Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць
- 34
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада зрабіў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць. У горадзе Смаргонь ён наведаў ТАА "Белагратэрмінал" - буйны вытворчы комплекс па перапрацоўцы алейных культур.
У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы зрабіў важны акцэнт на развіцці як Гродзенскай вобласці ў цэлым, так і трох паўночных раёнаў - Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага.
Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку ў адрас кіраўніцтва Гродзенскай вобласці па шэрагу пытанняў у развіцці рэгіёна, што датычылася перш за ўсё паўночных раёнаў. "Я добра вывучыў сітуацыю ў паўночных раёнах Гродзенскай вобласці. Хачу сказаць, што вы мяне пачулі, але не ўсё зрабілі. Будучы год для вас - лакмусавая паперка", - падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў дадатковыя задачы па развіцці паўночных раёнаў вобласці. Для гэтага патрэбны адпаведны план, да рэалізацыі якога павінен падключыцца і прамысловы сектар, у тым ліку прыватныя інвестары.
"Нам патрэбны план аднаўлення гэтых трох раёнаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Усю прамысловасць поўначы (Гродзенскай вобласці. - Заўвага) падцягнуць сюды, навесці ідэальны парадак. На гэта ў вас будучы год".
"Гэта для вас экзамен. Далей цягнуць не можам. Гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці", - канстатаваў Прэзідэнт.
Заснавальнікам ТАА "Белагратэрмінал" з чэрвеня 2024 года з'яўляецца МКТАА "Садружнасць Рус", якая ўваходзіць у склад Групы кампаній "Садружнасць" - буйнога міжнароднага аграпрамысловага холдынга. Звяртаючыся да старшыні савета дырэктараў "Садружнасць Рус" Аляксандра Луцэнкі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сацыяльную адказнасць бізнесу. Удзел у развіцці таго ці іншага раёна павінны прымаць не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прыватныя інвестары.
"Ні капейкі не павінна быць вывезена за межы краіны. Зарабіў грошы - укладзі. Грошы павінны быць інвесціраваны, рэінвесціраваны ў краіну. Каб не крыўдзіць сялян, ты павінен укласціся ў зямлю, - падкрэсліў беларускі лідар. - Выцягнуў людзей з сяла - трэба сялу нешта аддаць. Трэба, каб тут развівалася сыравінная база".
Яшчэ адна тэма, на якой спыніўся Аляксандр Лукашэнка, - удзел прамысловых прадпрыемстваў у дапамозе вёсцы. Ён даручыў падрыхтаваць падрабязны план і дэталёва выкласці, як буйныя прадпрыемствы рэгіёна будуць задзейнічаны ў навядзенні парадку ў вёсцы ў паўночных раёнах Гродзенскай вобласці. "План мне на стол: якія прадпрыемствы за якую зямлю, за якія калгасы-саўгасы будуць адказваць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Усе прамысловыя прадпрыемствы павінны быць задзейнічаны пад работу на поўначы Гродзенскай вобласці. Усю прамысловасць з поўначы (і нават, калі не хопіць, Гродна, Ліды) падцягнуць сюды і навесці ідэальны парадак".
Што датычыцца развіцця вобласці ў цэлым, то, як далажыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, тут выкананы тры з чатырох паказчыкаў, даведзеных урадам. Некалькі адстае вытворчасць прамысловай прадукцыі - выкананне задання да кастрычніка складае 98,5%. Аднак Юрый Караеў запэўніў, што да канца года плануецца дасягнуць адзнакі 100%. Калі гаварыць пра сельскую гаспадарку, тое яе асноўным драйверам з'яўляецца раслінаводства.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неналежную сітуацыю на палях, якую месцамі назіраў з борта верталёта. "Гэта не гродзенскі варыянт. Так справа не пойдзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на будаўніцтва арэнднага жылля: "Пакуль ты 12% недадаеш арэнднага жылля. Калі ты яго пабудуеш?" Паводле слоў Юрыя Караева, у наступным годзе плануецца будаваць больш арэнднага жылля ў раёнах, менш - у Гродне і Лідзе.
