім чынам, на мой погляд, характар праводзімай работы кіраўніцтвам вобласці, дынаміка выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы і папярэднія вынікі пачатку года выклікаюць асцярожны аптымізм. Упэўнены, што гэты ключавы год, які вы абазначылі для кіраўніцтва вобласці, дасць свае вынікі. Для гэтага ёсць практычна ўсё", - далажыў Юрый Назараў.
"Юрый Віктаравіч, гэта і для вас таксама ключавы год. І для памочніка Прэзідэнта", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што выкананы ўсе просьбы, на яго ўзроўні вырашаны кадравыя пытанні. Цяпер усё ў руках губернатара, упаўнаважанага па вобласці і памочніка Прэзідэнта ў рэгіёне.
Прэзідэнт пацікавіўся, якія праблемы Юрый Назараў лічыць асноўнымі ў рэгіёне. "Самая галоўная праблема - разбэшчанасць, - адказаў чыноўнік. На што Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта яшчэ мяккае выказванне.
"Элементарная расхлябанасць. Напэўна, недзе менш запатрабаваць сталі", - прадоўжыў Юрый Назараў.
Другая праблема сферы АПК, у тым ліку звязаная з першай, - гэта слабая забяспечанасць кармамі ў шэрагу гаспадарак, хоць умовы для нарыхтоўкі кармоў былі нядрэнныя. Усё гэта ў выніку ўплывае на прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў прыярытэт эканомікі ў забеспячэнні ўстойлівасці і бяспекі краіны.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, з чаго пачаліся праблемы ва Украіне: "Вы ж памятаеце, да вайны Украіны не было. Яе "разбэсцілі". Гэта вельмі багатая краіна. У іх было ўсё. І ў прамысловасці, і асабліва ў сельскай гаспадарцы. Чарназёмы і гэтак далей. Калі б гэта нам, мы лепш бы, чым Эміраты развіваліся. А пачалося ўсё з таго: кіруемасць страчана, рынак усё адрэгулюе, безгаловыя кіраўнікі... І пайшло-паехала. Карупцыя, хабар на ўсіх узроўнях, дзяльба ўласнасці, усё парэзалі, раздалі. Няма краіны. З гэтага ўсё пачалося. У гэтым асноўная прычына".
"А для таго каб знайсці вінаватых, пачалі: рускую мову, рускамоўнае насельніцтва душыць, цкаваць. Як у нас у час Шушкевіча, Пазняка. Нацыяналізм у нас жа таксама пачаў захлістваць краіну. А ў іх ужо захліснула. Зразумела, тады і суседзі глядзяць на цябе, паціраючы рукі. І іншае. Вось з чаго пачыналася", - падкрэсліў беларускі лідар.
Таму вельмі важна забяспечыць моцную эканоміку. У гэтым выпадку можна моцна не перажываць і за ваенную бяспеку, упэўнены Прэзідэнт. "Таму я заўсёды кажу: дайце эканоміку, дайце мне сацыяльна-эканамічнае становішча, і я з вас не буду патрабаваць за абарону. Гэта асабліва важна для вас. Вы ж бачыце, што адбываецца. Да вас шмат людзей прыехала, сваякоў там шмат", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму эканоміка, моц, адзінства людзей - яны не дазволяць развязаць вайну. Вось таму я з вас так жорстка і патрабую. Таму што лепш я з вас цяпер запатрабую, чым заўтра дам вінтоўку і пашлю на фронт", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка станоўча адзначыў той факт, што ў сваіх выступленнях на нарадзе ні губернатар Гомельскай вобласці, ні ўпаўнаважаны па рэгіёне наогул не гаварылі пра санкцыі. "А ў Гродне мне пра санкцыі пачалі гаварыць. Вы радуйцеся, што гэтыя санкцыі ўвялі. Асабліва аграрыі. У нас краіна нямала атрымлівае ад аграрнага сектара. Вязіце, прадавайце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, малако вялікае ў Расіі пайшло. Трэба паканкурыраваць, не ўсё проста. Ну дык самім трэба варушыцца недзе. У вас кантакт са Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай абласцямі. Ды і далей таксама - Белгарад, Курск. Гэта нашы людзі. Працуйце праз іх, ім спрабуйце прадаць. Ніхто ж цяпер не перашкаджае. Трэба дагаворвацца".
