Урачысты сход з нагоды Дня Перамогі
- 23
- 31:21
Для беларусаў праўда і памяць пра вайну мацнейшыя за час і не маюць межаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 мая на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі.
"У нашай гісторыі нямала яркіх старонак, якімі мы па праву ганарымся. Не ўсе з іх захавалі сваю значнасць да нашых дзён. Многія, страціўшы былы сэнс, аказаліся проста забытыя. Аднак ёсць даты і падзеі, якія нясуць у сабе разуменне сутнасці і праўду жыцця. Яны непадуладныя часу і акалічнасцям, перадаюцца праз пакаленні з малаком маці, аберагаюць ад памылак і дапамагаюць будаваць будучыню. Для беларусаў такой падзеяй стала Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што менавіта таму ў абноўленай Канстытуцыі быў замацаваны тэзіс аб тым, што "дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны".
"Для нас, беларусаў, праўда і памяць пра вайну мацнейшыя за час і межаў не маюць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы помнім нашых сяброў-антыфашыстаў, герояў палка "Нармандыя - Нёман", удзельнікаў сустрэчы на Эльбе і іншыя прыклады сумеснай барацьбы з ворагам. Гэта прадмет нашага агульнага гонару з усімі, хто разам з намі процістаяў фашызму і хто яшчэ ганарыцца".
"Усе народы Зямлі павінны ведаць, якая неймаверна высокая цана была заплачана толькі беларусамі за мір і свабоду. Удумайцеся: звыш 300 тысяч нашых суайчыннікаў былі пагнаны ў Германію ў якасці рабоў - фактычна ўсё насельніцтва такой краіны, як Ісландыя, або ўвесь даваенны Мінск. Толькі сумна вядомы лагер "Трасцянец" забраў жыцці больш за 200 тысяч мірных грамадзян", - прывёў сумныя звесткі Кіраўнік дзяржавы.
Нацыянальныя багацці Беларусі былі знішчаны або вывезены на Захад. Сотні гета і канцлагераў ператварылі мірную рэспубліку ў канвеер смерці. Сюды ж звозілі паміраць людзей з краін Еўропы, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Па сутнасці, гэта быў генацыд мірнага насельніцтва. Гэты факт афіцыйна ўстаноўлены Надзвычайнай урадавай камісіяй адразу пасля вайны, і ў наш час гэтыя расследаванні прадаўжае Генеральная пракуратура. Загінуў кожны трэці. Як бы хто ў "вялікіх дэмакратыях" ні працівіўся і ні перашкаджаў, што б ні гаварыў, нягледзячы на асобы і тэрміны даўнасці, мы будзем выяўляць і аддаваць пад суд тых, хто мае дачыненне да злачынстваў нацыстаў. Няхай нават пасмяротна або завочна", - заявіў Прэзідэнт.
"Пры гэтым сёння ў многіх заходніх дзяржавах наша Перамога аб'яўлена па-за законам. Пад сцягамі дывізій СС маршыруюць фашыствуючыя радыкалы. На дзяржаўным узроўні ўшаноўваюць ваенных злачынцаў. А тыя, хто шануе памяць аб Вялікай Перамозе, абвяшчаюцца ворагамі нацыі. Беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя атакі і разнастайныя фальсіфікацыі з боку калектыўнага Захаду апраўдваюць учыненыя нацыстамі і іх памагатымі зверствы, - сказаў беларускі лідар. - Мы бачым, як рэваншысты спрабуюць выцягнуць з пекла нацысцкую ідэалогію. Усё падаецца так, нібыта і не было ніколі Нюрнбергскага трыбунала. І размова не толькі пра Украіну".
У гэтых умовах, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, праўда аб злачынствах фашызму служыць сур'ёзнай перасцярогай чалавецтву, а захаванне гістарычнай памяці набывае асаблівае значэнне.
"Народам Еўропы даўно пара зразумець, што Вялікая Перамога - наш агульны здабытак. Дзякуючы ёй, а таксама палітычнай, эканамічнай, ваеннай магутнасці Савецкага Саюза Еўразійскаму кантыненту на доўгія дзесяцігоддзі быў забяспечаны мір", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што, нягледзячы на ідэалагічныя рознагалоссі і геапалітычную барацьбу ў пасляваенны час, сусветным ігракам усё ж удавалася дамаўляцца. "Ва ўмовах халоднай вайны бакамі, якія проціборствавалі, рабіліся рэальныя захады да разрадкі на аснове балансу сіл. Міжнародныя арганізацыі выступалі рэальнымі пляцоўкамі для перагавораў і садзейнічалі захаванню міру і ўмацаванню бяспекі на планеце. Але з распадам СССР урокі вайны былі забытыя", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння палітыкі некаторых краін уявілі сябе гаспадарамі свету. Для іх стала звычайнай практыкай груба і бесцырымонна ўмешвацца ў справы суверэнных краін.
