Наведванне холдынга "Белкамунмаш"
- 20
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка наведаў холдынг "Белкамунмаш".
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выпускаемым мадэльным радам тэхнікі. Яго ўвазе таксама прадставілі прадукцыю ААТ "МАЗ". Прэзідэнт ацаніў знешні выгляд і якасць айчыннай тэхнікі.
"Сёе-тое я бачу на вуліцах. Прыгожа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку паказалі лінейку пасажырскай тэхнікі, якая вырабляецца айчыннымі прадпрыемствамі. У тым ліку электробусы, тралейбус на аўтаномным ходзе. Адна з навінак - 18-метровы электробус з "гармонікам" - цяпер праходзіць доследную эксплуатацыю.
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць забеспячэння безумоўна высокай якасці прадукцыі. "Тэхніка прыгожая, дызайн нядрэнны. Калі яна рухаецца, прыемна глядзець, але калі не будзе якасці, у нас з вамі размовы быць не можа. У нас пяцігодка якасці, і гэта не проста фармальнасць. Тэхніка павінна быць якаснай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Патрэбны якасны прадукт. Калі бачыце, што не можаце зрабіць, лепш не рабіце".
А што датычыцца экспарту, трэба аператыўна і ў тэрмін выконваць дагаворныя абавязацельствы па пастаўках. Прэзідэнту даложана аб прымаемых рашэннях, у тым ліку фінансавага характару, каб графік дакладна выконваўся.
Яшчэ адна задача - прадаўжэнне работы над імпартазамяшчэннем асобных вузлоў і агрэгатаў. "Мы ж ганарымся і хвалімся ўсюды, што ў нас машынабудаўнічая краіна. Дык трэба ставіць задачы і няхай робяць", - сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу на важны фактар - забеспячэнне дысцыпліны на вытворчасці. Ад гэтага непасрэдна залежыць і пытанне якасці. "Аб дысцыпліне наогул размовы быць не павінна. За гэта спагнанне будзе жорсткае. Я вельмі ўважліва за гэтым назіраю", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб перспектывах развіцця холдынга "Белкамунмаш". Адзначана, што тэхніка становіцца ўсё больш складанай, а адпаведна, і даражэйшай.
Прадпрыемства працуе не толькі на ўнутраны рынак, але сур'ёзна арыентавана на экспарт. Цяпер, напрыклад, адзначаецца тэндэнцыя росту попыту на трамваі. У некаторыя гады на знешнія рынкі пастаўлялася да 98% прадукцыі. Па выніках бягучага года таксама чакаецца дадатная дынаміка па экспарце.
"Дармаплаты няма. Гэта грошы заробленыя", - зрабіў выснову Кіраўнік дзяржавы.
Гендырэктар холдынга Міхаіл Сымановіч пацвердзіў, што гэта сапраўды так. "Працуем па суботах. На вызначаных участках у тры змены", - сказаў ён.
На прадпрыемстве займаюцца вытворчасцю інавацыйнай прадукцыі. Гэта ў тым ліку трохсекцыйны трамвайны вагон, прыгарадныя электробусы. Таксама ў холдынгу "Белкамунмаш" працуюць над праектам па ўкараненні беспілотнага трамвая.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з лініяй зборкі і выкарыстоўваемай кампанентнай базай. Падрабязна абмеркавалі пытанне па вытворчасці акумулятарнай сістэмы для электратранспарту (што лепш, айчынныя ці імпартныя ўзоры, і якія ў гэтым плане перспектывы), шэрага іншых устройстваў і абсталявання. Часткова выкарыстоўваюцца імпартныя кампаненты, у сувязі з чым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб імпартазамяшчэнні па тых пазіцыях, дзе гэта магчыма. "Усё, што можам вырабляць, трэба вырабляць. І вам, і сумежнікам", - ставіць задачу Прэзідэнт.
