Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу

  • 21
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу прыняў удзел у саміце Еўразійскага эканамічнага саюза.

На парадку дня саміту было больш за два дзясяткі пытанняў, якія ў тым ліку датычыліся ключавых напрамкаў далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС, міжнароднай дзейнасці, макраэканамічнай палітыкі, работы па ўстараненні бар'ераў, скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб перспектывах еўразійскай інтэграцыі да 2045 года. Увазе лідараў краін была прадстаўлена падрыхтаваная ў перыяд расійскага старшынства дэкларацыя аб асноўных задачах і ключавых напрамках далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза на перыяд да 2030 і 2045 гадоў.

У час сваго выступлення на саміце Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным дасягненнем у Еўразійскім эканамічным саюзе стабільна функцыянуючыя агульны ўнутраны рынак і адзіную мытную прастору.

"Наша пасяджэнне ў пэўнай ступені знакавае. Завяршаецца чарговы этап развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза. У наступным годзе мы адзначым дзесяцігоддзе (падпісання Дагавора аб ЕАЭС. - Заўвага). Нам прадстаўлены вялікі і грунтоўны даклад аб выніках работы саюза за мінулы перыяд. Мы можам не толькі ацаніць вынікі, але і пагаварыць аб шляхах удасканалення, неабходных рашэннях праблемных пытанняў. Лічу галоўным дасягненнем стабільна функцыянуючыя агульны ўнутраны рынак і адзіную мытную прастору з усімі недахопамі", - сказаў беларускі лідар.

Тавараабарот саюза са знешнімі партнёрамі за апошнія сем гадоў у абсалютных паказчыках павялічыўся больш як на $340 млрд. Аб'ёмы ўзаемнага гандлю падвоіліся і склалі амаль $85 млрд. "У Беларусі з Расіяй у гэтым годзе будзе недзе каля $50 млрд (узаемнага гандлю. - Заўвага), - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што ў саюзе захоўваецца высокі ўзровень самазабяспечанасці сыравіннымі рэсурсамі і ключавымі відамі прадуктаў харчавання.

"Што вельмі важна. Шмат гаварылі, што мы не зможам жыць самастойна. Вось - ключавымі відамі мы забяспечаны", - заўважыў беларускі лідар.

Напрыклад, краіны ЕАЭС утрымліваюць другое месца ў свеце па здабычы нафты і газу, вытворчасці мінеральных угнаенняў, трэцяе - па вытворчасці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі, чацвёртае - па здабычы вугалю. "Разбежкі зусім невялікія ад лідараў", - удакладніў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў самым пачатку функцыянавання ў ЕАЭС было адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу па таварах харчовай групы, якое ў 2015 годзе склалася ў памеры амаль $13 млрд.

"Цяпер дзякуючы зладжанай рабоце ў рамках саюза ўстаранілі дысбаланс і выйшлі ў плюс па прадуктах харчавання. Гэта важнейшы фактар. Людзей накармілі сваіх і забяспечваем іншыя краіны свету. Дасягнуты высокі ўзровень харчовай самазабяспечанасці, які, напрыклад, па Беларусі складае амаль 100%. За кошт уласнай вытворчасці мы пакрываем свае ўнутраныя патрэбнасці ў збожжы, свініне, мясе птушкі, малаку, агародніне, алеях, курыным яйку і ў іншых прадуктах", - сказаў Прэзідэнт.