"Дастаткова толькі аб'явіць непажаданую краіну зонай сваіх інтарэсаў або "пагрозай" нацыянальнай бяспецы, як тут жа адбудуцца дывановыя бамбардзіроўкі і звяржэнне "недэмакратычнага" рэжыму, - заўважыў Прэзідэнт. - Па гэтай прычыне ў розных кутках планеты пастаянна ўспыхваюць ачагі напружанасці, якія разбураюць краіны і цэлыя рэгіёны. Прыкладаў вялікае мноства. Мы прыйшлі да таго, што сёння ніводная дзяржава не адчувае сябе абароненай ад знешняй агрэсіі".
Гэтаму, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, садзейнічае разбурэнне краінамі калектыўнага Захаду фундаментальных асноў стратэгічнай стабільнасці і міжнародных інстытутаў бяспекі.
"Іх кіраўнікі спрабуюць адцягнуць увагу насельніцтва сваіх дзяржаў ад існуючых унутраных праблем. Татальная русафобія стала папулярным палітычным трэндам у кіруючых еўрапейскіх эліт і іх заакіянскіх гаспадароў. Яны спешна ствараюць палохаючы вобраз знешняга ўсходняга ворага, які нібыта гатовы танкамі пайсці на Берлін. Пад шырмай міфаў аб дэмакратыі, правах чалавека заходнія лідары навязваюць дзяржавам культуру адмены, праводзяць фільтрацыю народаў праз націск і шантаж, мяцяжы і проксі-войны, выхоўваюць пакаленне, для якога нянавісць становіцца жыццёвым крэда", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Напружвае абстаноўку пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў ва ўрон бяспецы іншых краін, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу НАТА ў еўрапейскім рэгіёне. "Усё гэта ўжо каля заходніх і паўднёвых граніц нашай Беларусі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ад асобных дзеячаў мы чуем размовы пра вайну і ядзерныя ўдары".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фоне пастаянна ўзрастаючай у Еўропе ваеннай актыўнасці ў Беларусі прымаецца комплекс мер адэкватнага рэагавання на абвастрэнне абстаноўкі. "Названая дзейнасць па абароне нашай краіны мае планавы характар і прадугледжвае некалькі этапаў", - сказаў ён.
У час першага этапу ў адказ на канцэнтрацыю войскаў паблізу паўночна-заходніх граніц Беларусі (а гэта ўжо каля 90 тыс. чалавек) выводзіліся ўзмоцненыя танкавы і механізаваны батальёны на Ашмянскім і Пастаўскім напрамках. Адпрацаваны пытанні недапушчэння прынікнення на беларускую тэрыторыю дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў і барацьбы з імі, як і ў цэлым падтрымання парадку на прыгранічных тэрыторыях.
Таксама на гэтым фоне праведзена раптоўная праверка з адмабілізаваннем і прывядзеннем у поўную баявую гатоўнасць механізаваных і зенітна-ракетных брыгад. "І апошняе - маштабная праверка ваенна-паветраных сіл", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэтыя праверкі паказалі эфектыўнасць існуючай сістэмы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, здольнасць брыгад своечасова перайсці ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасці і выканаць задачы па прызначэнні.
Цяпер праводзіцца ратацыя войскаў прыкрыцця на Паўночна-Заходнім напрамку. Воінскія часці асобнай механізаванай брыгады займаюць новыя раёны аператыўнага прызначэння. На змену ім выходзіць узмоцненая батальённая тактычная група са складу другой асобнай механізаванай брыгады.
"Сёння мы пачынаем адпрацоўку другога этапу мер рэагавання. Для яго правядзення генеральнымі штабамі Узброеных Сіл Беларусі і Расіі прадугледжана праверка сіл і сродкаў сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у рамках якой упершыню плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі, - заявіў Прэзідэнт. - У ходзе праверкі будзе ажыццяўляцца падача спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя воінскія часці, загрузка іх на пускавыя ўстаноўкі і падвеска на самалёты. Ракетныя дывізіёны аператыўна-тактычных комплексаў "Іскандэр" і "Паланэз" будуць скрытна выведзены ў назначаныя пазіцыі і будуць адпрацоўваць пытанні нанясення ракетных удараў для адбіцця магчымага нападзення на Беларусь".