Прыкметныя поспехі ў гэтых адносінах ужо ёсць. "Мы нарасцілі нашы кампетэнцыі. Калі вы нас наведвалі ў 2009 годзе (Аляксандр Лукашэнка наведваў "Белкамунмаш" у студзені 2009 года. - Заўвага), мы ўжо выпускалі трамвайныя вагоны. Але тады мы, каб зрабіць трамвай, куплялі нямецкую цялежку (хадавая частка вагона. - Заўвага), яна каштавала 350 тыс. еўра. І куплялі нямецкае або польскае электраабсталяванне, каб гэта цялежка магла працаваць. Цяпер мы прыйшлі да таго, што распрацавалі цялежку ўласнай канструкцыі, яе вырабляем і ставім на трамваі. Сілавую электроніку мы таксама самі вырабляем", - расказаў гендырэктар холдынга.
Аналагічна асвоена вытворчасць і айчынных рухавікоў для тралейбусаў і трамваяў. Гэты вопыт важны ў цэлым для развіцця кампетэнцый па вытворчасці рухавікоў у краіне, у тым ліку ў сегменце легкавых аўтамабіляў. Такая работа ўжо вядзецца сумесна з "БЕЛДЖЫ". Таксама на Мотавелазаводзе ўжо выпрабоўваюць айчынныя рухавікі для электраматацыклаў і электрасамакатаў.
Аляксандр Лукашэнка маштабаваў задачы для прамыслоўцаў, прапанаваўшы зрабіць далейшыя крокі ў вытворчасці рухавікоў. "На легкавую машыну вы можаце зрабіць сусветнага ўзроўню, як у заходнікаў або кітайцаў рухавік?" - спытаў ён.
"Можам", - адказаў Андрэй Кузняцоў.
"Для мяне гэта важна. Ну так, навучыліся вы гэтыя масіўныя рухавікі... (рабіць. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Міністр прамысловасці пацвердзіў, што ўжо ёсць канкрэтныя планы ў гэтых адносінах і неабходны тэхналагічны задзел якраз створаны пры асваенні айчыннай вытворчасці рухавікоў для буйнога транспарту: "Гэта самая галоўная кампетэнцыя тут. Ад гэтай кампетэнцыі на змяншэнне, вядома, мы можам. Мы разумеем сэнс, як працаваць. Мы цяпер з "БЕЛДЖЫ" пайшлі - другі этап - у электрычкі. У наступным годзе мы пачнём ужо распрацоўку дзеючых рухавікоў".
"Гэта вельмі важна", - яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт. Па значнасці ён параўнаў гэту мэту з пастаўленай раней задачай па стварэнні ў Беларусі ўласнай вытворчасці якаснай гідраўлікі.
Беларускія вытворцы грамадскага транспарту таксама супрацоўнічаюць паміж сабой. Напрыклад, "Белкамунмаш" і Мінскі аўтазавод рэалізуюць сумесны праект, калі на кузаў МАЗа ўстанаўліваецца электрычнае абсталяванне вытворчасці "Белкамунмаш".
Раней ва Урадзе выказваліся меркаванні аб магчымай мэтазгоднасці аб'яднання двух прадпрыемстваў, паколькі яны часткова робяць аднатыпную прадукцыю.
"Няхай дырэктары вырашаюць, аб'ядноўваць ці не. Мы можам тут аб'яднаць за суткі што захочаце, а працоўныя калектывы і дырэктары будуць супраць. Другое: абавязкова вось узяць і зліць, як прапануюць? Ці пры такой дыктатуры, як у нас, і ўплыве міністэрства яны могуць працаваць, як працуюць цяпер, але сумесныя праграмы ажыццяўляць? - паставіў пытанне Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы далажылі, што якраз у гэтым напрамку прадпрыемствы цяпер і дзейнічаюць.
"Але падладжвацца пад дырэктараў, калі гэта горш тэхналагічна, не трэба. Таму трэба глядзець наперад", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка на неабходнасць узважанага падыходу пры вырашэнні такіх пытанняў.
Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з адказнымі ва Урадзе і кіраўнікамі прадпрыемстваў актуальныя вытворчыя пытанні, рэалізацыю сумесных праграм, падыходы да ўзгодненай работы на знешніх рынках.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў гатовыя ўзоры трамвайнай тэхнікі. У іх ліку трохсекцыйны нізкападлогавы трамвайны вагон, які робіцца для Чэлябінска, дзе развіваюць гібрыдную падземна-наземную сістэму метратрам. Яна аб'ядноўвае звычайныя трамвайныя пуці і падземныя тунэлі.