Для паўнаты карціны Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ацэнкай сітуацыі ў рэгіёне ў старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, які з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці. "Як выглядае вобласць з пункту гледжання парадку, падрыхтоўкі да зімоўкі?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Васіля Герасімава, у Гродзенскай вобласці да ўзроўню мінулага года павялічыўся падзеж буйной рагатай жывёлы. Гэта праблема актуальная ў тым ліку для поўначы рэгіёна. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да дакументаў, у якіх была падрабязна выкладзена сітуацыя са станам спраў у Гродзенскай вобласці. Да ўзроўню мінулага года назіраецца зніжэнне шэрага паказчыкаў у сельскай гаспадарцы.
На тэму развіцця поўначы Гродзенскай вобласці Кіраўнік дзяржавы зноў падрабязна выказаўся ў час размовы з калектывам прадпрыемства. "Вельмі спадзяюся, што будучы год для поўначы Гродзенскай вобласці будзе пераломным. Я губернатару гаварыў, што гэта ў мяне жалезна на кантролі. Таму што гэта нешта накшталт Віцебскай вобласці, дзе я быў нядаўна, - Верхнядзвінск, Расоны. У лесе апрацоўваемыя кавалкі глебы, і за 40-50 км ад гэтых палёў - малочнатаварныя комплексы. Трэба шырэй глядзець на гэтыя пытанні. Магчыма, недзе і меншыя фермачкі ствараць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар запэўніў, што дзяржава будзе падтрымліваць розныя формы ўласнасці - як прыватныя, так і дзяржаўныя, а таксама розныя па памерах прадпрыемствы. "Галоўнае, каб яны самі сябе забяспечвалі і ў фінансавых адносінах. Будзем такіх падтрымліваць, а на пачатковым этапе, падтрымліваючы, фінансаваць іх. Калі нехта з вас захоча папрацаваць на зямлі, я буду толькі вітаць", - адзначыў ён.
"Адчуваю, што мы нешта зробім у будучым годзе для паўночнай гродзенскай зямлі, куды рукі і ногі начальнікаў не вельмі даходзілі. Але, як я сказаў губернатару, гэта наша зямля, гэта нашы раёны, і тут павінна быць не горш, чым у Гродзенскім раёне, - дадаў Прэзідэнт. - У вас тут падлятаю да Смаргоні, - няма да чаго прычапіцца: усё ўзарана, усё акуратна, чыста на палях. Далей, кіламетраў 15-20, карціна іншая. Гэтага быць не павінна".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што ў жыхароў Смаргоні ёсць сур'ёзныя нараканні на якасць пітной вады. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў аператыўна вырашыць гэту праблему.
"Чаму людзі скардзяцца, што яны тут п'юць з "балота" ваду? Гэта недапушчальна. У наш час у краіне, дзе лішкі вады, у нас людзі п'юць з "балота" ваду, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўтрырую, вядома, але гэта нікуды не варта, што людзі п'юць брудную ваду".
Як растлумачыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, для вырашэння праблемы была ўстаноўлена новая станцыя ачысткі вады ад прымесей жалеза. Робяцца далейшыя крокі, каб канчаткова зняць пытанне.
На гэту тэму Прэзідэнт выказаўся і ў час размовы з калектывам прадпрыемства. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць кампетэнцыі па вытворчасці абсталявання для водаачысткі і водападрыхтоўкі. Такая айчынная сістэма ўстаноўлена на "Белагратэрмінале".