Адначасова авіяцыйныя воінскія часці падрыхтуюць франтавыя штурмавікі Су-25 да дзеянняў са спецбоепрыпасамі па падтрымцы войскаў, якія абараняюцца, і нанясенні праціўніку непапраўнага ўрону.
"Мерапрыемствы будуць праводзіцца на агульным аператыўна-стратэгічным фоне з адпрацоўкай у тым ліку расійскімі войскамі прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. У атрыманні аператыўнай інфармацыі нам дапамогуць воінскія часці Маскоўскай і Ленінградскай ваенных акруг, а таксама сілы і сродкі Балтыйскага флоту, размешчаныя ў Калінінградскай вобласці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Рашэнне аб сумеснай каардынацыі і прымяненні войскаў з выкарыстаннем спецбоепрыпасаў лідары Беларусі і Расіі маюць намер абмеркаваць на сустрэчы ў Маскве 8 мая. "І прымем канчатковае рашэнне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Непасрэднае кіраванне, кіраўніцтва войскамі, падача сігналаў на вучэбнае прымяненне нестратэгічнай ядзернай зброі будзе ажыццяўляцца генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі ў адпаведнасці з існуючымі планамі ўзаемадзеяння", - дадаў Прэзідэнт.
"Асабліва адзначу, што праверка мае выключна абарончы характар. Яна прызначана забяспечыць гатоўнасць беларускіх воінскіх часцей да работы са спецыяльнымі боепрыпасамі, а таксама наладзіць механізмы кіравання войскамі і ўзаемадзеяння саюзных органаў кіравання. Пасля завяршэння сумеснай трэніроўкі нашы войскі прадоўжаць мерапрыемствы па адэкватным рэагаванні на змяненне абстаноўкі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што свет ніколі не падыходзіў так блізка да парога ядзернай вайны, як цяпер. Ён адзначыў, што заявы заходніх палітыкаў (у авангардзе еўрапейцаў ідзе Францыя) вядуць да эскалацыі напружанасці не толькі на Еўрапейскім кантыненце, але і ў свеце ў цэлым.
"Я чалавек мірны, я не хачу вайны. Я гісторык і добра ведаю, што Беларусь заўсёды вяла не толькі і не столькі свае войны. Беларусь заўсёды была тэатрам ваенных дзеянняў. Я не толькі па кніжках вывучаў Другую сусветную і Вялікую Айчынную вайну. Стаўшы Прэзідэнтам, я азнаёміўся з сапраўдным станам спраў у чэрвені 1941 года і напярэдадні на нашай граніцы, калі мы верылі ў тое, што нам гаварылі. Нас пераконвалі, што вайны не будзе, што ўсё нармальна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь не мае намеру паддавацца ні на якія правакацыі і не збіраецца ні з кім ваяваць. "Кідаць краіну, мільёны людзей у горан вайны - гэта не да мяне. Проста наша задача - калі зноў, як гэта было, варожы бот ступіць на нашу зямлю, мы павінны нанесці ворагу непапраўны ўрон. І ён гэта павінен разумець, - заявіў беларускі лідар. - І калі ты разумееш, што ты імгненна атрымаеш тое, што табе немагчыма перажыць, непапраўныя страты, урон, ты ніколі (калі ў цябе яшчэ засталося ў галаве нешта) не пачнеш гэту вайну".
"Мы не верым ніякім спадзяванням. Мы яшчэ раз заяўляем: мы ні на кога не збіраемся нападаць. Мы проста рэагуем на тое, што адбываецца не далёка там недзе ў Газе, дзе Ізраіль бамбіць мірнае насельніцтва. Дзе ўжо дзясяткі тысяч людзей загінулі - цішыня. Мы не ўмешваемся ў гэтыя канфлікты. Мы глядзім за сваёй зямлёй і рэагуем на тое, што адбываецца побач. Яшчэ раз паўтараю: 90 тысяч (замежных ваенных. - Заўвага) сканцэнтраваны на нашых граніцах. Хто з вас можа стаць і сказаць, што з гэтых 90 тысяч заўтра дзясятак тысяч не атакуе нашу граніцу? Ніхто", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Таму, дадаў Прэзідэнт, ён як Галоўнакамандуючы прыняў рашэнне выставіць ваенныя падраздзяленні на ўсіх магчымых напрамках удару. У абаронных мерапрыемствах таксама задзейнічаны сілы пагранічных войскаў і МУС.