Прэзідэнт даручыў прыгледзецца да гэтага вопыту і ў Мінску, усё грунтоўна вывучыць і прапрацаваць, ці можна пры пэўных дапрацоўках прыстасаваць гэту тэхніку для айчынных патрэб у рабоце метро. Зноў жа, тут ёсць патэнцыял для імпартазамяшчэння.
"Калі вы ўбачыце, што гэта нармальна, - выходзьце з прапановай, што вам там перашкаджае, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба спрабаваць. Калі мы ў метро будзем гэта пастаўляць, гэта вялікая справа. Мы імпартазамяшчэнне забяспечым. Трэба дзейнічаць і спрабаваць".
Прэзідэнту далажылі, што пры неабходнасці трохсекцыйны трамвай можна нарасціць па прынцыпе Lego, дабавіўшы дадатковыя секцыі.
"Нам вельмі важна. Вось у аэрапорт, гарады-спадарожнікі. Нам патрэбны будуць. Што ж мы будзем купляць гэта (за мяжой. - Заўвага)? У нас яшчэ ёсць "Штадлер", які трэба да ладу даводзіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы захапіліся гэтымі "Алесямі" (тунэлепраходчы комплекс "Алеся", які выкарыстоўваецца пры будаўніцтве мінскага метро. - Заўвага) і іншымі. Капаем пад зямлёй. А гэта ў 10 разоў даражэй. Таму недзе будзем выходзіць і на паверхню, дзе можна. Грошы трэба лічыць".
Да гэтага пытання Кіраўнік дзяржавы вярнуўся і на нарадзе па развіцці вытворчасці айчыннага пасажырскага транспарту. "Аказваецца, можна і шматсекцыйныя трамваі, якія яны ("Белкамунмаш". - Заўвага) вырабляюць, пастаўляць у метрапалітэн і не закупляць гэтыя паязды", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адвёў на вывучэнне пытання першую палову наступнага года. Разабрацца ў гэтым даручана профільным міністру і віцэ-прэм'еру разам з дырэктарамі прадпрыемстваў, а таксама старшыні Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанаму прадстаўніку Кіраўніка дзяржавы ў Мінску Наталлі Качанавай.
"Даложыце мне, якія трэба прыняць меры (калі ўсё нармальна будзе, а я ўпэўнены, што будзе нармальна) рэгулятарнага нейкага характару. Я гатовы гэта зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выступіла з прапановай рэалізаваць праект па стварэнні трамвайных пуцей паміж Наваполацкам і Полацкам.
"Трэба прадоўжыць пуці да Полацка (у Наваполацку ўжо ёсць трамвайны рух. - Заўвага) і злучыць Полацк і Наваполацк, - сказала яна. - Мы будзем з Наваполацка з "Нафтана" вазіць людзей у Полацк".
Кіраўніку дзяржавы далажылі, што для рэалізацыі гэтага праекта трэба дадаткова пракласці каля 10 км трамвайных пуцей.
"Добра, давайце злучаць. Гэта няшмат. Трэба запланаваць гэта і зрабіць, пакуль можна. Але дакладна даручыць: вось такія тэрміны, вось гэта зрабіць. Качанава - адказная, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі гэта патрэбна, трэба рабіць. І рабіць хутка. Мы тут грошы палічым і зробім гэта".
Прэзідэнт у цэлым выказаўся за больш шырокае выкарыстанне трамваяў у сістэме грамадскага транспарту ў краіне. Цяпер трамвайны рух ёсць толькі ў чатырох гарадах Беларусі: Мінску, Віцебску, Мазыры і Наваполацку. "Калі гэта перспектыва, будзем паціху развіваць гэту справу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама згадаў аб арганізацыі хуткіх і зручных транспартных зносін з гарадамі-спадарожнікамі, шэраг з якіх пакуль не маюць чыгуначнай сувязі з Мінскам. Тут таксама могуць быць задзейнічаны трамваі: "Мы гаворым аб тым, што нам трэба гэтыя гарады-спадарожнікі злучыць чыгункай. Гэта і ёсць па чыгунцы".