"Пастаўце нам, не скнарнічайце", - не без долі гумару заўважыў на гэта Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама звярнуў увагу, што такія вынікі дасягнуты ў вельмі неспрыяльных знешніх умовах, калі геапалітычныя канкурэнты адкрыта намерыліся разарваць і раз'яднаць саюзнікаў. "Але мы разам справіліся з гэтым выклікам і паступальна рухаемся наперад", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Наша інтэграцыйнае аб'яднанне адкрыта для ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва з вядучымі эканомікамі. Мы не ізалюемся ад знешняга свету, як бы каму-небудзь гэтага ні хацелася", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што партнёры па ЕАЭС будуюць дыялог на ўмовах роўнасці і паважання інтарэсаў. "Апошні прыклад - падпісанне пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Іранам. Сёння гэта буйнейшая эканоміка Сярэдняга Усходу, ключавы элемент паўднёвага гандлёвага шляху з Блізкім Усходам і Паўднёвай Азіяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Важна, што нашы краіны жывуць не толькі сучасным. Мы добра разумеем мэты інтэграцыі ў бліжэйшым будучым. Па ініцыятыве расійскага боку падрыхтавана дэкларацыя, якая вызначае задачы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і контуры інтэграцыі да 2045 года. У строгім духу эканамічнага прагматызму абазначаны канкрэтныя, зразумелыя мэты: далейшае будаўніцтва агульнага еўразійскага рынку, забеспячэнне яго ключавымі таварамі і рэсурсамі, развіццё кааперацыі, фарміраванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы і агульнага фінансавага рынку, актыўнае міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у развіццё дэкларацыі неабходна выпрацаваць і дарожную карту рэалізацыі намечанага: "Дэкларацыя вызначае важнейшыя напрамкі, па якіх мы будзем рухацца. Гэта канцэптуальная рэч. Таму сёння мы прынялі рашэнне, размаўляючы ў вузкім складзе, што пад дэкларацыю ў яе развіццё трэба прыняць дарожную карту - канкрэтны план нашага развіцця. Будзе няпроста, але мы такі план прымем".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пытанню фінансавай падтрымкі еўразійскіх кааперацыйных праектаў у прамысловасці за кошт сродкаў бюджэту саюза ўдзяляецца асаблівая ўвага.

"Добрая навінка. Інакш кажучы, мы будзем будаваць сумесна новыя прадпрыемствы і гэтым самым развіваць нашу эканоміку. Рашэнне прынята, крытэрыі падбору такіх праектаў распрацаваны і адобраны", - адзначыў ён.

Таксама важнае месца займае работа па сумесным развіцці транспартна-лагістычнай і лічбавай інфраструктуры дзяржаў-членаў, павышэнні транспартнай звязанасці саюза з рынкамі трэціх краін, якія актыўна развіваюцца.

"Спалучэнне нашых інфраструктурных магчымасцей, рэалізацыя патэнцыялу міжнародных арганізацый і інстытутаў развіцця могуць і павінны забяспечыць вырашэнне задачы па фарміраванні агульнакантынентальнай транспартна-лагістычнай і гандлёва-эканамічнай прасторы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, добры прыклад такога аб'яднання намаганняў - транспартны калідор "Поўнач - Поўдзень", які рэалізуецца па ініцыятыве Прэзідэнта Расіі з удзелам Азербайджана і Ірана. "Гэта будзе прарыў транспартны і лагістыкі. Важна надаць гэтаму праекту дынаміку. Ні ў якім разе нельга яго пакінуць на паперы", - заўважыў беларускі лідар.

Максімальнае раскрыццё пасылаў і напрамкаў, адлюстраваных у дэкларацыі, - задача для ўрадаў краін і Еўразійскай эканамічнай камісіі. "Ва ўмовах фарміравання новага высокаканкурэнтнага геапалітычнага асяроддзя вынікам рэалізацыі ўсіх планаў хацелася б бачыць Еўразійскі эканамічны саюз калі не да 2030-га, то да 2045 года сапраўды адным з асноўных глабальных полюсаў эканамічнага прыцягнення", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на пасяджэнні ў вузкім складзе параўнаў ЕАЭС з іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, такімі як ШАС і БРІКС. "Вельмі магутная арганізацыя - ШАС. Многія, хто ўваходзіць у склад ЕАЭС, з'яўляюцца членамі гэтага аб'яднання. БРІКС - вельмі распіяраная (і правільна), у будучым, магчыма, магутная арганізацыя, на якую глядзяць многія краіны, незадаволеныя развіццём сітуацыі ў ААН. Але, параўноўваючы іх з ЕАЭС, я раблю выснову, што мы маем больш магчымасцей. ШАС, БРІКС так не рушылі наперад у эканоміцы, як мы. У іх няма гэтай дынамікі. Яны яшчэ не дасягнулі таго ўзроўню інтэграцыі, якога дасягнулі мы", - растлумачыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, галоўнае цяпер не страціць тэмп і не спыняцца ў супрацоўніцтве і развіцці інтэграцыі: "Трэба рухацца ў гэтым напрамку. Каб мы былі вядучай не толькі рэгіянальнай, але і сусветнай эканамічнай арганізацыяй. А будзе эканоміка - да гэтага і палітыка прыйдзе, і ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, калі будзе што абараняць. Яно таксама нікуды не дзенецца. У нас шанц. Самае галоўнае - не спыніцца".