"Мяне здзівіла, што вада ў вас няякасная. Губернатар кажа, гэта часова: вось-вось, у бліжэйшы час трубы ачысцяцца, і ўсё будзе нармальна. Начальнікі ўмеюць дакладваць, але на ўсялякі выпадак я папрасіў, каб прамыслоўцы падключыліся і дапамаглі старшыні райвыканкама. Каб у будучым годзе ў вас не было праблемы з вадой. Яе не будзе - я паабяцаў. Гэта дзяржаўная праблема", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб сістэме датацый у сельскай гаспадарцы і рабоце свабодных эканамічных зон.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сістэма датацый у сельскай гаспадарцы часам мае невыбіральны характар. "Па вёсцы мы глядзім: колькі выдзяляем, каму выдзяляем, навошта датуем і каго датуем. Мы мільянераў датуем і бедных датуем. Навошта мільянераў датаваць?" - задаў заканамернае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на работу свабодных эканамічных зон: "Мы цяпер разбяромся з гэтымі свабоднымі зонамі: што мы там льгатуем - прыбытак, падаткі на нерухомую маёмасць, на зямлю. Гэта не значыць, што мы забяром гэтыя льготы. Але мы будзем персанальна глядзець па прадпрыемствах".
У час наведвання прадпрыемства Кіраўніку дзяржавы далажылі пра стан і перспектывы развіцця ў краіне алейна-тлушчавай галіны ў цэлым. Паводле слоў старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алега Жыдкова, прадпрыемствы алейна-тлушчавай галіны ў многім працуюць на беларускай сыравіне, але часткова закупляюць і за мяжой. У Беларусі таксама распрацаваны комплекс мер па павелічэнні рэалізацыі рапсавага алею з айчыннай сыравіны, каб максімальна задзейнічаць гэты прадукт ва ўсіх сумежных галінах. Штогод аб'ёмы спажывання растуць.
У цэлым у галіне адзначаецца якасны і колькасны прырост па экспарце. Прадукцыя пастаўляецца ў шэраг краін, сярод якіх, напрыклад, Кітай, Ізраіль, Індыя, ААЭ, Саудаўская Аравія. Фінансавыя паказчыкі станоўчыя, расце рэнтабельнасць продажаў. Рэалізуецца шэраг праектаў, якія дадуць магчымасць нарошчваць перапрацоўчыя магутнасці.
Што датычыцца перспектывы, Прэзідэнту далажылі аб планах нарасціць экспарт алею да 2030 года ў 1,7 раза да ўзроўню 2025 года - да $1 млрд. Да 2030 года таксама плануецца павялічыць вытворчасць неачышчаных алеяў да 1 млн т, шроту/макухі - да 1,6 млн т. Усё гэта з ростам у 1,6 раза да ўзроўню 2025 года. Акрамя таго, аб'ёмы вытворчасці алейна-тлушчавай прадукцыі (маргарынавая і маянэзная прадукцыя, мыла цвёрдае) павінны дасягнуць узроўню 52,7 тыс. т (рост на 17%). У тым ліку 9,5 тыс. т тлушчаў спецыяльнага прызначэння (рост у 1,9 раза).
Прэзідэнт таксама азнаёміўся з работай і вытворчым працэсам ТАА "Белагратэрмінал". Кампанія не толькі паспяхова працуе, вырабляючы запатрабаваную на ўнутраным і знешнім рынках прадукцыю, але і актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі сацыяльных праектаў.
У цэлым, група кампаній "Садружнасць" працуе ў Беларусі з 1994 года - з моманту заснавання бізнесу. У Смаргоні працуюць два алейнаэкстракцыйныя заводы на базе комплексу ТАА "Белагратэрмінал". Як расказаў старшыня савета дырэктараў міжнароднай кампаніі ТАА "Садружнасць Рус" Аляксандр Луцэнка, агульная сума інвестыцый у Беларусі складае $548 млн. Усе заробленыя ў краіне грошы поўнасцю інвесціраваны ў будаўніцтва другога завода, які быў запушчаны ў бягучым годзе.