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб сваім жаданні асабіста апрабаваць сучасную трамвайную тэхніку вытворчасці "Белкамунмаш". Тым больш што акрамя новага рухомага саставу ў апошнія гады мадэрнізуюцца і самі трамвайныя пуці. У выніку паездкі на гэтым відзе транспарту становяцца больш камфортнымі для пасажыраў.
"Трэба мне неяк праехаць на такім трамваі ў Мінску. Я хачу праехаць на новай лініі, па новых рэйках на гэтым трамваі. Таму што я памятаю з тых савецкіх часоў - не аднойчы перамяшчаўся на трамваях. Не падабаліся яны людзям (з-за шуму, цяжкасцей пры пасадцы і высадцы са старых высокападлогавых вагонаў і іншых такіх нюансаў. - Заўвага), але вельмі зручны від транспарту быў. Вось я хачу паглядзець, якая розніца", - сказаў Прэзідэнт.
У час наведвання холдынга "Белкамунмаш" Кіраўнік дзяржавы таксама правёў нараду па пытанні развіцця айчыннага пасажырскага транспарту.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі дзесяцігоддзяў таму існавала меркаванне, што грамадскі пасажырскі транспарт можа стаць незапатрабаваным з-за пашырэння сегмента асабістага аўтатранспарту. Але час паказаў, што гэта не так.
"Сёння сітуацыя рэзка змянілася. Канкурэнт гэты застаўся. Але ёсць цвёрдае разуменне, што ад пасажырскага транспарту сусветная супольнасць нікуды не дзенецца. У любой краіне грамадства будзе выкарыстоўваць пасажырскі транспарт. За час майго прэзідэнцтва гэта праблема ўжо вырашылася, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Пасажырскаму транспарту быць. Мы будзем яго развіваць. Развіваць будзем на поўную моц. Таму што народу гэты транспарт патрэбны".
Тым не менш Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што актыўнае выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці (веласіпедаў, самакатаў), а таксама асабістых аўтамабіляў застаецца істотным канкурыруючым фактарам: "Адзін з важнейшых вашых канкурэнтаў - прыватнік, які купляе легкавыя аўтамабілі. Нехта на веласіпедзе, нехта на самакаце - здаровы лад жыцця становіцца ўсё больш прывабным для нашых людзей. І легкавыя аўтамабілі. Практычна ў кожнай сям'і легкавы аўтамабіль, а тое і два. Гэта сур'ёзны канкурэнт нашаму пасажырскаму транспарту".
Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць выкарыстанне экалагічна чыстага транспарту на ўсіх аб'ектах турыстычнай інфраструктуры.
"Экалагічна чысты пасажырскі і грузавы транспарт павінен працаваць ва ўсіх нацыянальных парках і запаведніках, санаторыях, дамах адпачынку, на іншых аб'ектах турыстычнай інфраструктуры. Ураду з аблвыканкамамі трэба над гэтым папрацаваць", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні забеспячэння якасці, дысцыпліны вытворчасці, каб вытрымліваць канкурэнцыю ў сучасных умовах.
"Чаму трэба гэтым займацца? Таму што попыт пайшоў сур'ёзны на нашу вытворчасць і наогул на пасажырскую вытворчасць. Попыт у свеце вялікі. Але і канкурэнцыя тут значная. Таму патрэбна якасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У такі перыяд Прэзідэнт лічыць асабліва важным не толькі вызначыць далейшыя крокі - стратэгію і тактыку для развіцця галіны, але таксама абазначыць актуальныя праблемы, намеціць шляхі іх вырашэння.