"Будзе ціха - добра, будзе і ў нас спакойна і ціха. Калі нехта прыменіць зброю супраць нас, мы адкажам. Прытым імгненна. Мы не будзем рысаваць ніякіх ліній. Мы не Расія на тысячы-тысячы кіламетраў - там можна рысаваць лініі і нечага чакаць. Расію-матухну адразу не захопіш. А Беларусь, як паказала апошняя вайна, на працягу месяца перастала існаваць. Цяпер будзе яшчэ хутчэй. Таму ніякіх ліній. Ніякіх. Любая агрэсія - і адказ будзе імгненны", - папярэдзіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што сёння шмат гаворыцца пра ядзерную зброю. Некаторыя пачынаюць гадаць, прыменіць ці не прыменіць Лукашэнка гэту ядзерную зброю. "Паслухайце, гэта зброя стрымлівання, гэта зброя абароны. Ніхто ў наступленне з гэтай зброяй не пойдзе. Рабіце адсюль выснову", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Але самае страшнае, паводле яго слоў, што ў разуменні Захаду трэцяя сусветная вайна не з'яўляецца чымсьці адцягненым і падаецца як звычайная і цалкам дапушчальная. Але наўрад ці гэта трэба простым людзям - як у нас, так і ў Еўропе і іншых рэгіёнах планеты. Таму сёння я хацеў бы чарговы раз з гэтай трыбуны ад імя беларускага міралюбнага народа звярнуцца да народаў блізкага і далёкага замежжа (сітуацыя падштурхоўвае да гэтага): трэба спыніць звар'яцелых палітыканаў, не даць ім шанцу ператварыць усё жывое на планеце ў попел", - заклікаў Прэзідэнт.
"На ўсе спробы запалохвання Беларусь адказвае паслядоўнай міратворчай пазіцыяй з палітыкай стратэгічнага стрымлівання. Мы ўлічылі памылкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і больш не павядзёмся на абяцанні, правакацыі і забалботванне прамой ваеннай пагрозы. Як і савецкія салдаты ў далёкім 1945-м, мы разам з нашым саюзнікам стаім на абароне не толькі тэрытарыяльных, але і рубяжоў нашай агульнай гістарычнай памяці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на першым пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу былі прыняты два асноўныя дакументы - Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Яны вызначаюць канкрэтныя меры стратэгічнага парадку, якія дапамогуць забяспечыць надзейную абарону канстытуцыйнага ладу Беларусі, суверэнітэту і мірнага жыцця народа. "Хто хоча разабрацца ў нашых планах і нашай пазіцыі сёння, яшчэ раз прапаную вам звярнуцца да гэтых дакументаў. Мы не хавалі іх, мы іх апублікавалі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Паўтараю каторы раз: мы абсалютна мірная краіна і не разглядаем ніводную дзяржаву ў якасці праціўніка. Але калі спатрэбіцца, беларускі народ паўстане на абарону роднай зямлі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя сілы і сродкі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўным гарантам ваеннай бяспекі краіны з'яўляюцца нашы Узброеныя Сілы. Таму мы іх падтрымліваем у пастаяннай баявой гатоўнасці і аснашчаем самым сучасным узбраеннем".
Паводле яго слоў, дзякуючы прафесійнай вывучцы, патрыятызму, адданасці воінскаму абавязку і Айчыне воіны беларускай арміі здольны захаваць бяспеку нашай дзяржавы і нанесці праціўніку пры неабходнасці непапраўны і непрымальны ўрон.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння важна не толькі ваенная сіла: "Ніякае самае сучаснае ўзбраенне не зможа зламаць народ, калі ў нас з вамі будзе адзінства. Нашы праціўнікі гэта добра разумеюць і робяць усё, каб нас расцягнуць, раз'яднаць".
"Вы ведаеце з расказаў бацькоў і дзядоў, як няпроста было выжыць тым, хто выжыў, - у зямлянках, акопах, лясах... Паўгалодныя, вашывыя, напаўраздзетыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, нагадваючы пра цяжкія часы Вялікай Айчыннай вайны. - Гэтага нельга больш дапусціць. Гэтага паўтарэння ў гісторыі Беларусі не будзе".
