Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 6
- 2
Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбыліся 11 красавіка ў Крамлі.
Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прадаўжалася амаль чатыры гадзіны. Лідары абмяркоўвалі пытанні развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах. У цэнтры ўвагі таксама была рэгіянальная і міжнародная абстаноўка, каардынацыя дзеянняў па рэагаванні на існуючыя выклікі і пагрозы. Падрабязна прэзідэнты спыніліся на пытаннях бяспекі і сітуацыі на ўкраінскім напрамку.
"Нам ёсць пра што пагаварыць. Я маю на ўвазе нашы эканамічныя адносіны. Яны развіваюцца, і развіваюцца паспяхова. Прадэманстравалі ў мінулым годзе добрыя тэмпы росту эканомікі, і цяпер усё на ўздыме, - сказаў расійскі лідар. - Дыверсіфікацыя развіваецца, кааперацыя расце, узаемная дапаўняльнасць. Усё, увогуле, на ўздыме. І гэтаму вельмі рады".
Уладзімір Пуцін канстатаваў, што Аляксандр Лукашэнка, вядома, у курсе ўсіх падзей на ўкраінскім напрамку, але расійскі лідар скарыстаўся яго візітам, каб праінфармаваць у дэталях.
"У цэлым Вы ведаеце: мы ніколі не адмаўляліся ад мірнага вырашэння спрэчак. Больш таго, мы былі схільныя менавіта да гэтага. Не мы пачыналі гэту вайну ў 2014 годзе. Усё пачалося з дзяржперавароту ва Украіне. А потым, калі ўсё набыло такі ўжо гарачы характар, менавіта Вы былі ініцыятарам правядзення мірных перагавораў у Беларусі. Мы гэта пачалі, - адзначыў расійскі лідар. - Потым перагаворная каманда перабралася ў Стамбул. Там завяршылі практычна гэту вялікую работу. На працягу доўгага часу яна ішла. Парафіравалі з абодвух бакоў гэты дакумент. Як Вы ведаеце, потым пад націскам Захаду ўкраінскі бок адмовіўся ад гэтай дамоўленасці".
"Цяпер, як Вы ведаеце, папулярызуецца ідэя правесці нейкую канферэнцыю ў Швейцарыі. Нас туды не запрашаюць. Больш таго, лічаць, што нам там рабіць няма чаго. І ў той жа час кажуць, што і без нас вырашыць нічога немагчыма, - адзначыў расійскі лідар. - Гавораць, што мы адмаўляемся ад перагавораў. Нас не запрашаюць, а кажуць, што мы адмаўляемся. Было б смешна, калі б не было так сумна. Але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы - за. Але толькі не ў фармаце навязвання нам якіх бы там ні было схем, якія нічога не маюць агульнага з рэчаіснасцю".
"Калі ўзнікне неабходнасць, дазволю сабе да вас звярнуцца. Можа, мы прадоўжым кансультацыі з Вамі па гэтым напрамку", - дадаў Уладзімір Пуцін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў час апошніх сустрэч бакі заўсёды абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне, у тым ліку магчымасць мірнага ўрэгулявання канфлікту.
"Калі яны хочуць у Швейцарыі (яны ж гэта называюць мірнай канферэнцыяй) без нас гаварыць аб міры ва Украіне, бог з імі. Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што яны могуць там дамовіцца толькі як узмацніць эскалацыю гэтага канфлікту. Без Расіі які можа быць мірны там працэс? Не можа быць мірнага працэсу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Можа, яны і маюць рацыю, што не запрашаюць нас туды, таму што аб чым з імі можна размаўляць, калі яны спрабуюць там сабраць сто з лішнім дзяржаў і нешта там нам прадыктаваць або нахіліць нас? Гэта ж не прапанова да мірных перагавораў", - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу выказаў меркаванне, што процілеглы бок "у вядомай ступені загнаў сябе ў кут, калі адмовіўся ад перагавораў у разліку перамагчы Расію на полі бою, нанесці ёй стратэгічнае паражэнне".