Новая вытворчасць - унікальная для краіны: пасля яе запуску прадпрыемства ТАА "Белагратэрмінал" стала адзіным у Беларусі перапрацоўшчыкам усіх алейных культур. Амаль палова прадукцыі прадпрыемства - рапсавы алей. Сур'ёзную долю ў вытворчасці таксама займаюць соевы і рапсавы шроты, соевы і льняны алей. Таксама выпускаецца рыжыкавы алей і іншая прадукцыя.
Прэзідэнт даручыў дадаткова падлічыць балансы на прадмет неабходнасці ў большым аб'ёме выкарыстоўваць прадукцыю для ўнутраных патрэбнасцей краіны. Размова, у прыватнасці, ішла пра рапсавы шрот, які ўваходзіць у склад кармоў у жывёлагадоўлі.
Яшчэ адзін важны нюанс - усе вытворчыя аб'екты маюць нулявы выкід. Тут прыменена высокатэхналагічная ачыстка, рэалізаваны замкнуты цыкл вытворчасці. Экалагічны кантроль завязаны на аўтаматызаваную сістэму. Кампанія цяпер развівае супрацоўніцтва з Інстытутам мікрабіялогіі НАН. "Разглядаем больш глыбокую перапрацоўку і ферментацыю як соевага шроту, так і дэгумаванне (тэхналогія глыбокай ачысткі алею ад слізі. - Заўвага) экстракцыйнага рапсавага алею", - расказаў Аляксандр Луцэнка. Гэта ў тым ліку дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць прымянення ўсіх шротаў у жывёлагадоўчых комплексах.
"Самая вялікая інвестыцыя "Садружнасці" - гэта нашы людзі. Мы без іх нікуды. У нас сацыяльныя пакеты, медыцынскае страхаванне, прафесійнае навучанне, штогадовая індэксацыя заработнай платы, дастаўка да месца працы, матэрыяльная падтрымка, аздараўленне дзяцей і іншыя мерапрыемствы", - расказаў Аляксандр Луцэнка.
Аляксандр Луцэнка асабліва падкрэсліў, што комплекс у Смаргоні быў створаны з нуля, а новы завод - гэта самыя высокія тэхналогіі, якія існуюць у гэтай сферы на цяперашні момант. Аналагічныя прадпрыемствы ў свеце можна пералічыць літаральна на пальцах.
"Малайцы, добра працуеце з людзьмі, вытворчасць - люба-дорага паглядзець. Але - трэба крыху дабавіць", - задаў планку Кіраўнік дзяржавы.
"Добрае, прыгожае прадпрыемства. Гэта - будучыня для нашай прамысловасці, перапрацоўкі, - сказаў Прэзідэнт у час размовы з работнікамі. - Гэта - узор, тая зорка, да якой мы павінны імкнуцца. Каб тэхналагічна было. Добрае прадпрыемства, прыклад для іншых".
"Гледзячы на гэта прадпрыемства, трэба іншыя галіны развіваць такім чынам. Не спрашчацца. У вас сапраўдны ўзор славянскага прадпрыемства з заходнім адценнем. Усё чысценька, акуратненька. Можна жыць і працаваць. І мае рацыю ваш кіраўнік, які кажа, што некаторыя, прыходзячы сюды, у гэту чысціню, адсюль бяруць прыклад і дома пачынаюць парадак наводзіць. Таму нядрэннае прадпрыемства", - адзначыў беларускі лідар.
У час сустрэчы з працоўным калектывам Прэзідэнт сказаў: "Я рады, што вы зарабляеце больш, чым у Мінску, - у вас сярэдняя зарплата. Хтосьці менш, хтосьці больш. Але зарабіць у Беларусі сёння можна. Толькі трэба варушыцца".
Аляксандр Луцэнка падзякаваў Прэзідэнту за прыезд на вытворчасць: "Выказаная Вамі ацэнка дасць дадатковы імпульс развіццю як самога прадпрыемства, так і працоўнага калектыву. Дзякуй за давер".
