Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 14
- 19:38
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, каб абмеркаваць шэраг важных і прынцыповых пытанняў эканомікі, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.
Але перш чым перайсці да асноўнай тэматыкі мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на факты карупцыі сярод высокіх службовых асоб.
"Для размінкі вам трэба прадаставіць некаторую публічную інфармацыю. Каб уяўлялі, з чаго пачынаецца звычайна працоўны дзень у Прэзідэнта. Сумна, але факт. Калісьці я папярэджваў усіх. Упэўнены, што і за сталом прысутнічаюць людзі, якія не першы раз ад мяне чуюць фразу: "Лепш бедным на волі, чым багатым у турме". Шырока разышлася гэта фраза ў нашай дзяржаве сярод народа, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Як вы разумееце, я гэта не дарэмна гаварыў. І я вельмі не хацеў бы, каб мяне чарговы раз ці то папракалі, ці то нагадвалі, што перад нейкім электаральным цыклам ці падчас яго я саджуся на антыкарупцыйнага каня. Праўда, разумныя журналісты даўно заўважылі, што Лукашэнка даўно на ім ужо - гадоў 30 - сядзіць".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першую ў гісторыі краіны антыкарупцыйную камісію ўзначальваў менавіта ён: "І я не забыўся, адкуль я прыйшоў. Я бачыў усю гэту несправядлівасць. Карупцыя - гэта ржа нашай эканомікі, наносіць вельмі вялікі ўрон нашай дзяржаве. Не толькі ў эканамічным, але і ў палітычным плане".
Прэзідэнт заўважыў, што часта чуе ад кіраўніцтва Урада, што недзе кагосьці "пераціснулі". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы агучыў шэраг фактаў аб карупцыі сярод высокапастаўленых службовых асоб, аб чым яму рэгулярна дакладваюць праваахоўныя органы.
Адзін з нядаўніх фігурантаў - першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб, у дачыненні да якога Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа. "У тайніках у кватэры і ў загарадным доме фігуранта канфіскаваны грашовыя сродкі на суму больш як $3,2 млн," - агучыў падрабязнасці Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта пакуль толькі знайшлі. Чыгунка - Першы намеснік, Анатоль Аляксандравіч (віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак, які курыруе гэту сферу. - Заўвага), - паставіў на від беларускі лідар. - Што я магу думаць пра кіраўніцтва чыгункі? У тым ліку пра Вас. Я Вас папярэджваў з Прэм'ер-міністрам. І вы будзеце потым крыўдзіцца, што іх там прыхапілі "ні за што".
Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў і іншы бок пытання - адначасова з дакладам па гэтым факце яму з Урада паступіла прапанова перадаць сельгаспрадпрыемства "Свіцязь" з ведання Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, таму што "ў чыгункі няма грошай".
"Калісьці перадалі, каб яны там уклаліся і паднялі гэты калгас, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Дык вось - 3 мільёны. Калі б Першы намеснік у гэты калгас уклаў, там не было б праблем. Чаго ж мы забяром? Каранік падпісвае (старшыня Гродзенскага аблвыканкама. - Заўвага) - Наваградку ці камусьці там перадаць гэты калгас. Вы што, не чуеце, што я гавару: трэба дапамагчы сельскай гаспадарцы! Мы адтуль выбралі ўвесь рэсурс працоўных рэзерваў. Трэба замацоўваць калгасы за чыгуначнікамі, прадпрыемствамі і гэтак далей. Трэба, каб яны ўкладваліся туды. Людзі туды паедуць, з задавальненнем папрацуюць. Я вас катэгарычна папярэджваю наконт прыняцця рашэнняў", - адназначна абазначыў Прэзідэнт сваю пазіцыю ў гэтым пытанні.
"Вось яны, калі ласка. Толькі адзін зладзюга. Вы думаеце, ён адзін там?! Ну там Швед (Генеральны пракурор Андрэй Швед. - Заўвага) з праваахоўнікамі разбярэцца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Больш я вас угаворваць і прасіць не буду. Крок налева, крок направа - да сценкі паставім. Публічна вам заяўляю. Як пытанні якія-небудзь вырашыць - ну проста бяда: сам вызначаеш пытанні, сам ставіш заданні і сам едзеш правяраеш і потым робіш замест вас. Апошняя размова з вамі. Якая б электаральная кампанія ні была. Я вам ужо неяк гаварыў часам. Я тут асабліва не хвалююся наконт таго, падтрымаеце вы мяне ці не. Я дамоўлюся з беларускім народам. Я знайду з ім агульную мову. Я тры дзясяткі гадоў знаходжу з ім агульную мову. А вось вы падумайце, з кім вы будзеце працаваць", - жорстка папярэдзіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка агучыў інфармацыю і па шэрагу іншых карупцыйных спраў і асабліва падкрэсліў, што проста так праваахоўныя органы нікога не затрымліваюць. А ў адносінах да асоб, уключаных у кадравы рэестр Прэзідэнта, уся інфармацыя ў першую чаргу дакладваецца Кіраўніку дзяржавы.