"Працаваць, працаваць і забыць пра санкцыі! Санкцыі - так, няпроста, складана. Але няпроста "Беларуськалію", нафтаперапрацоўчым заводам. Дык вы што, займаецеся гэтым? Не. Гэтым займаюцца ва ўрадзе канкрэтныя людзі", - заўважыў беларускі лідар.
Тым не менш і па гэтых падсанкцыйных таварах ёсць пазітыўная дынаміка. "І калійныя ўгнаенні пайшлі. Так, лагістыка крыху падаражэла. Але прадаём. Нафтапрадукты толькі дай цяпер. А раней баяліся - няма куды дзяваць. Ну што мы не можам прадаць? Трактары? Расійскі рынак свабодны. Так, кітайцы падціскаюць, хочуць прадаць. Але пакуль мы канкурэнтаздольныя. З "Растсельмашам" знайшлі неяк кантакты. Трэба іх развіваць. Праз "Растсельмаш" працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што меў рацыю, калі насуперак сусветнаму трэнду не стаў прытрымлівацца чыста рыначных падыходаў у развіцці краіны.
"Не трэба ніякага кантролю, цэнаўтварэнне (свабоднае. - Заўвага), пайшло і паехала. Наеліся. Гэта я заўсёды вас стрымліваў. Насуперак сусветнаму трэнду я вас спрабаваў стрымліваць: супакойцеся, пакіньце лепшае з савецкіх часоў, што было. Хоць я не прыхільнік савецкай сістэмы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё сваё жыццё, знаходзячыся на розных пасадах, займаўся мадэрнізацыяй тых ці іншых сістэм. Нешта выкарыстоўваў, нешта адкідаў, нават ламаў, але ствараў узамен новае.
Што датычыцца чыста рыначных прынцыпаў, Прэзідэнт упэўнены, што гэту ідэю падкідвалі звонку. "Вазьміце Японію - 500 праграм і планаў ствараюць па краіне. Гэта як мінімум - тое, што мы ведаем. Гэта значыць, у іх поўнае планаванне ў краіне. А нам кажуць: савецкае планаванне - гэта барахло, рынак усё адрэгулюе, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Амерыканцы адрэгулююць. У іх ёсць, чым дзіркі закрываць. Недзе праваліліся - надрукавалі на станку. У іх унутраны дзяржаўны доўг пад 27 трыльёнаў долараў. Штампуюць, друкуюць, інфляцыя на ўвесь свет раскладваецца. Яны за кошт гэтага жывуць. Так, ім выгадны рынак. Недзе не хапае - надрукавалі, аддалі".
"Я тады яшчэ, з моманту сустрэчы з Сорасам зразумеў, што так рабіць нельга. А калі і рабіць, то трэба ціха, спакойна, гадамі, дзесяцігоддзямі гэта рабіць. Нельга гэта рабіць імгненна. А нас штурхалі, штурхалі… Калі нешта не зрабіў - нярыначная эканоміка. А нярыначная эканоміка ў краіне - гэта знешняе крэдытаванне дорага, яшчэ нешта. І з вамі размаўляць не хочуць. Але я і гэта, сціснуўшы зубы, перанёс", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе з актывам Гомельскай вобласці Кіраўнік дзяржавы расказаў, што раней Адміністрацыі Прэзідэнта, якая якраз упаўнаважана займацца кадравымі пытаннямі, было даручана на аснове агучанай ідэі стварыць заканадаўчыя асновы адпаведнай сістэмы. "Я праверу, так гэта ці не. І мне далажыце ў бліжэйшы час. І будзе спагнанне з урада і губернатараў жалезабетоннае. Паўтараць па 10 разоў я не буду. Мы ўжо дажыліся да таго: Прэзідэнт, выпрацуй ідэю, пераспі з ёй, груба кажучы, давядзі да кожнага, а потым ідзі сам зрабі, а мы будзем збоку глядзець. Гэты час скончыўся. Зразумейце вы, нарэшце, калі мы не зробім цяпер гэта, нашы дзеці не зробяць. Яны іншыя", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў маладых людзей не крыўдзіцца на яго словы, у тым ліку тых, якія былі ў зале на нарадзе. Аднак канстатаваў, што сярод моладзі ёсць, напрыклад, і такія, хто "думае, што ў інтэрнэце яблыкі і грушы растуць". "Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон - заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну", - падкрэсліў ён.