Аляксандру Лукашэнку падарылі сертыфікат на 30 тон высокабялковага канцэнтраванага корму з насення рапсу для прысядзібнай гаспадаркі кіраўніка дзяржавы, дзе ўтрымліваюцца розныя жывёлы. "Мы думалі, што няма ніводнай гаспадаркі ў Беларусі, якая не паспрабавала б нашу прадукцыю. Аказалася, ёсць - Ваша прысядзібная гаспадарка", - сказаў Аляксандр Луцэнка.
Прэзідэнт падзякаваў за падарунак і паабяцаў абавязкова пачаставаць гэтым кормам сваіх "падапечных".
У час размовы з работнікамі прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка закрануў і шэраг іншых тэм, у ліку якіх вырашэнне жыллёвага пытання, развіццё рэгіёнаў і стварэнне камфортных умоў для маладых спецыялістаў, імпартазамяшчэнне і іншыя.
Гаворачы аб тым, як у краіне вырашаецца жыллёвае пытанне, Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Вось вы пашыраецеся, мы гэта вітаем. На 100 чалавек у вас у наступным годзе будзе больш, чым цяпер".
Адпаведна, у людзей - працаўнікоў прадпрыемстваў - узнікае патрэбнасць у жыллі. Адзін з напрамкаў вырашэння гэтага пытання - прадастаўленне арэнднага жылля. "Гэта - перспектыва. Не мы гэта прыдумалі. Ва ўсім свеце так ідуць. Працуеш - атрымай кватэру, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Будзем удзяляць увагу развіццю арэнднага жылля. Мы цяпер аналізуем гэты працэс. Выкупляюць некаторыя арэнднае жыллё. Мы будзем да гэтага рухацца. Калі людзі плацяць грошы, ну чаму не прадаць і не пабудаваць новае арэнднае жыллё? Магчыма, я такім чынам адкажу і на адно з пытанняў, што вас хвалюе".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што ў краіне фактычна вырашана пытанне з чаргой на жыллё адносна шматдзетных сем'яў. "Трое і больш (дзяцей. - Заўвага) - у нас чаргі ўжо няма. Як і абяцаў, мы вырашылі гэту праблему", - сказаў ён.
"Другі ўзровень - гэта ваенныя. У гэтым, наступным годзе мы таксама вырашаем гэту праблему. У чалавека, які падпісаў кантракт "загінуць першым, калі раптам", у тыле павінен быць парадак. Асабліва - жыллё, каб жонка і дзеткі не блукалі недзе па завуголлі, - дадаў беларускі лідар.
Адзін з работнікаў прадпрыемства - бацька траіх дзяцей - пацікавіўся ў Кіраўніка дзяржавы аб перспектывах развіцця рэгіёнаў. Гаворка ішла аб тым, што маладыя спецыялісты часам з'язджаюць у больш буйныя гарады з невялікіх населеных пунктаў. У сувязі з гэтым у Прэзідэнта спыталі, як утрымаць моладзь у рэгіёнах і зрабіць іх жыццё больш прывабным.
