Даклад аб развіцці беларускага футбола
- 8
- 4:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час навесці парадак у спартыўных клубах. Аб гэтым ён заявіў 29 лютага, заслухоўваючы даклад аб развіцці беларускага футбола.
На даклад да Кіраўніка дзяржавы былі запрошаны віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які курыруе спартыўную сферу, Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Мікалай Шарснёў і член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў.
"Я вас запрасіў для таго, каб пагаварыць аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай спартыўнай супольнасці і перш за ўсё ў галіне футбола. Самы масавы від спорту, самы любімы від спорту сярод нашага насельніцтва. І такі від спорту, якім можна займацца ў любы час сутак у Беларусі і пры любых умовах надвор'я, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У цэлым, калі ацэньваць нашы спартыўныя дасягненні, яны нікуды не вартыя. Пры тых укладаннях і тых клопатах дзяржавы, якія мы аказваем спорту".
"Вы атрымліваеце нейкія прэферэнцыі. Парадак трэба навесці на працягу бліжэйшага часу - у першым квартале (гэтага года. - Заўвага). Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўлены льгот. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых прыбліжаных павінны зарабляць грошы самі. Няхай ідуць і просяць у спонсараў. А так у нас дзяржава з'яўляецца асноўным спонсарам", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія "пачынаюць выць" і скардзіцца на санкцыі, што беларускіх спартсменаў і каманды не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў. "А куды вас не пускаюць? Вас што, у Расію не пускаюць? Гэта самая моцная спартыўная дзяржава нашай планеты, - сказаў Прэзідэнт. - Я назіраю цяпер вельмі пільна (больш, упэўнены, чым хто-небудзь з вас), што адбываецца ў Расійскай Федэрацыі са спортам. Там пастаянна паказчыкі ў спорце павялічваюцца. Там лыжнікі бегалі слабей - цяпер бягуць хутчэй. Там хакей - ёсць хакей. І футбол там - дай бог. Я гавару: выйграйце ў расіян. Паспаборнічайце з імі і прыйдзіце далажыце, што вы выступілі лепш, чым расіяне, ва ўсіх відах спорту. І ад вас больш нічога не трэба. Краіна будзе шчаслівая".
Што датычыцца ў цэлым цяперашніх вынікаў у айчынным спорце, Прэзідэнт выказаўся ёміста і вельмі дакладна: "Сорамна глядзець. Часам брыдка".
Ён таксама звярнуў увагу, што там, дзе ёсць вынікі, яны часта таксама нестабільныя, і значныя перамогі змяняюцца невыразнай гульнёй і вынікамі.
"Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават гаварыць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А цяпер?! Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны не могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды там жа дзяліць няма чаго!" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паставіў усім жорсткую ўмову: "Увогуле, мужыкі, так: у гэтым годзе не будзе па відах спорту прагрэсу значнага і нармальных паказчыкаў - на пасады і крэслы не разлічвайце. Разумейце мяне, як хочаце".
Вядома, у айчынным спорце не ўсё дрэнна. Ёсць шмат дасягненняў, пра якія на мерапрыемстве далажыў профільны Міністр Сяргей Кавальчук. Напрыклад, упершыню за апошнія гады на буйных міжнародных стартах заваяваны медалі ў тхэквандо, плаванні, ёсць добрыя вынікі ў барацьбе, цяжкай і лёгкай атлетыцы.
Аднак Прэзідэнт падкрэслівае, што ў цэлым гэтых вынікаў недастаткова. "Вы параўноўваеце гісторыю, дзе мы ўвогуле не плавалі і дзе ў нас была адна "лужына", дзе мы маглі трэніравацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння дастаткова басейнаў. І ў вас толькі адзін чалавек там нешта паказаў, а астатнія ў фінал выйшлі, два-тры чалавекі. Я назіраў за гэтым плаваннем. Дык дзе аддача ад тых сродкаў, якія мы ўкладваем? Нацыянальны басейн будуем, нацыянальны стадыён будуем для футбола. Навошта?"
"Аддача ідзе, - адказаў Сяргей Кавальчук. - Пакрыху падыходзяць за імі, ідуць за гэтымі спартсменамі…"
"Шкада, у тую пару цудоўную жыць не давядзецца ні мне, ні табе", - парыраваў Аляксандр Лукашэнка, інтэрпрэтаваўшы словы класіка.
Ён таксама заклікаў кіраўніцтва спартыўнай галіны вельмі не цешыць сябе перамогамі спартсменаў, напрыклад на чэмпіянаце Еўропы. Паколькі куды больш важна заваёўваць прызавыя месцы на сусветных першынствах, а тут, як паказвае практыка, беларускія атлеты далёка не заўсёды на вышыні.