"Тысячы пытанняў. І ўсюды трэба выпрацаваць сістэму. Асабліва з кадрамі. Я дзесяць разоў гаварыў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў яго ёсць кадравы рэестр і ён узгадняе назначэнне шэрага кіраўнікоў, у тым ліку старшынь райвыканкамаў. І без яго ведама вызваліць іх з пасады нельга. Тое ж самае - пэўны пералік кадраў - павінна быць на ўзроўні вобласці, раёна і далей па вертыкалі аж да механізатара.
Сістэмная работа патрэбна і ў сферы меліярацыі, каб патрачаныя сродкі не аказаліся проста закапанымі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Мы знайшлі гэтыя грошы. Мы за гэтыя грошы столькі жылля маглі пабудаваць і яшчэ якія-небудзь пытанні вырашыць… Дык беражыце гэта. У лепшых гаспадарках так і робіцца. А чаму на ўсходзе краіны гэтага няма, у цэнтры няма - у Мінскай вобласці?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Прэзідэнт даручыў вырашыць шэраг праблем, каб атрымаць яшчэ большую аддачу ад сельскай гаспарадкі.
"Некалькі момантаў, якія нам трэба вырашаць. Калі губернатар і Урад не гавораць пра гэта, давядзецца мне гаварыць. Хоць гэта ўзровень аблвыканкама і старшыні райвыканкама", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, культура земляробства ў краіне вырасла, але праблемы ўсё роўна застаюцца. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, пакуль стаіць добрае надвор'е, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць для закладкі новага ўраджаю. "Пасяўная кампанія кароткая, але ад гэтага залежыць увесь год, - растлумачыў ён. - Раней насенне пакладзяце ў зямлю - будзе вынік".
Звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і на палявыя дарогі - палосы, па якіх перамяшчаецца тэхніка па палях. Прэзідэнт запатрабаваў, каб да гэтага пытання ў гаспадарках ставіліся з асаблівай патрабавальнасцю: "Ляціш над краінай - тысячы гектар азімых і траў выведзены са строю. Жудасна глядзець. У вас павінна быць схема палявых дарог".
"Аднавіце контуры палёў. Калі недзе вы запусцілі частку поля, аднаўляйце. Гэта культура земляробства. За гэта будзе спагнанне жалезабетоннае", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У некаторых месцах на палях азімыя з восені так і не ўзышлі, а недзе загінулі. Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці "рамонт" палёў: дзе трэба падсеяць або перасеяць культуры. Ён таксама звярнуў увагу на правільную тэхналогію работы з арганічнымі ўгнаеннямі на палях.
"Агідная работа з травой. Напэўна, больш за два гады траву няма чаго трымаць, трэба перасяваць. Адтуль мы павінны кармы атрымліваць. І старайцеся загарнуць сянаж у плёнку. З травой працуем дрэнна, па астаткавым прынцыпе", - абазначыў яшчэ адну праблему Прэзідэнт.
Гаворачы пра меліярацыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на буйныя работы грошы выдзелены, але больш дробнымі, так званай культуртэхнікай, павінны займацца самі гаспадаркі. "Там, дзе можна. Там, дзе не трэба рыць каналы і іншае. Дзе невялікія кусты, хмызняк парос, трэба высечы, выкарчаваць і ўвесці кускі палёў у абарот. І дадаткова атрымаем тысячы-тысячы гектар, - сказаў Прэзідэнт. - Плюс падключыце прамысловыя прадпрыемствы. Што, "Гомсельмаш" сёння хмызняк на тысячы гектар не высеча? Трэба падключыцца, выратаваць землі. Таму меліярацыя меліярацыяй, а там, дзе можна з сякерай, лапатай папрацаваць, - гэта асобна".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прывесці ў парадак старыя і пачаць будаваць новыя фермы: "Калісьці вы прыклад паказвалі, як вы драбілі гэтыя фермы, ліквідавалі. Але нават там, дзе вы ліквідавалі, вы гэтыя 10-15 гектар не ўзаралі. А навошта вы гэта тады рабілі? Пытанне ж у тым, каб гэту ферму ліквідаваць, а прыфермерскія ўчасткі прывесці ў парадак. Таму ліквідуйце старое і ўводзьце ў севазварот новыя ўчасткі. Усё павінна быць апрацавана, - абазначыў задачу Кіраўнік дзяржавы. - У перспектыве ўсё будзем выводзіць з гэтага старога і будаваць новыя комплексы".
