Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці
- 34
- 19:36
Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі адбыўся 27 снежня ў Палацы Незалежнасці.
Удзельнікамі балю сталі больш як 330 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта адораныя навучэнцы ВНУ, ССНУ, вучылішчаў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якія праявілі сябе ў вучобе, навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці.
У Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці прысутнічалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністры культуры і адукацыі Анатоль Маркевіч і Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня ЦВК і кіраўнік грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі Ігар Карпенка.
Старадаўнюю традыцыю - навагодні баль - у Беларусі адрадзілі ў 2018 годзе. З гэтага часу яго пастаянным месцам правядзення з'яўляецца Палац Незалежнасці. Сёлетні рэспубліканскі баль - гэта падарожжа па старонках гісторыі музычнай і танцавальнай культуры Беларусі.
Усіх прысутных цёпла прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Надышоў той адзіны дзень у годзе, калі наш Палац Незалежнасці кардынальна змяняе сваё аблічча. Літаральна некалькі гадзін таму ў кабінетах і залах гэтага будынка вырашаліся важныя пытанні палітыкі, эканомікі, бяспекі. Цяпер тут пануе атмасфера музыкі і танца. Атмасфера маладосці. Важна тое, што ўсё гэта адбываецца адзін раз у год і толькі для вас, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І бачачы надзвычай прыгожых, шчаслівых маладых людзей, я з удзячнасцю думаю пра вашых бацькоў, настаўнікаў, выкладчыкаў".
Менавіта яны, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, "прывялі" маладых людзей у Палац Незалежнасці. "Таму што выгадавалі і выхавалі. Навучылі ставіць правільныя мэты, дабівацца іх. І запомніце: ніколі не гарачыцеся перад сваімі бацькамі і выхавальнікамі. Усё, што ў вас цяпер ёсць, - ад іх. А вось з заўтрашняга дня вы пачняце пісаць сваю гісторыю ўжо уласнай рукой - на базе таго, што вам прынеслі і паднеслі бацькі. Не забывайце пра гэта. Трэба паважаць тых, хто зрабіў вас сёння такімі. Тут няма выпадковых людзей, вы лепшыя прадстаўнікі нашай моладзі, - даў наказ удзельнікам балю Прэзідэнт. - Вы добра папрацавалі у мінулым годзе, дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце, праявілі сябе ў валанцёрскім руху, што вельмі важна".
Менавіта для такіх маладых людзей, актыўных і мэтанакіраваных, і адчынены ў гэты вечар дзверы Палаца Незалежнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"А заўтра вы зробіце крок, магчыма, у вялікую палітыку. І будзеце несці адказнасць за ўсё тое, што адбываецца ў нашай дзяржаве. І калі гэты Палац Незалежнасці - сімвал нашай дзяржаўнасці, то вы - сімвал будучыні. Значыць, будучыня ў вашых руках. Хто да гэтага яшчэ не гатовы, не ўсвядоміў - рыхтуйцеся. Хочаце вы ці не, але будучыня ў вашых руках", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Да новага года застаўся час, усе падводзяць вынікі, стараюцца, калі недзе нешта недапрацавалі, дапрацаваць, падцягнуцца. Хачу расказаць вам адну вельмі павучальную гісторыю, як я сёння зразумеў", - пачаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэтымі днямі прымаў удзел у самітах ЕАЭС і СНД у Санкт-Пецярбургу. "Едзем мы па Піцеры пасля нарады, якую ў гэтыя снежаньскія дні звычайна праводзяць кіраўнікі дзяржаў постсавецкай прасторы. І Касым-Жамарт Такаеў, разумны, таленавіты чалавек, глядзіць па баках (Піцер, вядома, прыгожы) і задумліва Пуціну кажа: "Слухайце, нібыта нікуды не ад'язджалі". Я гавару: "Ты што маеш на ўвазе?" - "Год праляцеў, а мы як быццам і не ад'язджалі з мінулага года з Піцера. Так хутка ідзе час". Проста імгненне - і год праляцеў", - заўважыў Прэзідэнт.
