Нарада аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны
- 15
- 43:12
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка сабраў нараду аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны.
Гэта нарада, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, з'яўляецца лагічным прадаўжэннем практыкі аб'ектыўнага і сістэмнага аналізу стану спраў у канкрэтных сферах эканомікі. На парадку дня гэты раз - пытанні развіцця аграрнай галіны, павышэння эфектыўнасці яе работы і павелічэння яе ўкладу ў сукупны нацыянальны даход.
"Ад стану спраў у вёсцы шмат у чым залежаць дабрабыт нашых людзей, валютныя паступленні, узровень харчовай бяспекі і ў канчатковым выніку сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. Людзі перш за ўсё павінны быць накормлены, апрануты - словам, жыць нармальна. Тады і будзе сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Шмат у чым гэтаму садзейнічае сельская гаспарадка, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым аграрыям ёсць чым ганарыцца. Беларусь у поўным аб'ёме забяспечвае сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання. Істотна перасягае іншыя дзяржавы СНД па вытворчасці такой прадукцыі і спажыванні на душу насельніцтва".
Так, забяспечанасць па малаку складае амаль 270%, мясе - 135%, цукры - больш за 150%, бульбе - 112%.
Па шэрагу пазіцый Беларусь дастойна выглядае і ў сусветным рэйтынгу. Краіна ўваходзіць у пяцёрку краін - экспарцёраў малакапрадуктаў і топ-20 вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі, а гэта галоўныя прадукты сельскай гаспадаркі.
Айчынныя прадукты харчавання пастаўляюцца больш як у 107 дзяржаў свету, валютная выручка ад іх рэалізацыі за 2023 год склала амаль $7,5 млрд. "І гэта пры рэзкім падзенні сусветных цэн", - заўважыў Прэзідэнт.
"Сёння стаіць задача рухацца далей, зрабіць работу сельскагаспадарчай галіны больш устойлівай, а яе развіццё - прагрэсіўным. Усе магчымасці дабіцца гэтага ў нас ёсць, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Мы гэта ўмеем рабіць. Вы бачыце, якая ў свеце складваецца катастрафічная сітуацыя з прадуктамі харчавання. Зразумела, што становішча будзе толькі ўскладняцца ў сувязі з ростам насельніцтва і тымі праблемамі, якія ахопліваюць у тым ці іншым рэгіёне планеты насельніцтва. Паўтару яшчэ раз: нам трэба забыць пра санкцыі і іншыя заходнія страшылкі. Яны, вядома ж, ёсць. Але іх трэба забыць. Ведаеце, для чаго. Трэба жалезна пашыраць вытворчасць і экспарт прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Развіваць нацыянальныя брэнды, апярэджваючы канкурэнтаў. Заваёўваць новыя таварныя і геаграфічныя сегменты. Іншага не дадзена".
Таму размова ў час нарады, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка, пойдзе не столькі аб поспехах, колькі аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дасць магчымасць выйсці на істотна больш высокія паказчыкі.
"Сёння наша дыспазіцыя такая. Па выніках папярэдняга, 2023 года ў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі мы атрымалі сціплыя крыху больш за 1% росту (а ў раслінаводстве мы ўпалі больш як на 1%, жывёлагадоўлі - 4,5% плюс). З улікам таго, колькі ўкладзена ў вёску, гэта больш чым сціпла", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы пра раслінаводства, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што вынік мінулага года амаль правальны: узровень 2022 года ўтрымаць не ўдалося. Аграрыі недабралі звыш 1 млн т збожжа, 63 тыс. т агародніны і 10 тыс. т ільновалакна. Амаль у кожнай трэцяй арганізацыі ўраджайнасць збожжа ніжэйшая за 20 ц/га.
"Урад традыцыйна перакладае віну на неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Гэтак жа лічаць і губернатары. Аднак трэба адкрыта сказаць, пытанне не толькі ў надвор'і", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Па-першае, у шэрагу рэгіёнаў не выконваецца распрацаваная навукай і пацверджаная практыкай індывідуальная структура пасяўных плошчаў. Да 30-40% збожжавых (асабліва азімых) высяваюцца па недапушчальных папярэдніках.
Паводле слоў Прэзідэнта, за апошнія 10 гадоў на чвэрць павялічыліся плошчы, якія засяваюцца пшаніцай, але амаль палова такіх плошчаў малапрыдатная для вырошчвання гэтай культуры. Асабліва востра такая праблема праяўляецца ў Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях.
"Пры гэтым спецыялісты палічылі, што штогадовыя страты збожжа ад такіх агранамічных прыёмаў складаюць не менш як 450-500 тыс. т. Мной неаднаразова давалася даручэнне па пашырэнні пасеваў бялковых культур пад поўную патрэбнасць жывёлагадоўлі, каб замясціць у тым ліку і імпарт. Дарэчы, там, дзе пайшлі гэтым шляхам, праблем з кормам няма. А пакуль на справе з рэкамендаваных навукай 252 тыс. гектараў зернебабовымі культурамі засяваецца толькі крыху больш за палову", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па-другое, зніжаюцца аб'ёмы ўнясення мінеральных угнаенняў. Не праводзіцца поўны комплекс ахоўных мерапрыемстваў на пасевах сельскагаспадарчых культур.
Аляксандр Лукашэнка прывёў наглядны прыклад з даклада Камітэта дзяржаўнага кантролю. У мінулым годзе КСУП "Валевачы" Чэрвеньскага раёна на полі каля вёскі Красная Ніва (40 га) праведзена сяўба сумесі яравога ячменю і аўса без унясення фосфарных угнаенняў, па непрыбраных камянях і бытавым смецці. Значная частка насення аказалася проста не закрыта глебай.
"У выніку ў такіх нядбайных гаспадароў запланаванага ўраджаю няма, патрэбнай кармавой базы для жывёлагадоўлі няма. Плюс да гэтага - зніжэнне ўрадлівасці глеб і іншыя праблемы", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле інфармацыі Кіраўніка дзяржавы, ёсць пытанні і з колькасцю назапашаных пад яравую сяўбу ўгнаенняў. "Лідар" тут Віцебская вобласць.
"Відавочна, што ў гэтай сітуацыі захаваць збалансаванасць пажыўных рэчываў (асабліва па фосфары і каліі), можна толькі нарошчваючы аб'ёмы ўнясення комплексных угнаенняў (NPK). Сёння гэта перадавая сусветная тэндэнцыя. Такія тэхналогіі выкарыстоўваюцца ўсё шырэй у Расійскай Федэрацыі, вядучых еўрапейскіх дзяржавах. Краіны плацяць каласальныя грошы за імпарт гэтых угнаенняў, а іх вытворчасць могуць дазволіць сабе далёка не ўсе. Але для нас гэта дамашні мінеральна-сыравінны рэсурс. Мы можам шматразова закрыць свае ўнутраныя патрэбнасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што заўсёды знойдуцца скептыкі, якія паставяць пад сумненне фінансавы бок пытання. Аднак для ўнясення ўгнаення простых форм даводзіцца па тры разы за сезон выганяць тэхніку. У выніку яна паскорана амартызуецца, у тры разы павялічваюцца расходы на гаруча-змазачныя матэрыялы, даводзіцца прыцягваць рабочую сілу.