У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў актуальнасць далейшага руху дзяржаў - членаў ЕАЭС у фарватары беларускай ініцыятывы "інтэграцыі інтэграцый", якая знайшла адлюстраванне ў асноўных напрамках міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2024 год, што зацвярджаюцца на саміце ў Санкт-Пецярбургу.

"Дакумент ёмісты, правільны, у ім усё падрабязна выкладзена. Аднак у пытаннях міжнароднага пазіцыянавання саюза і міжнароднай дзейнасці камісіі хацелася б мець большую сістэмнасць. Таксама павінен быць пэўны план дзеянняў, а не тое, як уздумаецца", - заўважыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, трэба актыўней працаваць над развіццём інстытута дзяржавы - наглядальніка пры саюзе, прыкладаць больш намаганняў у напрамку рэальнага спалучэння інтэграцыйных патэнцыялаў ЕАЭС, ШАС, БРІКС. "Нягледзячы на тое, што мы маем больш магчымасцей, трэба з імі больш цесна супрацоўнічаць. Ад гэтага мы станем толькі мацнейшымі. Трэба карыстацца перавагамі ўдзелу ў такіх дынамічных аб'яднаннях з з Расіяй, якая працуе ў іх на правах адной з ключавых краін-заснавальніц. Будзем усяляк падтрымліваць Расійскую Федэрацыю ў гэтай важнай калектыўнай рабоце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лідары краін ЕАЭС па выніках саміту прынялі дэкларацыю аб далейшым развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года. Дадзена даручэнне па распрацоўцы мер для рэалізацыі дэкларацыі.

Кіраўнікам дзяржаў было даложана аб асноўных выніках функцыянавання ЕАЭС пачынаючы з 2015 года, прапанаваны варыянты вырашэння застарэлых праблем.

Лідары краін прынялі таксама рашэнне аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2024-2025 гады. У дакуменце пералічаны першачарговымі напрамкамі для выхаду ў перспектыве на траекторыю штогадовага прыросту ВУП саюза тэмпамі вышэйшымі за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2024 год. Ім была прадстаўлена інфармацыя аб сітуацыі па ўстараненні бар'ераў і скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС.

Падпісана рашэнне аб зацвярджэнні бюджэту Еўразійскага эканамічнага саюза на 2024 год. Расходы бюджэту істотна павялічаны да ўзроўню 2023 года.

Адно з рашэнняў саміту датычылася стварэння новага прававога інстытута ў сферы мытнага рэгулявання - аператара электроннага гандлю, які будзе забяспечваць лагістыку і мытнае афармленне аперацый з таварамі, што набываюцца фізічнымі асобамі пры дапамозе сеткі Інтэрнэт. Падпісаны адпаведны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Мытным кодэксе ЕАЭС.

У 2024 годзе ў ЕАЭС будзе старшынстваваць Арменія. Вырашана таксама, дзе і калі пройдзе чарговае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Наконт гэтага ў сваім выступленні на саміце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Як сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, мы яму ўдзячны за тое, што наступнае пасяджэнне ў нас - юбілейнае (да 10-годдзя падпісання Дагавора аб ЕАЭС. - Заўвага) - пройдзе ў Маскве. Мы з Ніколам Ваваевічам (Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. - Заўвага) такую ініцыятыву ўнеслі. Прэзідэнт Расіі падтрымаў яе. Усе члены ЕАЭС згадзіліся. У маі будучага года мы ў Расіі правядзём чарговы саміт кіраўнікоў дзяржаў нашага саюза".

На парадку дня саміту было таксама пытанне аб Старшыні і персанальным складзе Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. У лютым 2020 года старшынства ў Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі перайшло да Беларусі, і такім чынам рэспубліка атрымала права назначыць на чатыры гады свайго Старшыню Калегіі ЕЭК. Гэту пасаду тады заняў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

У 2024 годзе старшынства ў Еўразійскай эканамічнай камісіі пераходзіць да Казахстана. І на наступныя чатыры гады, гэта значыць з 2024 па 2028 год, Старшынёй Калегіі ЕЭК стане прадстаўнік Казахстана. Гэту пасаду зойме Бакытжан Сагінтаеў, які раней ён працаваў на розных высокіх пасадах ва Урадзе сваёй краіны, а апошнім часам з'яўляецца членам Калегіі (Міністрам) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК.

