Дабрачыннае навагодняе свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"
- 15
- 9:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у дабрачынным навагоднім свяце ў рамках акцыі "Нашы дзеці", якое адбылося 28 снежня ў Палацы Рэспублікі.
Перад тым як павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, Прэзідэнт адзначыў, што ў Дзеда Мароза і Снягурачкі заўсёды шмат клопатаў, але і шмат сяброў. "Таму я так падумаў, што нядрэнна было б, калі мы ад майго і вашага імя для пачатку, каб весялей было, каб яны ў настроі добрым былі, ад нас уручыць падарункі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Дзеці падтрымалі гэту прапанову бурнымі апладысментамі.
Уручыўшы падарункі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэту пару дзеці перажываюць радасныя і шчаслівыя дні, чакаючы падарункаў і навагодняга чараўніцтва. "Канікулы - самая шчаслівая, самая вясёлая пара, - адзначыў ён. - І якія б ні былі ў нас праблемы, мы заўсёды радуемся гэтаму святу. Святу, самае галоўнае - канікулаў. Па-другое, Новы год ёсць Новы год. Усе вы чакаеце падарункі. І дарослыя, а асабліва ў такім узросце... Хачу сказаць - дзеці. Але наўрад ці вы ўжо дзеці. З прычыны той сітуацыі, якая складваецца ўсюды навокал. Вы пасталелі. Рана пасталелі. Але, тым не менш, падарункі чакаеце, і мы пасля галоўнага нашага падарунка - гэтага спектакля - падорым вам на памяць невялікія падарункі ад Прэзідэнта. І самае галоўнае - гэта навагодняе чараўніцтва, якое падрыхтавалі нашы цудоўныя артысты".
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў заслугі хлопчыкаў і дзяўчынак і пахваліў іх. "Перш за ўсё, вы малайцы! Выпадковых людзей тут няма. Тут дзеці, якія заслужылі прысутнічаць на гэтым цудоўным свяце. Тут вас 3 тысячы чалавек разам з выхавальнікамі, бацькамі, якія прыйшлі сюды. Гэта будучыя выдатныя асобы, будучыня нашай краіны, нашай Беларусі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вы малайцы, і дзякуй вам, што вы з гэтых гадоў сур'ёзна займаецеся вучобай. Я вельмі спадзяюся, што акрамя вучобы вы займаецеся спортам. Раю вам займацца спортам, каб быць не толькі знешне прыгожым чалавекам, але для таго, каб быць здаровым. Хачу пажадаць, папрасіць вас, каб вы і ў далейшым радавалі сваіх бацькоў, настаўнікаў і выхавальнікаў".
"Я шмат разоў гаварыў і паўтару, што ў Беларусі няма чужых дзяцей. Яны ўсе нашы, яны родныя. Беларусь была і будзе адкрыта для ўсіх, хто страціў мір у сваіх краінах, - запэўніў Прэзідэнт. - Мы аказвалі і будзем аказваць такім дзецям дапамогу. Дзецям, у якіх вайна спрабуе ўкрасці гэта дзяцінства".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў педагогам, выхавальнікам, настаўнікам, бацькам. "Асабліва настаўнікам і выхавальнікам. Вялікі вам дзякуй за нашых беларускіх дзяцей. Вы сапраўды валодаеце дарам. Мне здаецца, няма такога дару ў іншых людзей іншых кантынентаў, краін, як у беларускай жанчыны, нашых сапраўдных мужчын, якія з раніцы да вечара думаюць пра нашых дзяцей, выхоўваюць іх, навучаюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама асабліва падзякаваў тым, хто арганізуе мерапрыемствы дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". "Яна зарадзілася даўно. Гэта вялікае свята. Свята перш за ўсё для нашых дзяцей. Усім вам дзякуй, хто падтрымлівае гэту традыцыю, акружаючы ўвагай і клопатам дзяцей Беларусі. Больш таго, мы робім усё, каб дзеці, якія бягуць ад вайны, тут адчувалі сябе як дома. А такіх нямала, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы бачым, што робіцца ў розных кутках нашай планеты. І мы робім усё для таго, каб тыя дзеткі, якія сёння не маюць такой магчымасці сабрацца ў прыгожай зале і пагаварыць са сваім прэзідэнтам, прыязджалі да нас і адчувалі сябе як дома. Не павінна быць дзяцей, якія бягуць ад вайны. Мы павінны падхапіць гэтых дзетак своечасова, прывезці да сябе дамоў, абагрэць і зрабіць іх дзяцінства больш шчаслівым".
"У Палацы Рэспублікі сабраліся нашы дзеці - беларускія, расійскія, украінскія, палесцінскія, латвійскія і многія іншыя. Усіх вас ад імя нас, дарослых, і ад імя ўсіх дзяцей нашай краіны я хачу прывітаць у гэтай зале, павіншаваць з надыходзячым Новым годам, павіншаваць вас з гэтым вялікім навагоднім святам. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя, больш усміхайцеся, верце ў сілу дабра. А мы будзем побач з вамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ведаю, што ў дзетак, якія тут сабраліся, розныя лёсы і розныя жыцці. Ведаю, што ёсць у некаторых і нібыта праблемы ў гэтым жыцці. Я вам хачу проста параіць як чалавек, у якога дзяцінства было таксама няпростае: усё ў вашых руках! Калі вы захочаце, вы будзеце моцнымі сапраўднымі беларусамі. Нехта, як гэта модна цяпер, у айцішнікі пойдзе, нехта стане сапраўдным раслінаводам - будзе любіць сваю зямлю. Нехта стане педагогам, нехта - вялікім вучоным і гэтак далей. Усё ў вашых руках. Толькі трэба праявіць больш цярпення і настойлівасці. Гэта датычыцца ўсіх", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму жывіце мірна, спакойна, не перажывайце асабліва за тое, за што не трэба перажываць", - даў наказ беларускі лідар.
Усяго на навагодняе свята ў Палац Рэспублікі запрошаны больш як 2,3 тыс. дзяцей. У іх ліку выдатнікі вучобы і пераможцы розных алімпіяд і творчых конкурсаў, навучэнцы, якія заслужылі такое права сваёй грамадскай працай, дзеці-сіроты, са шматдзетных сем'яў, дзеці-інваліды, дзеці з сем'яў ваеннаслужачых і супрацоўнікаў праваахоўных структур, бацькі якіх загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, а таксама дзеці з Латвіі і Прыморскага края, дзеці з Данбаса, якія знаходзяцца на аздараўленні ў Беларусі. На свята паклікалі таксама дзяцей, якія былі нядаўна эвакуіраваны ў Беларусь з Палесціны.