"Ураду сумесна з НАН Беларусі, аблвыканкамамі выпрацаваць комплексныя падыходы з улікам патрэбнасці і мэтазгоднасці прымянення такіх угнаенняў", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Няякасна вядзецца і меліярацыя, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Сістэмы належным чынам не абслугоўваюцца, а незаконнае ўзворванне каналаў прыводзіць да іх выбыцця.
"Як вынік, штогод спасылаемся на розныя неспрыяльныя кліматычныя з'явы: вымаканні, вымярзанні, засухі. І трацім велізарныя грошы для аднаўлення меліярацыйных сістэм і меліяраваных палёў", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, даведзеныя планы 2023 года па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм не выканалі тры вобласці - Гродзенская, Мінская і Магілёўская. Больш таго, устаноўлены факты, калі меліяраваныя землі не выкарыстоўваюцца. Месцамі завышаюцца аб'ёмы і кошт меліярацыйных работ. "Дзяржава выдзяляе грошы, а вы на ўрадлівых меліяраваных землях вырошчваеце хмызняк", - справядліва раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Я назваў толькі тры прычыны, якія ляжаць на паверхні. Якія звышураджаі і будучую кармавую базу для жывёлагадоўлі можна чакаць пры такіх падыходах? Трэба ўмець працаваць у любых атмасферных умовах, каб не спісваць свае недапрацоўкі на надвор'е. Мы ж з вамі ведаем, якое можа быць у Беларусі надвор'е. І да гэтага трэба было прыстасавацца. І да гэтага прыстасаваліся тыя, хто хоча працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Сельскагаспадарчы сектар даўно пара паўсюль пераводзіць на новы тэхналагічны ўзровень, укараняць дакладнае земляробства. Яно дазваляе сфарміраваць спрыяльнае асяроддзе любой культуры для росту, а значыць, знізіць матэрыяльныя затраты, павысіць аб'ёмы і якасць прадукцыі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ключавыя элементы для стварэння такой сістэмы мы сёння маем, і гэта стратэгія на перспектыву".
Ён адзначыў, што сусветныя лідары па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўкладваюць значныя сродкі ў стварэнне разумнай тэхнікі і лічбавізацыя ў іх у аграрным сектары даходзіць да 80%.
"Разумная сельская гаспадарка сёння і на будучае - важны прыярытэт у барацьбе з канкурэнтамі. Патрэбна праграма, у тым ліку па падрыхтоўцы кадраў. Не трэба цягнуць у яе ўсіх, пачніце з тых, хто хоча і мае магчымасці. Але пачынаць трэба ўжо сёння. Мы павінны правесці рэвалюцыю ў аграрным машынабудаванні і сельскай гаспадарцы, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Але не забывайце, што перш чым рабіць рэвалюцыю, нам трэба дабіцца нармальнай якасці сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на палях".
Разам з тым пры належнай дысцыпліне, выкарыстанні высокапрадукцыйных сартоў раслін і парод жывёл, наяўных тэхналогіях і сёння можна працаваць у паўтара і нават у два разы эфектыўней, упэўнены Прэзідэнт.
"Задачы на 2024 год куды больш амбіцыйныя за ўчарашнія вынікі. Трэба атрымаць каля 10 мільёнаў тон збожжа, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў і больш за мільён тон рапсу ў год", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Самая актуальная тэма сёння - пасяўная кампанія, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Як у народзе кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Паводле інфармацыі ўрада, усе неабходныя рашэнні для правядзення пасяўной кампаніі прыняты, засталося дакладна, з поўнай адказнасцю выканаць свае планы на месцах", - падкрэсліў ён.
У той жа час, як дакладваюць Кіраўніку дзяржавы, у асобных рэгіёнах ёсць праблемы. Размова, у прыватнасці, пра гатоўнасць тэхнікі.
"Мы з вамі вызначыліся, што кожны год 25 сакавіка, да пачатку веснавых палявых работ, гатоўнасць тэхнікі павінна быць не менш як 95%. Што мы маем у гэтым годзе? Нізкую гатоўнасць тэхнікі кантралёры фіксуюць практычна ў кожнай трэцяй праверанай гаспадарцы (у 70 з 225 правераных). Стан спраў скрываецца скажэннем аператыўнай справаздачнасці, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Навучыліся гуляць лічбамі, не думаючы аб тым, што недакладныя даныя прыводзяць да памылковых кіраўніцкіх рашэнняў".
Неабходна, каб тэхніка была ў поўным парадку, падкрэсліў Прэзідэнт. "Ваша задача, Урада, аблвыканкамаў і райвыканкамаў, пад персанальную адказнасць гарантаваць гатоўнасць усёй тэхнікі на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года, - паставіў яшчэ адну задачу Кіраўнік дзяржавы. - Дарэчы, ад выступоўцаў хацеў бы пачуць, што гавораць пра якасць сельскагаспадарчай айчыннай тэхнікі. Мы ўліваем у яе закупку каласальную падтрымку. Спланаваны аб'ём выпуску і фінансаванне па лізінгу. Таму ваш святы абавязак захаваць і эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку".
"Калі нехта з губернатараў разлічвае закрыць свае патрэбнасці імпартнай тэхнікай, то ад гэтых фантазій рэкамендую адмовіцца. Ад слова "зусім". Нядаўна гэта мы дэталёва абмяркоўвалі на нарадзе па прамысловасці. І не трэба гаварыць, што імпартнае лепшае, чым наша. Асабліва сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што любая тэхніка можа выходзіць са строю, аднак абслугоўванне айчынных машын забяспечана на вельмі высокім узроўні.
"Беларускія машынабудаўнікі могуць забяспечыць усе вашы патрэбнасці, тым больш у кааперацыі з расіянамі. Але пара асучасніць машынна-трактарны парк краіны. Сёння аграрыі (і не толькі айчынныя) маюць патрэбу ў тэхніцы з высокай прапускной здольнасцю, больш магутных трактарах, камбайнах, кормараздатчыках і гэтак далей", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён даручыў актуалізаваць праграмныя задачы і забяспечыць выпуск поўнага шлейфа высокаэфектыўных машын. Адначасова, паводле яго слоў, трэба рыхтаваць механізатарскія кадры для работы на гэтай няпростай тэхніцы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на праблемы гаспадарак з нізкай прадукцыйнасцю і даручыў Ураду, аблвыканкамам, райвыканкамам дэталёва вывучыць стан спраў, прыняць усе неабходныя меры па павышэнні эфектыўнасці работы такіх арганізацый.
