Вучыцца ў Беларусі

Адукацыя

Традыцыі беларускай адукацыі ў спалучэнні з пастаянным развіццём, а таксама выкарыстанне сучасных падыходаў і прывабныя цэны на навучанне садзейнічаюць папулярызацыі беларускай адукацыі сярод замежных грамадзян.

Як паказваюць вынікі апытанняў, якія рэгулярна праводзяцца сярод замежных навучэнцаў і выпускнікоў беларускіх устаноў адукацыі, іншаземцаў таксама прываблівае высокі ўзровень бяспекі ў краіне, добразычлівасць беларусаў, магчымасць працаваць па спецыяльнасці ў час вучобы.

На навучанне ў Беларусь прыязджаюць студэнты з Кітая, Туркменістана, Шры-Ланкі, Расіі, Індыі, Узбекістана, Лівана, Ізраіля, Ірана, Нігерыі, Казахстана.

Адным з асноўных напрамкаў работы з'яўляецца пашырэнне нарматыўна-прававой базы міжнароднага супрацоўніцтва.

У 2019 годзе Міністэрства адукацыі падпісала міжнародныя дагаворы з Кітаем, Турцыяй, Сірыяй, ААЭ, Егіптам, Узбекістанам, Таджыкістанам, Сербіяй, а таксама міжведамасную праграму развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі на 2019-2021 гады з Кубай. Уступілі ў сілу міжнародныя пагадненні з Бразіліяй і Малдовай. Установы адукацыі заключылі 628 прамых дагавораў з навучальнымі ўстановамі 44 краін свету.

Вядзецца работа па стварэнні сумесных адукацыйных структур і праграм з замежнымі партнёрамі. У 2019 годзе створаны два сумесныя факультэты ва Узбекістане і адзін - у Таджыкістане, а таксама Цэнтр беларускай адукацыі ў Сірыі.

Умацаванню пазіцый беларускай сістэмы адукацыі на міжнародным рынку паслуг садзейнічае і пашырэнне пераліку адукацыйных праграм на англійскай мове.

Удзел устаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных адукацыйных рэйтынгах павышае іх канкурэнтаздольнасць і вядомасць у міжнароднай адукацыйнай прасторы, робіць прывабным атрыманне адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Значная ўвага ўдзяляецца павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай адукацыі, уключаючы папулярызацыю беларускіх ВНУ ў міжнародных адукацыйных рэйтынгах.

У рэйтынгу Webometrics (вэбаметрычны рэйтынг універсітэтаў даследчай групы Cybermetrics, якая ўваходзіць у склад Нацыянальнага даследчага савета Іспаніі) па стане на 1 студзеня 2024 года сярод 5 тыс. лепшых універсітэтаў свету прадстаўлены наступныя беларускія ўстановы адукацыі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1061 пазіцыя), Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (2979 пазіцыя), Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (3470 пазіцыя), Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (3535 пазіцыя),  Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (4001 пазіцыя), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (4264 пазіцыя), Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт П.М.Машэрава (4264 пазіцыя), Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (4826 пазіцыя), Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (4842 пазіцыя), Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (4949 пазіцыя). 

У сусветным рэйтынгу QS 2024 года (рэйтынг універсітэтаў свету англійскай кампаніі Quacquarelli Symonds) знаходзяцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (387 пазіцыя), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (пазіцыя 801-850), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (пазіцыя 1201-1400).