"У мяне закон адзін даўным-даўно: факты на стол! І вось яны (праваахоўныя органы. - Заўвага) прыносяць гэтыя факты. Кожную раніцу ў мяне на стале ляжаць дакументы аб усіх махлярствах. І я ж вам намякаў: не лезьце, не бярыце чужое. Не чапайце, гэта не ваша. Тайнай у Беларусі гэта не будзе. У мяне атрымалася прышчапіць адпаведную вакцыну нашаму народу, які наогул не выносіць карупцыі і крадзяжу", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў 2024 годзе ўзбуджаны шэраг крымінальных спраў: "Я толькі ў гэтым годзе некаторыя ўзяў матэрыялы, якія мне праваахоўныя органы, у тым ліку старшыня Камітэта дзяржкантролю, вывальваюць на стол".
Адна са спраў у дачыненні да першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянціна Зайчука.
"Ідзе следства паўгода. За хабар", - пацвердзіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка.
"Дык а вы што, гэтага не бачыце? Першы ваш намеснік! У хвалёнага старшыні аблвыканкама! Хто будзе за вашымі намеснікамі сачыць і кантраляваць!?" - паставіў перад кіраўніком рэгіёна слушныя пытанні Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, падследнаму інкрымінуецца атрыманне ўзнагароджання ў якасці хабару на тысячы долараў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю. "Зямельныя ўчасткі, выдзяленне грашовых сродкаў (гэта значыць вы грошы даяце, а ён іх дзеліць з тымі, каму вы даяце), прадастаўленне інфармацыі аб будаўнічых аб'ектах сельгаспрызначэння і гэтак далей. За садзейнічанне. Хто будзе адказваць за гэта?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таварыш Прэзідэнт, я па гэтым пытанні вельмі шмат вывадаў зрабіў", - адзначыў Юрый Шулейка.
Яшчэ адзін факт - 26 студзеня бягучага года Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да былога намесніка Міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка. "Чалавек усё жыццё адпрацаваў у міністэрстве. На пенсію пайшоў…. За спрыяльнае вырашэнне пытанняў па выбары (кампанія RIKO славенская) вышэйназванай кампаніі ў якасці падрадчыка пры правядзенні работ па будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць - на табе падстанцыю, ідзі мадэрнізуй, але ты мне дай хабар. Дзесяткі тысяч долараў", - агучыў падрабязнасці Прэзідэнт.
У пачатку лютага Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Паўла Важніка, які апошнім часам кіраваў мінскім прадпрыемствам "Гараўтамост", а раней працаваў на адказнай пасадзе ў структуры Гаррамаўтадара Мінскага гарвыканкама. "З ліпеня 2023 года набраў хабараў на дзясяткі тысяч долараў", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Пра Брыло (былы памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці і экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. - Заўвага) шмат чулі. Не буду нагадваць і паўтараць. Прыцягнуты на сённяшні дзень тры дзясяткі чалавек".
Нарэшце, яшчэ адзін факт датычыцца Першага намесніка Кіраўніка спраў Прэзідэнта Дзмітрыя Рыбко. "Хабарнік, кляйма ставіць няма дзе. Сядзіць", - сказаў Прэзідэнт.
Вяртаючыся да асноўнай тэматыкі нарады, Кіраўнік дзяржавы назваў першае пытанне - эфектыўная работа пелетных вытворчасцей. Ён адзначыў, што ў краіне створаны значныя магутнасці па вытворчасці пелет, што дало магчымасць уключыць у вытворчасць нізкасортную драўніну і адходы дрэваапрацоўкі. "Гэта было маё жорсткае, настойлівае патрабаванне. Чаму? Ляціш над краінай, буралому ў лесе - страшна глядзець. Думаю, а чаму гэта ўсё не перапрацаваць і не атрымаць ад гэтага эфект? Пабудавалі заводы, якія ўсё гэта ператвараюць у шчэпкі, і мы атрымліваем выдатны паліўны рэсурс", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Але цяперашнюю работу вытворчасцей і аб'ёмы рэалізацыі іх прадукцыі Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў. Прэзідэнт лічыць недастатковымі намаганні па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і па яго выкарыстанні на ўнутраным рынку. Некаторыя адказныя асобы не прыкладаюць дастаткова намаганняў, каб нарасціць аб'ёмы продажаў, разлічваючы на пастаўкі ў краіну прыроднага газу. "У нас жа Прэзідэнт з'ездзіў, дамовіўся... Будзем газам паліць, дровы не патрэбны, пелеты не патрэбны", - прывёў довады такіх чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.