"Нікуды не варта, калі перапрацоўшчыкі бяруць крэдыты, на гады наперад авансуючы сяло. Атрымліваецца, што гэта не бізнес, а сацыяльны праект. У гэтых умовах рэнтабельнасць у вёсцы ніколі не выйдзе на двухзначныя лічбы і прыстойных зарплат не будзе. І гэта пры тым, што кожны кантралёр указвае на недазагрузку прадпрыемстваў айчыннай сыравінай. З такім попытам гаспадаркі павінны жыраваць, а не аванс на зарплату прасіць", - сказаў Прэзідэнт.
"Значыць, трэба ламаць схему. Землі і рэсурс стратных гаспадарак паўнацэнна перадаваць моцным гаспадаркам і працаваць па схеме ўзбуйненых таварна-сыравінных комплексаў. На ствараемых прадпрыемствах - ажыццяўляць будаўніцтва сучасных маштабных малочнатаварных і свінагадоўчых комплексаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да прыкладу работы мадэрнізаваных комплексаў з уласнай сыравіннай базай. Ад іх ёсць значная аддача. Напрыклад, малака з адной каровы ў мінулым годзе там атрымалі больш, чым у сярэднім па краіне. І колькасць такіх прадпрыемстваў расце. "Выпрацаваная стратэгія на ўзбуйненне выбрана правільна. І завяршыць гэту работу трэба да 2030 года", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Карову трэба паставіць у палац, - вобразна выказаўся Прэзідэнт аб стварэнні належных умоў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. - Трэба адысці ад тых заняпалых ферм, і чым раней - тым лепш. Мы проста губім там жывёлу. А ў новых малочнатаварных комплексах, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. - Заўвага), трэба прымусіць даіць кароў так, як належыць".
Прэзідэнт даручыў Ураду і аблвыканкамам забяспечыць безумоўную рэалізацыю намечаных інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў, рост малочнага статка з высокай прадукцыйнасцю (не ніжэй за 6,5 тыс. кг ад каровы) і аб'ёмы вытворчасці малака не менш за 9 млн т.
У 2023 годзе ў Беларусі было прынята рашэнне па будаўніцтве мадэрнізаваных свінакомплексаў. Як нагадаў Прэзідэнт, ён падтрымаў прапановы Урада аб будаўніцтве свінагадоўчых комплексаў па ўніфікаваным праекце на 100 тыс. галоў свіней. "Мяне запэўнілі, ёсць магчымасці пабудаваць ва ўстаноўленыя тэрміны, аптымізаваць затраты. Але трэба думаць аб перспектыве", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначае, што з улікам практыкі Расіі неабходна падлічыць і браць курс на больш эфектыўныя, эканамічныя ў затратах маштабныя праекты. Не абавязкова гэта павінны быць комплексы на 300-500 тыс. галоў, адзначыў Прэзідэнт. Спачатку трэба ўважліва вывучыць вопыт работы такіх буйных гаспадарак ці то на захад або на ўсход ад Беларусі. Напрыклад, вопыт Кітая, дзе будуюць шматпавярховы свінагадоўчы комплекс.
"Вы вызначайцеся, якія комплексы будаваць. Мы вам дапаможам. Але і запатрабуем (за эфектыўнасць і рэзультатыўнасць. - Заўвага)", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад удзельнікаў нарады працаваць на перспектыву ў развіцці свінагадоўлі. "Неабходна распрацаваць 10-гадовую стратэгію развіцця ультрасучаснай свінагадоўлі ў Беларусі. У ёй павінна быць усё: прагрэсіўная генетыка, корм, экалагічнасць. Мэты звышмаштабныя - максімальнае паглыбленне перапрацоўкі і наша экспартная экспансія", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Характарызуючы сітуацыю ў птушкагадоўлі ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы адзначыў нязначны рост вытворчасці мяса птушкі і зніжэнне вытворчасці яек. Пры гэтым ёсць праблема з падзяжом птушкі, што павялічыўся амаль на 12%. Самы высокі падзеж - у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Прычыны - невыкананне тэхналогіі камплектавання птушнікаў і ветэрынарна-санітарных правіл утрымання птушкі, а таксама недахоп паўнацэнных кармоў.
"Наша мясная птушкагадоўля пакуль залежыць ад імпарту прабацькаўскага пагалоўя. Таму ключавая задача тут - знізіць гэту залежнасць. Знізіць рэвалюцыйным чынам, - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтага часу мы таксама не маем альтэрнатывы завозу куранят для вытворчасці інкубацыйных яек".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней ім была пастаўлена задача Савету Міністраў па будаўніцтве сучаснага селекцыйна-генетычнага цэнтра яечнага напрамку. Урад прапанаваў стварыць такі цэнтр на базе ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі".
"Але перш чым прыняць канчатковае рашэнне, мы павінны разгледзець варыянты з кіраўнікамі профільных прадпрыемстваў. Гэта ж агульная праблема. Грошы трэба будзе ўкласці немалыя і ўсім. У мяне адно пытанне: чаму не стварыць прадпрыемства, незалежнае ад канкрэтных птушкафабрык?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка, удакладніўшы, ці не ўзнікне ў такім выпадку канфлікт інтарэсаў. Гэту тэму Прэзідэнт даручыў абмеркаваць і выйсці на канкрэтнае рашэнне.
Стратэгічная задача, паводле слоў Прэзідэнта, - забяспечыць тэхналагічную і біялагічную абарону птушкагадоўлі, давесці аб'ёмы вытворчасці прадукцыі да 800 тыс.т мяса птушкі і 4 млрд штук яек.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу шэрага гадоў вядзецца размова аб неабходнасці забяспечыць большую захаванасць жывёлы і птушкі. Аднак сітуацыя застаецца складанай. Ёсць гаспадаркі, дзе парушаюцца патрабаванні тэхналагічных рэгламентаў утрымання і кармлення жывёлы. Не забяспечваецца выпойванне нованароджаных цялят малодзівам, не выконваюцца схемы вакцынацыі.
"Я даручаў Прэм'ер-міністру разабрацца. Мы пытанне паставілі жорстка. Майце на ўвазе: спагнанне ў гэтым плане будзе толькі ўзмоцнена, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. - Заўвага), разам з Камітэтам дзяржкантролю вельмі жорстка разбярыцеся і далажыце".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ёсць моцныя гаспадаркі, гатовыя забраць цялят у нядбайных. І такая работа па перадачы маладняку пачата ўжо. Аднак часта яна носіць фармальны характар, для стварэння бачнасці выканання даручэнняў. Жывёла перадаецца ў арганізацыі, якія не могуць забяспечыць яе ўтрыманне і кармленне, або перадаецца толькі на паперы.