Асноўнымі актуальнымі праблемамі Аляксандр Лукашэнка назваў недастатковую часам якасць выпускаемай тэхнікі і невыкананне тэрмінаў паставак. "Калі не будзе якасці і выканальніцкай дысцыпліны, калі дамовіліся паставіць тэхніку ў нейкія тэрміны, а яе не паставілі, усё прападзе дарэмна, і вельмі хутка ваша месца зоймуць іншыя. Вы страціце крэдыт даверу, які пакуль яшчэ ў нас ёсць, назапашваўся дзесяцігоддзямі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што над устараненнем такіх недахопаў трэба папрацаваць як "Белкамунмашу", так і МАЗу. Ён указаў на недапушчальнасць асобных фактаў невыканання кантрактаў у тэрмін, фармальнага правядзення кантролю тэхрэгламентаў. "Чым вы ні тлумачылі б, там (у спажыўцоў. - Заўвага) чакаюць у тэрмін вашу тэхніку. Усё астатняе - ваша пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што менавіта цяпер, як ніколі, патрэбна сумесная работа "Белкамунмаша" і МАЗа па загрузцы існуючых магутнасцей пад агульным кіраўніцтвам Мінпрама. "Напэўна, настаў час і для хуткай рэалізацыі інвестпраектаў, каб расшыць вузкія месцы, - сказаў ён. - Там, дзе можна разам нешта рабіць, - рабіце. Не трэба рабіць гэта паасобку".
Асобная ўвага была ўдзелена фінансава-эканамічным паказчыкам работы МАЗа. Беларускі лідар адзначыў, што меры, якія прымаюцца ўрадам, не дазволілі стабілізаваць фінансава-гаспадарчую дзейнасць МАЗа. У ліку праблемных пытанняў, якія патрабуе вырашыць Прэзідэнт, - недастатковая загрузка вытворчасці, крэдыторская запазычанасць, значныя складскія запасы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у пачатку свайго прэзідэнцтва прымаў рашэнне аб захаванні ў Беларусі многіх прадпрыемстваў, у тым ліку МАЗа і "Белкамунмаша". Яго ("Белкамунмаш". - Заўвага) Прэзідэнт упершыню наведаў у 1995 годзе, калі яно дыхала на ладан, ішлі размовы аб продажы замежным інвестарам. "Але разумныя, вопытныя спецыялісты мне сказалі, маладому Прэзідэнту: "Не спяшайцеся. Можам аддаць, але будзем рабіць балты і гайкі, кампетэнцыі знікнуць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Тады мной было прынята рашэнне: як бы ні было цяжка - напружвацца, пакінуць гэтыя прадпрыемствы ў беларускай уласнасці і развівацца на той базе. Што мы і зрабілі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Нават у няпростыя часы, у 2009 годзе, калі ў свеце быў фінансавы крызіс, у Беларусі прынялі рашэнне не толькі выпускаць класічныя тралейбусы і трамваі, але і працаваць на перспектыву - рабіць нізкападлогавы трамвай, а таксама пачаць распрацоўку электробуса.
"Мы выстаялі (гэта галоўны вынік на сёння), пачалі вырабляць свой аўтобус, тралейбус, трамвай і чыгуначныя саставы добрыя, якія вытрымліваюць канкурэнцыю на міжнародных рынках. Не заўсёды. З-за нашай расхлябанасці часам і некампетэнтнасці", - сказаў Прэзідэнт і запатрабаваў забяспечыць належны ўзровень вытворчай і выканальніцкай дысцыпліны.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе крытычна адазваўся аб рабоце прадпрыемства "Штадлер Мінск".
"Не буду падрабязна спыняцца на гісторыі гэтай кампаніі ў нашай краіне і абяцаннях уласнікаў, якія пакуль не выкананы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Карціна такая, што на сённяшні дзень работа акцыянернага таварыства "Штадлер Мінск" не дае належных вынікаў. Стварэнне беларускага поезда да стадыі вытворчасці так пакуль і не дайшло".
Хоць у цэлым на прадпрыемстве адзначаецца некаторы рост асноўных паказчыкаў дзейнасці, магутнасці загружаны далёка не на 100%.
Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржкантролю разабрацца ў існуючай сітуацыі, у прыватнасці па выніках года ацаніць ролю Беларускай чыгункі, якая павінна спажываць прадукцыю ЗАТ "Штадлер Мінск". "І менш павінна быць размоў, што санкцыі, нечага цяжка купіць... Каму трэба, той купляе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Самае галоўнае - ва Урада і Мінскага аблвыканкама сёння няма бачання перспектыў развіцця прадпрыемства", - абазначыў недахопы, якія патрабуюць прыняцця рашэнняў, Кіраўнік дзяржавы.


