Наведванне Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу
- 5
- 6:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 снежня прыняў удзел у нефармальным снеданні лідараў краін СНД.
Мерапрыемства прайшло ў будынку Рускага музея ў прадаўжэнне нефармальнага саміту кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, які адбыўся напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу. Для высокіх гасцей была арганізавана экскурсія, у ходзе якой яны змаглі азнаёміцца з найбольш вядомымі экспанатамі скарбніцы рускага мастацтва.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыбылі да будынка музея разам, улічваючы, што абодва прэзідэнты размясціліся ў прыгарадзе Санкт-Пецярбурга - Стрэльне. Раніцай Прэзідэнт Расіі заехаў за беларускім калегам. А напярэдадні раз'язджаліся таксама разам.
Нефармальнаму снеданню папярэднічала двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.
"У такой нефармальнай абстаноўцы прадоўжым нашу размову ў цудоўных інтэр'ерах (у Рускім музеі. - Заўвага), - сказаў ён. - Мы дамовіліся, што 2023 год будзем адзначаць як Год рускай мовы. Таму сустрэцца на рабочае снеданне ў Рускім музеі будзе вельмі дарэчы. Добрая абстаноўка, каб пагаварыць і па сур'ёзных справах, у тым ліку маючы на ўвазе нашы двухбаковыя адносіны. Хоць мы ў пастаянным кантакце, тым не менш жыццё кожны дзень дае нам нагоду абмяркоўваць некаторыя пытанні і прыняць патрэбныя рашэнні для таго, каб яны вырашаліся больш эфектыўна".
Урады абедзвюх краін працуюць даволі напружана, іх кіраўнікі дакладваюць прэзідэнтам аб ходзе перагавораў па розных пытаннях, звярнуў увагу Кіраўнік расійскай дзяржавы. "Нам ёсць аб чым пагаварыць. Я вельмі рады таму, што на палях нефармальнай сустрэчы можна ўдвух яшчэ раз сустрэцца і паабмяркоўваць тое, што ўяўляе ўзаемны інтарэс", - дадаў расійскі лідар.
"Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч, і за Маскву, за касманаўтаў, за цэнтр (размова пра наведванне 24 снежня Кіраўніком беларускай дзяржавы цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў у падмаскоўным Зорным гарадку, дзе праходзяць адбор шэсць беларускіх прэтэндэнтаў на палёт у космас. - Заўвага). Пабываў я там, паглядзеў. І за Піцер. Мы сёе-тое паглядзелі. Ну і калі нехта, правільна Вы сказалі, думае, што мы толькі чай п'ём, то павінен сказаць, што мы ўчора з Вамі не толькі за гэтым чаяпіццем, але і позна ўвечары, вяртаючыся дадому, абмеркавалі вельмі многія пытанні. І часам у некаторых дзяржаў на гэта ідуць гады - мы з Вамі за вечар многія кропкі расставілі над "i", прадаўжаючы наш мінскі дыялог, паколькі ён быў у асноўным па эканоміцы. Я Вам дзякую за тое, што ўчора былі канчаткова ўзгоднены многія пытанні. Урады дапрацуюць іх. Ужо ў іх да нас не можа быць пытанняў. Мы ўжо ўсё вырашылі, што яны прасілі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў калегу за культурную праграму: "Дзякуй за музей. Вы вельмі правільна сказалі. Год рускай мовы - гэта дарэчы (2023-і ў краінах Садружнасці аб'яўлены Годам рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін. - Заўвага), падкрэсліць значнасць. Ну і за Піцер дзякуй. За тое, што ўчора паказалі. На мяне ён зрабіў надзвычайнае ўражанне. Мне проста крыўдна за чысціню стала. Прыеду ў Мінск, буду глядзець, каб мы падцягнуліся. Нават не адчуваецца, што тут зіма. Настолькі вычышчаны, выдраены горад, даведзены да розуму. Я захапляюся ўжо некалькі гадоў тым, што зроблена ў Санкт-Пецярбургу. Без Вашай дапамогі, вядома, тут цяжка было б. Але ўсё ж такі малайцы і мясцовыя. Таму ёсць чаму павучыцца".