Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 15
- 2
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 9 кастрычніка правялі перагаворы ў Крамлі.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні далейшага развіцця расійска-беларускіх адносін стратэгічнага супрацоўніцтва і саюзніцтва з акцэнтам на інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.
"Што датычыцца нашых адносін, самая галоўная выснова, як я мяркую, - Захад паставіў перад сабой планы ўдушыць нас, перш за ўсё ў эканоміцы, фінансах, - не атрымалася. Яны ўжо самі гэта прызнаюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы правільна заўважылі - мы зрабілі стаўку пасля распаду Савецкага Саюза на захаванне і развіццё таго, што было. Яно спатрэбілася. Сёння мы разам працуем па вельмі многіх напрамках, вырабляем тавары. Яны ў асноўным знаходзяць попыт у Расійскай Федэрацыі. Расія мае патрэбу ў тых таварах, якія мы вырабляем. Ад сельскай гаспадаркі да мікраэлектронікі. Вы правільна аб гэтым сказалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што яшчэ раней бакі дамовіліся аб узмацненні кааперацыі на перспектыву па многіх пытаннях. "Тое, што мы сёння робім", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падтрымаў тэзіс свайго расійскага калегі аб тым, што свет імклівымі тэмпамі мяняецца. У сувязі з гэтым узнікаюць як новыя пагрозы, так і новыя магчымасці. "Зразумела, узнікаюць пытанні, якія трэба вырашаць. І колькі мы з вамі ні сустракаліся б, заўсёды палова нашых размоў - гэта ўнутраныя справы: дабрабыт беларусаў, расіян. І пытанні бяспекі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я думаю, што ў нас зусім няшмат пытанняў. Два-тры пытанні, якія мы сёння абмяркуем з вамі. Ды і трэба паставіць кропкі над і ў гэтых пытаннях і рухацца далей у нашых адносінах".
"Учора і пазаўчора мы мелі магчымасць абмеркаваць пытанні глабальнага характару. Гарачыя кропкі на нашай планеце. Што мяне парадавала, вас, я ўпэўнены, таксама - што ў нас не было ніякіх разыходжанняў па міжнародным парадку дня. І ўнутраныя (пытанні. - Заўвага) абмяркоўвалі, і размова была шчырая", - адзначыў беларускі лідар.
"Вы шмат гаварылі пра азербайджанска-армянскае ўрэгуляванне. Усё гэта было нармальна, на маё здзіўленне, успрынята. Гэта сведчыць аб тым, што да гэтага ўжо была вялікая работа праведзена. Учора мы глабальныя пытанні, і рэгіянальнага характару, абмяркоўвалі. Таксама была аднадушнасць шмат у чым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў складзе СНД - магутнейшыя і багацейшыя рэсурсы дзяржавы. "Таму гэта можа быць магутным і эфектыўным рэгіянальным аб'яднаннем, калі мы прыкладзём значныя намаганні", - упэўнены ён.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваю чаргу сказаў: "Цяпер ёсць магчымасць пагаварыць аб развіцці нашых двухбаковых адносін, будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Мы часта з вамі сустракаемся, дынаміка значная. Гандлёва-эканамічныя сувязі развіваюцца самым найлепшым чынам, добрымі тэмпамі".
Паводле даных расійскага боку, тавараабарот паміж краінамі складае $46,5 млрд. Беларусь і Расія прадаўжаюць развіваць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, сферы прамысловай кааперацыі, у тым ліку ў мікраэлектроніцы.
"І цяпер адкрываюцца магчымасці (мы таксама з вамі пра гэта гаварылі не раз) у сферы авіяцыйнага будаўніцтва, - расказаў Уладзімір Пуцін. - Яшчэ з савецкіх часоў Беларусь называлі зборачным цэхам Савецкага Саюза. Дзякуючы вашым намаганням гэтыя перавагі ў галіне эканомікі, прамысловай вытворчасці ў Беларусі захаваліся. Таму ў нас ёсць магчымасць дапаўняць адзін аднаго і рухацца па ўсіх гэтых і некаторых іншых напрамках".
На ўрачыстай цырымоніі ў Крамлі Прэзідэнт Беларусі быў узнагароджаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расійскай Федэрацыі - ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага.
Ордэн беларускаму лідару ўручыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы ўзнагароджаны ордэнам за выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванне дружалюбных сувязей паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы.
"Вы, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вядома ж, дастойны гэтай вышэйшай узнагароды. Узнагароджанне Вас ордэнам Андрэя Першазванага адлюстроўвае ўдзячнасць Расіі за Ваш значны ўклад у развіццё расійска-беларускіх адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства", - падкрэсліў расійскі лідар.
Ён адзначыў, што ў аснове гэтых адносін - непахісныя прынцыпы дружбы і добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго, а таксама агульная гісторыя, агульныя маральныя і духоўныя каштоўнасці, моцныя сямейныя і роднасныя сувязі паміж многімі расіянамі і беларусамі.