"Як вам такі факт? Бяруць і адгружаюць маладняк у гаспадарку, у якой зафіксаваны самы высокі падзеж у раёне, няма камбікорму, маюць месца сістэмныя парушэнні тэхналогій. "Прудоцкае" Калінкавіцкага раёна перадавала маладняк філіялу "Зеляночы" Калінкавіцкага мясакамбіната. Там жа яшчэ горш", - прывёў адзін з адмоўных прыкладаў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці адваротнага, станоўчага прыкладу Аляксандр Лукашэнка назваў работу прэзідэнцкай фермы, дзе ўтрымліваюцца ў тым ліку і каровы з цялятамі. "Нічога асаблівага, але ўтрыманне дастойнае - чыста, акуратна, суха. І не трэба ніякага "разумнага" земляробства ці жывёлагадоўлі, або ў цэлым сельскай гаспадаркі. Проста адказнасць і дысцыпліна. Чалавечае стаўленне да жывёлы", - сказаў ён.
Прадаўжаючы размову аб праблемных аспектах, Прэзідэнт звярнуў увагу на фармальны падыход да даручэння па замацаванні за кожным жывёлагадоўчым аб'ектам работнікаў мясцовай вертыкалі. Замацаваныя часам не ведаюць, дзе размешчаны гэты аб'ект. Органы мясцовай улады і кіраўнікі гаспадарак часта замест кантролю за дысцыплінай садзейнічаюць яе парушэнню. Няма строгага кантролю з боку дзяржаўнай ветэрынарнай службы. Да розных відаў адказнасці за гэта штогод прыцягваюцца больш як 10 тыс. службовых асоб, узбуджаюцца крымінальныя справы, трэць з іх звязана з утойваннем падзяжу.
Акрамя таго, неабходна павысіць эфектыўнасць узнаўлення: з цяперашніх паказчыкаў - 68 цялят на 100 кароў - падняць да 95.
"Трывалая кармавая база і паўнацэнны рацыён - асноўны складнік прыбытковай вытворчасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Для выканання гэтай задачы трэба выкарыстоўваць распрацаваныя вучонымі сумесна з Мінсельгасхарчам рэгламенты кармлення для ўсіх відаў жывёл. "Навукай распрацаваны каля 100 тэхналагічных рэгламентаў і рэкамендацый. Карыстайцеся імі", - рэкамендаваў Кіраўнік дзяржавы.
Ад Урада, Мінсельгасхарча, Акадэміі навук Беларусі, аблвыканкамаў, райвыканкамаў Прэзідэнт запатрабаваў арганізаваць строгі кантроль за праводзімай на месцах работай па выкананні рэгламентаў і нарматываў кармлення жывёлы і птушкі. Асаблівую ўвагу ўдзяліць догляду нованароджаных цялят, праводзіць сістэмную работу па забеспячэнні захаванасці жывёлы і птушкі. Нарматыўнае значэнне невытворчага выбыцця, паводле слоў Прэзідэнта, павінна быць да адной тысячнай працэнта, і ставіцца да выпадкаў такога выбыцця трэба як да надзвычайнага здарэння.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць безумоўнае выкананне тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны на кожным рабочым месцы, пачынаючы ад даглядчыка жывёлы да кіраўніка гаспадаркі, якасную работу ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў.
Размова ішла таксама аб навядзенні парадку са справаздачнасцю. Бюракратыю і велізарны празмерны дакументаабарот, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна назваць адным з фактараў, які стрымлівае АПК у цэлым. "Канцэрны запытваюць інфармацыю сабе, Мінсельгасхарч, аблсельгасхарч, райсельгасхарч, кантралюючыя і праваахоўныя органы - сабе. Усе запытваюць інфармацыю, - крытычна заўважыў Прэзідэнт. - На адну арганізацыю прыпадае да 70 запытаў у месяц!"
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс даўно можна і трэба цэнтралізавана аўтаматызаваць: "На кожным кроку гаворым пра карысць і поспех лічбавізацыі. Дык выкарыстоўвайце". Прэзідэнт запатрабаваў тут навесці парадак і з боку Мінсельгасхарча вызначыць дакладную сістэму справаздач і інфармавання.
Адной з тэм нарады стала вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. За 2023 год рост гэтага паказчыка адзначаецца ва ўсіх рэгіёнах краіны - 104,5%. Але практычна адзіная стабільная крыніца штодзённага паступлення грашовых сродкаў - малочная жывёлагадоўля.
У мінулым годзе надаілі больш за 8 млн т малака, прыбаўка склала 6% да ўзроўню 2022 года. Гэты прырост забяспечаны ў асноўным за кошт Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
Прадукцыйнасць малочнага статка па краіне вырасла на 6%, але ў кілаграмах не дасягнула і 6 тыс. кг ад каровы (5854 кг), хоць гэты парог павінны былі пераступіць яшчэ да 2020 года, а далей толькі прыбаўляць.
Многімі гаспадаркамі назапашаны добры вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці, канстатаваў Прэзідэнт. Лідарамі сярод раёнаў па прадукцыйнасці дойнага статка сталі Гродзенскі, Бераставіцкі, Нясвіжскі, дзе надаілі больш за 9 тыс. кг малака ад каровы. Ёсць і перадавікі, здольныя атрымліваць па 12-13 тыс. кг малака ад каровы. Аднак у кожнай пятай арганізацыі сярэдні надой ад каровы склаў менш як 3 тыс. кг. У асноўным гэта арганізацыі ўсходніх абласцей.
"Пара задумацца аб сістэме аплаты працы кіраўнікоў сельгасарганізацый выключна ў прывязцы да вынікаў работы гаспадаркі. Няма выніку - атрымлівай мінімальную заработную плату", - сказаў Прэзідэнт.
"Даручаю Ураду, Акадэміі навук і аблвыканкамам распрацаваць стратэгію забеспячэння беларускай жывёлагадоўлі канцэнтраванымі кармамі. Задача - каб кожная гаспадарка мела ўсе віды кармоў пад поўную патрэбнасць (не менш як 45-50 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што поспех у жывёлагадоўлі непарыўна звязаны з кормавытворчасцю. Аднак у мінулым годзе травяных кармоў нарыхтавана толькі 91% да праграмных паказчыкаў. Парушаюцца тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання травяных кармоў, пагаршаецца і без таго недастатковая кармавая база.
"Забяспечанасць кармамі падае, але ў нас багаты вопыт іх вытворчасці. Чаму мы яго не выкарыстоўваем? Яшчэ ў гады СССР, з другой палавіны мінулага стагоддзя, з травяной мукі выраблялі гранулы для корму жывёлам. Пры правільным падборы траў вітамінаў і мінералаў у такіх кармах больш і захаванасць лепшая. І тэхналогія гранулявання абсалютна нескладаная. Яна дасканала асвоена намі ў дрэваапрацоўцы", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле яго слоў, такія кармы выкарыстоўваюць у рацыёне жывёл у Брэсцкай вобласці ў ААТ "Парахонскае". "Чаму гэты вопыт не запатрабаваны іншымі?" - задаў пытанне беларускі лідар.