"Цяпер разумеюць, што гэта немагчыма. Ад перагавораў адмовіліся - цяпер трапілі ў даволі складанае становішча", - адзначыў расійскі лідар.
"Арыгінальнае" выйсце знайшлі", - сыранізаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Так. Але наша мэта не ў тым, каб усіх ставіць у складанае становішча. Мы, наадварот, гатовы канструктыўна працаваць. Але ніякага навязвання якой бы там ні было пазіцыі, не заснаванай на рэаліях, вядома, быць не можа", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
У ходзе перагавораў Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што сёння ёсць усё для перагавораў аб міры ва Украіне.
"Я абсалютна падтрымліваю пазіцыю цяперашняга расійскага кіраўніцтва і Вашу пазіцыю па мірным працэсе ў гэтым канфлікце. Абсалютна падтрымліваю: сёння ёсць усё для таго, каб сесці і дамаўляцца, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Не хочуць - зразумела, чаму не хочуць. Калі за акіянам захочуць размаўляць аб міры, то і ва Украіне гэты голас пачуюць".
"Таму ўкраінцы, асабліва насельніцтва, павінны ведаць, што гэта ад нас не залежыць. Мяч, груба кажучы, на баку", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як пачыналіся мірныя перагаворы: тры раўнды прайшлі ў Беларусі, а чацвёрты - у Стамбуле. Абедзве краіны прыйшлі да пэўных дамоўленасцей, склалі праект падагульняючага дакумента, але перагаворы былі сарваны.
"Прыехалі, абарвалі: давай, ваюй да апошняга ўкраінца!" - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба проста па-чалавечы сябе паводзіць. Дастаць той дакумент, які Вы некалі мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім. Гэта разумная пазіцыя. Там прымальная пазіцыя і для Украіны. Яны ж згадзіліся", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"Вядома", - пацвердзіў Уладзімір Пуцін.
"Таму ў гэтым выпадку абсалютна падтрымліваю мірны працэс, ад якога Расія ніколі не адмаўлялася і сёння ў тым ліку. Калі мы якую-небудзь ролю ў гэтым можам адыграць, Вы ведаеце нашы магчымасці. Мы заўсёды будзем побач і будзем дзейнічаць у адным рэчышчы з вамі ", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час некаторыя ў Расіі нават папракалі Уладзіміра Пуціна ў тым, што не наносяцца ўдары па болевых кропках ва Украіне, у прыватнасці па сістэме энергетыкі.
"Вы тады сказалі (можа, не па-ваеннаму): "Слухайце, людзей шкада. У дзіцячых садах, школах. Калі энергетыка ва Украіне абваліцца - пацерпяць дзеці, людзі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выказаў перасцярогу ў адрас украінскага боку. "Гэтыя ўдары (з боку Украіны. - Заўвага) па адчувальных кропках у Расіі - ну дык і адказ адпаведны. Таму, зноў жа, я думаю, што ва Украіне ашалелых шмат людзей, але не ўсе. Я думаю, яны гэта пачулі і ўбачылі: тут будзе адпаведны нейкі адскок у іх у гэтым плане. А ў прынцыпе, яны проста правакуюць Расію на нанясенне такіх удараў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў, што не можа ў гэтым плане апраўдаць Украіну. "Ні ў якім разе. Не трэба гэта рабіць і эскалацыю гэту ўзмацняць. Таму што лета праходзіць хутка. Зіма (надыдзе. - Заўвага). А гэта - небяспечная справа".
"Думаю, Уладзімір Уладзіміравіч, такі момант, што Вашы гэтыя ініцыятывы на мірнае ўрэгуляванне канфлікту знойдуць водгук ва Украіне. У ваенных знойдуць, як ні дзіўна. Тут я гатовы з вамі разам стаць плячо ў плячо і працаваць у гэтым напрамку", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Крычаць, што Лукашэнка з Пуціным заўтра Еўропу захопяць. Ніколі не абмяркоўвалі такіх планаў, што мы некага хочам захапіць. Сваіх праблем хапае", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым заявіў: "Гэта лухта, патрэбная кіруючым колам для таго, каб растлумачыць і апраўдаць свае расходы на вайну ва Украіне. Вось і ўсё".