На палях саміту падпісана пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран з другога боку. Яно дасць магчымасць істотна павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў дзяржаў - членаў ЕАЭС і за кошт гэтага нарасціць экспарт у Іран. Дакумент у цэлым будзе садзейнічаць росту тавараабароту, а таксама актывізацыі кааперацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка таксама традыцыйна не пакінуў без увагі прадстаўнікоў СМІ. Журналісты звярнуліся да яго са шматлікімі пытаннямі адразу пасля прыбыцця Кіраўніка дзяржавы на саміт. На ўсе з іх Прэзідэнт Беларусі падрабязна і шчыра адказаў на ступенях лесвіцы Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Барыса Ельцына, дзе праходзіла мерапрыемства.

Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў пытанне аб тым, ці дастаўлена ў Беларусь уся запланаваная расійская ядзерная зброя.

"Даўно. Я ж гаварыў ужо, калі закончылася пастаўка. Яшчэ ў верасні па-мойму або ў кастрычніку. У пачатку кастрычніка апошняя. Усё на сваіх месцах, у добрым стане", - сказаў беларускі лідар.

Адказваючы на ​​пытанне, калі бліжэйшыя ваенныя вучэнні, ён адзначыў: "Кожны дзень вучымся. Нават былыя вагнераўцы, якія ў нас засталіся, працуюць сёння ў нас у падраздзяленнях, перадаюць вопыт".

Гаворачы аб перспектывах урэгулявання канфлікту ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў наступным годзе ёсць шанц рушыць наперад у гэтым пытанні.

"Думаю, што самы шанц. Будзем з імі неяк больш цесна працаваць, каб яны разумелі, што гэта адзіны шанц. Калі яны ім не скарыстаюцца, будзе наогул крах", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Адказваючы на ​​ўдакладняльнае пытанне, аб якіх рашэннях ідзе размова, ваенных або палітычных, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Цяпер ужо і да палітыкаў дайшло. Ваенныя паднаціскаюць. Як я заўсёды гаварыў, ваенныя бачаць, што адбываецца. Націск вельмі моцны ўжо. Вы, напэўна, па прэс-канферэнцыі Зяленскага заўважылі, што ён пачынае разумець".

Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне адносна бяспекі на граніцах на заходнім напрамку. "З Польшчы не націскаюць?" - спытаў адзін з журналістаў.

"Нічога страшнага. Я ж стары пагранічнік. Як я магу (не забяспечыць бяспеку на рубяжах. - Заўвага)", - запэўніў беларускі лідар.

Прагучала пытанне: "Разганяецца ўжо тэма, што Барэль (вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. - Заўвага) гаварыў у Еўрасаюзе, што Расія ледзь не збіраецца напасці на НАТА. Гэта значыць, цяпер з Украінай разбяромся…"

"Гэта дурасць. Гэта чалавек дурны проста. Ён да палітыкі не мае ніякага дачынення. Калі б ён разумны быў, ён падумаў бы так, па-гаспадарску: нам з Расіяй дай бог з гэтымі праблемамі разабрацца. Мы што, на гэтыя праблемы наслойваць будзем новыя? Любы чалавек так падумаў бы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Нам што, да вайны сёння новай? Нам з гэтай (ва Украіне. - Заўвага) трэба разабрацца. Тым больш цяпер, калі сітуацыя складваецца спрыяльна. І не толькі для нас. Але і для іх, каб не страціць Украіну. Я так разумею гэта", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнта Беларусі спыталі, ці няма крыўды на тое, што Нікол Пашынян прыехаў у Санкт-Пецярбург на саміт ЕАЭС, але раней не ўдзельнічаў у саміце АДКБ у Мінску. "Вы што?! Гэта розныя фарматы. Я ведаў аб гэтым. Я ж тады гаварыў, што ён прыляціць у Піцер. Калі я з ім размаўляў, я яму кажу: "Мікол Ваваевіч, у Піцер ты ж прыляціш?" Ён гаворыць: "Ну, гэта іншы фармат - эканамічны. Мы пакрыўджаны на ваенна-палітычны - АДКБ, а гэта эканоміка". Таму я ведаў, што ён прыляціць у Піцер. І ў гэтым яго падтрымаў тады, падтрымліваю і цяпер. Якая тут крыўда?!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналісты прадоўжылі міні-прэс-канферэнцыю: "Не страцім Арменію з ліку сяброў?"