"Формула вельмі простая: галоўнае - гэта дзеці. Калі ў вас трое дзяцей, не думаю, што вы, кінуўшы якар тут, заўтра сарвяцеся і будзеце бегчы ў Гродна, Ліду ці Мінск. Дзеці чалавека стабілізуюць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Другое - гэта, вядома, работа і ўмовы для жыцця. Калі ў Смаргоні ёсць дзіцячы сад, школа, нармальная работа... Вось такім чынам", - растлумачыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, адзначыў ён, бывае здараецца так, што чалавек, пражыўшы пэўны час у вялікім горадзе, пачынае сумаваць па сваёй малой радзіме і вяртаецца туды. "Не спяшайцеся. Памятайце: там, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся - гэта ж не я прыдумаў. У вас добрая работа, добрае прадпрыемства. І за работу трэба трымацца - час цяпер такі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама адзначыў якасць беларускіх прадуктаў харчавання і попыт на іх за мяжой. Ён заявіў, што ў цэлым усе перапрацоўчыя прадпрыемствы працуюць нядрэнна, асабліва малакаперапрацоўчыя. Крыху адстаюць толькі мясакамбінаты. "Але ўсе яны ў добрым стане. Таму - якасная прадукцыя і попыт на яе. Самыя якасныя прадукты харчавання - у Беларусі. Не таму, што я беларускі Прэзідэнт. Вы самі ведаеце (пра якасць айчынных прадуктаў харчавання. - Заўвага). І вы гэтым павінны ганарыцца. Вы павінны ўжываць у ежу толькі беларускія прадукты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Хоць мы купляем сёе-тое з-за мяжы - тое, што не вырабляем: бананы ці яшчэ нешта. Даводзіцца завозіць. Але вы павінны разумець, што гэта каштуе столькі, колькі каштуе. Гэта не беларускае", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адносна айчынных прадуктаў харчавання дзяржава стараецца крыху прыціскаць па цэнах і вытворцаў сыравіны, і перапрацоўшчыкаў. Хоць тут таксама важна не перастарацца, бо ў выпадку моцнага дыспарытэту цэн з краінамі-партнёрамі, такімі як Расія або Кітай, адпаведная прадукцыя можа ісці з унутранага рынку туды.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў поспехі Беларусі ў вытворчасці айчынных вузлоў і агрэгатаў замест заходніх аналагаў, якія сталі недаступныя з-за санкцый.
"Мы навучаны ў выніку гэтых санкцый. Бачу і па вашым кіраўніку, што ён адчуў. Але ў яго формула, дзякуй богу, як у мяне: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Мы пачынаем сёе-тое рабіць самі. І не сёе-тое, а істотныя вузлы, агрэгаты - тое, што мы так бяздумна закуплялі на Захадзе. Калі нам перасталі прадаваць, нашы робяць не горш, чым на Захадзе. Ну калі крыху не дацягваем, то дацягнем", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, узорам у гэтых адносінах можа служыць Кітай, які пачынаў з капіравання замежных тэхналогій, а цяпер ужо многае вырабляе па ўласных распрацоўках: "Чаму нам гэта не рабіць? Тым больш мы ў добрых адносінах з кітайцамі. Трэба ў іх вучыцца. Кітай за мае 30 гадоў прэзідэнцтва на вачах развіваўся. Цяпер Кітай - цуда-краіна, адна з вядучых краін. Я гэта прадказваў, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, - што нам трэба глядзець на Кітай. Сёння мы шмат чаму вучымся ў кітайцаў".
"Давайце будзем дзейнічаць у гэтым плане. Трэба імкнуцца ўсё, што мы купляем сёння, калі гэта эканамічна выгадна, рабіць у сябе. Недзе трэба напружвацца. Але гэта ўсё ж лепш, чым ваяваць. Мы будзем рабіць усё, каб вы не ваявалі, каб вы тут працавалі", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт заклікаў у большай меры звяртаць увагу на развіццё сельскіх тэрыторый. Не толькі ў вытворчых маштабах, але і за кошт асабістых падворкаў і сядзіб.
"Трэба ўкладваць у сялян, у зямлю. Усе вы, працэнтаў 70, напэўна, людзі вясковыя. Прыехалі ў горад. А там людзей усё менш і менш, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба дапамагаць сялянам. Не таму, што я сам вясковы, некалі працаваў у сельскай гаспадарцы. Я разумею, што вёска - гэта нашы прадукты харчавання і адзенне".
Асабліва ў гэтых адносінах Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на моладзь. "Нам трэба акуратненька сваё грамадства накіроўваць туды, куды трэба. І пераконваць іх, як я часта гавару, што бульба расце не ў "айфонах", а там (на зямлі. - Заўвага). І для таго, каб рапсавы алей або яшчэ нешта атрымаць, трэба стварыць за паўмільярда долараў прадпрыемства і там ціснуць гэты алей".