"Гаворачы ўсё гэта, я думаю аб тым, каб не перабраць, не напружыць наша грамадства, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё, што мы робім, мы робім для таго, каб гэтага (паўтарэння вопыту Вялікай Айчыннай вайны. - Заўвага) не здарылася. Я не веру, што ў Заходняй Еўропе - растлусцелай, адкормленай - нехта захоча лезці ў брудныя, вашывыя акопы, каб ваяваць. Яны ж ужо ад гэтага адвыклі. Ды і наша моладзь, вы ведаеце, гэтага не хоча. Гэта мы, народжаныя тады, недалёка пайшоўшыя ад той Вялікай Перамогі, разумеем, чаго каштавала нашым бацькам і дзядам усё гэта".
"Але мы павінны быць гатовы да ўсяго. Я не веру, што яны звар'яцелі і пераступяць мяжу, якую нават нарысавалі самі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не верыць у тое, што Прэзідэнт Францыі, ядзернай дзяржавы, Эмануэль Макрон, даволі разумны чалавек, але які заяўляе аб гатоўнасці хоць заўтра ўвесці ўзброеныя сілы ва Украіну і пачаць вайну, ці, напрыклад, польскія ўлады, або яшчэ хто - што яны на самай справе зробяць тое, пра што гавораць. "Каб яны гэтага не зрабілі, мы павінны быць моцнымі (пра гэта ўжо гаварылася, цяпер паважаюць толькі сілу). І якімі б мы ні былі - маленькімі ці вялікімі - мы павінны быць моцнымі, арганізаванымі, маналітнымі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Доля мая і тых, хто побач са мной, заключаецца ў тым, каб мы маглі адказаць на любую пагрозу", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для сучаснага пакалення ёсць дастойны прыклад для пераймання - гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, зусім мала сёння засталося ў жывых. У першыя пасляваенныя гады яны, аслабленыя, перажыўшыя столькі цяжкасцей, нягод і пакут, усё ж знайшлі ў сабе сілы і мужнасць адбудаваць краіну. Яны зрабілі для нас "усё і нават больш", звярнуў увагу Прэзідэнт. "Мы гэта не павінны забываць. Як толькі забудзем, да нас гэта бяда прыйдзе", - падкрэсліў ён.
Асаблівыя словы ўдзячнасці Кіраўнік дзяржавы адрасаваў таксама тым вызваліцелям Беларусі, якія жывуць у розных кутках планеты: "Вы нам - родныя людзі. Што б ні адбывалася і як бы ні ставіліся да Перамогі там, дзе вы цяпер жывяце, беларуская зямля ўсіх вас помніць і дзякуе вам".
"Вечная слава гераічнаму подзвігу народаў Савецкага Саюза, якія разам прайшлі праз вогненнае ліхалецце вайны і перамаглі нацызм", - сказаў Прэзідэнт.
Аддаючы даніну павагі баявому і працоўнаму подзвігу суайчыннікаў у гады вайны, Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў вымпелам "3а мужнасць і стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны" беларускія населеныя пункты, якія найбольш самааддана праявілі сябе ў барацьбе з ворагам.
Узнагароды ўдастоены гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея. Прэзідэнт уручыў адпаведныя ганаровыя граматы прадстаўнікам кіраўніцтва гэтых населеных пунктаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзнагароджвання вымпелам заслугоўваюць усе гарады і вёскі краіны. І таму адабраць лепшых, асабліва было вельмі складана. "Бо ў кожным населеным пункце, на кожным кавалку беларускай зямлі фашысты сутыкаліся з бязлітасным супраціўленнем. Усюды зямля проста палымнела пад ботам акупантаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў ветэранам і ўсім, хто адбудоўваў краіну, а таксама прадстаўнікам старэйшага пакалення, усім суайчыннікам міру, дабрабыту і шчаслівага жыцця пад небам толькі свабоднай Беларусі. "Я сардэчна віншую ўсіх з надыходзячым вялікім святам. З Днём Перамогі, паважаныя сябры! - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы. - Жывіце спакойна, гадуйце дзяцей. Няхай кожны робіць сваю справу. Нам ад гэтага часу нікуды не дзецца. Таму што час выбраў нас".