Аляксандр Лукашэнка ў адказ сказаў: "Калі Арменія хоча "памерці" эканамічна, то мы яе можам страціць. Але я не думаю, што армяне неразумныя людзі. Гэта разумныя людзі. Таму не, я аб гэтым нават не думаю і не хвалююся. Я ўпэўнены, што Арменія нікуды не дзенецца. Што яна, не бачыла, як у Афганістане падалі людзі - за шасі чапляліся. Памятаеце, калі амерыканцы сыходзілі? Гэтак жа выкарыстаюць Арменію і зваляць. Вы думаеце, гэтага не будзе? Будзе так. Гэта іх палітыка. І армяне разумны народ, разумныя людзі. Яны разумеюць, што менавіта так і будзе".

"Хто ім што дапаможа? Там Еўропа, Францыя спрабуюць нечага зрабіць. Вы бачыце, што адбываецца ў Францыі. Ім у сябе разабрацца б - французам, а потым ужо лезці на Каўказ. Яны ў сябе разабрацца не могуць. Гэта армяне бачаць. Паверце мне. Тое, што публічна адбываецца, - гэта адно. Тое, што адбываецца за рамкамі публічнасці, - гэта зусім іншае. У гэтым сутнасць палітыкі. Там адбываюцца галоўныя працэсы. Вось з-за тых працэсаў Арменія абавязкова будзе тут з намі. Таму што тут самы важны напрамак іх развіцця", - дадаў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзровень супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза значна вышэйшы, чым, напрыклад, у ШАС або БРІКС, і партнёрам неабходна працаваць над далейшым развіццём аб'яднання.

"Аналізавалася раней работа ўсіх аб'яднанняў: ШАС, БРІКС і іншыя. Мы (размова аб ЕАЭС. - Заўвага) самыя развітыя. Ні ШАС, ні БРІКС не маюць такіх цесных сувязей, не размаўляюць на адной мове, як усе мы - без перакладчыка. І самае галоўнае - у эканоміцы не маюць гэтай адзінай эканамічнай прасторы. Мы за дзесяць гадоў у ЕАЭС падвоілі тавараабарот, ВУП - $2,5 трлн. Вялізная колькасць тавараў і паслуг, якія мы вырабляем тут. Што нам яшчэ трэба? Нам трэба рухацца ў гэтым напрамку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ШАС і БРІКС хоць і важныя, але ў асноўным больш палітычныя арганізацыі: "Яны не маюць таго, што маем мы, - матэрыяльнага, што можна памацаць. Хоць у нас недахопаў дастаткова. Я кажу пра нашу эканамічную арганізацыю. Не пра АДКБ, не пра СНД. Хоць СНД - каласальны рэзерв вось гэтага нашага эканамічнага саюза. Таму нам трэба проста ў гэтым напрамку рухацца, а не зацыклівацца на нейкіх дробязях".

"І вось гэта ваенная аперацыя ва Украіне - яна нас многаму навучыла і штурхае проста далей рухацца. А мы застылі. Трэба рухацца. База значная. Ні ў адной арганізацыі няма такой базы", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад з ШАС, якая з'яўляецца магутнай арганізацыяй і добрай пляцоўкай для двухбаковых перагавораў. У тым ліку Беларусь імкнецца набыць у ёй паўнапраўнае членства. Тым не менш, палітыка многіх буйных удзельнікаў ШАС розная. "Індыя і Кітай. Розная палітыка. Індыю клічуць туды ў так званае НАТА Ціхага акіяна. Адна палітыка. У Кітая - іншая. У Расіі - трэцяя. А тут (у ЕАЭС. - Заўвага) больш адзінства, тут ёсць аснова. У гэтых адносінах трэба працаваць. І мы будзем як цэнтр прыцягнення", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на супрацоўніцтва ЕАЭС з Іранам. "Гэта магутная краіна з развітой гандлёвай, вытворчай базай. Стварылі зону свабоднага гандлю. І мы павінны быць такой зонай прыцягнення. Але, самае галоўнае, мы не павінны расчараваць тых, хто да нас прыйдзе. Я пра Кубу (краіна - наглядальнік у ЕАЭС. - Заўвага) ужо не кажу", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.