Ён падкрэсліў, што зямлю трэба трымаць у парадку, бо гэта адзін з важных прыродных рэсурсаў, якія ёсць у Беларусі: "Я ўжо гаварыў, што сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка, лес - гэта наш здабытак. Так Гасподзь распарадзіўся".
Дзяржава гатова дапамагчы і тым, хто хоча ў больш буйных маштабах займацца сельскай гаспадаркай. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб задачы ствараць на аддаленых тэрыторыях у раёнах невялікія фермы па адкорме буйной рагатай жывёлы. "Трэба шырэй глядзець на гэтыя пытанні. Магчыма, недзе і меншыя фермачкі ствараць. Мы будзем падтрымліваць розныя формы ўласнасці. І прыватную, і дзяржаўную. Па памерах і маленькія, і вялікія. Галоўнае, каб яны самі сябе забяспечвалі і ў фінансавых адносінах. Будзем такіх падтрымліваць. На пачатковым этапе, падтрымліваючы, фінансаваць іх. Калі нехта з вас захоча папрацаваць на зямлі, я буду толькі вітаць", - заявіў Прэзідэнт.
Разам з тым ён нагадаў, што Беларусь яшчэ і машынабудаўнічая краіна. "Гэта - вялікая справа", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт заклікаў людзей не забываць пра свае вясковыя хаты, у каго яны ёсць, а каго не - пастарацца купіць сабе зямлю або дом у сельскай мясцовасці. "Купіць домік, які нічыйны ўжо. У нас такіх хапае - за капейкі перадаём людзям. І там паціху развіваць сваё гняздо, каб дзецям было куды прыехаць. Паглядзіце на зямлю. І нікому не аддавайце свае дамы, калі ў вас у вёсцы ёсць, прысядзібныя ўчасткі. А калі няма - цяпер гэта мы за капейкі перадаём людзям. Трэба, каб гэта ў вас было. Для дзяцей, для вас, каб вы маглі пахадзіць па зямлі, каб дзеткі пабегалі па траве. І некалькі градак мець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Расіяне малайцы. Яны Бацьку пачулі. І наплыў вялікі. Ужо за Мінск сюды да вас набліжаюцца (у заходняй частцы краіны, дзе знаходзіцца Смаргонскі раён. - Заўвага). Яны скупляюць усе гэтыя домікі маленькія. І гэта не бедныя людзі перш за ўсё. Яны будуюць там нармальны дом. І ў большасці выпадкаў яны з дзецьмі бываюць там", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заклікаў хутчэй разгортвацца ў гэтых адносінах і грамадзянам Беларусі. Але заявіў, што і расіяне - не чужыя людзі, як і многія перасяленцы з Украіны. Да ўсіх у Беларусі ставяцца як да сваіх людзей. "Усе мы людзі, і трэба па-чалавечы ставіцца адзін да аднаго", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы з работнікамі прадпрыемства па перапрацоўцы алейных культур Прэзідэнту расказалі, што адна з бяздомных кошак з яго малой радзімы знайшла свой дом у Смаргонскім раёне.
Гісторыя з некалькімі бяздомнымі катамі, на якіх Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сваёй малой радзіме, атрымала шырокую агалоску пасля публікацыі ў інтэрнэце з заклікам знайсці для іх любячых гаспадароў. І цяпер трохкаляровая кошка па мянушцы Міра жыве ў Смаргонскім раёне.
"У нас людзі добрасардэчныя. Упэўнены, што нават чалавек, які не меў дачынення да жывёл, калі ўбачыў іх адзін раз і паўзаемадзейнічаў з імі, адчуе любоў да гэтай істоты. Жывёлы, з майго пункту гледжання, - гэта самыя безабаронныя істоты. Чалавек можа сам сябе абараніць. Адзін - больш, іншы - менш. Жывёлы не могуць. Як вясковы чалавек перш за ўсё з любоўю стаўлюся да жывёл", - пракаменціраваў гэту гісторыю Аляксандр Лукашэнка.