У гэту сферу ўкладзены немалыя інвестыцыі - як дзяржаўныя, так і прыватныя. Аднак, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, пелетныя вытворчасці па прычыне вядомых знешніх абставін працуюць цяпер сяк-так, растуць запасы нізкасортнай дзелавой драўніны. "Пры гэтым меры, якія прымаюцца ўрадам, шчыра кажучы, выніку не далі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу: "Калі вытворчасці створаны, яны павінны працаваць. І, само сабой, не на страту. А праблемы, якія ўзнікаюць, трэба вырашаць комплексна і паслядоўна".
Раней на нарадзе па прамысловасці было ўстаноўлена, што ўсе пытанні па дзейнасці пелетных вытворчасцей будуць вырашаны да пачатку ацяпляльнага сезона. Надышоў час зверыць гадзіннікі - як гэтыя планы выконваюцца, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка спытаў ва Урада, якія перспектывы дзейнасці пелетных вытворчасцей, што зроблена для пошуку новых рынкаў збыту і схем паставак, ці павялічваецца прымяненне гэтай прадукцыі на ўнутраным рынку, якія рашэнні прыняты па стымуляванні выкарыстання пелет насельніцтвам.
Па гэтай тэме на нарадзе выступіў з дакладам намеснік Прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык. У краіне, паводле яго слоў, створана больш за 60 пелетных вытворчасцей, з якіх 60% - дзяржаўнай формы ўласнасці (знаходзяцца ў веданні Мінлясгаса і Беллеспаперапрама) і 40% - без ведамаснай падпарадкаванасці. Масавае будаўніцтва гэтых вытворчасцей было абумоўлена двума фактарамі: неабходнасцю перапрацоўкі ўтвораных у працэсе вытворчасці адходаў лесапілавання і дрэваапрацоўкі і высокім попытам на гэту прадукцыю ў Еўрасаюзе (ёмістасць рынку - 12,5 млн т у год).
Магутнасць створаных у Беларусі прадпрыемстваў дае магчымасць вырабляць 1 млн т пелет у год. У 2021 годзе ў Еўропу было пастаўлена 570 тыс. т айчынных пелет. Аднак з другой паловы 2022 года рэалізацыя пелет на еўрапейскі рынак стала немагчымай. На гэта Прэзідэнт слушна заўважыў, што нельга, арганізоўваючы вытворчасць, арыентавацца толькі на адзін рынак збыту, і ён неаднаразова папярэджваў аб гэтым: "Чаму толькі ў Еўропу? Вы клалі яйкі ў адзін кошык. Я вас і цяпер аб гэтым папярэджваю: што гэтага рабіць нельга!"
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, Урад прадаўжае работу па пошуку варыянтаў паставак пелет у іншыя краіны, а таксама прымае комплекс мер па пашырэнні выкарыстання пелет на ўнутраным рынку.
Праца аграсэрвісаў стала другім пытаннем на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Саўміна. Такіх арганізацый у краіне налічваецца 134. Яны аказваюць аграсэрвісныя, транспартныя, рамонтныя і іншыя паслугі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у Беларусі па яго запатрабаванні аднаўлялі сетку аграсэрвісаў, якую ў часы рыначнай эканомікі спрабавалі разбурыць. "Прыйшоў рынак, усё гэта вырашылі разбурыць. Я сказаў не, гэта павінна працаваць. І сёння гэта патрэбна", - сказаў Прэзідэнт. Ён лічыць, што на базе арганізацый аграсэрвісу трэба развіваць сэрвісныя цэнтры буйных беларускіх прадпрыемстваў. "За мяжой мы карачымся, ствараем сэрвісныя цэнтры. Без сэрвісу, без абслугоўвання тэхнікі ў цябе ніхто яе не купіць за мяжой. А чаму ў сваёй краіне мы не можам карыстацца імі? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Каб яны аказвалі паслугі на месцы, каб бандыты і жулікі, пасрэднікі вам не прывозілі нейкія запчасткі".