Ён таксама нагадаў, што ў краіне пабудаваны самы сучасны комплекс па вытворчасці амінакіслот і камбікорму - БНБК. "Неабходна задзейнічаць усе магчымасці гэтага прадпрыемства для вытворчасці збалансаваных кармоў. Камбікормавыя магутнасці, якія ёсць у краіне, здольны закрыць патрэбнасці ў камбікорме і дабаўках у поўным аб'ёме. Тады чаму не выконваюцца заяўкі асобных гаспадарак, якія гатовы разлічвацца па перадаплаце?" - абазначыў яшчэ адно праблемнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для вырашэння праблемы забяспечанасці кармамі трэба спачатку канчаткова вырашыць праблему сіласных траншэй.
"Хоць памрыце, але на працягу бягучага года ўсе кармы павінны быць нарыхтаваны ў нармальныя сховішчы. Трэба адыходзіць канчаткова ад гэтых курганоў, як гэта калісьці закладвалі ў натуральныя равы, ямы і іншае. Мінімум 30% кармоў, калі іх нармальна пакласці ў такія ямы, мы страчваем", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ў АПК забяспечыць максімальную перапрацоўку айчыннай сыравіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта ў сферы перапрацоўкі сканцэнтраваны рэзервы беларускай вёскі. "Неабходна браць курс на паглыбленую перапрацоўку сыравіны, пры якой ствараецца высокая дабаўленая вартасць. Перапрацоўвацца павінна ўсё без выключэння, і нават парасячы віск, - падкрэсліў беларускі лідар. - Рынак дае нашым перапрацоўшчыкам шанц для пашырэння асартыменту і геаграфіі паставак, замацавання ў маржынальных сегментах".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў недастатковую загрузку, а месцамі і нізкую загрузку вытворчых магутнасцей, хоць запатрабаванасць на знешніх рынках, асабліва па асобных відах прадукцыі, высокая.
"Прадпрымальнасці не хапае. Асабліва ў губернатараў, якія адказваюць за гэты сектар эканомікі", - заўважыў ён.
Віцебская вобласць у гэтым плане ў Кіраўніка дзяржавы выклікае асаблівую занепакоенасць. Размова аб нізкай загрузцы Віцебскага, Аршанскага і Глыбоцкага мясакамбінатаў. Адначасова на гэтых прадпрыемствах ёсць выпадкі рэалізацыі прадукцыі ў тушах і паўтушах праз пасрэдніцкія структуры.
"Хлопцы, сядзеце!" - жорстка папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, нагадаў Прэзідэнт, Аршанскі мясакамбінат пабудаваны за дзяржаўныя грошы і цяпер просіць бюджэтнай падтрымкі.
"А сам прадае налева тое, што трэба глыбока перапрацаваць і прадаць па высокай цане. У чым прычына?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Такога бардака быць не павінна! Задача максімум - забяспечыць стапрацэнтную перапрацоўку айчыннай сыравіны з высокай дабаўленай вартасцю. У гэтых мэтах даручаю ўраду перавесці ў лічбавы варыянт задачы кожнай вобласці, аж да прадпрыемстваў, для вырашэння гэтага пытання", - заявіў беларускі лідар.
"У бягучым годзе мы павінны вырабіць прадукцыі на 6-7% больш і арыентавацца ў экспарце на $9 млрд. Складана? Так. Але мы павінны вырашыць гэтыя задачы. Звяртаюся да кіраўнікоў усіх узроўняў. Вам заўсёды павінна быць мала вашага поспеху", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца ў пытанні эфектыўнасці дзяржпадтрымкі ў вёсцы: "Трэба яшчэ раз разабрацца з гэтай падтрымкай. Адчуваю, што чым горш працуе прадпрыемства, тым большая падтрымка. Паўстае пытанне, навошта тады добра працаваць. Гэта проста пустая трата грошай".
Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці аналіз сітуацыі і далажыць. Ён падкрэсліў, што прымаемыя меры па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый недастатковыя.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на недастатковую работу па далучэнні стратных сельгасарганізацый да моцных гаспадарак. Аляксандр Лукашэнка разам з тым падкрэсліў, што гэтыя рашэнні павінны прымацца ўзважана і прадумана. І размова ні ў якім разе не ідзе аб тым, што добрым гаспадаркам проста трэба павесіць "гіру на ногі". Але дзейнічаць у гэтым напрамку трэба больш рашуча.
"У бягучым годзе гэту праблему трэба вырашыць, - даручыў Прэзідэнт. - Паўнамоцтваў у вас дастаткова, механізмы прапісаны, на практыцы апрабаваны. Засталося толькі прымаць абдуманыя рашэнні з далейшым кантролем за вядзеннем работ".
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што з году ў год не выконваецца даручэнне па забеспячэнні эфектыўнага развіцця холдынга "Купалаўскае" ў Магілёўскай вобласці. Не атрымана таксама аддача ад стварэння аграпрамысловых аб'яднанняў у Віцебскай вобласці.
"Хто гэта цярпець будзе? Прытым Аляксандр Міхайлавіч Субоцін (старшыня Віцебскага аблвыканкама. - Заўвага) клятвенна абяцаў выправіць сітуацыю. Чакаю", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Кадравы дэфіцыт - гэта, бадай, сістэмаўтваральная праблема галіны. Няхватка кіруючых кадраў і спецыялістаў рабочых прафесій сёння складае каля 10%, ветэрынараў і заатэхнікаў - 15%. Вядома, мы нямала робім для прыцягнення маладых людзей у сферу АПК. ВНУ, ССНУ выдзяляюць мэтавыя квоты і рыхтуюць спецыялістаў усемагчымых профіляў і ўзроўняў. Ім прадастаўляюцца льготныя крэдыты і даплаты, даступнае жыллё", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён звярнуў увагу на праблемныя аспекты ў пытанні замацавання маладых спецыялістаў на рабочых месцах. І гэта пры тым, што патрабаванні па адпрацоўцы ў іх строгія - 5 гадоў. "Значыць, пытанне ва ўмовах працы, невысокай якасці сельскага асяроддзя, самарэалізацыі, заработку, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта ўсё зразумела. Але ты ж па мэтавым накіраванні, ты ж туды свядома ішоў. Ну дык працуй".
