Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве
- 16
- 11:49
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве адзначыў поспехі ЕАЭС за мінулыя 10 гадоў, але ўказаў і на пытанні па розных напрамках, над вырашэннем якіх бакам яшчэ неабходна працаваць.
"Нават па самым строгім рахунку можна канстатаваць, што першыя 10 гадоў пройдзены даволі паспяхова. Мы практычна выйшлі на фінальны этап рэалізацыі стратэгіі-2025", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, прынятыя меры аб'ектыўна садзейнічалі павелічэнню ўзаемнага гандлю дзяржаў - членаў ЕАЭС. Па выніках 2023 года тэмп яго росту склаў амаль 105%. У абсалютных лічбах - каля $90 млрд. І гэта нягледзячы на складаную сітуацыю, якая захоўваецца на сусветных рынках.
"Але галоўнае, мы навучыліся лепш чуць адзін аднаго. Ні рост ВУП, ні павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва не былі б магчымы, калі б мы былі паасобку. Ды і не ўсім паасобку ўдалося б захаваць свой суверэнітэт. Зроблена, безумоўна, шмат, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наш саюз яшчэ даволі малады, але ў яго развіццё ўжо ўкладзена вельмі шмат сіл, энергіі і сродкаў. Мы ў адказе за тое, каб ён і далей развіваўся на карысць нашых народаў і на справе стаў бы сапраўдным полюсам эканамічнага прыцягнення ў сучасным свеце. Я абсалютна перакананы, гэта нам пад сілу".
Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў, што пытанняў і выклікаў у інтэграцыйным будаўніцтве менш не стала, і прывёў некалькі красамоўных прыкладаў.
Пра прамысловую кааперацыю
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе прыняты фундаментальныя рашэнні ў мэтах фінансавай падтрымкі прамысловай кааперацыі. Нягледзячы на гэта, сур'ёзнай актыўнасці бізнесу пакуль не назіраецца. "Пры гэтым хацелася б яшчэ раз адзначыць, што работа ва ўмовах санкцыйнага націску патрабуе неадкладных рашэнняў. Хуткіх рашэнняў. Лідары краін-удзельніц такія рашэнні ў большасці сваёй аператыўна прымаюць. Аднак яны далёка не заўсёды хутка рэалізуюцца, - заўважыў беларускі лідар. - Хацеў бы звярнуць увагу ўсіх прысутных, што такая непаваротлівасць рэальна ўплывае на фінансавыя рэзультаты работы нашых прадпрыемстваў і вядзе да ўзмацнення канкурэнцыі з боку трэціх краін".
З улікам укаранення новага механізма фінансавай падтрымкі прамысловай кааперацыі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Еўразійскай эканамічнай камісіі з просьбай ініцыятыўна ўключыцца ў названую работу і арганізаваць узаемадзеянне як у разрэзе галін, так і з прыцягненнем дзелавых асацыяцый і аб'яднанняў дзяржаў - членаў саюза.
"Сродкі на субсідзіраванне праектаў выдзелены немалыя, і іх трэба мэтавым чынам вельмі эфектыўна выкарыстоўваць. За гэта адказваюць і нашы ўрады разам з камісіяй", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пра бесперашкодны доступ да дзяржзакупак
Паводле даных Прэзідэнта, аб'ём дзяржзакупак у краінах ЕАЭС складае амаль $200 млрд. Фактычна дзяржавы як пакупнікі тавараў, работ, паслуг поўнасцю кіруюць гэтым рынкам, а таксама вызначаюць палітыку закупак і каналы набыцця.
"Калі мы сапраўды кіруем, то давайце забяспечваць узаемны доступ як мінімум там, дзе вырабляемая ў ЕАЭС прадукцыя можа стаць эфектыўнай крыніцай задавальнення дзяржаўных патрэб", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым ён канстатаваў, што ў гэтай сферы ўсё яшчэ захоўваецца нацыянальны пратэкцыянізм: у рэальнасці рынак абараняецца не ад імпарту з трэціх краін, на якія прыпадае амаль дзве трэці дзяржзакупак ЕАЭС, а ад тавараў і паслуг, вырабленых у краінах саюза. "Інакш кажучы, абараняем кожны свой рынак ад сваіх партнёраў", - заўважыў Прэзідэнт.
"Упэўнены, пытанне аб пашырэнні ўзаемнага ўдзелу ў дзяржзакупках патрабуе неадкладнага вырашэння. Таму што яно цесна звязана з імпартазамяшчэннем і тэхналагічным суверэнітэтам. І па вялікім рахунку гэта наша бяспека і гэта наша незалежнасць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Пра лічбавізацыю
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці сканцэнтравацца на хутчэйшым прызнанні электроннага лічбавага подпісу: "Гаворым аб гэтым не першы год ужо. Усе прынцыповыя дамоўленасці даўно дасягнуты, але воз і цяпер там. А гэта ж не палітычнае, а тэхнічнае пытанне. Але менавіта яно часта становіцца непераадольным бар'ерам для ўдзелу еўразійскага бізнесу ў гаспадарчых працэсах краін саюза".
