Даклад Прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі
- 5
- 3:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку.
"Як мне дакладваюць, эканоміка ў гэтым годзе пакуль складваецца. Хоць ёсць пэўныя, як заўсёды, фактары, якія насцярожваюць. Хацелася б, каб мы звярнулі перш за ўсё на гэта ўвагу. Але самае галоўнае, я заўважыў у сродках масавай інфармацыі рознага ўзроўню, тое, што у нас адмоўнае сальда. Хоць невялікае, але складваецца адмоўнае сальда (у знешнім гандлі. - Заўвага). Я так разумею, што Мінэканомікі і ва Урадзе павінны былі на гэта звярнуць увагу і прааналізаваць, у чым тут сітуацыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама пацікавіўся сітуацыяй з плацяжамі на самым высокім узроўні. Размова пра аб'ёмы дэбіторскай, крэдыторскай запазычанасцей.
Яшчэ адна тэма даклада з галіны фінансаў - як выконваюцца даўгавыя абавязацельствы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідзе рэалізацыя планаў па забеспячэнні сэрвіснага абслугоўвання беларускай тэхнікі за мяжой: "Мы дамаўляліся аб тым, што трэба ствараць адзіныя цэнтры па абслугоўванні ўсёй беларускай тэхнікі. І вызначыцца - у якіх пунктах, дапусцім, Расіі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, іншых дзяржаў".
"Мяне арыентуюць на тое, што ў нас з будаўніцтвам жылля ёсць пэўныя недахопы. Ну і шэраг іншых недахопаў, на якія мы павінны звярнуць увагу", - абазначыў яшчэ адно кола пытанняў беларускі лідар.
Асобна спыніўся Прэзідэнт на сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. "Нам трэба мабілізавацца. Надвор'е пакуль добрае. Дай бог, каб далей было так. Мы чакаем нядрэнны ўраджай, але яго трэба ўзяць. Няхай у нас будуць лішкі збожжа і гэтак далей. Гэта ж ніколі не пашкодзіць. Гэта золатавалютны наш запас", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб гатоўнасці абмеркаваць кадравыя пытанні ў сувязі з існуючымі вакансіямі.
"З улікам таго, што набліжаецца канец першага паўгоддзя, я хацеў Вам далажыць аб выніках работы эканомікі", - сказаў кіраўнік Урада.
Прэзідэнт адразу папярэдзіў, што да гэтых пытанняў вернецца і па выніках паўгоддзя.
"У нас ёсць даныя па пяці месяцах, мы ўжо бачым, якія яны будуць за шэсць месяцаў і ў прынцыпе праглядаем і вынікі года. Калі гаварыць пра вынікі работы за пяць месяцаў, то з пяці асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця поўнасцю выкананы і перавыкананы чатыры: валавы ўнутраны прадукт склаўся на ўзроўні 105,2%; інвестыцыі на ўзроўні 109,6%; рэальныя даходы насельніцтва (што вельмі важна) - 109,8% і індэкс спажывецкіх цэн у межах прагнозу - 2,8%", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Па пятым паказчыку - экспарце - на жаданыя вынікі ў краіне пакуль яшчэ не выйшлі. Але лічбы ўсё роўна вышэйшыя за мінулагоднія параметры. Тэмп росту за пяць месяцаў - 102,1%. "Мы крыху недацягнулі да плана - 104%. Пры гэтым рост забяспечаны пераважна за кошт павелічэння фізічных аб'ёмаў экспарту на 8,7%", - далажыў Прэм'ер-міністр.