"Вырашэнне кадравай праблемы немагчыма без стварэння належных умоў у вёсцы. Медыцынская дапамога, транспартнае, гандлёвае, бытавое абслугоўванне. А для моладзі - інтэрнэт і яшчэ нешта...", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што ў краіне ёсць моцныя ўзорныя гаспадаркі - прыклад для пераймання, якія развіваюцца самі і дзякуючы якім працвітаюць невялікія паселішчы ("вёскі будучыні"). "Тыражуйце гэты вопыт, не чакайце новых пяцігодак. Людзі павінны імкнуцца там працаваць!" - арыентуе Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, яшчэ адзін фактар страты кадраў - залік тэрміну службы ў арміі ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. "Разгледзім і гэта пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што акрамя адміністрацыйных мер у кожнай гаспадаркі павінна быць свая дадатковая сістэма замацавання кадраў: "Думайце, чым прыцягнуць і ўтрымаць моладзь - ад жылля да ўзорна-паказальных умоў працы, культурнай сферы, аховы здароўя ў вёсцы. Калі не вырашым праблему кадраў у сельскай гаспадарцы - і эканомікі не будзе".
Вытворчую дысцыпліну Кіраўнік дзяржавы назваў важнейшым фактарам поспеху ў любой справе. У той жа час праваахоўныя органы дакладваюць, што ў АПК стабільна "лідзіруюць" па колькасці парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Аляксандр Лукашэнка настойліва запатрабаваў і даручыў у тым ліку праваахоўным органам дапамагчы разабрацца ў пытаннях дысцыпліны на месцах.
Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя, што ў 2023 годзе па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі кожнае пятае злачынства датычыцца сферы АПК. Пераважаюць злачынствы, звязаныя са службовым падлогам, павялічылася колькасць крадзяжоў. Акрамя таго, у бягучым годзе пры кантролі за рухам жывёлы ўзбуджаны 104 крымінальныя справы, выяўлены прыпіскі амаль 2 тыс. галоў жывёлы. "Гэта ў асноўным гаспадаркі з найбольшай колькасцю падзяжу жывёлы. І такая карціна па ўсіх абласцях", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад па горадзе Любані Мінскай вобласці: "Не ведаю нават, як назваць гэтых людзей, дайшлі да таго, што даставалі з жывёльных могільнікаў тушы памерлай буйной ратагай жывёлы, разбіралі іх і прадавалі на "мяса" насельніцтву". Прычым гэтым святатацтвам займаліся і ветэрынарныя ўрачы, і брыгадзіры сельгасарганізацый трох раёнаў Мінскай вобласці (Любанскага, Асіповіцкага і Старадарожскага)".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, якія меры прыняты да вінаватых.
Акрамя таго, зафіксавана шмат фактаў з'яўлення на рабоце ў стане ап'янення. Расце колькасць траўміраваных работнікаў і колькасць пажараў.
"Такія абуральныя безадказнасць, халатнасць і бязладнасць пры выкананні службовых абавязкаў патрабуюць самых суровых мер рэагавання", - падкрэсліў беларускі лідар.
На нарадзе Прэзідэнт абазначыў шэраг праблемных пытанняў па асноўных галінах у сельскай гаспадарцы і запатрабаваў далажыць, як яны вырашаюцца. "Я свядома абвастрыў праблемы вёскі і прывёў адзінкавыя прыклады. Безумоўна, галіне ёсць чым ганарыцца, але калі не будуць вырашацца праблемныя пытанні, то ўсе нашы поспехі хутка сыдуць на нішто", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя пытанні з'яўляюцца жалезнай зонай адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў і старшынь райвыканкамаў. "Да Урада вы можаце звярнуцца за фінансавай нейкай падтрымкай. І дапамагчы палівам - што робіцца кожны год. Усё астатняе - за вамі. І тон задаваць павінны губернатары", - сказаў ён.
"Наша стратэгічная мэта - стварыць высокатэхналагічны, прыбытковы аграрны сектар. Нам жыццёва неабходна максімальна рэалізаваць існуючы патэнцыял нашага АПК, разабрацца з бягучымі праблемамі, думаць пра заўтрашні і нават паслязаўтрашні дзень. Што рабіць - я сказаў. Запрагайцеся і працуйце. Хочаце - распранайцеся і працуйце", - патрабуе беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў рэалізаваць на працягу года тое, што датычыцца фактаў, якія ляжаць на паверхні. Акрамя таго, неабходна думаць і пра стратэгію.
Нарада прадаўжалася каля чатырох гадзін. З дакладамі на ёй выступілі кіраўнікі дзяржаўных органаў, прадстаўнікі навуковага сектара, мясцовай улады, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева праінфармавала ўдзельнікаў нарады аб найбольш праблемных пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі, а кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў падрабязна спыніўся на выкананні даручэнняў Прэзідэнта ў гэтай сферы.
Аб ролі навукі ў забеспячэнні развіцця аграрнай галіны далажыў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Сяргей Гвоздзь і старшыня Горацкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Міхаіл Гулы расказалі, як вырашаюцца праблемныя пытанні ў зоне іх адказнасці і якія прымаюцца меры для вырашэння пастаўленых задач. А дырэктар прадпрыемства "Парахонскае" Пінскага раёна Уладзімір Храленка падзяліўся вопытам у вядзенні гаспадарчай дзейнасці і ў арганізацыі работ на меліяраваных землях.
"Харчовая бяспека ў нас забяспечана. Але гэтага мала, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я не гавару, што дрэнна. Але гэта не тое, што павінна быць. І адчуваю, што можа быць дрэнна. Таму трэба ў патрэбны час узяцца за справу і дзейнічаць, каб нашым дзецям потым не напружвацца. Навядзіце парадак і глядзіце за дысцыплінай. Вы павінны быць прыкладам для ўсіх. Трэба мабілізавацца".
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы расказаў, што Беларусь у поўным аб'ёме забяспечвае сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання і істотна перасягае іншыя дзяржавы СНД па вытворчасці такой прадукцыі і спажыванні на душу насельніцтва. Так, забяспечанасць па малаку складае амаль 270%, мясе - 135%, цукры - больш за 150%, бульбе - 112%.
Па шэрагу пазіцый Беларусь дастойна выглядае і ў сусветным рэйтынгу. Краіна ўваходзіць у пяцёрку краін - экспарцёраў малакапрадуктаў і топ-20 вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі, а гэта галоўныя прадукты сельскай гаспадаркі.
Айчынныя прадукты харчавання пастаўляюцца прыкладна ў 110 дзяржаў свету, валютная выручка ад іх рэалізацыі за 2023 год склала амаль $7,5 млрд. "І гэта пры рэзкім падзенні сусветных цэн", - заўважыў Прэзідэнт.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выконваецца яго даручэнне наконт стварэння новай пароды кароў. У сувязі з гэтым Уладзімір Гусакоў адзначыў: "Што датычыцца гадоўлі новай пароды жывёлы, цяпер гэта работа праводзіцца ў трох гаспадарках краіны - "Вусце" Аршанскага раёна, "Шыпяны-АСК" і "ЖодзінаАграПлемЭліта". У іх разгорнута ўся племянная работа - прыкладна мы планавалі 8-10 гадоў, але трэць шляху пройдзена ўжо".