Прэзідэнт лічыць неабходным завяршыць гэту работу ў самы бліжэйшы час.
Пра тэхнічнае рэгуляванне
Гэты напрамак цесна звязаны з папярэднім пытаннем. "Работа па тэхнічным вырашэнні на завяршальнай стадыі. Засталося толькі перавесці тэхрэгуляванне ў лічбавы фармат, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, у гэтай зале нікога не трэба пераконваць, што лічбавізацыя тэхрэгулявання дасць нашай прамысловасці дадатковыя магчымасці для развіцця. Спросціць атрыманне інфармацыі і працэсы сертыфікацыі і стандартызацыі".
Пра транспартныя паслугі
Аляксандр Лукашэнка адзначыў у цэлым зладжаную работу ў гэтай сферы як на нацыянальным, так і на наднацыянальным узроўні: "Нам удалося знайсці рашэнні па альтэрнатыўных маршрутах паставак тавараў, дамовіцца (няхай і часова) аб ажыццяўленні перачэпкі і перагрузкі, узгадніць новыя ўмовы перасячэння граніц".
Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць, каб ЕЭК наладзіла пастаянны канал абмену інфармацыяй з краінамі ШАС, у першую чаргу з Кітаем. Гэта трэба для больш дакладнага кіравання грузапатокамі і арганізацыі эфектыўнай работы пагранпераходаў.
Пра харчовую бяспеку
У гэтай сферы Прэзідэнт лічыць неабходным удасканальваць работу па ўніфікацыі патрабаванняў, звязаных з абарачэннем сельскагаспадарчай прадукцыі, актыўней укараняць інавацыйныя падыходы ў аграпрамысловым комплексе.
"Пры гэтым нам вельмі важна забяспечваць патрэбнасці нашага саюза ў прадуктах харчавання ўласнай вытворчасці. А мы гэта можам. Для гэтага трэба, каб нашы аграрыі мелі свой высакаякасны насенны матэрыял", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Пра міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС
"Нашы геапалітычныя апаненты спрабуюць ізаляваць нас ад перадавых тэхналогій і прэміяльных рынкаў, стрымаць наша развіццё. Але, нягледзячы на гэта, мы планамерна рухаемся наперад", - заявіў Прэзідэнт.
Ён нагадаў аб падпісанні паўнацэннага гандлёвага пагаднення з Іранам. Умацоўваецца таксама ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў фармаце "пяцёркі" з перспектыўнымі дружалюбнымі краінамі - Інданезіяй, ААЭ, Манголіяй.
"Аднак работа па ўстанаўленні партнёрскіх адносін з трэцімі краінамі, на нашу думку, мае патрэбу ў сістэматызацыі. У бягучых геаэканамічных рэаліях трэба добра разумець, з якімі краінамі, у якой паслядоўнасці і ў якія тэрміны будзе фарміравацца зона свабоднага гандлю, а з кім з патэнцыяльных партнёраў абмяжуемся ўзаемадзеяннем у рамках мемарандумаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама лічыць, што пакуль мала ўвагі ўдзяляецца дыялогу на ўзроўні саюза з Афрыканскім кантынентам. "Афрыка адчувае патрэбнасць у шырокім пераліку нашых тавараў, работ, паслуг і тэхналогій, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Афрыка, як і Лацінская Амерыка, наеліся ўжо каланіялізму ад адпаведных вядучых краін. І гэта момант, калі мы павінны прыйсці ў Афрыку".
Таксама вялікія перавагі адкрывае паралельны ўдзел краін ЕАЭС і партнёраў па Садружнасці Незалежных Дзяржаў у ШАС і БРІКС.
"Але нам не трэба забываць аб сваіх бліжэйшых суседзях, сябрах, братах. Узаемадзеянне з дзяржавамі - наглядальнікамі пры ЕАЭС і краінамі СНД павінна быць у зоне пастаяннай і пільнай увагі", - дадаў беларускі лідар.
Пра ролю Расіі ва ўмацаванні партнёрства
"Актыўныя паслядоўныя намаганні Расійскай Федэрацыі па развіцці і ўмацаванні нашага партнёрства сёння важны як ніколі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну і расійскаму боку ў цэлым за цёплы прыём і высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства. "Гэта ваша першае (пасля праведзенай напярэдадні інаўгурацыі. - Заўвага) вялікая міжнародная нарада. І мы, вядома, не падвядзём вас у гэтым плане", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Карыстаючыся выпадкам, ён таксама павіншаваў удзельнікаў саміту з чарговай гадавінай гераічнай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.