Укамплектаванне ферм жывёлай ён даручыў узяць на асобны кантроль. "Навошта мы гэтыя "палацы" пабудавалі і не ўкамплектавалі? А калі ўкамплектавалі, то доім, што каза больш малака дае, чым карова", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"У будучым усе людзі ў сельскай гаспадарцы будуць сканцэнтраваны ў аграгарадках і ў вялікай гаспадарцы будзе максімум дзве буйныя вёскі. Усё. Гэта дробязь, так званыя неперспектыўныя вёскі, адпадзе", - сказаў Прэзідэнт.
Але сёння ў любой вёсцы ёсць кінутыя прысядзібныя ўчасткі, а гэта ж урадлівыя землі, якія з часам зарастаюць хмызняком, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Давайце іх выратуем, апрацуем. Адзін раз апрацаваць і пасадзіць сады, - прапанаваў вырашыць праблему такім чынам Кіраўнік дзяржавы. - Для нас важна затрымаць людзей у гэтых вёсачках. Трэба, каб прыехалі тыя, хто нарадзіўся там, бізнесмены пабудавалі там сабе жыллё, узялі гэты прысядзібны ўчастак".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў карыстацца гэтай магчымасцю: "Вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў. Вазьміце гэты ўчастак, але апрацуйце. Гэта багацце чалавека - мець паўгектара зямлі ў цэнтры Еўропы".
Прэзідэнт даручыў вырашыць праблему з вырошчваннем плодаагародніннай прадукцыі ў міжсезонне.
"Вельмі дрэнна, што мы не можам вясной накарміць наш народ агурком і памідорамі. Вельмі дрэнна. На працягу бягучага, наступнага года гэту праблему трэба вырашыць. Што такое сёння пабудаваць гэтыя цяпліцы? Мы ж гэта ўсё ўмеем рабіць самі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і штампаваць цяпліцы не трэба: будаваць іх трэба ў тых гаспадарках, дзе ўжо ўмеюць з імі працаваць або дзе для гэтага ёсць магчымасці. "Цяпліца - гэта грошы. Вы, як з малака сёння, будзеце мець раннюю капейку, каб людзям заплаціць", - сказаў ён.
"І тут жа сады. Штурмам трэба выкарчоўваць старое і ствараць новыя сады. Гэта нядобра, што мы яблыкі завозім. Мы што самі не можам, як у Польшчы, вырасціць гэты яблык? Можам. Проста не займаемся. А гэта імпартазамяшчэнне", - заўважыў Прэзідэнт.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на дысцыпліну і работу з кадрамі.
"Кадры вырашаюць усё. У кіраўніка павінна быць улада, жалезная. І яны ні на каго не павінны азірацца. Меры павінны быць ваенныя, самыя жорсткія. Не чакайце асобных указанняў. І ў аснове ўсяго - дысцыпліна. Калі не будзе дысцыпліны жалезабетоннай, усё гэта пустое. Мы будзем траціць грошы і будзем самі сябе паядаць, перамолваць: я буду вас крышыць, губернатар будзе сваіх падначаленых. Таму павінна быць устаноўлена пэўная дысцыпліна", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Ніякага падзяжу, ніякага крадзяжу быць не павінна. Вось тут з праваахоўнікаў будзе спагнанне, асабліва з міліцыі", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"Кожны павінен на сваім месцы цяпер завярцецца, закруціцца. Асабліва ў Гомельскай вобласці. Вы на фронце фактычна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Захавайце краіну. Гэта ўжо не толькі і не столькі для мяне. Гэта патрэбна вам. А захаваць мы яе можам, толькі калі напружыцца ўсёй грамадой і вырашыць праблемы. Слухайце, а нам і напружвацца ж і не трэба. Трэба проста каб кожны на сваім кавалачку рабіў сваю справу - і будзе вынік. Трэба ўзмацніць гэтыя тэмпы: дзе ішлі, там бегчы трэба, дзе беглі - яшчэ хутчэй бегчы".
"Там вайна, там НАТА пашыраецца і іншае, іншае, іншае. Нам цяпер няпроста. Я не проста сюды ядзерную зброю цягну. Засцерагчы трэба краіну, каб глядзець баяліся ў наш бок. У адваротным выпадку зноў будзем пад ботам чыім-небудзь хадзіць. Я хачу, каб вы гэты пасыл перш за ўсё ўспрынялі ад мяне. Гэта не нагнятанне абстаноўкі. Што тут нагнятаць. Вы лепш за мяне ведаеце, што адбываецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь з задавальненнем наведваюць грамадзяне суседніх краін. "Цяпер гэтыя мярзотнікі закрылі граніцу. Забетанавалі, замініравалі - ні праехаць, ні прайсці. Але гэта іх праблема. Яны ўжо людзей сюды не пускаюць. Палякі, літоўцы закрываюць прапускныя пункты, ствараюць праблемы, перш за ўсё для сваіх людзей, каб яны да нас не ехалі. Таму што, вяртаючыся ад нас, яны кажуць: "Вы што, звар'яцелі, чаго вы з беларусамі мірна не жывяце?" Гэта ўжо ў палітыку перарастае", - канстатаваў ён.