Ён таксама растлумачыў: "Распрацаваны план стварэння пароды, вучоныя працуюць у адпаведнасці з планам, і ў прынцыпе, я думаю, што мы ў адведзены час укладзёмся. У нас будзе свая беларуская ўнікальная парода чырвонай жывёлы з унікальнымі характарыстыкамі малака і па тлустасці, і па бялку. Акрамя таго, малако А2 пазбаўлена алергенных наступстваў".
Эксперымент селекцыі прадаўжаецца ў трох гаспадарках некалькі гадоў і прыносіць добрыя вынікі. Чырвоныя каровы пераўзыходзяць па надоях традыцыйныя чорна-пярэстыя пароды.
"Цяпер мы маем у краіне ўнікальную базавую пароду, але створым сваю, беларускую пароду. У нас ёсць у краіне нядрэнная галштынская жывёла, але гэтага мала. Трэба мець некалькі парод па ўсіх відах - і для малочнай жывёлагадоўлі, і для свінагадоўлі і гэтак далей. Цяпер усё выконваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі", - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Прэзідэнт, цікавячыся дэталямі гэтай работы, падкрэсліў: "Усё павінна быць па-гаспадарску".
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да кіраўнікоў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Аляксандра Субоціна, Анатоля Ісачанкі і Івана Крупко: "Я вам скажу так, Аляксандр Міхайлавіч, вам, Ісачанка, былому Міністру сельскай гаспадаркі Крупко: не будзе выніку ў бягучым годзе - чакайце жорсткіх рэпрэсій. Адкрытым тэкстам вам гавару. Іншага ў мяне няма".
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка адносна Віцебскай вобласці канстатаваў, што пакуль не атрымана жаданая аддача ад стварэння аграпрамысловых аб'яднанняў у гэтым рэгіёне: "Вы ўсёй вобласцю мяне тройчы пераконвалі, што вось гэта наш шлях. Нармальны шлях: вось перапрацоўшчык мяса або малака, а вунь твая зона - ідзі, укладвайся, разам працуй. Што тут дрэннага? Нармальна. Ну дык вы ж не спрацавалі".
"Вы хочаце сказаць, што прапанова таго аблвыканкама была непрыдатная? Таму чаго пра яе гаварыць цяпер - будзем прасіць грошы пад тэхніку, пад яшчэ нешта... - заўважыў беларускі лідар наконт агучаных прапаноў з боку кіраўніка Віцебскай вобласці. - Я адкажу на ваша пытанне на прыкладзе энерганасычанай тэхнікі. Калі мне на працягу тыдня дзяржаўны кантроль даложыць, што ў вас энерганасычаныя трактары стаяць пад плотам або працуюць на знос, вы не тое што не атрымаеце ніводнага трактара… Яшчэ адкрыта вам скажу, як бы непапулярна (ні гучала.- Заўвага): вы ўсе сядзеце. Вось і ўсё".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па-ранейшаму выяўляюцца факты крадзяжу паліва, аб падтрымцы ў закупцы якога кіраўнікі рэгіёнаў рэгулярна просяць: "Нядаўна ў Аршанскім раёне ў аднаго механізатара ў гаражы некалькі соцень літраў знайшлі саляркі. Добра, што ў свой час даручыў памеціць салярку колерам. Паглядзелі, дзе ўзяў, - украў".
Што датычыцца энерганасычанай тэхнікі, то Прэзідэнт падкрэсліў, што яна вельмі дарагая, а таму яе абслугоўванне і эксплуатацыя павінны быць на высокім узроўні. "Трэба, каб тэхніка, як самалёт, утрымлівалася", - вобразна сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на пытанні элементарнай выканальніцкай дысцыпліны, у тым ліку па забеспячэнні захаванасці жывёлы. "Узгадняючы назначэнні старшынь райвыканкамаў, я заўсёды гавару: "Хлопцы, патрэбны вынік! Калі не хочаце ваяваць, патрэбны вынік на зямлі!"
Выказаць экспертнае меркаванне наконт ураджайнасці папрасілі старшыню Горацкага райвыканкама Міхаіла Гулага. Размова, у прыватнасці, ішла пра гібрыды кукурузы.
"Нашы айчынныя сарты ў чымсьці ўступаюць. Але калі б не было цяпер гэтых гібрыдаў беларускіх, мы проста засталіся б без кармоў. Таму што не ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі могуць закупіць імпартныя гібрыды. Яны перасягаюць па цане па некаторых момантах у 10 разоў. І патрабуюць стапрацэнтнай перадаплаты. Беларускія значна таннейшыя. І для прадпрыемстваў сярэдняга ўзроўню, несумненна, трэба займацца толькі гібрыдамі беларускай селекцыі", - сказаў кіраўнік раёна.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым таксама выказаўся пра вопыт вырошчвання розных культур на так званым прэзідэнцкім полі. Гэта каля 350 га на стыку Віцебскай і Магілёўскай абласцей.
"Гэта не для пацехі было створана. Усё, што вучоныя прапаноўваюць, мы апрабавалі там. У тым ліку і кукурузу айчынных сартоў і імпартнае насенне высявалі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што датычыцца іншых бабовых - і гарох, і лубін розных сартоў. Побач у Віцебскай вобласці сеялі люцэрну... Я хацеў сам пераканацца, як жа яно. Я вам павінен сказаць: калі выконваць тэхналогіі, то няма сэнсу купляць імпартнае насенне. І кукурузы, і іншых".
"Калі сеяць абы-як, вось тады будуць крыўды і скаргі", - заўважыў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што сапраўды ўраджайнасць асобных імпартных сартоў кукурузы можа быць вышэйшая. У гэтым Прэзідэнт асабіста пераканаўся ў час адной з рабочых паездак па заходніх раёнах краіны.
"Ну дык мы прынялі тады рашэнне: давайце дамовімся, што 80% (ад патрэбнасці. - Заўвага) мы будзем закупляць уласных (калі па кукурузе). А 20% па імпарце - высокапрадукцыйныя, добрыя прадпрыемствы, якія ўмеюць працаваць. То і не шкада, што яны там закупяць. Прытым яны грошы не просяць. А самае галоўнае, усё акупляецца. Калі яны ўклалі грошай значна ў закупку насення кукурузы, дык яны спаўна акупілі. Інакш кажучы, рашэнне тут прынята. Але галоўнае - гэта тэхналогіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ёсць добрыя сарты, ёсць добрыя гібрыды, ёсць добрая тэхніка", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца насення айчыннай селекцыі і яго характарыстык, ён адзначыў, што па шэрагу напрамкаў сапраўды ёсць над чым працаваць.