Аналагічная сітуацыя, паводле слоў Прэзідэнта, і з перасовачнымі механізаванымі калонамі, якія былі шырока распаўсюджаны ў савецкія часы і патэнцыял якіх трэба захаваць і развіваць, асабліва на ўзроўні раёнаў. "Аднавіце іх. У нас 200 тыс. га трэба аднаўляць па меліярацыі. Хто будзе гэта рабіць? Гэтыя МПМК (міжраённыя перасовачныя механізаваныя калоны. - Заўвага)", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя выканання цэлага комплексу работ - ад дапамогі насельніцтву па рамонце сельгасінвентару да больш глабальных задач па меліярацыі - развіццё ПМК дае таксама і дадатковыя працоўныя месцы, магчымасць працаўладкавання ў вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2019 годзе ўжо была аказана беспрэцэдэнтная падтрымка галаўному прадпрыемству - "Белаграсэрвісу" - шляхам рэструктурызацыі запазычанасці перад бюджэтам. "Гэта значыць, вы працуеце вельмі дрэнна, вы ў даўгах як у шаўках - "Белаграсэрвіс" - адтэрмінавалі даўгі, прабачылі фактычна. Вы чаго зноў да мяне прыйшлі?" - спытаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў сваё жалезнае патрабаванне да кіраўнікоў абласцей і Урада: павінна быць жорсткая дысцыпліна разлікаў. "Без яе мы далей будзем хадзіць па крузе, пастаянна вяртаючыся да гэтых пытанняў", - адзначыў ён.
У прадаўжэнне размовы пра аграрную галіну Прэзідэнт папярэдзіў адказных асоб аб неабходнасці своечасовых разлікаў з сялянамі і сельгасарганізацыямі за пастаўляемую прадукцыю. "Папярэджваю вас: перад сялянамі, калгасамі, саўгасамі не павінна быць на 1 жніўня ніякай запазычанасці ні па малаку, ні па мясе. У жулікаў забірайце грошы, якія раскралі, і аддайце сялянам за пастаўленую прадукцыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як растлумачыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ па выніках нарады, запазычанасць "Белаграсэрвісу" ўзнікла з-за непагашэння асобнымі прадпрыемствамі даўгоў за пастаўленую раней тэхніку. Раней прымаўся Указ, які дапамог рэструктурызаваць запазычанасць і прадаставіць растэрміноўку, але зрабіць гэта змаглі не ўсе вобласці. Праект новага дакумента, які абмяркоўваўся на нарадзе, Прэзідэнт адправіў на дапрацоўку з тым, каб "паставіць усіх у роўныя ўмовы".
Адносна прадпрыемстваў аграсэрвісу было прынята яшчэ адно рашэнне. Кіраўнік дзяржавы адобрыў прапанову дазволіць сельгасарганізацыям ажыццяўляць закупку запасных частак, якія пастаўляюцца прадпрыемствамі "Белаграсэрвісу", як з адной крыніцы. Гэта дасць магчымасць не праводзіць доўгія працэдуры закупкі і конкурсныя таргі, а аператыўна набываць патрэбныя запчасткі ў "Белаграсэрвісу".
Трэцяе важнае пытанне датычылася праекта па стварэнні сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што спадарожнік сувязі быў запушчаны ў 2016 годзе і пасля вываду на арбіту і ўводу ў эксплуатацыю наземнага комплексу паспяхова выконвае свае функцыі. У якасці асноўнай задачы на гэты момант Прэзідэнт назваў камерцыялізацыю і акупнасць гэтага праекта. "Спадарожнік запусцілі не толькі для таго, каб у сваіх інтарэсах выкарыстоўваць. Але нават калі ў сваіх, за спадарожнік трэба плаціць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У 2020 годзе прынята распараджэнне Кіраўніка дзяржавы, якім вызначаны парадак выканання фінансавых абавязацельстваў па праекце "Стварэнне нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Рэспублікі Беларусь". Урад прапануе скарэкціраваць гэты дакумент. Аднак Прэзідэнт крытычна паставіўся да магчымай карэкціроўкі распараджэння, калі гэта датычыцца дадатковых фінансавых затрат. "Што значыць скарэкціраваць? Зноў грошы. Не будзе грошай. А вы выканайце сваю функцыю так, як я вам некалі даручаў па распараджэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па гэтым пытанні Прэзідэнту далажыў Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус. Паводле яго слоў, сістэма спадарожнікавай сувязі і вяшчання працуе ва ўстаноўленым парадку, усе тэхнічныя аспекты ў норме. "Ва ўстаноўленым парадку прадастаўляем паслугі спадарожнікавай сувязі ўсім сілавым ведамствам Беларусі і не толькі. Працуем разам з Мінінфармам па распаўсюджванні каналаў агульнадаступнага вяшчання. Гэта работа будзе прадоўжана з мэтай павышэння камерцыялізацыі нашай нацыянальнай сістэмы", - сказаў кіраўнік ДВПК па выніках нарады.