"Таму давайце збяромся. Давайце дзе толькі магчыма нешта зробім. Я спадзяюся, што па выніках года ў нас будзе з вамі нармальная размова. Вельмі хацелася б, каб Гомельшчына была, як заўсёды, моцнай, мужнай. Збярыцеся проста", - рэзюмаваў беларускі лідар.
У Ветцы Прэзідэнт наведаў храм Праабражэння Гасподняга і запаліў свечку. Каля храма Прэзідэнт таксама ўсклаў кветкі да памятнага знака аб населеных пунктах, якія спынілі існаванне ў выніку чарнобыльскай трагедыі.
Кіраўніку дзяржавы падарылі ікону "Маці Божая ахвяраў Чарнобыля". Такая ж ікона ёсць і ў храме, які наведаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у час наведвання горада Ветка таксама цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі.
Да Кіраўніка дзяржавы звярнулася адна з жанчын з такімі словамі: "Вялікі дзякуй ад шматдзетных. Я грамадзянка Украіны, і вы мне далі грамадзянства Беларусі. Я гэтым вельмі моцна ганаруся. І жыву. У мяне чацвёра дзяцей. Вялікі вам дзякуй".
"Малайчына, што чацвёра дзяцей!" - сказаў ён.
Людзі, якія прыйшлі, гаварылі шмат аб важнасці міру і спакойнага жыцця для дзяцей і ўнукаў.
"Я ваяваць не хачу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя словы людзі сустрэлі апладысментамі.
"Мы таксама не хочам! Нам патрэбны мір!" - прагучалі выкрыкі з натоўпу.
"Я заўсёды здзіўляюся, калі пачынаюць размаўляць наконт вайны. Там людзі напружаны ў Гомелі. Так, Гомельская вобласць і Брэсцкая сталі прыфрантавымі. Але гэта не значыць, што да нас нехта збіраецца з вайной ісці, - сказаў беларускі лідар. - Шалёных там хапае. Ну куды дзенешся... Вайна там ідзе. Таму вы не думайце, што я хачу разгарнуць тут нейкую вайну".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад людзей трэба толькі адно: каб кожны на сваім месцы рабіў тое, што павінен, якасна выконваў работу, пасяўная гэта або па іншых напрамках.
"Рынкі адкрыты як ніколі. Мы можам сёння яшчэ багацейшымі стаць, лепш жыць. Проста трэба сабрацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы павінны дабавіць у гэтым годзе, каб у Гомельскай вобласці ў цэлым людзі жылі лепш. Ёсць куды імкнуцца, - заявіў Прэзідэнт. - Ну, а вам дзякуй за цярпенне. Вы проста малайцы. Я вось адчуваю, наколькі беларусы, асабліва тут на поўдні - Гомельшчына, Брэстчына, паколькі гэта прыфрантавыя вобласці, - наколькі людзі пачалі ўжо цаніць жыццё. Дайце толькі мір! Будзе вам мір, не хвалюйцеся. Галоўнае, каб вы спакойна працавалі, гадавалі сваіх дзяцей. Вы не хвалюйцеся".
"Усякае можа быць. Але я больш за вас разумею, каб мы не ўцягнуліся ў гэту шырокамаштабную бойню. Вопыт яе мы выкарыстоўваем, вывучаем. Глядзім, каб наша армія была больш моцнай. Таму вы не хвалюйцеся. Я больш, чым вы, не хачу ваяваць. У мяне таксама ёсць дзеці. І вы ўсе мае дзеці. Я не хачу, каб мне давялося вас пасылаць некуды на фронт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму супакойцеся, працуйце спакойна. Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, з якімі я сустракаюся, яны мне кажуць: "Аляксандр Рыгоравіч, спадар Прэзідэнт, да вас ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца". Можа, і не збіраюцца. Але нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Таму гадуйце дзяцей. Пажадана як мага больш".