Падводзячы вынікі нарады аб развіцці вёскі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што харчовая бяспека Беларусі забяспечана, але шмат рэзерваў у сельскай гаспадарцы яшчэ не задзейнічана.
"Нам трэба ўтрымаць краіну, нам - нашаму пакаленню. Паўтарайце вопыт: вопыту ў нас дастаткова, які трэба капіраваць і паўтараць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Тое, што мы сёння сканцэнтраваліся тут на негатыве, не значыць, што ўсё дрэнна. Усё значна лепш, чым было. Людзі накормлены - па прымальных цэнах. Вы бачыце, што мы нармальнымі спрабуем трымаць цэны. Нехта вые, стогне, але тым не менш па прымальных цэнах накормлены і апрануты. Харчовая бяспека ў нас забяспечана. Але, як гаварыў прамыслоўцам, скажу і вам: гэтага мала. Вашу прадукцыю мы можам заўсёды прадаць. Насельніцтва ў свеце расце, галадаючых мільёны. Калі паварушыцца, нашу прадукцыю купяць", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе сельская гаспадарка абавязана паставіць малака, мяса, яек, агародніны, садавіны і іншай прадукцыі пад поўную патрэбнасць краіны. "Гэта асноўная ваша задача, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І разбярыцеся, дзе стабілізацыйныя фонды, у якім аб'ёме яблыкі, грушы і іншае павінны быць сканцэнтраваны. Мы не павінны траціць валюту на закупку яблыкаў - польскіх або яшчэ нейкіх. Санкцыі санкцыямі, а пруць яны сюды гэту прадукцыю, а мы валюту ім аддаём".
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу на праблему пасрэдніцтва пры арганізацыі закупак, ці гэта насенне, корм або тэхніка. "Не дай бог Камітэт дзяржкантролю даложыць, што вы не самі гэта закупляеце, а вам нейкія пасрэдніцкія структуры прывозяць, - папярэдзіў ён. - Цэнтралізуйце. І калі нехта (мы ж не можам забараніць) ніжэй за вашу цану прывязе і прапануе, мы з задавальненнем у іх купім".
Закрануў Прэзідэнт і развіццё ў краіне фермерства. Ён нагадаў, што раней гэта пытанне было не вельмі актуальным для Беларусі: перш за ўсё неабходна было выратаваць сельскую гаспадарку, а не парэзаць зямлю і раздаць па кавалках. Цяпер час ужо іншы.
"Калі да вас прыватнік заможны звярнуўся і хоча ў Віцебскай вобласці або Магілёўскай узяць калгасы нейкія або калгас цалкам, - аддайце. І сяляне на нас ужо сёння не павінны крыўдзіцца. 25 гадоў таму гэты фактар быў, я яго ўлічваў. Калі б мы пачалі ўсё гэта раздаваць, у нас была б аграрная рэвалюцыя. Сёння прыватнік сябе зарэкамендаваў. І калі ёсць дасведчаныя прыватнікі, якія гатовы працаваць, паспрабуйце. Няхай два-тры гады папрацуюць у арэндзе, як мы ў Віцебскай вобласці зрабілі - дзве гаспадаркі аддалі. Я адным вокам назіраю: нібыта стараецца, хоча нешта зрабіць, грошы недзе на баку зарабляе і ўкладвае туды. Такім фермерам дарога", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Як і на нядаўняй нарадзе па прамысловасці, асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на недапушчальнасць карупцыйных праяў: "Я вас прашу, мужыкі, не рабіце гэтага. Я заўсёды гавару: лепш бедным на волі, чым багатым у турме. Таму я і гавару, што ніякіх не павінна быць у вас пасрэднікаў, вы самі павінны кантраляваць закупкі і продажы".
Паабяцаў Прэзідэнт таксама вывучыць праблему з жыллём у вёсцы, паколькі тут часам могуць здарацца перакосы. "Мы праграмы гэтыя адкарэкціруем, асабліва ў будучым годзе. Нам трэба за гэты год вывучыць праблему. Каб не атрымалася так, што 6 тысяч дамоў свабодных засяліць не можам. Гавораць, дайце нам пад жыллё грошы. Дык вы засяляйце тыя дамы, якія ёсць. Але адкарэкціруем", - сказаў ён.
Адно з самых важных пытанняў, за якое ў Беларусі актыўна ўзяліся ў мінушым годзе, - меліярацыя. Нявырашаных пытанняў яшчэ шмат. "Жудасна глядзець на асобныя часткі Беларусі. Мы запусцілі меліяраваныя плошчы да немагчымага. Цяпер трэба штурмам за тры гады ўсё аднавіць. Але вельмі хацелася б, каб вы хаця б на 10, 20, 100 гектарах у кожнай гаспадарцы правялі культуртэхнічныя работы, а мы ўжо на ўзроўні дзяржавы будзем весці аднаўленне меліяраваных зямель", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Апошні раз, папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы, ён вяртаецца да работы раённых аграсэрвісаў. "Райаграсэрвісам быць. Гэта і дапамога слабым гаспадаркам, каб з-пад плота ўзяць тэхніку і з дзвюх адзінак або трох адну зрабіць. Вы ў вобласці гэта робіце. Але гэта на базе раёна можна зрабіць. Інакш кажучы, для былой раённай сельгастэхнікі заўсёды работа знойдзецца. Губіць нельга. Там ёсць хоць нейкая база", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы пабудавалі нямала сельскагаспадарчых комплексаў. Будзем лічыць, калі яны не ўкамплектаваны, гэта злачынства губернатара і старшыні райвыканкама. Навошта будавалі? Тут трэба прыняць рашэнне. Але комплексы павінны быць укамплектаваны", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ раз: я не гавару, што дрэнна, але гэта не тое, што павінна быць. І адчуваю, што можа быць дрэнна. Таму трэба ў патрэбны час узяцца за справу і дзейнічаць, каб нашым дзецям потым не напружвацца. Не думаю, што на гэтай нарадзе мы шмат вам новага сказалі, Амерыку адкрылі. Усё вы гэта цудоўна ведаеце і разумееце. Але лішні раз хачу вам сказаць, што не трэба нічога новага, давайце па-старому выдадзім рэзультат. Давайце, як мы ўмеем і ўмелі раней. Давайце гэтым шляхам пойдзем, і ў нас будзе вынік. А паралельна, паціху і "разумны" трактар вам падгоняць да патрэбнага моманту. Калі нехта гатовы, будзем спецыяльна для вас тыражаваць гэты трактар, мы ўжо навучыліся яго рабіць, ён сябе нядрэнна паказаў. Але я думаю, што яшчэ век не мінуў механізатара на нашым традыцыйным трактары. Таму навядзіце парадак і глядзіце за дысцыплінай. Вы павінны быць прыкладам для ўсіх, каб на вас ніхто не паказаў пальцам. Трэба мабілізавацца", - рэзюмаваў беларускі лідар.