"І сваю нежыццяздольнасць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Перш за ўсё - расходы. Гэта галоўная прычына, чаму раздуваецца такая тэма - нейкая агрэсіўная палітыка з боку Расіі", - адзначыў Уладзімір Пуцін.
Расійскі лідар пацікавіўся, як ідуць справы на заходніх граніцах Беларусі.
"Цяжкая сітуацыя. Мяне здзіўляе наогул. Больш за ўсё мяне хвалюе палітыка польскага кіраўніцтва. Навошта ім гэта канфрантацыя? І літоўцы, латышы… Па-першае, дзясяткамі выкідваюць трупы праз граніцу. Ідзе нейкая колькасць туды мігрантаў - яны іх выкідваюць. Агароджу пабудавалі - за агароджу выкідваюць да нас на граніцу. Цяпер снег растаў - паказаліся трупы, валяюцца непасрэдна на граніцы", - расказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё гэта стварае напружанне на граніцы. Акрамя таго, заходнія суседзі закрываюць граніцу для Беларусі і Расіі, ад чаго пакутуюць у тым ліку і трэція краіны: "Яны закрылі граніцу для вас і для нас. Вельмі цяжка працаваць. І нават кітайцам, казахам з палякамі і іншымі. На граніцах шалёныя чэргі. Робяць гэта спецыяльна. Мы граніцу не закрывалі. Вы ведаеце, што ў нас бязвіз для суседзяў. Дык яны сваіх людзей сюды не пускаюць у сувязі з тым, што мы можам іх завербаваць".
Прэзідэнт адзначыў, што ніхто на граніцы людзей не хапае і не вярбуе. "Калі трэба нам некага завербаваць, мы іншым шляхам гэта зробім", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на ваенныя прыгатаванні на сумежным баку: "Праводзяць вучэнні. У маі яны яшчэ плануюць праводзіць. Лоб у лоб стаім на граніцы. Амерыканцаў перакінулі, немцаў. Што здзіўна - урок не пайшоў на карысць. У Літву, у Польшчу батальёны. Мы, вядома, вымушаны былі разгарнуць свае часці і выстраіцца насупраць. Не ведаю, навошта ім (заходнім суседзям. - Заўвага) гэта. Мы не збіраемся нідзе ваяваць".
Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў з расійскім калегам і некаторыя пытанні эканамічнага характару. "Вы мяне падтрымалі ў тым, што 15-га чысла прэм'еры сустрэнуцца і паглядзяць на эканамічныя пытанні, якія трэба вырашыць. Гэта для нас вельмі важна", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У цэлым сітуацыю ў эканоміцы на фоне санкцыйнага націску ён назваў цярпімай: "Мы пераадолелі санкцыйны гэты націск эканамічны. Так, як і ў Расіі. Слухайце, нам калі забяспечыць вось гэты вялізны беларуска-расійскі рынак, яшчэ дружалюбных краін, з імі працаваць, - хопіць і вам, і нам. Таму мы вытрымаем. У нас ёсць рынак, рэсурсы. Мы разумеем, што трэба рабіць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паспяхова ўжо асвоена вялікая частка выдзеленых Расіяй крэдытаў пад сумесныя праекты. "Тыя крэдыты, якія былі выдзелены пад сумесныя праекты - 100 млрд (расійскіх рублёў. - Заўвага) - па 80 з лішнім ужо праекты пачынаюць працаваць. І заводы будуем, і гэтак далей. Перажывалі наконт чыпаў, мікрачыпаў - абыходзімся сваім, пачынаем развіваць. Думаю, мы проста выйдзем з гэтай сітуацыі. Таму, як я казаў некалі, часу крыху трэба, і мы вырашым тыя праблемы, якія нам трэба разам з Расіяй вырашыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Хацелася б, каб і ўкраінцы былі з намі. Адчуваю, што недалёкі той момант, калі і Украіна абдумаецца і зразумее, дзе яе шчасце", - дадаў беларускі лідар.
