Будаўніцтва

Будаўнічы комплекс Рэспублікі Беларусь уключае звыш 10 тыс. арганізацый рознай формы ўласнасці, што ажыццяўляюць архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасць.

У 2022 годзе ў будаўніцтве занята больш як 192 тыс. работнікаў арганізацый.

Беларускія спецыялісты паспяхова працуюць па ўсіх напрамках - прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, узвядзенне аб'ектаў аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, спартыўных збудаванняў, жылых кварталаў. Асваенне інавацыйных тэхналогій дае магчымасць будаўніча-мантажным арганізацыям ажыццяўляць самыя смелыя архітэктурныя рашэнні, узводзіць унікальныя збудаванні, праводзіць рэканструкцыю і рэстаўрацыю.

Дзякуючы будаўнічым арганізацыям у Беларусі з'явілася нямала знакавых будынкаў. У Мінску гэта Чыгуначны вакзал, Нацыянальная бібліятэка, штаб-кватэра Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Палац Незалежнасці і плошча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, у Віцебску - Летні амфітэатр, у Барысаве - футбольны стадыён.

Пра высокі прафесіяналізм беларускіх будаўнікоў сведчаць і ўзведзеныя прамысловыя аб'екты. Цяпер галоўнай будаўнічай пляцоўкай у краіне з'яўляецца Беларуская АЭС. Таксама рэалізуюцца маштабныя праекты па мадэрнізацыі ААТ "Мазырскі НПЗ" і ААТ "Нафтан".

Адной з галоўных задач будаўнічай галіны з'яўляецца нарошчванне экспарту паслуг. Айчынныя арганізацыі выконваюць на экспарт усе віды будаўнічых работ. Найбольш папулярнымі ў замежных заказчыкаў з'яўляюцца такія напрамкі, як будаўніцтва прамысловых збудаванняў, жыллёвае, дарожнае будаўніцтва, будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры (школы, дзіцячыя сады).

Асноўным партнёрам Рэспублікі Беларусь у гандлі будаўнічымі паслугамі традыцыйна застаецца Расійская Федэрацыя. Аднак геаграфія экспарту пашыраецца, асвойваюцца новыя рынкі.

Дынамічна развіваецца супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы з Кітаем, Славеніяй, Эквадорам, Польшчай, Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі.

На долю краін па-за СНД прыпадае каля 17% ўсяго экспарту будаўнічых паслуг Беларусі.