У навагоднія дні ўсе людзі чакаюць сюрпрызаў і падарункаў, радуюцца надыходзячаму святу, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Але ёсць і сумная нотка, сказаў ён: "Гэта вось тая перадгісторыя, якую я толькі што расказаў: кожны год, як бы мы нешта там ні задумвалі, ні думалі пра сюрпрызы, мы гаворым заўсёды (хто з сумам, хто з радасцю) ): "Яшчэ адзін год праляцеў".
Для пераважнай большасці ўдзельнікаў гэты баль першы. Але прысутнічаюць на свяце і тыя, хто ўжо станавіўся госцем Палаца Незалежнасці ў такі вечар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як пачыналася гісторыя Навагодняга балю для моладзі ў Палацы Незалежнасці. Яшчэ ў 2017 годзе аўстрыйскі бок прапанаваў правесці тут Венскі баль (яны аднесены да помнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з'яўляюцца неад'емнай часткай сусветнай культуры).
"Я думаю: а мы што, горшыя за аўстрыякаў? Добрая, талковая нацыя, прыгожая краіна, Венская опера… Але ў нас лепш. Людзі ў нас добрыя, таленавітыя. Я падумаў, што ідэя добрая - у гэтыя снежаньскія вечары запрашаць яркую таленавітую частку нашага грамадства. Гэта, вядома, нашы дзяўчаты. І мы падцягваемся да гэтага часу: і ваенныя, і цывільныя - ну вельмі прыгожыя. І вось сёння я рады, што тады прыняў рашэнне: не, мы, беларусы, - прыгожая нацыя прыгожай краіны, у нас ёсць прыгожыя дзяўчаты (мужыкі падцягнуцца - будуць таксама прыгожымі), мы будзем праводзіць свой баль. І будзе ён называцца Навагодні баль", - расказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў свята з надыходзячым 2024 годам і сказаў некалькі слоў пра адыходзячы год: "Для некага ён быў спакойны, для кагосьці - бурны, а яшчэ для некага - звычайны. Калі вы хочаце, каб ён быў незвычайным, засталося яшчэ некалькі дзён. Фінішуйце дастойна, каб ён застаўся ў вас у памяці, не быў проста прахадным. Каб гэты год, калі гэта магчыма яшчэ, падарыў вам немагчымае".
Удзел у такім святочным вечары, вядома, запомніцца кожнаму юнаку і дзяўчыне. Тым больш Кіраўнік дзяржавы заўсёды распараджаецца падрыхтаваць для ўдзельнікаў балю памятныя сувеніры - фатаграфіі і відэаматэрыялы.
У якасці распарадчыка балю выступіў народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў. Ён - галоўная дзеючая асоба балю, якая вітае гасцей і прадстаўляе танцмайстраў.
Традыцыйна свята адкрыў паланэз дэбютантаў, удзельнікамі якога сталі юныя, нежанатыя і незамужнія асобы. У руках у партнёрак абавязковы атрыбут - букет з жывых кветак. Прадоўжыў праграму адзін з самых папулярных танцаў, які называюць яшчэ каралём танцаў і танцам каралёў, - вальс. А праз некалькі канцэртных нумароў пары перастроіліся для полькі. Гэты танец называюць упрыгожаннем і вясёлай гульнёй, без якой не можа абысціся сапраўдны баль.
Сваё майстэрства юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі, выканаўшы кадрылю і складаную, але бліскучую і энергічную мазурку. Прадоўжылі вечар захапляльны галоп і шакон, пабудаваны на элементах гавота і менуэта. Завяршыла ж класічную частку свята, як і належыць шматвяковым бальным традыцыям, "Паўночная кадрыля", якую выканалі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.
Затым гасцей Палаца Незалежнасці чакала адвольная частка балю з сучаснымі рок-н-ролам, мамба, бугі-вугі, ламбадай, твістам і іншымі танцамі.