Наведванне Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына
- 25
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 снежня ў падмаскоўным Зорным гарадку наведаў Навукова-даследчы выпрабавальны цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына.
Цяпер на базе цэнтра праходзяць адбор прэтэндэнты на палёт у космас ад Беларусі. Гэта шэсць дзяўчат. Чакаецца, што пасля Новага года вызначаць асноўнага і дубліруючага кандыдата на палёт у космас. Медыцынская камісія выдасць адпаведныя рэкамендацыі 28 снежня, пасля чаго беларускі бок будзе вызначацца з прыярытэтнымі кандыдатамі.
Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з беларускімі прэтэндэнтамі, даў ім наказ. Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з работай цэнтра, сістэмай адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў. Яму прадэманстравалі розныя трэнажоры, якія выкарыстоўваюць у гэтых мэтах.
Пасля прыезду ў Зорны гарадок Кіраўніка дзяржавы віталі гендырэктар дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Юрый Барысаў, начальнік Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына Максім Харламаў, выканаўчы дырэктар па пілатуемых праграмах Сяргей Крыкалёў. З імі ў тым ліку абмяркоўваліся далейшыя перспектывы беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы.
Аляксандр Лукашэнка спачатку накіраваўся ў будынак з цэнтрыфугай, дзе якраз праходзіла трэніроўка адной з прэтэндэнтак у касманаўты ад Беларусі. "Наогул малайчына!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, назіраючы на маніторы, як дзяўчына спраўляецца з перагрузкамі.
Прэзідэнт затым пагутарыў з дзяўчынай асабіста. "Жывая, здаровая! Малайчына! Я не першы раз бачу выпрабаванне такое. Але ты наогул! Як сябе адчуваеш?" - спытаў ён.
"Адчуванні незабыўныя. На ўсё жыццё", - адказала яна.
"Малайчына, малайчына! Учыніў я вам жыццё. Ну, хоць будзе што ўспомніць. Поспехаў", - даў наказ беларускі лідар.
Пасля гэтага Прэзідэнт агледзеў гідралабараторыю - вялікі спецыяльны басейн для трэніровак касманаўтаў. Гідралабараторыя аснашчана наборам эксперыментальных установак (габарытных макетаў модуляў), якія могуць змяшчацца на рухомую платформу і апускацца ў гідрабасейн для правядзення трэніровак. Усе эксперыментальныя ўстаноўкі выкананы ў натуральную велічыню з поўнай імітацыяй аб'ёмаў, унутраных і знешніх абводаў элементаў канструкцыі.
Аляксандру Лукашэнку падрабязна расказалі аб працэсе трэніровак, асаблівасцях аснашчэння касманаўтаў. Штатны скафандр для апускання важыць 120 кг.
Кіраўнік дзяржавы сардэчна пагутарыў з касманаўтамі, сфатаграфаваўся з імі.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў трэнажор расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі. Усё зроблена ў натуральную велічыню і паўтарае модулі, якія знаходзяцца на арбіце.
Яму ў цэлым расказалі, з якіх модуляў складаецца ўся станцыя, якая яе канфігурацыя, як яна з гадамі пашыралася ў супрацоўніцтве з іншымі краінамі. Прэзідэнт цікавіўся ўсімі дэталямі, аж да таго, якое электрычнае напружанне ў модулях, як касманаўты разаграваюць ежу.
Аляксандр Лукашэнка зайшоў унутр модуля "Зорка", фактычна апынуўшыся ўнутры станцыі, але толькі ў зямных умовах.
Кіраўнік дзяржавы ў Зорным гарадку сустрэўся з шасцю беларускімі прэтэндэнткамі ў касманаўты. Гэта Марына Васілеўская і Вікторыя Фідрус - бортправаднікі авіякампаніі "Белавія", Дар'я Міхнюк - дзяржаўны судовы эксперт з Брэсцкай вобласці, Вольга Герасімава - урач акушэр-гінеколаг з Баранавіч, Настасся Лянкова - урач-дзіцячы хірург РНПЦ дзіцячай хірургіі, і Вольга Масціцкая - малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі.
Вітаючы дзяўчат, Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што сказаў адной з іх пасля трэніроўкі на цэнтрыфузе: "Я ўжо сказаў, што ўчыніў вам вясёлае жыццё. Гавару, будзе што ўспомніць".
Аляксандру Лукашэнку расказалі, што ўсяго было праведзена гутарак больш як з трыма тысячамі чалавек. У выніку на дадзеным этапе засталося шасцёра найбольш дастойных. Цяпер яны ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў праходзяць вочны медагляд. Праведзена ўжо больш за палову запланаваных даследаванняў. У дзяўчат высокі маральны дух і добры фізічны стан.
Аляксандр Лукашэнка раскрыў сакрэт, аб чым дамовіўся з гендырэктарам дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Юрыем Барысавым. "Ён кажа так: ну, калі па здароўі пройдуць, то яны не згубяцца, будзем іх выкарыстоўваць у расійска-беларускім сегменце палётаў у космас". Таму вы не перажывайце. Хто не паляціць першы раз, паляціць наступны. Усім работы хопіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Дзякуй вам вялікі. Думаю, мы з вамі яшчэ не аднойчы сустрэнемся. Хачу, каб у вас усё склалася. Вы не пашкадуеце, што трапілі ў гэты калектыў", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што асобна прасіў аб садзейнічанні ў падрыхтоўцы ўраджэнца Беларусі касманаўта Алега Навіцкага: "Я яму сказаў: Алег, глядзі за дзяўчатамі. Дапаможаш падрыхтаваць і гэтак далей. Ён гаворыць, што глядзіць".
Дзяўчаты падзякавалі за аказаную падтрымку і прадастаўленую магчымасць быць у ліку прэтэндэнтаў на палёт у космас, пацвердзілі гатоўнасць з гонарам і годнасцю прадставіць Беларусь на МКС.
Прэзідэнту прадэманстравалі службовы аўтамабіль "Волга" М-21 першага касманаўта Юрыя Гагарына. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ездзіў раней на такім аўтамабілі. "Родная!" - з ноткамі настальгіі і цёплых успамінаў вымавіў ён, заглянуўшы ў салон. Прэзідэнт таксама зайшоў у аўтобус, на якім касманаўтаў падвозілі на стартавую пляцоўку.
"І шчасця, і поспеху!!!" - такое пажаданне з аўтографам Аляксандр Лукашэнка пакінуў на схеме МКС у цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў.