Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў
- 13
- 11:16
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 ліпеня прыняў удзел у цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў.
"Завяршаючы мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу - Дню Незалежнасці, мы традыцыйна ўшаноўваем выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку ваенных. Гэта цырымонія - даніна памяці пакаленню пераможцаў. Даніна памяці героям, якія вызвалялі 3 ліпеня Мінск, ачышчаючы родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"У нашай краіне абарона Радзімы была і будзе ў руках мужных, моцных духам і адважных людзей. Такіх, як вы - сапраўдных мужыкоў, якія апранулі афіцэрскі мундзір у такі цяжкі і непрадказальны час", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў наяўнасць складанай абстаноўкі. Пасляваеннае светаўладкаванне, заснаванае на міжнародным праве, якое і так не заўсёды спрацоўвала, рухнула. Геапалітычная напружанасць паміж дзяржавамі - членамі блока НАТА з аднаго боку і Расіяй, Кітаем, іншымі краінамі з другога боку перайшла ў гарачую фазу. "На гэтым фоне краіны-суседзі нарошчваюць ваенныя бюджэты, закупляюць наступальнае ўзбраенне для сваіх армій, павялічваюць склад войскаў НАТА на сваіх тэрыторыях, праводзяць бясконцыя вучэнні каля нашых граніц. Арсенал сродкаў умяшання па надуманых прычынах ва ўнутраныя справы нашай краіны пашыраецца", - адзначыў беларускі лідар.
"Акрамя эканамічнага дыктату, палітычнага, інфармацыйнага націску, мы сёння сутыкаемся з правакацыямі на нашых знешніх рубяжах, спробамі тэрарыстычнай дзейнасці ўнутры краіны, інспіраванымі звонку", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі адэкватна рэагуюць на ўсе гэтыя выпады і прадаўжаюць удасканальваць сістэму нацыянальнай і ў першую чаргу ваеннай бяспекі краіны.
"Гэта люстраныя меры па абароне суверэнітэту дзяржавы, без якога не будзе ні міру, ні беларусаў як нацыі. У сваёй гісторыі мы гэта не раз праходзілі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб ваенных кадрах, Прэзідэнт адзначыў, што якім бы магутным ні быў тэхнічны арсенал, ён не стане перавагай у сіле без прафесіяналаў, без адданых роднай краіне і народу воінаў: "Вайна ва Украіне гэта яскрава дэманструе. Вырашальную ролю ва ўмацаванні абараназдольнасці краіны, абароне мірнай працы яе грамадзян адыгрываюць ваенныя. Іх ядро - вы, афіцэрскі корпус".
Наперадзе ў выпускнікоў служба ў падраздзяленнях, воінскіх часцях і органах ваеннага кіравання. "Лёгка не будзе. Афіцэрская служба заўсёды спалучана з цяжкасцямі і пэўнымі абмежаваннямі. Мы з вамі гэта добра ведаем", - даў наказ Прэзідэнт.
Звяртаючыся да афіцэраў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, выбраўшы для сябе шлях служэння Айчыне, яны зрабілі высакародны выбар - узялі на сябе адказнасць за мір і бяспеку на роднай зямлі, асабліва ў цяперашні час.
"Я вельмі добра разумею ваеннаслужачых. Калі нехта гуляе, адпачывае і іншае, а нам давядзецца служыць Радзіме, абараняць гэту зямлю. Такі наш лёс, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вам трэба будзе эфектыўна вырашаць складаныя і адказныя задачы па павышэнні ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, забяспечваць найвышэйшую вывучку і зладжанасць органаў ваеннага кіравання і войскаў, абучаць падначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы. Упэўнены, вы з гонарам выканаеце ўсе пастаўленыя перад вамі задачы, забяспечваючы мір і бяспеку Беларусі".
За выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку Аляксандр Лукашэнка ўручыў выпускнікам вышэйшых ваенных навучальных устаноў лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў выпускнікоў з гэтым шчаслівым днём у іх жыцці, калі пройдзены яшчэ адзін вельмі цяжкі этап: "Афіцэрская служба заўсёды цяжкая, але, па-мойму, вучоба - гэта самы цяжкі перыяд у жыцці любога чалавека, як мне здаецца".
"На наша пакаленне цяжкая доля выпала. Я часам думаю над словамі нашых суайчыннікаў, якія кажуць: "На фронце было лягчэй, таму што ворага бачыш твар у твар". Мы твар у твар свайго ворага не бачым, хоць дакладна вызначылі яго каардынаты. Ды і вайна цяпер такая, што твар ворага не разгледзець", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі ўважліва назірае за ваеннымі дзеяннямі ва Украіне: "І беспілотнікі, контрбатарэйная барацьба. Я артылерыста спытаў: "Умееш весці контрбатарэйную вайну?" - "Умею". Гэта вялікая справа. Без гэтага немагчыма, як мне расказвалі ваенныя, якія ваююць ва Украіне. Беспілотныя лятальныя апараты сталі ледзь ці не галоўным метадам і зброяй вядзення сучасных войнаў. І многае іншае. Вы гэта добра, напэўна, ужо ведаеце".
Прэзідэнт папярэдзіў, што хоць этап вучобы і скончыўся, але вучыцца давядзецца кожны дзень. "Жыццё падносіць і ў паветры, і на зямлі нам усё новыя і новыя ўрокі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі высока цэніць афіцэрскі мундзір: "Калі мужык яго апрануў, ён павінен быць сапраўдным мужыком. І абараніць гэту Радзіму, якая цяпер у нашых руках. Будзьце заўсёды дастойныя сваёй зямлі!"
Прэзідэнт нагадаў аб сваіх нядаўніх заявах наконт тэрытарыяльнай абароны, народнага апалчэння: "Патрабаванне адно: абараніце сябе і сваю сям'ю".
"А наша з вамі задача (кадравых ваенных. - Заўвага) - абараніць Радзіму. Мы, ваенныя, будзем абараняць Радзіму! Здароўя вам, поспехаў!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.