"Няхай яны вырашаюць самі", - адрэагаваў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі за падтрымку ў пастаўках праз расійскія парты.
"Дзякуй Вам за падтрымку па партовай гаспадарцы. Мы працуем. Глядзім на іншыя парты. Дапамагаюць расіяне - партавікі - нам адгружаць прадукцыю. Словам, няма такога, што валяецца тавар на беразе акіяна або мора і мы не можам вывезці, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - У Санкт-Пецярбургу, Мурманску працуем, на Далёкім Усходзе".
"На Поўначы", - дадаў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што перспектыва работы па Паўночным марскім шляху добрая: "Мы пастаўлялі ўжо тавары па Паўночным марскім шляху. Некалькі тысяч тон паставілі ўжо. Вельмі зручна для нашых вытворцаў. Таму ваша падтрымка тут для нас была вельмі важнай і актуальнай".
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку Беларусі ў адпраўцы яе першага касманаўта на МКС.
"Зразумела, што калі б тады не Ваша рашэнне, ніякага палёту не было б. Але мы тады дамовіліся, што павінна паляцець беларуская жанчына. З дзвюх з лішнім тысяч мы выбралі шасцёра, потым двое - асноўнага касманаўта і дублёра. Сёння мы ўзнагародзілі яе: аналагічна як у Расіі (касманаўт Алег Навіцкі - Герой Расіі. - Заўвага) яна стала Героем Беларусі", - расказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, "Раскосмас" заявіў аб гатоўнасці працаваць з Беларуссю па развіцці паўнацэннай касмічнай праграмы. "Мы хочам з расіянамі на працягу будучага і, можа, праз два гады закінуць на арбіту новы спадарожнік з распазнавальнай магчымасцю 25 сантыметраў. Гэта будзе моцнае слова. Мы працуем над ім, ужо няма сумненняў, што мы гэта зробім. І будзем у плане касманаўтаў працаваць разам. Мы гатовы ўключыцца ў вашу праграму - тое, што расійскія касманаўты робяць (неабавязкова, каб беларуская, - расійская праграма)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Разам будзем працаваць", - паабяцаў Уладзімір Пуцін.
"Вы значна рушылі наперад. У нас ёсць людзі, у тым ліку і жанчыны, гатовыя паляцець. Непрымання ў "Раскосмасе" няма. Калі Вы падтрымаеце, то мы і другую дзяўчыну, якая была дублёрам (гатовы адправіць у космас. - Заўвага). Яна падрыхтавана, затрацілі ж вялікія грошы на яе падрыхтоўку. Калі будзе жаданне і Ваша воля ў гэтым плане, то яна гатова працаваць далей і трэніравацца ў касманаўтаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адразу пасля прыезду ў Крэмль журналісты задалі Прэзідэнту Беларусі шэраг пытанняў, якія датычыліся перагавораў з расійскім лідарам, супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эканоміцы і сферы космасу, а таксама ўкраінскай тэматыкі.
Расійскія журналісты перш за ўсё павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з палётам беларускага касманаўта. "Космас ваш, мы так разумеем?" - спыталі Кіраўніка дзяржавы.
"Космас наш! Ваш і наш! Дзякуючы вам ён стаў нашым", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусы ляталі ў космас і ў савецкія часы. "Таму тое, што дзяўчына паляцела наша… Ну, мы рыхтуем яшчэ некалькі дзяўчат. Кажуць, у нас дзяўчаты мацнейшыя. Таму мы гатовы ў праграму расійскую ўжо ўкараніцца і разам працаваць у космасе", - сказаў ён.
Гаворачы аб развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расіяне зразумелі, што беларусы многае могуць.