"Менавіта на такой трывалай аснове, на такім трывалым фундаменце Расія і Беларусь будуюць Саюзную дзяржаву, у рамках якой надзейна забяспечваюцца агульная абарона і бяспека. Створана адзіная эканамічная, прававая, гуманітарная прастора", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі звярнуў увагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка стаяў ля вытокаў стварэння Саюзнай дзяржавы і ўносіць важкі ўклад у яе ўмацаванне і развіццё. "Мы ведаем Вас як паслядоўнага і перакананага прыхільніка захавання і пашырэння цесных сувязей на ўсёй прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пры Вашым актыўным удзеле развіваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ. А цяпер, з таго моманту, як Беларусь стала членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, гэта датычыцца і гэтай арганізацыі", - канстатаваў расійскі лідар.
"Мы з Вамі падтрымліваем пастаянны дыялог, рэгулярна сустракаемся, тэлефануем адзін аднаму, абмяркоўваем надзённыя двухбаковыя праблемы і важныя рэгіянальныя, міжнародныя пытанні. Шчыра даражу нашымі добрымі асабістымі адносінамі, якія склаліся ў нас з Вамі за гэтыя многія гады сумеснай працы. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы прадоўжым развіваць расійска-беларускае супрацоўніцтва, будзем і далей умацоўваць узаемавыгаднае эканамічнае і цеснае ўзаемадзеянне, надзейна абараняць бяспеку дзвюх краін і нашай агульнай Саюзнай дзяржавы", - рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.
Ён павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з вышэйшай расійскай узнагародай, пажадаў яму добрага здароўя і далейшых поспехаў у дзяржаўнай дзейнасці, а роднаму для Расіі беларускаму народу - міру, стабільнасці і працвітання.
"Так склалася ў маім лёсе, ды і ў лёсе ўсіх прэзідэнтаў, і Уладзіміра Уладзіміравіча, што мы з ім узнагарод сваёй краіны не маем, таму што па Канстытуцыі самі ўручаем гэтыя ўзнагароды, сабе прысвоіць не можам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Расіяй, у тым ліку і паміж іх лідарамі, склаліся як ніколі раней вельмі добрыя, цесныя і дружалюбныя адносіны. "Цесныя адносіны паміж нашымі народамі, паміж нашымі дзяржавамі і асаблівыя, асабістыя адносіны паміж двума прэзідэнтамі. Я гэтым вельмі даражу. Дзякуй богу, што мы выйшлі на такі ўзровень адносін", - сказаў беларускі лідар.
"Дзякую вам за гэту высокую ўзнагароду. Разглядаю яе як прызнанне заслуг усяго беларускага народа, які паслядоўна ўмацоўвае адзінства з нашай брацкай Расіяй. Для нашай краіны Расія заўсёды была і будзе больш, чым суседняя дзяржава", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў беларусаў і расіян адны гістарычныя карані, традыцыі і каштоўнасці, якія пераплецены бясконцай колькасцю звычайных чалавечых адносін. "І наогул мы, беларусы, украінцы, расіяне, расцём ад аднаго кораня. Наша дрэва паходзіць ад аднаго кораня", - дадаў Прэзідэнт.
"Наша галоўнае дасягненне ў тым, што мы захавалі наш базіс. І сёння ён ляжыць у аснове велізарнага патэнцыялу нашага супрацоўніцтва. Гэта значыць, у нас ёсць той фундамент, на якім мы можам выбудоўваць яшчэ больш глыбокія адносіны паміж нашымі дзяржавамі. За апошнія гады мы змаглі значна ўмацаваць эканамічныя, культурныя і духоўныя сувязі, якія продкі наладжвалі стагоддзямі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Паспяхова развіваецца наша ўнікальнае інтэграцыйнае аб'яднанне, якое мы будуем, - Саюзная дзяржава. Сёння мы разам вядзём барацьбу за справядлівы свет. І саюз Беларусі і Расіі стаіць у авангардзе гэтай жорсткай і вельмі сур'ёзнай барацьбы. Альтэрнатывы такому курсу ва ўмовах абвостранай міжнароднай абстаноўкі няма. Пры гэтым Саюзная дзяржава цалкам можа быць узорам новых раўнапраўных адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што беларусы бачаць і вельмі цэняць падтрымку з боку расійскага кіраўніцтва. "Нас шмат разоў ставілі перад выбарам, але мы ніколі, падкрэсліваю, ніколі не адварочваліся ад Расіі. Вы і вашы калегі гэта добра ведаеце. Беларусь - надзейны саюзнік. Я хачу, каб у Расіі гэта ведалі перш за ўсё. Беларусы ніколі расіян не падводзілі. Прыміце мае запэўненні: і ў далейшым ніколі не падвядуць. Так ужо вырашана звыш, што і поспехі, і цяжкасці мы дзелім па-брацку. Я як Прэзідэнт, выбраны беларускім народам, заўсёды буду стаяць на варце нашых агульных інтарэсаў, шматвяковых добрасуседства і дружбы", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што больш як трохсотгадовая гісторыя ўручанага яму ордэна Святога апостала Андрэя Першазванага, адданасць справе многіх пакаленняў продкаў, якія будавалі і абаранялі агульную Айчыну, абавязваюць усімі сіламі ўмацоўваць саюз Беларусі і Расіі і агульнае адзінства.
"Яшчэ раз шчыра ўдзячны вам за аказаную пашану. Жадаю вам, усім расіянам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых вялікіх перамог. І нам з вамі ў тым ліку", - адзначыў беларускі лідар.