"Па вялікім рахунку, эканоміка заключаецца ў тым, калі мы ўжо "агрэсары", шчыра кажучы, то роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання і для людзей павінны быць роўнымі. Вось што нам трэба. Сёння вы, напэўна, зразумелі (расіяне), што беларусы многае могуць. Раней гэтага не бачылі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Цяпер вы ўбачылі, што і электроніку мы закрываем (вялікі пласт), і сельскую гаспадарку, і ў прамысловасці, і ў станкабудаванні (нядаўна Уладзімір Уладзіміравіч аб гэтым гаварыў), гэта значыць, вы зразумелі, што ў Беларусі мы не проста захавалі савецкі пласт навукі, прамысловасці, вёскі, але і асучаснілі, павысілі яго як мае быць. Мы сёння вельмі патрэбны Расіі, як і Расія нам. Таму вельмі важна, каб мы цяпер ураўнавалі людзей і нашы прадпрыемствы. Гэта галоўнае пытанне", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка коратка расказаў журналістам аб тэматыцы перагавораў з Прэзідэнтам Расіі.
"Сёння звычайныя пытанні. Але мы вырашылі прысвяціць некаторы час пытанням эканомікі. Таму што ў бліжэйшы час сустрэнуцца нашы прэм'еры. Мы ім павінны крыху дапамагчы - каляіну начарціць. Перш за ўсё эканоміка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Расійскія журналісты задалі пытанне, як размаўляць з Украінай і Зяленскім пасля тэракта ў "Крокус Сіці Холе".
"Вы з імі не размаўляеце і наўрад ці будзеце размаўляць. Калі трэба, мы можам вам у гэтым плане дапамагчы. А імкнуцца вам туды з імі неяк размаўляць я сэнсу не бачу", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Чаго вы будзеце поўзаць перад некім і прасіцца пагаварыць пра "Крокус". Цяпер трэба да канца разабрацца. Украінцы ўкраінцамі. Але за ўкраінцамі, вы правільна выявілі, стаяць пэўныя сілы. Вы таксама іх ведаеце. Вось з тымі трэба размаўляць. А ўкраінцы тут патроны падносілі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У Прэзідэнта Беларусі таксама спыталіся, як ён ставіцца да ідэі мабілізацыі жанчын у армію. Такія меркаванні раней гучалі наконт гэтага ва Украіне.
"Вельмі адмоўна (ставіцца да ідэі мабілізацыі жанчын. - Заўвага). Жанчыны павінны лятаць у космас. І калі ўжо вельмі захочуць у армію, то добра, няхай служаць. Але прымушаць жанчыну, якая павінна нараджаць, у армію адпраўляць на гібель немінучую - гэта глупства поўнае. Гэта ад бязвыхаднасці. Я - супраць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандра Лукашэнку папрасілі выказацца наконт заявы яго расійскага калегі аб тым, што Расіі можа спатрэбіцца санітарная зона на ўкраінскім напрамку, каб забяспечыць бяспеку прыгранічных раёнаў РФ. "А вам такая патрэбна?" - прагучала пытанне.
"Беларусі пакуль я не бачу неабходнасці ў такой зоне. Мы там (у прыграніччы з Украінай. - Заўвага) вельмі сур'ёзна працуем", - заявіў беларускі лідар.
Наконт санітарнай зоны паміж Расіяй і Украінай Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе трэба яшчэ стварыць: "Гэта ж не простыя пытанні. Думаю, што шмат будзе залежаць не толькі ад краін, якія ваююць, але і ад заходніх дзяржаў".
"Там праблемы сур'ёзныя ва Украіне, яны ўжо гэта прызнаюць. Не хацелася б, каб Захад прадаўжаў гэту эскалацыю. А эскалацыя - гэта пастаўка зброі, боепрыпасаў. І цяпер яны пачалі пагаворваць аб перакідцы сваіх ужо ваенных ва Украіну. Хутчэй за ўсё, на граніцу да Беларусі. Чакаем", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.